Ай да туры-растатуры, беларускай мы натуры. Фальклорная забава для дзяцей старшай групы (5–7 гадоў)

- 16:07ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак накіраваны на выхаванне маральна-патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту праз далучэнне да беларускай мовы, да культуры свайго народа

 

Святлана АНДРОС,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г.п. Воранава” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: выхаванне маральна-патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту праз далучэнне да беларускай мовы, да культуры свайго народа.

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменне самастойнага выразнага выканання песень (сола, дуэтам, хорам), танцаў (у пары), п’ес (у аркестры); уменне правільна ўжываць прыёмы ігры на розных музычных інструментах; імкненне да самавыражэння ў казачнай драматызацыі;
– развіваць музычнасць і ўяўленне, пазітыўнае стаўленне да розных жанраў беларускага народнага мастацтва, цікавасць да музычнага выканання і творчасці;
– выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, да беларускай мовы, жаданне актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці.

Матэрыял і абсталяванне: дэкарацыі лесу, лясной хаткі; два жаночых і шаснаццаць дзіцячых беларускіх народных касцюмаў; касцюмы: Ката, Пеўніка, Лісы, Дзеда-Барадзеда; дзіцячыя музычныя інструменты (бубны, лыжкі, бразготкі, дудка, свісцёлкі, ксілафоны); аўдыязапісы: “Беларуская кадрыля”, “Лядкоўская кадрыля”, “Беларуская полька”, “Бульба”, прыпеўкі, песня “Цік-так” (муз.Э.Ханка), песня “Беларусь – мая Радзіма” (муз. Д.Даўгалёва); музычны цэнтр.

Папярэдняя праца: развучванне з дзецьмі вершаў пра Беларусь, песень і танцаў; падрыхтоўка казачнай драматызацыі, дэкарацый, касцюмаў і атрыбутаў.

Дзеючыя асобы: вядучыя, Дзед-Барадзед – дарослыя; Кот, Ліса і Певень – дзеці старшай групы.

Ход мерапрыемства

Гучыць песня “Гэта Беларусь мая” (словы і музыка Я.Завацкага). У музычную залу ўваходзяць вядучыя.

 Вядучы 1:

Добрай раніцы, вітаю!
У нашу залу запрашаю.
Заўжды мы рады ўсім гасцям.
Хай ярка свеціць сонца вам!

Вядучы 2:

І, як кажуць нашы людзі,
Хай вам да спадобы будзе
Любата і весялосць,
Што падорыць кожны госць!”

 

Гучыць беларуская народная мелодыя. Дзеці ўваходзяць у залу, па-святочнаму прыбраную.

 Дзяўчынка:

Беларусь – зямля азёрная,
Мой чароўны, родны кут.
Хлебасольная і вольная
Добра, што жыву я тут.
                          (Т.Бокач)

Хлопчык:

Блакіт азёр і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус.
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык-беларус.
                              (С. Сокалаў-Воюш)

Хлопчык:

Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую і здаля.
                           (Н.Гілевіч)

Дзяўчынка:

Я дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма,
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.
                            (П.Панчанка)

Дзяўчынка:

Беларусь, як зорка, свеціцца
Для ўсіх нашых сяброў.
Хто тут быў, сюды зноў вернецца,
У край азёр, лясоў, бароў.

 

Песня “Беларусь – мая Радзіма” (музыка Д.Даўгалёва, словы У.Пецюкевіча)

 Тут бацькоў маіх Радзіма:
Дом у садзе салаўіным,
Ззяе ў сонцы белы цвет…
Тут і я прыйшоў на свет.

Прыпеў: Тут звініць пад небам сінім
Дзіўнай песняй салаўя:
Беларусь – мая Радзіма,
Наша слаўная зямля!

Тут вавёрачкі на дрэвах
Скачуць-лётаюць у скверы,
Дзе іду я раніцой
У садок дзіцячы свой.

Прыпеў.

Тут суніцы я збіраю
На палянцы ў ясным гаі,
Нібы жар, яны гараць,
Тут іх столькі – не сабраць!

Прыпеў.

 

Дзяўчынка:

Ёсць кадрыля ў нас такая,
Беларуская, ліхая.
Як яе мы затанцуем,
Дык ніколі не сумуем!

 

Танец “Беларуская кадрыля”

 Вядучы 1:

А цяпер сядайце, ды госця чакайце.
Хтосьці хоча да нас завітаць,
Казку цудоўную нам расказаць!

 

Гучыць песня ”Дзед-Барадзед” (словы А.Вольскага, музыка Л.Захлеўнага). У музычную залу заходзіць Дзед-Барадзед.

Дзед-Барадзед:

Добры дзень, мае даражэнькія, дарослыя і маленькія!
Я – Дзед-Барадзед! Абышоў увесь белы свет!
Я ў торбачцы сваёй казкі нашу,
Усіх дзяцей у гэтай зале я здзівіць хачу.

Хлопчык: Дзед-Барадзед, а пакліч у госці казку, калі ласка.

Дзед-Барадзед: А якую казачку вам выбраць? (Глядзіць у торбачку, шукае)

Можа, казкі пра звяроў навявае шум бароў?
Як аднойчы ў бары, у калматым гушчары,
Між зялёных верасоў я схаваўся да вусоў.
Аж гляджу – стаіць рыжуля.
Пра яе вы, дзеткі, чулі? Чуў і я.
Даўно, напэўна, – пра ката, лісу і пеўня –
Сёння я па-свойму вам змест той казкі перадам.
Слухайце! Жылі-былі, дружбу шчырую вялі,
На палянцы, у бары, кот і пеўнік – два сябры.
Вось ён – пеўнік – паглядзі! (Выходзіць Пеўнік)
А каток які вусаты! Ты не лезь яму на пяты, не чапай яго за хвост,
Вось ён кот – у поўны рост!
Кот пайшоў на паляванне, ну, а пеўнік – як агеньчык,
Ён махнуў Цімоху ўслед і пачаў варыць абед.
А якая ж тут хітрыца да дзвярэй ідзе?

Усе: Лісіца!

Пад музыку выходзіць Ліса.

Песня “Ліска” (сл. А.Вольскага, муз. А.Рэмізоўскай)

Я – ліса, лісіца, ліска,
Вельмі зайчыкаў люблю.
Падбяруся блізка-блізка
І за хвосцік учаплю.
Я – лісіца, ліска,
Я – лісіца, ліска,
Люблю весяліцца.

Ліса: Хто ж у хаце гаспадар? Чый там хвост гарыць, як жар?

Певень: Гэта печ палае жарам.

Ліса: Вельмі смачнай пахне парай.

Певень: Суп для коціка вару.

Ліса:

Я з’явілася ў пару.
Можа, дзверы мне адчыніш?
Беднай стомленай дзяўчыне.
Дзень, а дзверы на запорах!

Певень: Можа, ты мне злосны вораг?

Ліса:

Ну які ж табе я вораг? Я прайшла даліны, горы,
Лапкі змуліла і хвост, і звалілася пад мост…

Певень (сабе): Нешта сэрца мне вяшчуе…

Ліса:

Што ты кажаш там – не чую.
Холадна як! Хвост прамок…
Адчыні мне, галубок!

Певень: Я дзвярэй не адчыню!

Ліса:

Мне б хацелася агню
Я магу стаяць здалёк.
Ты мне дай хоць вугалёк
Праз акенца. Дай мне, Пеўнік!

Певень:

Праз акно? Я дам, напэўна.
Зараз (дае). Лапы не спячы!(Ліса хапае Пеўніка.)

Певень: Куд-кудак!

Ліса:

І не крычы! Шлях твой – да мяне ў нару.
Крупнік я з цябе звару!

Певень:

Коце-браце! Коце-браце!
Ты мяне навекі страціў!
Ці далёка ты, ці блізка?
Ой, схапіла мяне Ліска,
І нясе па гушчары да нары!

Выбягае Кот.

Кот:

Ах ты, рыжая разбойніца!
За табою помста гоніцца!
Вось лазой цябе агрэю!
Растрасу твой хвост! Развею!

Ліса:

Ой-ёй-ёй! Напалі пеўні!
Ой, заб’юць, з’ядуць напэўна! (Уцякае.)

Кот:

Во зладзейка!
Во хітруля!
Певень з’есць яе!
Ці чулі?

Певень:

Дзякуй, што прагнаў Лісу!
Сам пайду. Жывы застаўся.
Толькі моцна напужаўся!

Кот: А бяда магла здарыцца… Нельга давяраць лісіцам.

Певень: Калі ж прыйдзе да дзвярэй – буду я цяпер хітрэй!

Кот: Правільна! Давай спяваць. І разбойніцу пужаць.

 

Кот і Певень пяюць прыпеўкі

 Кот:

Прыйшла Лісанька хітрыць
Хоча з пеўня суп зварыць!

Пеўнік:

Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ!..
Моцны страх мяне бярэ!

Кот:

Пайшла ліска па курэй
І прыліпла да дзвярэй!

Пеўнік:

Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ!..
Мусіць, страх лісу бярэ!

Разам:

Будзем разам сябраваць
І разбойніцу пужаць.

Пеўнік:

Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ!..
Моцны страх лісу бярэ!

Дзед-Брадзед: Ну што, мае даражэнькія, спадабалася вам мая казачка?

Вядучы 2: Дзякуй, табе, Дзед-Барадзед, вельмі спадабалася!

Дзед-Барадзед: Шаноўныя, а ці ўмееце вы загадкі адгадваць?

1. Што за скрынка, скрынка-весялінка?
Калі яе раскатурхаў – увесь народ затупаў. (Гармонік.)
2. У лесе выразана, гладка выцесана,
З яе мелодыя льецца, як інструмент завецца? (Дудка.)
3. Гэты інструмент народны, і вясёлы і журботны…
Струн у ім мо з сотню ёсць. Вось дзе цуд, дзе прыгажосць. (Цымбалы.)
4. Хоць вялікі ды пусты, мае голас ён густы
Да таго ж – артыст вядомы, выбівае дроб без стомы. (Бубен.)

Дзед-Барадзед:

Вельмі кемлівыя дзеткі,
Разумныя ды ладныя
На адгадкі здатныя.

Малайцы! Дык можа зараз зайграеце вясёлую музыку, каб ногі самі пусціліся ў скокі!

Хлопчык:

Як музыкі зайграюць,
Ногі самі ў скок ідуць.
Ай да туры-растатуры,
Беларускай мы натуры.

 

Аркестр “Беларуская полька”

Дзед-Барадзед: Як добра гралі! А больш за ўсё мне ваша дудка-весялуха спадабалася. Дык можа з ёй і пагуляем?

Дзеці: Пагуляем.

Гульня з дудкай

 

Спяваюць:

Гэта дудка не прастая,
Ад усіх яна скакае.
Каму ў рукі пападзе,
Той у круг скакаць пайдзе.

Дзед-Барадзед: Малайцы што пагулялі, і мяне пазабаўлялі.

Вядучы 1:

Хто вясёлы – той наш госць!
Вось якая весялосць!

Дзяўчынка:

Мы прыпеўкі заспяваем,
Каб смяяліся ўвесь час!
Калі мы вам да спадобы,
Запрашайце ў госці нас.

Прыпеўкі

  

Усе разам:

Туры-туры-растатуры,
Беларускай мы натуры,
Трошкі пасварыліся,
Потым памірыліся!

Дзяўчынкі:

Добра хлопцы заігралі
На вясёлай дудцы.
Падвываў ім пёс Барбос
Седзячы на будцы.

Хлопчыкі:

Ой дзяўчаты, вы дзяўчаты,
Добра вы спяваеце.
Толькі вось ад вашых песень
Куры разбягаюцца!

Дзяўчынкі:

Ой, бяда, бяда, бяда,
Хлопцаў з’ела машкара.
Нікога не засталася,
Што ж такое сталася?

Хлопчыкі:

Нашы дзеўкі косы мелі,
Добра тады песні пелі.
А як усе пастрыгліся,
Песні пець забыліся.

Усе разам:

Туры-туры-растатуры,
Беларускай мы натуры,
Трошкі пасварыліся,
Потым памірыліся!

Дзед-Барадзед:

Торбачкай сваёй махну, дзіва-казачку спыню.
Ехаць мне пара ў дарогу, спраў мяне чакае многа.

Да пабачэння, сябры!

Гучыць песня, Дзед-Барадзед выходзіць з залы. Дзеці выходзяць і становяцца перад гасцямі.

Дзіця 1:

О край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў.
                            (Я.Колас)

Дзіця 2:

Высока ў небе вырай кружыць:
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край.

Мой край – лугі і пералескі,
Крыніцы звон і шум лясны,
Мой край – блакітныя пралескі
На сцежках ранняе вясны.
                               (В.Вярба)

 

Песня “Цік-так” (сл. Л.Пранчака, муз. Э.Ханка)

П’ём гарачую гарбату
З мёдам майскім у прыкуску,
І мяне бабуля вучыць
Размаўляць па-беларуску.

Прыпеў:
Цік – так ходзікі,
Мне чатыры годзікі,
Чуб ільняны светла-русы,
Тата з мамай беларусы.

За бабуляй паўтараю
Што ні слова, быццам песня,
Белавежжа, Навагрудак
Нарач, Вязынка, Палессе.

Прыпеў.

Словы родныя люблю я
Вершаў ведаю багата,
Гукі мовы беларускай
Пахнуць верасам і мятай.

Прыпеў.

 

Вядучы 1:

На развітанне ўсім жадаем:
У шчасці жывіце,
Край свой любіце!
Нас не забывайце,
Яшчэ ў госці завітайце.

Вядучы 2:

Бывайце здаровы, хутка расціце,
Край беларускі моцна любіце.
Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы,
А таму любіце, што за ўсё мілейшы!

 

Пад гучанне беларускай народнай мелодыі дзеці выходзяць з музычнай залы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий