Сцэнарый занятку, на якім дзеці даведаюцца, як з’яўляецца хлеб, а таксама паспрабуюць свае сілы ў лепцы.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Дзіцячы сад № 12 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– даць уяўленні пра тое, як вырошчвалі хлеб раней і як гэта робяць у цяперашні час;
– развіваць цікавасць да працы дарослых, да ўзаемаадносін людзей розных прафесій;
– развіваць уменне ляпіць рознымі спосабамі ў пэўнай паслядоўнасці;
– выхоўваць павагу і беражлівыя адносіны да працы людзей розных прафесій.
Матэрыял і абсталяванне: ілюстрацыі (каласкі, усходы пшаніцы, трактар арэ поле, зялёная ніва, поле паспелых каласоў, камбайн збірае ўраджай, мелькамбінат, хлебазавод, хлеб і батон); магнітная дошка, смайлікі вясёлыя і сумныя, сістэмны аператар.
Дадатак: Дадатак
Папярэдняя работа: чытанне беларускай народнай казкі “Пшанічны каласок”
Ход занятку
Выхавальнік: Дзеці, паглядзіце, што гэта?
На сістэмным аператары з’яўляецца ілюстрацыя каласка пшаніцы або жыта (Дадатак 1).
А якую казку вы ведаеце пра каласок? (“Пшанічны каласок”)
З чаго пачынаецца казка “Пшанічны каласок”? (Курачка знайшла каласок).
А дзе каласок вырас?(У полі)
Хто яго пасадзіў? (Адказы дзяцей)
Пра гэта ў казцы не гаворыцца. У далёкія часы на зямлі лясоў было больш, чым палёў. Але ў лесе хлеб не выгадуеш. І вось людзі высякалі лес. А ведаеце навошта? (Каб зрабіць поле).
Як вы думаеце, што рабілі са ссечанымі дрэвамі? (Вялікія ішлі на будаўніцтва, астатнія – на дровы).
Затым людзі выкарчоўвалі пні і аралі зямлю. Хто ведае, чым араць зямлю? (Адказы дзяцей)
Раней узворвалі поле сахой, а цяпер узворваюць трактарам. Зямля становіцца пухлай, мяккай і цяпер можна сеяць (Дадатак 2).
Прапаную вам адгадаць загадку
У зямлю цёплую пайду
Затым каласком узыду
Будзе ў ім такіх, як я,
Ужо цэлая сям’я.
(Збожжа)
Як вы думаеце, чым сеюць хлеб? (Адказы дзяцей) Раней сеялі хлеб рукамі: бралі вядзерцы ці кошыкі, набіралі зярняткі ў руку і раскідвалі збожжа па полі.
Фізкультхвілінка “Сеем хлеб”.
Дзеці выконваюць рухі згодна тэксту
Раз, два, тры, чатыры, пяць
Будзем поле засяваць
Зерне ў руку набіраем
І па глебе раскідаем
Выхавальнік: І вось поле засеяна. Што неабходна для росту раслін? (Сонца, дожджык).
Дожджык, дожджык палівай!
Будзе хлеба каравай.
Будуць булкі, будуць сушкі,
Будуць смачныя ватрушкі.
І вось дожджык палівае, сонейка грэе, з зярнятак вырастаюць маленькія парасткі (Дадатак 3). Затым парасткі падкормліваюць, і яны ўсё растуць і растуць (Дадатак 4).
Практыкаванне “Зярняткі” (метад сінэктыкі).
Выхавальнік: Дзеці, уявіце, што вы – зярняткі (дзеці згортваюцца клубочкам на дыване). Прыгрэла сонейка, пайшоў дожджык і з’явіліся першыя парасткі. Вось ужо выраслі два лісціка, якія і пацягнуліся да сонца (дзеці падымаюць рукі ўверх, быццам цягнуцца да сонца). У канцы лета хлебныя каласы вырастаюць (дзеці ўстаюць, цягнуць рукі ўгору) і спеюць (Дадатак 5). Вось і надыходзіць пара ўбіраць хлеб.
А хто ведае, чым і як на палях убіраюць хлеб? (Камбайнам) (Дадатак 6).
Паслухайце, як раней хлеб убіралі: мужчыны бралі косы, жанчыны – сярпы і ішлі ў полі жаць жыта, потым вязалі яго ў снапы. І вось падчас уборкі хлеба і мог згубіцца каласок, які знайшла курачка.
Успомніце, што курачка зрабіла з каласком (Абмалаціла).
Так, яна ўзяла цэп і біла па каласку, і зярняткі высыпаліся. І панесла куды? (На млын). Там змалола муку і затым спякла пірог. У цяперашні час збожжа вязуць на мелькамбінат, дзе мелюць муку (Дадатак 7), а затым толькі на хлебазавод (Дадатак 8), дзе пякуць хлеб і булкі (Дадатак 9).
Дзеці, падыдзіце да чароўнага тэлевізара, паглядзіце ўважліва. Колькі працы было зроблена, каб у нас быў хлеб.
Замацаванне ведаў выхаванцаў з дапамогай сістэмнага аператару.
Выхавальнік: А сёння мы з вамі спячом пірагі, абаранкі, сушкі з салёнага цеста.
Лепка з салёнага цеста.
Дзеці пад кіраўніцтвам выхавальніка лепяць хлебабулачныя вырабы.
Выхавальнік: Малайцы, а цяпер мы з вамі зробім выставу хлебабулачных вырабаў, якія вы зляпілі.
Рэфлексія
Выхавальнік: Вось наш занятак і скончыўся. Каму спадабаўся, выберыце вясёлы смайлік, а каму не спадабаўся, то сумны і замацуйце іх на магнітнай дошцы.
Дзеці выконваюць заданне