Логіка-сэнсавыя мадэлі на ўроках гісторыі як сродак развіцця ўменняў навучэнцаў сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу. Апісанне педагагічнага вопыту

- 17:07II И III СТУПЕНИ, ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Материалы к урокам, Методичка

Прыклад урока з выкарыстаннем логіка-сэнавых мадэлей можна паглядзець па спасылцы: https://ng-press.by/2023/02/09/vytoki-utvarennya-vyalikaga-knyastva-litouskaga-vkl-urok-gistoryi-belarusi-u-7-m-klase/

Алена РУСЯЛЕВІЧ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

1 Інфармацыйны блок

1.1 Назва тэмы вопыту

Логіка-сэнсавыя мадэлі на ўроках гісторыі як сродак развіцця ўменняў навучэнцаў сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу.

 

1.2 Актуальнасць вопыту

Сёння ўсё імкліва мяняецца: навука, тэхніка, медыцына, сувязь, крыніцы і аб’ёмы інфармацыі. Уменне хутка засвойваць, апрацоўваць, запамінаць і выкарыстоўваць неабходную інфармацыю з’яўляецца адным з найважнейшых уменняў сучаснага паспяховага чалавека. Таму навучэнцы і выпускнікі школ інфармацыйнага грамадства павінны ўмець эфектыўна працаваць з інфармацыяй, знайсці яе, аддзяліць карыснае ад непатрэбнага, больш каштоўнае ад менш каштоўнага, структураваць, прадставіць у зручным для запамінання і практычнага выкарыстання выглядзе [2, С. 19].

Кожны школьнік, вывучаючы гісторыю, павінен засвоіць не толькі асноўныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, але і ведаць тэорыю, мноства паняццяў і фактаў, падзей, імён гістарычных дзеячаў. Для гэтага неабходна прачытаць вялікую колькасць вучэбных тэкстаў, запомніць іх, пераказаць, адказаць на пытанні, выканаць заданні, рашыць гістарычныя задачы і г.д. [4, С. 33]. Аднак мой педагагічны вопыт паказаў, што многія школьнікі адчуваюць пазнавальныя цяжкасці як на ўроках, так і пры выкананні дамашніх заданняў, не ўмеюць выдзяляць галоўнае ў змесце, не ўмеюць вучыцца самастойна. Большасці вучням складана запомніць вялікі аб’ём інфармацыі. Пры запамінанні галоўнае адыходзіць на другі план, а запамінаюцца словы другаснага значэння. І гэта характэрна як для пяцікласнікаў, якія пачынаюць вывучаць новы вучэбны прадмет “Сусветная гісторыя”, так і для навучэнцаў трэцяй ступені навучання, якія сутыкаюцца з аб’ёмнымі параграфамі ў падручніках. Таму сёння, як ніколі, актуальная праблема фарміравання ўмення навучэнцаў структураваць, сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу, так як сканструяваны, наглядна і лагічна прадстаўлены і шматразова перапрацаваны вучэбны матэрыял навучэнцы засвойваюць значна лягчэй.

Пошук рашэнняў гэтай праблемы прывёў мяне да выкарыстання на ўроках гісторыі логіка-сэнсавых мадэляў (ЛСМ) – інструмента мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі (МДТ).

 

1.3 Мэта вопыту

Развіццё ў навучэнцаў уменняў сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы з дапамогай выкарыстання логіка-сэнсавых мадэляў.

 

1.4 Задачы вопыту

1 Спланаваць і здзейсніць паэтапную работу па выкарыстанні ЛСМ на ўроках гісторыі.

2 Фарміраваць у навучэнцаў уменні складаць і выкарыстоўваць ЛСМ для структуравання і абагульнення зместу вучэбнага матэрыялу.

3 Стварыць умовы для вываду вучняў у рэжым пастаяннага самастойнага развіцця праз сістэмнае складанне і выкарыстанне ЛСМ.

4 Прааналізаваць выніковасць работы і вызначыць эфектыўнасць выкарыстання ЛСМ для развіцця ўмення сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы навучэнцамі.

