Ой, ранкам на Юр’я. Спартыўна-фальклорнае свята для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 9:55ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый мерапрыемства, якое накіравана на фізічнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей праз далучэнне іх да нацыянальных традыцый, народных свят, абрадаў.

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”
Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: развіваць фізічнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей праз далучэнне іх да нацыянальных традыцый, народных свят, абрадаў.

Праграмныя задачы: далучыць дзяцей да беларускай культуры, традыцый, мовы; развіваць фізічныя якасці (спрытнасць, хуткасць, гібкасць, агульную вынослівасць); удасканальваць уменне пераносіць назапашаны рухальны вопыт у самастойную рухальную і гульнявую дзейнасць; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных свят, пачуццё гонару за культурны патэнцыял свайго народа; садзейнічаць стварэнню добрага настрою выхаванцаў.

Матэрыял і абсталяванне: абсталяванне для правядзення эстафет, гульняў (лаўкі, кеглі, дугі, гімнастычныя палкі, канат, драўляныя лыжкі, яйкі-кіндары, кошыкі), касцюм дзеда Юрая, народная кашуля (ці выкарыстаць элементы народнага адзення) у кіраўніка фізічнага выхавання, эмблемы каманд, цацка-свістулька, кошык з караваем, аўдыёзапісы: беларускай народнай музыкі; фанаграмы-мінусоўкі беларускіх народных песень “Зайграй жа, дударочку”, “Вясна-красна, адкуль прыйшла”; полькі “Юрачка”, музычны цэнтр.

 

Ход мерапрыемства

 

На сцяне спартыўнай залы размешчаны надпіс “Ой, ранкам на Юр’я”, вышываныя ручнікі. Пад беларускую народную мелодыю ў зал заходзяць выхаванцы старшай групы. Іх сустракае кіраўнік фізічнага выхавання і двое дзетак.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Рады вас усіх вітаць, у нашай зале сустракаць.

Усе: Добрай раніцы!

Кіраўнік фізвыхавання: Сёння мы сапраўдную вясну сустракаем,

На свята спартыўна-фальклорнае “Юрай” вас запрашаем.


Дзяўчынка:

На Юр’я Бога клікала, 
Да падай, Божа, ключыкі 
Адамкнуці зямліцу 
Ды выпусціці травіцу.


Хлопчык:

Ды на буйнае жыта, 
Ды на цёплае лета.
Ды на волікі ярмачко. 
Ды на кароўкі малачко.

                                               (з народнага)

Кіраўнік фізвыхавання:

Святы Юрай – Божы ключнік.
Зіму замыкае, вясну адмыкае.
Расу выпускае, усе навокал благаслаўляе.
Сёння будзем гуляць-забаўляцца,
Да беларускай народнай культуры далучацца.
Спрыт ды ўдалоту дэманстраваць
Каб Юрыя-Георгія ўшанаваць.

                                                        

Дзяўчынка: А ці ведаюць нашы хлопчыкі і дзяўчынкі, што гэта за свята Юр’я?

Кіраўнік фізвыхавання: А вось мы зараз у іх запытаемся. Раскажыце, калі ласка, што вы ведаеце пра свята Юр’я, як яго святкуюць, і што ў гэты дзень людзі робяць. 

 

Дзеці па чарзе расказваюць:

1. Свята называецца Юр’я, або Ягор’я, святкуюць яго 6 мая. Лічыцца, што на Юр’я настае сапраўдная вясна, і менавіта тады пачынае кукаваць зязюля.
2. Яшчэ Юр’я называюць святам пастушкоў, бо ў гэты дзень першы раз выганяюць кароў на пашу. Статак на Юр’я выганяюць рана на цудадзейную расу, каб было многа малака. Перад тым, як выгнаць жывёлу, гаспадар тройчы абыходзіць яе з запаленай грамнічнай свечкай і апырсквае асвячонаю вадою. Гаспадыня акурвае жывёлу падпаленымі купальскімі зёлкамі. Выганяюць скаціну з двара, пасцёгваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы, затым галінку ўтыкаюць у хляве ад злых духаў. На парозе хлява перад жывёлай кладуць яйка, каб ваўку заткнуць ім пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя малаком. А калі пасля праходу жывёлы яйка заставалася цэлае, лічаць, што і жывёла застанецца цэлаю, яе не зачэпіць воўк.
3. Святы Юрай ахоўвае хатнюю жывёлу і з’яўляецца валадаром ваўкоў. Ён на белым кані замыкае пашчы дзікім звярам, каб яны не нападалі на скаціну.
4. Раса раніцай на Юр’я лічыцца лекавай як для жывёлы, так і для чалавека. Хто хоча быць дужым і здаровым, павінен пакачацца гэтай раніцай па расе. Расу нават збіралі ў місачку і выкарыстоўвалі як лекавы сродак. Лічыцца, што святы Юрай асвяціў яе. Кажуць так: “Юр’ева раса”– ад сурокі, ад сямі хвароб. Будзь здароў, як Юр’ева раса”.
5. Раней на світанні на Юр’я гаспадар абыходзіў усе свае палеткі з закручаным у белы абрус караваем хлеба, які напярэдадні свята пякла гаспадыня. Падышоўшы да апошняй паласы, засеянай жытам, гаспадар клаў хлеб-каравай у жытнёвую рунь і параўноўваў вышыню сцябла з караваем. Калі каравай хаваецца ў жыце, то ў гэтым годзе жыта будзе добрае. Пасля гаспадар вяртаўся з караваем дадому, разразаў яго на кавалкі па колькасці членаў сям’і, і ўсе разам з’ядалі каравай, каб сям’я жыла ў згодзе і дастатку.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Малайцы, многа вы пра свята ведаеце. А цяпер давайце святому Юраю аддзячым, танец-размінку “Юрачка” паскачам.

 

Дзеці пад мелодыю беларускай полькі “Юрачка” праводзяць фізкультурную размінку.

 

Кіраўнік фізвыхавання (свішча ў свістульку):

Хлапчукі і дзяўчынкі! Увагі хвілінку!
Каб Юрая ўшанаваць, трэба свой спрыт ды ўдалоту паказаць!
Бегаць хутка, скакаць высока, кідаць далёка, мець зоркае вока.

Гатовыя вы даказаць, што спрытныя і хуткія?

Тады давайце падзелімся на дзве каманды: “Юрачкі”і “Ягорачкі”. Абедзве гэтыя назвы – у гонар народнага свята. (У дзяцей на кашулях эмблемы камандаў).

Увага! Раз-два, павярніся, на каманды падзяліся! Юрачкі, крок наперад! Цяпер, каманды, займіце свае месцы на лініі спаборніцтваў.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Як вы ўжо ведаеце, Юр’я – свята пастушкоў. А каб пасвіць статак і не разгубіць кароў, трэба пастушку быць хуткім, спрытным, лоўкім, умець пераадольваць перашкоды, бо на пашы ёсць і ямы, і горкі, і куслівыя авадні, якія кусаюць кароў і прымушаюць іх хутка ўцякаць ды хавацца па кустах. Таму, каб быць сапраўдным пастушком, трэба мець добрыя фізічныя якасці. Гатовыя вы прайсці іспыт на званне пастушка?

 

Эстафета “Хуткі пастушок”

Дзеці з гімнастычнай палкай (“пугай”) у руках пераадольваюць на хуткасць “паласу перашкод” (праходзяць па лаўцы (“кладачка праз ручай”), пераскокваюць абручы (“купіны”), падлазяць пад дугі (“кусты”), абягаюць стойку (“дрэва”), вяртаюцца да лініі старту і перадаюць “пугу” наступнаму гульцу.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Ну вось, пастушкі, іспыт вы здалі выдатна.

А ці ведаеце вы, што абавязкова на Юр’я пастушкоў частавалі абрадавай стравай – вялікай яечняй, прыгатаванай на вогнішчы?

Каб камандзе прыгатаваць такую яечню, трэба хутка перанесці яйкі ад курыцы ў свой кошык.

 

Этафета “Яйкі на яечню”

Дзеці з абедзвюх каманд з драўлянымі лыжкамі, абягаючы стойкі-“дрэўцы”, дабягаюць да кошыка, у якім складзены “яйкі” (кіндары), кладуць адно яйка ў лыжку і бягом вяртаюцца да лініі старту, дзе стаіць кошык каманды. Кладуць яйка ў свой кошык, лыжку перадаюць наступнаму гульцу. Перамагае каманда, якая хутчэй перанесла яйкі.

 

Пасля эстафеты чуецца гоман, у зал заходзіць Дзед Юрай (дарослы) з кошыкам, у якім закручаны ў белы абрус каравай.

 

Дзед Юрай (спявае):

Бабка Ганна, дзед Юрай, го-го-го!
Спяклі вялікі каравай, го-го-го!
Усе палеткі ім абнёс, го-го-го!
Уродзіць жыта ды авёс, го-го-го!

Прывітанне добрым людзям!
Што ж, знаёмы з вамі будзем.
Я – Юрай дзед, мясцовы краявед.
Жыву многа год на свеце.
Ведаеце мяне, дзеці?

 

Кіраўнік фізвыхавання: Дзед Юрай, а дзе ж ты быў? 

Дзед Юрай:

Па палях хадзіў, жыта радзіў,
Жыта-пшаніцу, усякую пашніцу.

З самага ранку во ўсе палеткі свае абышоў, караваем абнёс, каб ураджай у гэтым годзе быў добры. Ды вось чую, што ў вас тут гоман – весялосць, вось я да вас на свята і завітаў. Люблю, калі моладзь гуляе, песні спявае. А вы песні добрыя ведаеце?

Кіраўнік фізвыхавання: А як жа! Якое ж свята без песні! Сядай, дзядуля, адпачні, песню паслухай, разумную патыліцу пачухай.

Рабяткі, давайце заспяваем вясёлую беларускую народную песню “Зайграй жа, дударочку”.

 

Дзеці выконваюць беларускую народную песню “Зайграй жа, дударочку”

 

Дзед Юрай: Вось вы малайцы! Так прыгожа спявалі, што ў мяне нават ногі самі скакалі! А ці ведаеце вы якія-небудзь юраўскія прыслоўі і прыметы? 

Дзеці: Ведаем! (па чарзе кажуць)

Як на Ягор’я пагода, то на грэчку няўрода.
Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс.
Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня.
Калі Юрай сказаў: “Жыта ўраджу”,
дык Мікола адказаў: “Пачакай – пагляджу”.
Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры.
Калі на Юр’я раса – хопіць коням аўса.
Калі на Юр’я поўня – будзе ўсяго поўна.
Юр’я на парог вясну прывалок.

 

Дзед Юрай: Малайцы! А пра тое, што на Юр’я раса цудадзейная, вы таксама ведаеце? Што калі ў ёй пакачацца, то будзеш дужым, моцным і хварэць не будзеш. А калі яе сабраць ды вочкі прамыць, то яны будуць зоркія?

Кіраўнік фізвыхавання: Ведаем, дзед Юрай. І зараз пакажам табе, як мы ўмеем па расе качацца, ды і збіраць расу таксама ўмеем. Юрачкі-Ягорачкі, станавіцеся па сваіх камандах!

 

Эстафета “Юр’ева раса”

Дзеці перакочваюцца па разасланых на падлозе гімнастычных кілімках да імправізаванага дрэўца, на галінках якога размешчаны папяровыя кропелькі расы. Дзіця, дакаціўшыся да дрэўца, устае, адрывае папяровую кропельку бяжыць да сваёй каманды. Там кідае кропельку ў пластыкавы стаканчык. Перамагае каманда, якая хутчэй выканала заданне.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Бачыш, дзед, якія нашы дзеці спрытныя ды ўмелыя. Колькі кропелек расы яны назбіралі. А цяпер накрыем нашы стаканчыкі з кропелькамі вышываным абрусам (накрывае стаканы абрусам), моцна заплюшчым вочкі (незаўважна мяняе стаканы з папяровымі кропелькамі на стаканы з вадою) і скажам разам чароўныя словы “Кропелькі, заблішчыце, вочкі зоркімі зрабіце”. (Здымае абрус). Гляньце, якая цудадзейная раса ў нас з’явілася.

Зараз вочкі ёю прамыем, каб зоркімі былі, ды далёка бачылі. (Дзецям па чарзе са стаканчыка капаецца некалькі кропелек вады на рукі). І ты, дзед Юрай, палячыся, пратры свае старыя вочы, каб не балелі і ўсё бачылі (Дзед працірае вочы).

Дзед Юрай: Дзякуй, дзеткі! Цяпер пэўна вочы балець не будуць. 

Кіраўнік фізвыхавання: А зараз мы пераканаемся, што вочкі ў дзяцей і сапраўды сталі больш зоркімі. Вось для кожнай каманды прыгатаваны на дошцы па два малюнкі, на якіх ім трэба знайсці шэсць адрозненняў. Каля дошкі з малюнкамі ляжаць каляровыя алоўкі: для адной каманды – чырвоны, для другой – сіні. Алоўкамі гэтыя адрозненні трэба абвесці. Якая каманда хутчэй справіцца, тая і перамагла. “Юрачкі” і “Ягорачкі”, будзьце ўважлівымі!

 

Эстафета “Зоркія і ўважлівыя”

Каманды разбіваюцца на пары. Двое дзяцей у абручы дабягаюць да дошкі з малюнкамі, знаходзяць адно адрозненне, абводзяць яго алоўкам (адна каманда на сваіх малюнках – чырвоным алоўкам, другая на сваіх малюнках – сінім). Вяртаюцца да каманды, перадаюць эстафету другой пары. Перамагае каманда, якая хутчэй і без памылак выканае заданне.

 

Дзед Юрай: Малайцы, сапраўды, зоркія вы і ўважлівыя. Слухайце, а ці ведаеце вы, што Святы Юрай (ці Георгій, па-другому) на сваім белым кані перамог страшэннага паганага цмока, які кожны год патрабаваў сабе ў ахвяру па прыгожай дзяўчыне? Святы Юрай прабіў яго сваёй дзідай. Кажуць так “Юрай з канём, конь з капытом”. З тых пор святы Юрай лічыцца апекуном і абаронцам коней!

Кіраўнік фізвыхавання: Сапраўды так! Мы сёння таксама ўшануем конікаў, пакажам, якімі спрытнымі вершнікамі можам быць.

 

Эстафета “Хуткі вершнік”

Дзеці па дваіх верхам “на коніку” (гімнастычная палка з прыробленай з кардону конскай галавой) аб’язджаюць і пераскокваюць перашкоды (кеглі і палкі) і вяртаюцца да лініі старту. Перадаюць “коніка” другому вершніку.

 

Дзед Юрай: Але ж вы і спрытныя! І конікі ў вас хутканогія. Глядзеў я на вас глядзеў, і мне так самому захацелася з вамі пагуляць. Ці ведаеце вы якую цікавую беларускую гульню?

Кіраўнік фізвыхавання: Канешне, ведаем! Запрашаем цябе пагуляць з намі ў гульню “Дзядуля-ражок”.

 

Беларуская народная гульня “Дзядуля-ражок”

Апісанне гульні: выбіраецца важак, якога называюць дзядуля-ражок (на свяце гэта будзе дзед Юрай). Ён жыве ў доме, які абазначаецца абручом. Каманды дзяцей размяшчаюцца справа і злева ад дому дзядулі крокаў на дзесяць. Гэта іх дамы (адзначыць чым-небудзь). Месца паміж гэтымі двума дамамі называецца полем. Дзеці размяшчаюцца ў сваіх дамах, і пачынаецца гульня. Дзядуля-ражок зірне направа, зірне налева і крыкне:

– Хто мяне баіцца?
А ўсе дзеці яму ў адказ:
– Ніхто!

Пасля адказу яны перабягаюць са свайго дома ў другі цераз поле. Бягуць і падражніваюць важака:

– Дзядуля-ражок, з’еў чужы піражок!

Дзядуля-ражок выскоквае са свайго дома і ловіць дзяцей. Першы, каго дзядуля-ражок схопіць, становіцца яго памочнікам і разам з ім ловіць іншых. Калі яны зловяць яшчэ аднаго, той ловіць астатніх разам з імі. Так працягваецца да таго часу, пакуль усе не будуць злоўлены.

Дзеці могуць забягаць у свой дом, але заставацца там доўга нельга.

 

Дзед Юрай: Ой, спрытныя вы і хуткія, ажні я змарыўся вас лавіць. Але напэўна ж нядужыя! Я вось хлеба з малаком пад’еў – дык адразу падужэў! А вы напэўна кашы сёння не каштавалі, дык і сілы не назбіралі!

Кіраўнік фізвыхавання: Ой, дзядуля Юрай, ты памыляешся! Нашы дзеці ўсе дужыя! Нават дзяўчынкі! Цябе лёгка адолеюць!

Дзед Юрай:

Не можа быць!
Я – дзед-асілак!
Маю моц ды сілу!
Дужыя рукі, шырокія плечы.
Куды вам да мяне, малечы!

Кіраўнік фізвыхавання: Ой, дзед Юрай, не хваліся! Зараз паглядзім, хто мацнейшы!

 

Гульня “Перацягванне каната”

Дзед бярэцца з аднаго боку, дзяўчынкі – з другога. Перацягваюць канат. Дзяўчынкі перамагаюць.

 

Дзед Юрай: Сапраўды, дужыя ў вас дзяўчынкі.

Кіраўнік фізвыхавання: І не толькі дзяўчынкі. “Юрачкі”, Ягорачкі”, станавіцеся, будзем сілай мерацца!

 

Каманды некалькі разоў перацягваюць канат.

 

Дзед Юрай:

Малайцы, Юрачкі-Ягорачкі!
Добра мы свята святкавалі, і гулялі і спявалі.
Надышоў час развітацца,
Каб праз год зноў на свяце спаткацца.
На развітанне частую вас хлебам і соллю
На шчасце, здароўе і добрую долю.

(Падае кошык дзяўчынцы)

 

Дзяўчынка: Дзякуй, дзядуля Юрай. 

Святы Юрай па межах ходзіць,
Усім людзям дабро робіць,
Зямлю адмыкае, расу выпускае.
На добрае лета, на буйнае жыта,
На гэты свет, на ўсякі цвет,
Каб зямелька ажывала,
Ды дабром нас асыпала.

 

Кіраўнік фізвыхавання: Я цяпер на развітанне давайце ўсе разам добрую песню заспяваем! 

Выконваюць беларускую народную песню «Вясна-красна, адкуль прыйшла”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий