Расія ў пачатку ХVII ст. Смутны час. Урок сусветнай гісторыі, 7-ы клас

- 16:08II И III СТУПЕНИ, ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Сценарии, Методичка

Урок сусветнай гісторыі ў 7-м класе па тэме «Расія ў пачатку ХVII ст. Смутны час».

Аляксандр КНЫШ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА «Бярозавіцкая сярэдняя школа» Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

 

Тэма: Расія ў пачатку ХVII ст. Смутны час.

Мэта: разгледзець і выявіць сутнасць Смутнага часу і яго значэнне ў гісторыі Расіі.

Задачы:

– адукацыйная – на аснове вучэбнага матэрыялу вызначыць прычыны, сутнасць і вынікі Смутнага часу; выдзеліць асноўныя перыяды Смуты і звязаць іх з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі.
– развіваючая – фарміраваць крытычнае мысленне вучняў, уменне работы з крыніцамі ведаў.
– выхаваўчая – акцэнтаваць грамадзянска-патрыятычную пазіцыю вучняў.

Абсталяванне: атлас, карта “Расія ў першай палове ХVII ст.”, мультымедыйная ўстаноўка, відэафільм “Аты-баты. Смутны час у Расіі”, прэзентацыя.

Прэзентацыя. Расія ў пачатку ХVII ст. Смутны час.

(Звярніце ўвагу! Прагляд прэзентацыі неабходна выбраць у рэжыме слайд-шоу. У другім слайдзе змяшчаецца чатыры раздзелы, кожны з якіх уключае свае матэрыялы).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Добры дзень. Мне вельмі прыемна сустрэцца з вамі. Спадзяюся на тое, што ў вас добры настрой і наша работа на ўроку будзе плённай.

На мінулым уроку мы з вамі пачалі вывучэнне раздзела “Расія” і разгледзелі асноўныя падзеі, якія адбываліся ў расійскай дзяржаве ў ХVI ст.

 

ІІ Праверка дамашняга задання

Праверым дамашняе заданне з дапамогай тэста. Я раздаю кожнаму заданні. На выкананне вам даецца 7 хвілін (Дадатак 1). (Вучні выконваюць заданні.)

А зараз памяняйцеся лістамі і правяраем. На экране вы бачыце нумары заданняў і варыянты правільных адказаў, а таксама шкалу ацэньвання. У другой табліцы – шкала адзнак. (Дзеці правяраюць і ставяць адзнакі.)

Вярніце заданні ўладальніку. Падыміце рукі, хто атрымаў 9, 8, 7, 6, 5, 4. А ёсць такія хто атрымаў 3, 2, 1? Здайце, калі ласка, лісты.

 

ІІІ Вывучэнне новай тэмы

Сёння на ўроку мы з вамі працягваем вывучаць гісторыю Расіі, але спачатку паспрабуйце ўспомніць, у якой еўрапейскай краіне адбылася ў ХVII ст. грамадзянская вайна? У чым заключаецца галоўнае адрозненне грамадзянскай вайны ад іншых войнаў? (адказы вучняў)

Як вы ўжо здагадаліся, тэма нашага сённяшняга ўрока будзе звязана з грамадзянскай вайной. Тэма ўрока – “Расія ў пачатку ХVII ст. Смутны час”. (Запіс тэмы на дошцы.)

У працэсе работы над тэмай мы павінны знайсці адказ на пытанне: ХVII ст. – гэта час магутнасці ці аслаблення Расіі? Крок наперад ці назад у яе развіцці? А каб адказаць на гэта пытанне, мы будзем працаваць па наступным плане:

План урока

1) Праўленне Барыса Гадунова і прычыны Смуты.
2) Пачатак грамадзянскай вайны.
3) Самазванцы.
4) Інтэрвенцыя Швецыі і Рэчы Паспалітай у Расію.
5) Апалчэнне Мініна і Пажарскага. Канец Смутнага часу.

 

ХVII стагоддзе было асабліва цяжкім перыядам для рускага народа. У краіне ўспыхнула грамадзянская вайна. Расіі пагражала замежнае ўварванне. З’явіліся самазванцы, якія называлі сябе царамі. Але дзякуючы намаганням народа, краіна змагла выжыць і адстаяць сваю незалежнасць. Гэты перыяд называюць Смутным часам. Што такое Смута? Звернемся да падручніка на старонцы 152. (Настаўнік просіць аднаго з вучняў зачытаць). Запішыце паняцце ў сшытак.

Іван IV пакінуў пасля сябе двух сыноў. Іх лёс склаўся трагічна. Царэвіч Дзмітрый Іванавіч загінуў пры загадкавых абставінах, а старэйшы Фёдар быў псіхічна хворы і ў хуткім часе памёр. У 1598 г. Земскі сабор выбраў царом Барыса Гадунова.

Запішыце ў сшытак гэтую дату.

Пра Барыса Гадунова нам паведаміць Ілья Юсько. Яму было даручана падрыхтаваць паведамленне (Дадатак 2). Вось так Барыс Гадуноў стаў царом.

Зараз мы з вамі паспрабуем вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці Гадунова. Я прапаную вам самастойна прачытаць першы пункт параграфа на старонцы 152–153 і вызначыць станоўчае і адмоўнае ў яго дзейнасці. Першы рад адзначае станоўчае, а другі рад – адмоўнае. Вам тры хвіліны. (Вучні чытаюць) Так, паслухаем. Станоўчае ў дзейнасці (адказы вучняў). Адмоўнае ў дзейнасці (адказы вучняў).

 

Фізкультхвілінка

 

У 1601 годзе ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чалавек, які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV. У гісторыі ён атрымаў прозвішча Ілжэдзмітрый І. Ён быў папулярны ў народзе. Якія яго якасці спрыялі гэтаму, вы даведаецеся пасля прагляду ўрыўка фільма. (Прагляд урыўка кінафільма) Назавіце якасці Ілжэдзмітрыя, якія спрыялі яго папулярнасці ў народзе. (Адказы вучняў)

У 1605 годзе Барыс Гадуноў памірае, і Руская дзяржава зноў застаецца без цара. Гэта падзея стала пачаткам Смутнага часу.

Зрабіце запіс у сшытку: “1605 г. – пачатак Смутнага часу”.

Пасля смерці Барыса Гадунова ў 1605 г. Ілжэдзмітрый І уступіў у Маскву і каранаваўся як рускі цар. Але правіў ён менш года і быў звергнуты і забіты баярамі. Зараз вы праглядзіце ўрывак фільма і потым адкажаце на пытанне: Чаму Ілжэдзмітрый І не ўтрымаўся на рускім троне? (Прагляд урыўка фільма)

Дык чаму ж Ілжэдзмітрый І не ўтрымаўся на рускім троне? (Адказы вучняў).

Царом выбралі баярына Васіля IV Шуйскага. А ў 1606–1607 гадах у Расіі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава.

Зрабіце запіс у сшытку: “1606–1607 гг. – паўстанне пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава”.

Пра асобу Івана Балотнікава мала што вядома. Юнаком збег ад свайго гаспадара, быў казаком, трапіў у палон, стаў турэцкім рабом. Збег, апынуўся ў Германіі. Адтуль вярнуўся на Радзіму. Выдаваў сябе за ваяводу царэвіча Дзмітрыя, што спрыяла павелічэнню яго войска.

У 1606 г. пачаў наступленне на Маскву, але захапіць яе не змог.

У 1607 г. Васіль Шуйскі арганізаваў наступленне супраць Балотнікава. Армія паўстанцаў пацярпела паражэнне. З астаткамі сваёй арміі Балотнікаў адступіў у Тулу. Але пасля чатырохмесячнай асады здаўся ваяводам Шуйскага. Быў вывезены ў горад Каргапаль, аслеплены, а потым забіты.

У 1607 г. з’явіўся яшчэ адзін самазванец Ілжэдзмітрый ІІ.

Запішыце ў сшытак: “1607 г. – з’яўленне Ілжэдзмітрыя ІІ”.

Якое прозвішча ён атрымаў у рускай гісторыі і што з ім здарылася? Пра гэта вы даведаецеся пасля прагляду ўрыўка фільма. (Прагляд урыўка фільма) Яякое прозвішча Ілжэдзмітрый ІІ атрымаў у рускай гісторыі, і што з ім здарылася? (Адказы вучняў)

Карыстаючыся слабасцю Расіі, Рэч Паспалітая і Швецыя пачалі інтэрвенцыю супраць Расіі. А што такое інтэрвенцыя? (Вучні зачытваюць у падручніку, што такое інтэрвенцыя)

Запішыце ў сшытак: “1609 г. – пачатак інтэрвенцыі”.

Праглядзім урывак з фільма і адкажам на пытанне: Якімі былі мэты інтэрвентаў? (Прагляд урыўка фільма, адказы вучняў)

У ліпені 1610 г. баяры-здраднікі зверглі Васіля Шуйскага і стварылі ўласны ўрад з сямі баяр – “сямібаяршчыну”.

21 верасня 1610 г. баяры прапусцілі ў Маскву польскую армію.

Запішыце ў сшытак: “21 верасня 1610 г. – уступленне палякаў у Маскву”.

Праглядзіце ўрывак фільма і адкажыце на пытанне: Як аднёсся да захопнікаў рускі народ? (Прагляд урыўка фільма, адказы вучняў)

Па выніках прагляду фільма можна сказаць, што дзеянні заваёўнікаў абурылі народ. Праваслаўная царква стала тым звяном, якое аб’яднала народ. Патрыярх Гермаген рассылаў пісьмы, у якіх заклікаў да барацьбы супраць захопнікаў.

У 1612 г. у Ніжнім Ноўгарадзе земскі стараста Кузьма Мінін пачаў збіраць апалчэнне для вызвалення Масквы. Звярніце ўвагу, хто ўзначаліў апалчэнне і якія вынікі гэтага выступлення. (Прагляд фільма, адказы вучняў) Паглядзіце на дошку і прасачыце шлях апалчэння. У вас на партах ёсць атласы, у іх вы таксама можаце прасачыць шлях апалчэння. Назавіце вынікі гэтага выступлення. (Адказы вучняў)

Зрабіце запіс у сшытак: “1612 г. – вызваленне Масквы”.

У XIX стагоддзі ўдзячныя жыхары Масквы паставілі помнік Мініну і Пажарскаму як вызваліцелям ад іншаземных захопнікаў.

Такім чынам у 1612 г. для Расіі скончыўся адзін з самых цяжкіх перыядаў яе гісторыі.

Якія вывады мы з вамі можам зрабіць на падставе вывучанага сёння матэрыялу?

Давайце адкажам на пастаўленае ў пачатку ўрока праблемнае пытанне: ХVII ст. – гэта час магутнасці ці аслаблення Расіі? Крок наперад ці назад у яе развіцці? Хто адкажа на пытанне?(Адказы вучняў)

 

IV Замацаванне

А зараз давайце звернемся да храналагічнага календара падзей і выдзелім асноўныя падзеі Смутнага часу.

На дошцы ёсць даты і падзеі на лістах. Вы павінны назваць даты і падзеі Смутнага часу. (Дзеці выконваюць заданне)

Заданне “Тэкст з памылкамі”

На экране і ў вас на партах знаходзяцца тэксты, у якіх дапушчаны памылкі. Ваша задача прачытаць, знайсці і выправіць памылкі.

У 1605 годзе ў Маскву ўвайшоў Ілжэдзмітрый ІІ, які быў самазванцам і выдаваў сябе за цара Фёдара. Ён ажаніўся на палячцы Марыне Мнішак і прыняў мусульманства. Але 1606 годзе ён быў звергнуты і расійскі трон дастаўся сямібаяршчыне. У 1613 годзе народнае апалчэнне на чале з Мініным і Шуйскім вызваліла Маскву ад палякаў.

Рашыце храналагічную задачу

Дата ўступлення Ілжэдзмітрыя І у Маскву – абвяшчэнне царом Барыса Гадунова + уступленне палякаў у Маскву) × 3 – з’яўленне Ілжэдзмітрыя ІІ – пачатак інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай і Швецыі – 23 = ?

Адказ: (1605 – 1598 + 1610) × 3 – 1607 – 1609 – 23 = 1612

Які атрымаўся ў вас адказ? Якая падзея адпавядала гэтай даце (1612)?

 

V Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

Настаў час падвесці вынікі ўрока.

Сёння на ўроку мы даведаліся, што ў пачатку XVII стагоддзя ў Расіі пачаўся – … (Смутны час), падчас якога краіну ахапілі – … (паўстанні, беспарадкі), баяры ўвесь час змагаліся – … (за ўладу), у краіне з’явілася два самазванцы – … (Ілжэдзмітрый I, Ілжэдзмітрый II), усюды бясчынствавалі – … (польскія атрады). А самае галоўнае, толькі дзякуючы … (адзінству народа) стала магчыма справіцца з рознымі няшчасцямі.

 

VІ Выстаўленне адзнак

 

VІІ Дамашняе заданне

§ 22, пытанні 1–5. Да абагульняючага ўрока, які будзе праз чатыры ўрокі, падрыхтаваць гістарычнае сачыненне “Адзін дзень з жыцця ўдзельніка апалчэння Мініна і Пажарскага”.

Апішыце палітычную сітуацыю ў Расіі, назавіце прычыны, якія прывялі Мініна да фарміравання апалчэння і ўступлення ў яго ніжагародцаў. Пры падрыхтоўцы да сачынення карыстайцеся матэрыялам з падручніка на старонцы 156.

 

Дадатак1

Тэст “Расійская дзяржава ў ХVI ст.”

Выберыце правільны адказ

1 Упершыню каранаваўся на царства ва Успенскім саборы Крамля:
1) Васіль ІІІ,  2) Іван ІV,  3) Іван ІІІ,  4) Іван V.

2 Лівонская вайна працягвалася з:
1) 1540 па 1565 гг.; 2) 1558 па 1583 гг.; 3) 1552 па 1582 гг.; 4) 1565 па 1572 гг.

 

Выберыце некалькі правільных адказаў

3 Назавіце найбольш блізкіх і таленавітых саветнікаў Івана Грознага:
1) Аляксей Адашаў, 2) жонка Анастасія, 3) свяшчэннік Сільвестр, 4) мітрапаліт Філіп.

4 У лівонскай вайне супраць Расіі ваявалі:
1) ВКЛ, 2) Прусія,  3) Аўстрыя,  4) Польшча, 5) Крымскае ханства.

5 Вызначце правільную паслядоўнасць:
1) пачатак кіравання Івана ІV,
2) пачатак дзеяння Выбарчай рады,
3) заканчэнне Лівонскай вайны,
4) прыняцце Судзебніка,
5) пачатак апрычніны.

6 Укажыце вынікі апрычніны ў парадку значнасці:
1) Іван ІV умацаваў сваю ўладу,
2) далучаны вялікія тэрыторыі,
3) страшнае спусташэнне краіны,
4) масавыя кары,
5) палепшана дзяржаўнае кіраванне,
6) сялянам часова забаранялася пакідаць феадала ў Юр’еў дзень,
7) завершана цэнтралізацыя краіны.

7 Суаднясіце тэрмін і паняцце.

1) Земскі сабор

А) служылыя людзі, якія сталі асобым саслоўем, ва ўсім залежалі ад цара

2) Выбарчая рада

Б) палітыка Івана Грознага, якая прадугледжвала раздачу царскай і баярскай зямлі за службу прыбліжаным цара –апрычнікам

3) Судзебнік

В) дарадчы орган цэнтральнай улады, які складаўся з баяр, служылых людзей, духавенства, купцоў, рамеснікаў і дзяржаўных сялян

4) Апрычніна

Г) зборнік законаў Расійскай дзяржавы ў ХV –ХVІІ ст.

5) Дваране

Д) дарадчы орган, у які ўваходзілі самыя прыбліжаныя да цара прадстаўнікі баяр, духавенства і дваран

8 Суаднясіце даты і падзеі.

1) 1550 г.

А) далучэнне да Расіі Сібірскага ханства

2) 1552 г.

Б) далучэнне Башкірыі

3) 1556 г.

В) стварэнне пастаяннага стралецкага войска

4) 1552–1556 гг.

Г) далучэнне да Расіі Казанскага ханства

5) Пачатак 1580-х гг.

Д) далучэнне да Расіі Астраханскага ханства

9. Знакамі “+” і “–” адзначце правільныя і няправільныя сцвярджэнні.

1) У 1510 г. Маскве была падпарадкавана Пскоўская зямля.

2) Веча, якое кіравала гэтай “феадальнай рэспублікай”, было адменена, а замест яго з’явіліся маскоўскія намеснікі.

3) У барацьбе з ВКЛ у 1514 г. маскоўскім войскам не ўдалося адваяваць Смаленск.

4) У 1521 г. канчаткова ліквідавана незалежнасць аднаго з найстаражытнейшых рускіх княстваў – Разанскага.

5) Самым грозным правіцелем у гісторыі Расіі быў Іван ІІІ.

 

Прозвішча і імя вучня _______________________________________________

№ задання

1

2

3

4

5

6

7

8

9

Варыянт
адказу

 

 

 

 

 

 

1 –
2 –
3 –
4 –
5 –

1 –
2 –
3 –
4 –
5 –

1
2
3
4
5

 

Дадатак 2

Паведамленне

Барыс Фёдаравіч Гадуноў быў малодшым сынам прыдворнага двараніна Фёдара Іванавіча Гадунова-Крывога. Род Гадуновых меў татарскае паходжанне. Рана застаўшыся сіратой, разам з сястрой Ірынай выхоўваўся ў доме дзядзькі Дзмітрыя Іванавіча Гадунова.

Узвышэнне Барыса Гадунова пачалося ў часы апрычніны. Дзякуючы жаніцьбе на дачцы Малюты Скуратава (бліжэйшага сябра Івана Грознага, стваральніка апрычніны) стаў хутка прасоўвацца па службовай лесвіцы.

Пасля таго як сястра Барыса Гадунова Ірына выйшла замуж за царэвіча Фёдара, ён яшчэ больш узвысіўся.

З 1584 г. – член вярхоўнай думы.

З 1585 г. – фактычны кіраўнік дзяржавы пры недзеяздольным цары.

У 1598 г. пасля смерці Фёдара Барыс Гадуноў быў абраны Земскім саборам на царства.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий