Для таго каб заахвоціць дзяцей да вывучэння беларускай мовы, спрыяць выхаванню любові да яе, мы вырашылі стварыць электронны адукацыйны рэсурс “Размаўляем па-беларуску”, які накіраваны на развіццё пазнавальных і моўных здольнасцей у авалоданні беларускай мовай.
Марына МАРТУСЕВІЧ, Алена РУДАКОВА,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць
Праблема развіцця гаворкі і навучання беларускай мове з’яўляецца актуальнай як для дарослых, так і для дзяцей. Засваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Большасць дашкольнікаў з самага нараджэння вучацца гаварыць і думаць на рускай мове, атрымоўваючы вопыт ад дарослых, якія іх акружаюць. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках.
Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмі гутарковай мовы, станаўлення і развіцця ўсіх яе бакоў: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з’яўляецца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым вальней яны будуць карыстацца ёй у далейшым.
Для таго каб заахвоціць дзяцей да вывучэння беларускай мовы, спрыяць выхаванню любові да яе, мы вырашылі стварыць электронны адукацыйны рэсурс “Размаўляем па-беларуску” (https://view.genial.ly/6240a267b7a59e0012b901bd/interactive-content-razmalyaem-pa-belarusku), які накіраваны на развіццё пазнавальных і моўных здольнасцей у авалоданні беларускай мовай.
Электронны рэсурс прызначаны для выкарыстання на занятках па развіцці маўлення і маўленчых зносін, “Мастацкая літаратура”; на занятках “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода” ў беларускамоўных групах; а таксама для арганізацыі індывідуальнай і групавой работы падчас нерэгламентаванай дзейнасці.
Перад сабою мы паставілі галоўную мэту – стварэнне электроннага адукацыйнага рэсурсу для дзяцей дашкольнага ўзросту, які спрыяе развіццю пазнавальных і моўных магчымасцей у авалоданні беларускай мовай.
Гэты рэсурс дапамагае вырашаць шэраг задач, якія адпавядаюць праграме дашкольнай адукацыі:
– развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці, назіральнасць адносна моўных з’яў;
– фарміраваць зносіны на беларускай мове, уменне звяртаць увагу на моўныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай, навыкі разумення беларускай мовы;
– выхоўваць станоўчыя каштоўнасныя адносіны дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы.
Адукацыйны электронны рэсурс уяўляе сабой набор з шасці інтэрактыўных плакатаў, створаных у сэрвісе Genially, які з’яўляецца альтэрнатывай PowerPoint. Для зручнага выкарыстання створана галоўная старонка, на якой размешчаны спасылкі на кожны плакат. На плакаце размешчана інтэрактыўная навігацыя: інтэрактыўныя кнопкі пераходу, анімацыя, спасылкі на відэафрагменты, аўдыязапісы, інтэрактыўныя дыдактычныя практыкаванні, тэкставыя дакументы.
Напрыклад, на плакаце “Свойскія і дзікія жывёлы” можна ўбачыць спасылкі на практыкаванні, створаныя ў сэрвісе LearningApps (“Хто дзе жыве?”, “Жывёлы і іх дзеткі” і г.д.), спасылкі на відэа, якія знаёмяць дзяцей з назвамі жывёл на беларускай мове, а таксама відэа, якія звяртаюць увагу дзяцей на моўныя асаблівасці ў параўнанні з рускай мовай (несупадзенне роду і ліку назоўнікаў). Прапануюцца казкі, загадкі, вершы па тэме. Насупраць жывёл размешчаны аўдыядарожкі з агучваннем назвы жывёлы на беларускай мове.
Плакат “Мая Радзіма Беларусь” выконвае не толькі навучальную і пазнавальную функцыю, але і служыць сродкам, які стварае ўмовы для выхавання ў дашкольнікаў пачуцця патрыятызму, што вельмі актуальна ў наш час. Дзеці знаёмяцца з дзяржаўнымі сімваламі Беларусі на зразумелай ім мове (частка відэафрагментаў запісана намі асабіста), а таксама і з прыроднымі сімваламі Беларусі. Знаёмяцца з выдатнымі мясцінамі рэспублікі, наведваючы віртуальныя экскурсіі. Ёсць магчымасць праслухаць вершы, песні пра Бацькаўшчыну. Прапануецца праслухаць верш для завучвання на памяць, папрацаваць з онлайн-размалёўкамі па тэме. На кожнай старонцы таксама размешчана спасылка на беларуска-рускі слоўнік, дзе можна знайсці значэнне незразумелага слова.
Старонка “Беларуская творчасць” у большай ступені прысвечана беларускаму фальклору, які з’яўляецца бясцэнным нацыянальным багаццем. Дзецям прапануецца пазнаёміцца з калыханкамі, забаўлянкамі, лічылкамі, песенькамі, народнымі казкамі. Знаёмства з беларускім фальклорам з самага дзяцінства дапамагае не толькі авалодаць роднай мовай, але і дакрануцца да гістарычнай памяці народа.
Змест плакатаў падабраны і створаны з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, а таксама ў адпаведнасці с вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі.
Электронны адукацыйны рэсурс “Размаўляем па-беларуску” створаны пры дапамозе сэрвісаў Google, YouTube, LearningApps, TinyTap, Genially, сайта zakraski.ru.
Дзеці нашай групы з вялікім задавальненнем і зацікаўленасцю вывучаюць беларускую мову на занятках і дома разам з бацькамі, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя плакаты “Размаўляем па-беларуску”.