 

1.5 Працягласць работы над вопытам

Сістэмная работа па выкарыстанні ЛСМ на ўроках гісторыі вядзецца з верасня 2014 года. У працэсе дзейнасці была вывучана навукова-метадычная літаратура, якая апісвае тэарэтычныя асновы тэхналогіі, яе перавагі і магчымасці. За час працы былі праведзены адкрытыя ўрокі на ўзроўні школы і раёна з выкарыстаннем ЛСМ на тэмы “Вытокі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага” (гісторыя Беларусі, 7-ы кл.) і “Новая эканамічная палітыка. Утварэнне СССР” (сусветная гісторыя, 10-ы кл.), майстар-клас “Логико-смысловые модели – эффективный инструмент для формирования мыслей учащихся”, які надрукаваны ў часопісе “Гісторыя і грамадазнаўства” № 9, 2018 г., створана метадычная скарбонка ЛСМ для ўрокаў гісторыі ў V–ХІ класах. Праведзены аналіз вынікаў педагагічнай дзейнасці.

 

2 Апісанне тэхналогіі вопыту

2.1 Вядучая ідэя вопыту

Сёння востра паўстаюць пытанні павышэння эфектыўнасці засваення навучэнцамі вялікага патоку ведаў і навыкаў іх эфектыўнага выкарыстання ў любых сітуацыях.  

Паспяховасць засваення зместу вучэбнага матэрыялу на ўроках гісторыі дапамагае мне забяспечыць выкарыстанне інструмента мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі – логіка-сэнсавых мадэляў. Сістэмнае выкарыстанне ЛСМ садзейнічае развіццю ў школьнікаў умення самастойна працаваць са зместам розных крыніц інфармацыі, сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы.

 

2.2 Апісанне сутнасці вопыту

Навуковай асновай вопыту з’яўляецца мнагамерная дыдактычная тэхналогія (МДТ), распрацаваная доктарам педагагічных навук В.Э.Штэйнбергам [5]. Таксама з гэтай тэхналогіяй я знаёмілася па артыкулах метадыста вышэйшай катэгорыі Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Г.І.Дабрынеўскай і настаўнікаў-практыкаў.

Асноўная ідэя тэхналогіі – мнагамернасць навакольнага свету, чалавека і яго мыслення, пазнавальнай дзейнасці і непасрэдна адукацыйнага працэсу. Гэта дазваляе пераадолець стэрэатып аднамернасці пры выкарыстанні традыцыйных форм прадстаўлення вучэбнага матэрыялу (тэкст, табліцы, схемы, кластары) і ўключыць навучэнцаў у актыўную пазнаваўчую дзейнасць па засваенні і перапрацоўцы ведаў як для разумення і запамінання вучэбнай інфармацыі, так і для развіцця мыслення, памяці і эфектыўных спосабаў інтэлектуальнай дзейнасці [3, С. 9]. Сутнасць гэтай тэхналогіі вызначае логіку дзеянняў тых, хто вучыць, і тых, хто вучыцца: ад мнагамернасці мыслення да мнагамернасці навучання [1, С. 49].

Зыходныя ідэі МДТ

1 Развіццё суб’ектнай пазіцыі дзіцяці ў адукацыйным працэсе.

2 Цэласная ўключанасць школьніка ў адукацыйны працэс, звязаная і з рацыянальным пазнаннем, і з інтуітыўнай, часта неасэнсаванай эмацыянальна-асобаснай сферай.

3 Вопыт навучэнца служыць найважнейшай крыніцай вучэбнага пазнання.

4 Педагог з комплексам выкарыстаных ім дыдактычных сродкаў выконвае ролю дырыжора і памагатага ў працы навучэнца.

5 Безацэначны характар рэакцыі педагога на выказванні школьнікаў падчас навучання.

6 Творчы, сістэмны характар працэсу пазнавальнай дзейнасці.

7 Інтэрактыўны характар зносін і навучання.

Перавагі мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі

1 Зніжае працаёмкасць і павышае эфектыўнасць і прадуктыўнасць працэсу адукацыі; 

2 Дазваляе арганізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў з выкарыстаннем усіх магчымасцей мозгу;

3 Садзейнічае падачы інфармацыі ў згорнутай і разгорнутай формах [1, С. 50].

Мнагамерная дыдактычная тэхналогія навукаёмістая, універсальная, эфектыўная, сучасная, трансляваная, аднаўляемая, перспектыўная, лёгка інтэгруецца з ІКТ і іншымі тэхналогіямі [2, С. 22]. Таму адзін з яе інструментаў – логіка-сэнсавую мадэль – можна выкарыстоўваць на розных тыпах урокаў і розных этапах урока, у рабоце з навучэнцамі розных узроставых груп і розных узроўняў навучанасці.

Логіка-сэнсавая мадэль – вобраз-мадэль прадстаўлення ведаў на аснове апорна-вузлавых каркасаў. Логіка ў іх задаецца парадкам расстаноўкі каардынат і іх ранжыраваннем, а сэнс – зместам каардынат і вузлоў, прадстаўленых ключавымі словамі [3, С. 10]. Яна дазваляе адначасова ўбачыць усю тэму цалкам і кожны яе элемент паасобку, на ёй лёгка паказаць параўнальную характарыстыку двух з’яў, падзей, знайсці падабенства і адрозненні паміж імі, усталяваць прычынна-выніковыя сувязі. ЛСМ структураваны і сістэматызаваны, дазваляюць вялікі аб’ём інфармацыі “упакаваць”, згарнуць да вобразна-візуальнай формы. Састаўляючы ЛСМ, у навучэнцаў ёсць магчымасць не толькі пачуць, але і ўбачыць, зразумець, самастойна перапрацаваць, запомніць і ўспомніць змест вучэбнага матэрыялу ў патрэбны момант.

Вывучыўшы тэарэтычныя асновы мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, я вырашыла прымяніць яе інструмент ЛСМ на ўроках гісторыі з мэтай павышэння ўзроўню валодання навучэнцамі ўменнямі сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы.

Падрыхтоўчую работу для выкарыстання ЛСМ на ўроках пачынаю ў 5-м класе. Я выдзеліла чатыры этапы работы. На першым этапе ў канцы кожнага ўрока мы з вучнямі запісваем у рабочыя сшыткі словы і даты, якія лічым “галоўнымі” у параграфе. Назваўшы слова або дату, вучань павінен растлумачыць, чаму яны “галоўныя”. Колькасць “галоўных” элементаў – адвольная. На другім этапе вучні самастойна або ў групе вызначаюць “галоўныя” словы і даты. Гэта можна рабіць тады, калі школьнікі зразумеюць прынцып выдзялення “галоўных” элементаў. Спачатку іх колькасць адвольная. З цягам часу вызначаю, колькі слоў і дат неабходна выпісаць. На трэцім этапе складаем сказы і ўстанаўліваем узаемасувязь паміж запісанымі “галоўнымі” элементамі. На чацвёртым этапе вучні будуюць звязны пераказ вучэбнага матэрыялу з апорай на выпісаныя “галоўныя” элементы пры адказе дамашняга задання. Такім чынам, навучэнцы 5-га класа вучацца выдзяляць у змесце параграфа матэрыял, які неабходна запомніць у першую чаргу. Для арганізацыі такой работы выкарыстоўваю прыём актыўнай ацэнкі “НаШтоБуЗУ” і прыём “Ключавое слова”. Першыя гатовыя ЛСМ у 5-м класе прыношу на абагульняючыя ўрокі. Задача навучэнцаў: знайсці на іх вядомыя даты, паняцці, імёны і расказаць, што яны пра іх ведаюць.

У 6–7-х класах ЛСМ выкарыстоўваю не толькі на абагульняючых уроках, але і пры вывучэнні новых тэм. У першую чаргу пры вывучэнні рэвалюцый і войнаў, так як гэтыя тэмы маюць даступны алгарытм выдзялення каардынатных прамянёў: К1 – мэты, К2 – прычыны, К3 – зачэпка, К4 – удзельнікі, К5 – даты, К6 – асноўныя падзеі, К7 – вынікі, К8 – значэнне (Дадатак 1). Не абавязкова выкарыстоўваць усе пералічаныя каардынатныя прамяні. Асобны алгарытм распрацаваны для вывучэння тэмы “Культура”, дзе можна вылучыць наступныя напрамкі каардынат: К1 – навука, К2 – адукацыя, К3 – літаратура, К4 – скульптура, К5 – архітэктура, К6 – музыка, К7 – жывапіс, К8 – тэатр (Дадатак 2).

На першым этапе выкарыстання ЛСМ у 6–7-х класах прыношу на ўрок гатовыя мадэлі, знаёмлю навучэнцаў з іх структурай, прынцыпамі пабудовы і выкарыстання. На другім этапе  – будую іх падчас урока пры тлумачэнні новай тэмы. На трэцім этапе да састаўлення мадэляў прыцягваю навучэнцаў, пры гэтым выкарыстоўваю прыёмы і метады іншых тэхналогій. Напрыклад, выдзяляць каардынатныя прамяні дапамагае метад “Мазгавы штурм”, эўрыстычная гутарка. У выніку сумеснай працы з настаўнікам школьнікі вучацца сістэматызаваць вучэбны матэрыял з дапамогай ЛСМ.

У гэтых класах у дамашняе заданне дабаўляю фразы: “Праверце, як вы засвоілі матэрыял падручніка па ЛСМ; падумайце (знайдзіце ў іншай крыніцы або інтэрнэце), што можна дабавіць у складзеную мадэль; расказваючы бацькам вывучаны матэрыял, не забудзьце выкарыстаць ЛСМ” і г.д.

У 8-м класе арганізую самастойную работу навучэнцаў па запаўненні гатовых каркасаў ЛСМ падчас урока або ў якасці дамашняга задання. На ўроку вучні працуюць індывідуальна або ў групах. Групы могуць быць рознаўзроўневыя і аднаўзроўневыя. У змешаных групах навучэнцы з розным узроўнем навучанасці разам запаўняюць усю мадэль, пачынаючы з тэмы, а ў аднаўзроўневых – кожная група атрымоўвае пэўнае заданне па рабоце з мадэллю. Больш моцным прапаноўваю запаўняць каркас мадэлі з абазначанымі каардынатнымі прамымі без указання колькаці апорных вузлоў. Навучэнцам з сярэднім узроўнем навучанасці – назваць пазначаныя каардынаты, з нізкім узроўнем навучанасці – закончыць змястоўнае запаўненне ЛСМ, у якіх некаторыя апорныя вузлы ўжо названыя.

У 9–11-х класах пасля поўнага асваення тэхналогіі састаўлення і выкарыстання ЛСМ навучэнцы самастойна будуюць мадэлі. Школьнікі самі вызначаюць колькасць каардынатных прамых і апорных вузлоў на іх, размяшчэнне і назвы каардынат. Гатовыя мадэлі выкарыстоўваюць пры адказах, падчас якіх настаўнік мае магчымасць ацаніць узровень разумення і асэнсавання навучэнцамі вучэбнага матэрыялу.

Пры ацэньванні ЛСМ выкарыстоўваю крытэрыі, прапанаваныя Г.І.Дабрынеўскай:

– паўната і сістэмнасць прадстаўленай інфармацыі;

– правільнасць у адборы і парадку размеркавання ключавых слоў, у якіх заложаны асноўны змест структураванай сціснутай інфармацыі;

– устанаўленне ўзаемасувязяў паміж апорнымі вузламі [2, С. 22].

З улікам рэкамендацый Ганны Іванаўны ацэньваю не толькі складзеную мадэль, але і:

– уменне навучэнца працаваць з інфармацыяй, прадстаўляць яе ў сціснутым структураваным выглядзе, граматна выкарыстоўваць;

– атрыманы вынік у ведах і спосабах разумовай дзейнасці;

– наяўнасць трох кампанентаў пазнаваўчай самастойнасці: матывацыйнага, змястоўна-аперацыйнага і валявога, а таксама ўзроўні самастойнасці на ўсіх этапах урока;

– уменне навучэнцаў чытаць, складаць і выкарыстоўваць для розных мэт ЛСМ, складаць з іх дапамогай поўны лагічны адказ на пытанне і г.д. [2, С. 25].

Складзеныя ЛСМ навучэнцы выкарыстоўваюць не толькі пры выкананні і адказах дамашняга задання, але і пры падрыхтоўцы да алімпіяд, экзамену і ЦТ.  

Пры падрыхтоўцы дамашняга задання мадэлі выконваюць ролю апоры, падказкі, шпаргалкі. Без іх не абысціся рыхтуючыся да ўрокаў падагульнення па тэме або раздзеле. Пры адказе дамашняга задання на ўроку ЛСМ служаць школьнікам дыдактычным навігатарам, які дапамагае і мне, як настаўніку, адсачыць фарміраванне ўменняў распазнаваць, аналізаваць, структураваць і канструяваць інфармацыю, рабіць аргументаваныя высновы. Гэта дазваляе ацаніць работу вучняў дыферэнцыравана, своечасова спланаваць і правесці карэкцыю ведаў.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяды, экзамену або ЦТ мадэлі дазваляюць навучэнцам сэканоміць час і запомніць матэрыял больш асэнсавана.

Практыка паказала, што найбольш прадуктыўна выкарыстоўваць ЛСМ на наступных этапах урока:

– актуалізацыі ведаў;
– праверцы дамашняга задання;
– вывучэння новай тэмы;
– абагульнення і замацавання ведаў.

Спосабы нагляднага прадстаўлення ЛСМ падчас урока могуць быць рознымі:

– малюнак на звычайнай дошцы крэйдай;
– малюнак на інтэрактыўнай дошцы;
– афармленне з дапамогай надрукаваных ключавых слоў;
– раздрукаваныя мадэлі для кожнага вучня на асобным лісце А4.

Разам з тым, складанне ЛСМ не павінна быць  асноўнай мэтай урока. Гэта ўсяго толькі інструмент для апрацоўкі інфармацыі. Месца выкарыстання мадэлі на ўроку залежыць ад канкрэтнай метадычнай задачы.

Тып урока

Месца

Вывучэння новага матэрыялу

Мадэль будуецца на працягу ўсяго ўрока. Уключае змест усяго параграфа (Дадатак 3)

Камбінаваны

Мадэль можа быць выкарыстана на любым этапе ўрока. Можа быць пабудавана не па ўсёй тэме ўрока, а толькі па адным пункце параграфа (плана)

Падагульняючы

Навучэнцы звяртаюцца да мадэлі ў выпадку ўзнікнення цяжкасцей, пры пошуку адказу на пытанне, для пабудовы поўнага адказу на зададзеную тэму (Дадатак 4)

Адна і тая ж мадэль можа складацца на працягу некалькіх урокаў, калі яны аб’яднаны адной тэмай або раздзелам падручніка

Такім чынам, сістэму майго педагагічнага вопыту па выкарыстанні ЛСМ на ўроках гісторыі можна прадставіць таксама ў выглядзе ЛСМ (Дадатак 5).

 

2.3 Выніковасць і эфектыўнасць вопыту

Вопыт выкарыстання ЛСМ на ўроках гісторыі даў станоўчыя вынікі. Састаўленне мадэляў для навучэнцаў было не толькі новым відам дзейнасці, але і эфектыўным сродкам развіцця ў іх уменняў сістэматызаваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы. Яны навучыліся больш якасна выконваць асноўныя разумовыя аперацыі: аналізаваць, сінтэзаваць, класіфікаваць, параўноўваць, лагічна будаваць вучэбны матэрыял, правільна адбіраць інфармацыю, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі і заканамернасці, засвойваць асноўныя тэрміны і паняцці, інакш кажучы – гістарычна мысліць.

ЛСМ далі магчымасць школьнікам перайсці ад завучвання да разумення зместу вучэбнага матэрыялу, дазволілі стаць суб’ектам вучэбнай дзейнасці, ініцыятарам уласнага развіцця. У іх актывізавалася фарміраванне навыкаў самастойнай працы; інфармацыйных, камунікатыўных і пазнаваўчых кампетэнцый, якія яны могуць выкарыстоўваць пры вывучэнні іншых прадметаў, засваенні любой інфармацыі, рашэнні асабістых і вучэбных праблем.

Прымяненне ЛСМ на ўроках гісторыі дазволіла мне:

– стварыць новую сістэму ўрочнай дзейнасці, заснаваную на выкарыстанні ЛСМ;\– па створанай вучнем мадэлі ацаніць узровень сфарміраванасці ўмення структураваць і абагульняць змест вучэбнага матэрыялу;

– канструяваць змест вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з інтэлектуальнымі здольнасцямі вучняў;

– арганізаваць на новым узроўні індывідуальную, групавую, калектыўную работу, праектную і даследчую дзейнасць на ўроку;

– павысіць цікавасць і матывацыю школьнікаў да вывучэння гісторыі, якасць іх ведаў, канкурэнтаздольнасць.

Аналіз вынікаў анкетавання навучэнцаў 9–11-х класаў (Дадатак 6) дае падставу зрабіць наступныя вывады:

 – усе навучэнцы тых класаў, дзе на ўроках выкарыстоўваліся ЛСМ, маюць уяўленне аб алгарытме складання мадэляў;

 – уменне самастойна скласці змястоўную мадэль залежыць ад узроўню навучанасці школьніка:

 – каля 23 % навучэнцаў сістэматычна складаюць ЛСМ па ўласнай ініцыятыве, так як для іх відавочны “плюсы” выкарыстання гэтага інструмента мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі;

 – 100 % навучэнцаў выкарыстоўваюць складзеныя ЛСМ пры падрыхтоўцы да падагульняючых урокаў;

 – каля 78 % выпускнікоў карыстаюцца мадэлямі пры падрыхтоўцы да экзамену па гісторыі Беларусі.

 

3 Заключэнне

3.1 Канкрэтныя высновы і прапановы, якія вынікаюць з вопыту

ЛСМ далі магчымасць павысіць эфектыўнасць навучання, якая ў большай ступені залежыць ад правільнай арганізацыі ўрока і граматна выбранай той ці іншай формы яго правядзення. Найбольшы эфект у засваенні інфармацыі будзе дасягнуты тады, калі метады яе вывучэння, афармлення і працы з ёй будуць адпавядаць таму, як мозг захоўвае і аднаўляе інфармацыю – не лінейна, спісам, а ў перапляценні слоў з сімваламі, гукамі, вобразамі, пачуццямі. Тут прыходзіць на дапамогу асноўны інструмент шматмернай дыдактычнай тэхналогіі – логіка-сэнсавая мадэль.

Удзел навучэнцаў у рабоце па стварэнні і выкарыстанні логіка-сэнсавых мадэляў дазваляе актывізаваць іх дзейнасць на ўроку. Правільна арганізаваная работа з ЛСМ дае магчымасць уключаць навучэнцаў у дыскусіі, пабуджае іх выказваць свой пункт гледжання, аналізаваць і рабіць высновы. У выніку выкарыстання шматмернай дыдактычнай тэхналогіі ў школьнікаў фарміруецца ўяўленне аб навучальным працэсе як лагічнай структуры.

З дапамогай выкарыстання ЛСМ на ўроках гісторыі мне ўдалося вывесці навучэнцаў у рэжым пастаяннага самастойнага развіцця, у выніку якога яны стануць больш мабільнымі, будуць хутчэй адаптавацца да жыццёвых перамен, укараняць новыя ідэі, стануць паспяховымі і канкурэнтаздольнымі.

 

3.2 Перспектыва далейшага ўдасканалення дадзенага вопыту і сваёй прафесійнай практыкі

Далейшае развіццё вопыту буду ажыццяўляць на ўроках грамадазнаўства і ў рамках пазакласнай работы па прадмеце: з дапамогай ЛСМ арганізоўваць даследчую дзейнасць і мерапрыемствы прадметнага тыдня (гістарычныя квесты).

 

Дадаткі 1-4, 6
Дадатак 5

 

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Валькова, Г. Логико-смысловые модели – дидактическая многомерная технология / Г.Валькова, Ф.Зайнуллина, В.Штейнберг // Директор школы – 2009. – №1 – С. 49-52.
2 Добриневская, А.И. Условия и механизмы освоения и эффективного использования многомерной дидактической технологии / А. И. Добриневская // Гісторыя : праблемы выкладання. – 2016. — №1. – С. 19-26
3 Корзюк, А.А. Использование дидактических многомерных инструментов на уроках истории и обществоведения / А. А. Корзюк // Гісторыя: праблемы выкладання – 2016. — №1. – С. 8 – 11
4 Соловейко,  Т.Е. Формирование системного мышления учащихся на уроках истории и во внеклассной работе / Т.Е. Соловейко // Гісторыя : праблемы выкладання – 2016. — №1. – С. 33-40
5 Штейнберг, В.Э. Теория и практика дидактической многомерной технологии / В.Э. Штейнберг. – М. : Народное образование, 2015. – 350 с.  

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий