Дзяленне двухзначнага ліку на двухзначны лік. Урок матэматыкі ў 3-м класе

- 14:00Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Мэтай урока настаўнік ставіць знаёмства вучняў з прыёмам падбору пры дзяленні двухзначнага ліку на двухзначны лік, адпрацоўку з імі вылічальных навыкаў пры рашэнні выразаў і задач, развіццё ўмення рашаць прыклады спосабам падбору, а таксама выхаванне пачуцця патрыятызму, жаданне падарожнічаць па Беларусі.

Жанна АНТАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта:

– пазнаёміць з прыёмам падбору пры дзяленні двухзначнага ліку на двухзначны лік;
– адпрацоўваць вылічальныя навыкі пры рашэнні выразаў, задач, развіваць уменне рашаць прыклады спосабам падбору;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму, жаданне падарожнічаць па тэрыторыі Беларусі.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Абсталяванне: малюнкі замкаў, відэаролік пра Навагрудскі замак.

 

Ход урока

1 Арганізацыйна-матывацыйны этап

– Прачытайце дэвіз урока: “Дзе ёсць жаданне, знойдзецца шлях!”

– Як вы думаеце, чаму сёння ў нас такі дэвіз? (Адказы дзяцей)

 

2 Вуснае лічэнне

1) Размяркуйце лікі ў парадку памяншэння: 34, 52, 48, 26, 88, 74, 72 (88, 74, 72, 52, 48, 34, 26).

2) Назавіце найменшы лік сярод гэтых лікаў (26) і дайце яму характарыстыку.

3) Прачытайце толькі тыя лікі, якія дзеляцца на 5 (36, 40, 6, 15, 0, 72, 45).

4) Вылічыце 14 × 4 і складзіце ўсе роўнасці на множанне і дзяленне з дадзенага выразу.

4 × 14 = 56 Якім правілам карысталіся? (Ад перастаноўкі множнікаў здабытак не мяняецца);
56 : 4 = 14 Якім правілам карысталіся? (Калі здабытак падзяліць на адзін з множнікаў, атрымаецца другі множнік).

 

3 Увядзенне ў тэму

– Дзеці, можа хто ведае, як рашыць прыклад тыпу 56 : 14 = ? (прыклад запісаны на дошцы)?

– Якія гэта лікі па саставе? (Двухзначныя)

Праблемнае пытанне

– Што выклікала цяжкасці? (Не ведаем, як падзяліць двухзначны лік на двухзначны)

 

4 Мэтавызначэнне

– Тэма ўрока “Дзяленне двухзначнага ліку на двухзначны лік”.

– Якую задачу паставім перад сабой на ўроку? (Даведацца, як падзяліць двухзначны лік на двухзначны лік, навучыцца дзяліць двухзначны лік на двухзначны лік)

 

5 Знаёмства з новым матэрыялам

– Для таго каб падзяліць двухзначны лік на двухзначны, мы спрабуем розныя адназначныя лікі памножыць на дзельнік. Выбіраем лік, пры множанні якога на дзельнік атрымаецца дзялімае. Такі спосаб называецца “спосабам падбору”.

 

6 Стварэнне алгарытму

– Давайце створым алгарытм дзялення двухзначнага ліку на двухзначны лік, якім вы зможаце карыстацца пры выкананні дзялення двухзначнага ліку на двухзначны лік.

– Закончыце сказы.

Першы крок: паспрабуем…

Другі крок: памножым…

Трэці крок: параўнаем…

Чацвёрты крок: калі адказ і дзялімае супадаюць…, а калі не, то вяртаемся да…

– З якога ліку пачнём падбіраць дзель? (З ліку 2)

56 : 14 = 4
2 × 14 = 28
3 × 14 = 42
4 × 14 = 56

 

7 Работа па падручніку

№ 1, с. 98 – першы прыклад выконваюць усе разам калектыўна, адзін вучань – каля дошкі; 2 і 3 слупок – па варыянтах самастойна.

 

Фізкультхвілінка

– Давайце адпачнём. Выканаем гімнастыку для вачэй.

Вучні выконваюць практыкаванні, якія прапануе настаўнік.

 

8 Этап прымянення новых ведаў

– Для таго каб адпрацаваць вылічальныя навыкі, мы выканаем № 3 на с. 98 (у парах).

– Што такое роўнасці? (няроўнасці).

Узаемаправерка. Ключ для праверкі вывешваецца на дошцы.

– Ці былі ў гэтых выразах прыклады па сённяшняй тэме ўрока?

– А якая тэма ўрока?

– Як неабходна выконваць дзяленне двухзначнага ліку на двухзначны лік?

– Для таго каб замацаваць уменне дзяліць двухзначны лік на двухзначны лік, выканаем заданне № 4 на с. 98 (адзін вучань выконвае на дошцы). Самаправерка.

– Як дзелім двухзначны лік на двухзначны лік?

– Для паўтарэння папярэдняй тэмы я прапаную рашыць задачу № 6 на с. 99 (адзін вучань каля дошкі).

Работа над задачай

Знаёмства з умовай задачы.

– Хто паехаў на экскурсію? (Хлопчыкі і дзяўчынкі)
– Колькі было хлопчыкаў? (42)
– Колькі было дзяўчынак? (33)
– У колькі аўтобусаў селі дзеці? (У тры)
– Што значыць пароўну ў кожны?
– Якое пытанне задачы?
– Можам мы адразу адказаць на пытанне задачы? (Не)
– Што даведаемся спачатку? (Колькі ўсяго дзяцей паехала на экскурсію)
– Якім дзеяннем?

Запіс рашэння задачы.

– Якое пытанне задачы?
– Можам даведацца, колькі дзяцей апынулася ў кожным аўтобусе?
– Якім дзеяннем? (Дзялення)

Запіс рашэння задачы.

 

– Дзеці, а вы любіце падарожнічаць? Давайце ўспомнім, куды вы ездзілі на экскурсію? Сапраўды, самыя цікавыя экскурсіі – гэта экскурсіі па нашай любімай Радзіме. Хутка канікулы, і мы з вамі таксама паедзем на экскурсію. Я хачу вам прапанаваць экскурсію ў замкі, якія знаходзяцца недалёка ад нашай мясцовасці: Навагрудскі замак, Лідскі замак, Мірскі замак, Любчанскі замак (на дошку вывешваю малюнкі замкаў).

– А зараз я прапаную вам паглядзець відэаролік пра Навагрудскі замак (https://youtu.be/DyvFrGF_dTk).
– Цяпер падумайце і вырашыце, у якім з замкаў вы б хацелі пабыць і чаму.

 

9 Падвядзенне вынікаў

– Якая была тэма сённяшняга ўрока?

– Чаму вы хацелі навучыцца? (Дзяліць двухзначны лік на двухзначны лік)

– Навучыліся вы дзяліць двухзначны лік на двухзначны лік?

– Як падзяліць двухзначны лік на двухзначны лік?

 

10 Выстаўленне і каменціраванне адзнак

 

11 Дамашняе заданне

С. 99, № 1 (1, 2), 2.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий