Гук [ш], літара Ш ш. Пісьмо малой літары ш. Камбінаваны вучэбны занятак (навучанне чытанню, навучанне пісьму, навучанне грамаце). 1-ы клас  

- 12:38Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Гук [ш], літара Ш ш. Пісьмо малой літары ш. Камбінаваны вучэбны занятак (навучанне чытанню, навучанне пісьму, навучанне грамаце). 1-ы клас

Зінаіда МАКСІМОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гарадзечненская сярэдняя школа”
Навагрудскі раён,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта:

плануецца, што напрыканцы ўрока вучні:

– навучацца распазнаваць і выдзяляць гук [ш] у словах; абазначаць яго літарамі; чытаць літару Ш ш у складах, словах, сказах;
– навучацца пісаць малую літару ш, склады і словы з гэтай літарай;
– будуць умець абазначаць гук [ш] літарай.

Задачы асабістага развіцця:

– стварыць умовы для развіцця фанематычнага слыху праз распазнаванне гука [ш] у словах, развіцця звязнага маўлення праз выбарачнае чытанне;
– садзейнічаць фарміраванню камунікатыўных уменняў праз арганізацыю работы ў парах і групах;
– спрыяць выхаванню сяброўскіх адносін паміж аднакласнікамі;
– выхоўваць пачуцце патрыятызму, жаданне прыносіць карысць сваёй Радзіме.

Абсталяванне: буквар, с. 120–121; спадарожнік буквара, с. 120–121; рабочы сшытак да буквара, с. 40; пропісі, с. 27; стужка літар; картачкі з наборам пісьмовых і друкаваных літар; лінейкі самаадзнакі і скарбонкі ведаў, набор малюнкаў з выявамі жывёл і птушак.

 

Ход урока

1 Матывацыя вучэбнай дзейнасці

Настаўнік звяртаецца да вучняў:

Прагучаў для нас званок – пачынаецца ўрок.
Пойдзе ён нам на карысць.
Будзем літары вывучаць
І прыгожа іх пісаць.

– Дзеці, сёння на ўроку я вам прапаную адправіцца ў незвычайнае падарожжа. Чаму яно незвычайнае? Таму што мы яго зробім, не выходзячы з класа!

– Паглядзіце на малюнак. Ён дапаможа вам вызначыць месца нашага падарожжа. (Адказы вучняў) 

– Так, дзеці, наша падарожжа будзе праходзіць па роднай зямлі. Мы з вамі будзем вывучаць нашу родную мову, а дакладней, адну з літар роднай мовы. А “мову… яе, як і Радзіму, трэба любіць і паважаць, берагчы і ахоўваць” [3]. Давайце пакажам, з якім настроем мы з вамі адпраўляемся ў падарожжа. (Праца са шкалой эмоцый. Дзеці паказваюць настрой-смайлік, расказваюць чаму ў іх такі настрой).

– У мяне таксама цудоўны настрой (паказваю смайлік), таму што падарожнічаць па такой прыгожай зямлі, як наша, і вывучаць мілагучную і пявучую мову можна толькі з цудоўным настроем.

 

2 Актуалізацыя апорных ведаў

– Звярніце ўвагу на стужку літар. (Стужка літар размешчана на дошцы) Я буду ўказкай выбіраць літару, а вы хорам называюць гукі.

– Прашу дзяцей пералічыць вывучаныя літары зычных гукаў, што абазначаюць толькі адзін цвёрды зычны гук (ў, т, р, ч, ц). (Адказы дзяцей)

 

3 Паведамленне тэмы ўрока

– Каб даведацца, якой літары будзе прысвечаны ўрок, я прашу вас адгадаць загадку.

Якую літару дадаць
Да слова “кола”,
Каб дом вядомы атрымаць
Усім наўкола? (Ш + кола = школа). (Адказы дзяцей)

– Сапраўды, гэта школа. Тут вы навучыцеся чытаць і пісаць, даведаецеся шмат новага і цікавага. Каб быць карысным Радзіме, трэба добра вучыцца ў школе.

– Сёння вы пазнаёміцеся з новай літарай. Каб пасяліць яе ў домік літар, трэба даведацца, які гук яна ўмее абазначаць на пісьме, а таму ўрок у нас з вамі будзе камбінаваны. Мы будзем вучыцца не толькі чытаць, але і пісаць.

 

4 Вывучэнне новага матэрыялу. Выдзяленне і характарыстыка гука [ш] 

На дошцы выявы шпака і шышкі. Адрываю малюнкі пасля выканання задання.

 – Уважліва паслухайце верш і дагаварыце патрэбнае слова.

Зранку чуцен малаток.
Так шчыруе мала хто.
Прыпявае:
– Шпок-шпак,
Будзеш мець кватэру, … (шпак).
                        П.Марціновіч [2]

– Як называецца “кватэра” шпака? (Шпакоўня) Адкрыйце пропісь на старонцы 27. Злучыце словы шпак, шпакоўня з малюнкамі.

Стварэнне праблемнай сітуацыі

 

– Паслухайце яшчэ адзін верш.

Шышка з шышкаю сварыліся.
Шышка шышцы не скарылася.
Шышка шпарка долу шуганула
І сяброўку-шышку страсянула.
Шышкі ў шыгаллі мірыліся,
Што сварыліся – забыліся.
                        А.Зэкаў [3, с.26]

– Якое слова часта паўтараецца ў вершы? (Шышка)

– Пра якія шышкі ідзе ў ім размова? (Адказы дзяцей: яловыя, сасновыя.)

– Наша Радзіма – гэта край прыгожых лясоў. Там жыве шмат звяроў і птушак. Мы з вамі павінны берагчы прыроду роднага краю, клапаціцца пра яе.

 

Гукавы аналіз слоў, выдзяленне і характарыстыка вывучаемага гука

– Выдзяляем першы гук у словах шпак, шпакоўня, шышка.

Работа ў групах:

1-я група працуе ў парах самастойна;

2-я група пад кіраўніцтвам настаўніка.

Вучні працуюць з гукам, прагаворваюць яго, слухаюць.

– Назавіце слова, у якім ёсць два гукі [ш].

Тлумачу, што пры вымаўленні гука паветра сустракае перашкоду ў роце, чуецца шум.

– Вызначце які гэты гук. (Зычны, глухі, цвёрды)

Прымацоўваю да дошкі сіні кружок.

 

Развіццё фанематычнага слыху. Фізкультхвілінка

Вучні працуюць стоячы. Настаўнік нагадвае правілы:

– Паспрабуйце пачуць гук [ш] у іншых словах. Калі пачуеце гук [ш] у пачатку слова, пляскайце ў далоні перад сабой. Калі гук [ш] пачуеце ў сярэдзіне слова, стаўце рукі на пояс. Калі гук [ш] знаходзіцца ў канцы слова, плясніце ў далоні за спінай. Калі ў слове няма гука [ш], скачыце на месцы на насках.

Кашуля, сукенка, шорты, спадніца, шаль, паліто, шалік, камізэлька, плашч, пальчаткі, шапка, шуба, капялюш, штаны.

– Назавіце ўсе словы адным словам. (Адзенне)

 

5 Знаёмства з літарай Ш

Увядзенне літары Ш для абазначэння гука [ш]

– Прыйшоў час пазнаёміцца з новай літарай і навучыцца яе пісаць. Імя гэтай літары – “ша”. Дэманструю літару на картцы, прымацоўваю яе пад сінім кружком. Праводжу стрэлку ад літары Ш да кружка і тлумачу:

– Будзьце ўважлівы – імя літары і гук, які гэта літара ўмее абазначаць, не супадаюць!

 

Увядзенне новых спосабаў дзеянняў

– Каб назваць літару, трэба вымавіць яе “імя” – “ша”.

– Каб прачытаць літару, трэба вымавіць цвёрды гук – [ш].

 

Графічны аналіз формы малой літары ш

– Разгледзьце літару Ш побач з Кірыліцай (с. 120 буквара), вызначце, з якіх прадметаў яе склалі. (З шышак)

– Параўнайце вялікую і малую, друкаваную і рукапісную літару Ш ш, літары Ш і Ц, Ш і Е, Ш і Ё.

– Якія прадметы нагадвае вам літара Ш? Да чаго яна падобная? З якіх элементаў складаецца? (Адказы дзяцей)

– Наша падарожжа па краіне роднай мовы працягваецца. Адкрыйце пропісь на старонцы 27. Будзем з вамі вучыцца пісаць літару ш.

 

6 Увядзенне новага спосабу дзеяння: узор напісання малой літары ш

– Абвядзіце элементы літары па пункцірах у пазлах.

Напісанне малой літары ш

1. Цэласны вобраз літары з падрабязным каментарыем.

2. Узор напісання літары па асобных элементах з тлумачэннем магчымых прыпынкаў для адпачынку рукі і самакантролю.

Пальчыкавая гімнастыка “У госці да вялікага пальчыка”

3. Цэласны вобраз літары з кароткім каментарыем.

– Напішыце літару ў паветры.

– А зараз напішыце літару праз кальку, потым у пропісях па элементах і цалкам па пункціры і самастойна.

– Пракантралюйце правільнасць напісання з выкарыстаннем калькі (самакантроль).

– Ацаніце сваю работу пры дапамозе лінеечак на палях (самаацэнка).

 

Замацаванне ўяўленняў пра работу літары Ш

– Далей наша падарожжа працягваецца з дапамогай буквара. Разгледзім з вамі малюнкі на старонцы 120 (шпак, шышка).

– Адкажыце на пытанні: Які гук абазначаны літарай Ш у словах? Якая літара працуе для абазначэння гэтага гука ў слове – маленькая ці вялікая? (Маленькая). Ці ёсць у класе вучні, чыё прозвішча пачынаецца з гука [ш]? (Адказы дзяцей). З якой літары напішам імёны і прозвішчы гэтых вучняў? (З вялікай). Чаму? (Адказы дзяцей)

– Звернемся да спадарожніка буквара на старонцы 120. Ён дапаможа нам прачытаць геаграфічныя назвы. Падарожнічаючы па роднай зямлі з дапамогай фотаздымкаў і відэаролікаў мы з вамі можам яшчэ больш даведацца пра нашу Радзіму. (Арганізую прагляд фотаздымкаў і відэаролікаў пра геаграфічныя аб’екты, дзе ў назвах сустракаецца літара Ш)

– Па схеме ў буквары раскажыце пра работу літары Ш.

 

7 Замацаванне атрыманых ведаў пра літару Ш

Зрокавае ўспрыманне літары Ш у словах

– Прапаную вам пагуляць у гульню “Самы ўважлівы”. Уважліва глядзіце і слухайце, каб запомніць як мага больш слоў з літарай Ш.

(Арганізую прагляд мультыплікацыйнага фільма з выкарыстаннем QR-кода на с. 120 буквара.)

 

8 Навучанне чытанню складоў і слоў з літарай Ш

Чытанне складоў

– Падчас падарожжа ў нас з вамі могуць здарыцца розныя нечаканасці. Каб іх пазбегнуць, трэба правільна навучыцца чытаць склады з літарай Ш. Выкарыстаем прыём “Ракета” і прачытаем склады “зычны + галосны”. Звярніце ўвагу, у нас з вамі, як і на дарогах, ёсць падказкі: сіні колер літар зычных гукаў і дуга-стрэлка. Прытрымлівайцеся іх і ў вас усё атрымаецца. (хор; ланцужок).

– А зараз з дапамогай прыёму “Ракета” самастойна прачытайце склады на старонцы 27 пропісі. Запішыце іх, выкарыстоўваючы розныя злучэнні. Вам дапаможа чырвоная кропачка і дуга-стрэлка. 

 

Зрокавая хвілінка. Чытанне слоў

– Разгледзьце малюнкі на старонцы 144 буквара. Прачытайце словы, у якіх ёсць склад ша. (Шар, шаша). Якім яшчэ можа быць шар? (Зямным, більярдным, вогненным і г.д.). (Адказы дзяцей)

– Як па-іншаму называецца шаша? (Дарога, магістраль)

–  Прачытайце слова, у якім ёсць склад шэ. (Кішэнь) Дзе можа быць кішэнь? У якіх прадметах, адлюстраваных на малюнках, ёсць кішэнь? Прачытайце адпаведныя словы. (Адказы дзяцей)

– Прачытайце словы, у якіх ёсць склад шы. (Мышы) Каго баяцца мышы? Пакажыце на малюнку ў буквары гэтага звера. (Адказы дзяцей)

– Прачытайце словы ўнізе старонкі. Якое з іх лішняе? (Кошка) Чаму? (Кошка – звер, а кош, кошык – плецены выраб для захавання і пераносу розных рэчаў) Як вы думаеце, кош ці кошык – дом кошкі, якая адлюстравана на малюнку?

Чытанне слоў у слупках на старонцы 121 буквара. Чытанне вучнямі сам сабе напаўголаса, чытанне “ланцужком” па слупках.

 

9 Развіццё маўлення

– Каб прыгожа размаўляць на роднай мове, трэба развіваць сваё маўленне. Я буду называць слова, а вам неабходна далучыць да яго адно з прачытаных слоў.

Кот – наш кот                                    шар – ваш шар
Кошка – наша кошка                         шары – вашы шары
Кацяняты – нашы кацяняты              шпакоўня – ваша шпакоўня

– На старонцы 27 пропісі выканайце такую ж самую работу. Злучыце словы пры дапамозе стрэлак. Працаваць будзеце ў парах.

школа            наш
птушкі          наша
шалаш           нашы

– Прачытайце трэці слупок слоў. Назавіце словы, якія адрозніваюцца адной літарай. (Шышкі – шашкі) Якога колеру бываюць шашкі?

– Прачытайце чацвёрты слупок слоў. Якое слова называе адну птушку (некалькі птушак)? Што вы ведаеце пра шпакоў? Куды вешаюць шпакоўні? (На дрэвы ў садзе)

 

Знаёмства з антонімамі (без ужывання тэрміна)

– У беларускай мове шмат слоў, якія маюць блізкае ці супрацьлеглае значэнне. Прачытайце пары слоў у слупках (чытанне ланцужком).

маленькія – вялікія
мяккая – жорсткая
кароткая – доўгая

– Якое значэнне маюць словы ў парах: блізкае ці супрацьлеглае?

 

Гульня з мячом “Скажы інакш”

– Я буду называць вам адно з прачытаных слоў і кідаць мяч аднаму з вас. Вучань, які злавіў мяч, павінен назваць па памяці супрацьлеглае па значэнні слова і кінуць мяч назад.

 

Чытанне сказаў. Адказы на пытанні з выкарыстаннем супрацьлеглых па сэнсе слоў 



   

– Прачытаем з вамі апавядальныя сказы, дапоўнім пытальныя сказы патрэбнымі словамі: А якая шэрсць у дзіка?А якая шыя ў жырафы?

– З апорай на малюнкі і прачытаныя словы дайце поўныя адказы на пытанні: У дзіка жорсткая шэрсць. У жырафы доўгая шыя.

 

10 Чытанне тэксту

– Калі надыходзіць вясна, то на радзіму вяртаюцца пералётныя птушкі. Яны, як і мы з вамі, вельмі любяць нашу зямлю. Зараз я прачытаю вам тэкст (с. 121 буквара), а вы ўважліва слухайце, бо вас чакаюць пытанні і заданні.

Пытанні і заданні для арганізацыі гутаркі па змесце і выбарачнага чытання:

– Як завуць герояў апавядання?
– Калі Грыша і Алесь вырашылі рабіць шпакоўні?
– Чаму менавіта вясной?
– Знайдзіце і прачытайце, як хлопчыкі майстравалі шпакоўні.
– Куды яны іх павесілі?
– Як шпакі дзякавалі хлопчыкам?
– Разгледзьце ілюстрацыю да тэксту.
– Хто на ёй адлюстраваны?
– Знайдзіце і прачытайце той сказ тэксту, якому адпавядае малюнак.

 

Падбор загалоўка да тэксту (“Шпакоўні для птушак”, “Кватэры для шпакоў”)

 

Дыферэнцыраваная работа з вучнямі, якія добра чытаюць

Адзін з вучняў чытае верш М.Пазнякова “Косцік” усяму класу (с. 121 спадарожніка буквара). Арганізуецца гутарка па пытаннях, змешчаных пасля твора.

 

11 Падвядзення вынікаў урока. Рэфлексіўны аналіз дзейнасці вучняў

– Падышло да заканчэння наша падарожжа па краіне роднай мовы. Падчас падарожжа вы:

– пазнаёміліся з літарай Ш;
– даведаліся, якую работу яна выконвае;
– навучыліся чытаць склады і словы з новай літарай, прачыталі некалькі сказаў і тэкстаў;
– навучыліся пісаць малую літару ш, склады і словы з гэтай літарай.

А гэта значыць, што мэта ўрока дасягнута.

– Пакажыце на лінейцы-скарбонцы, колькі ведаў вы накапілі за ўрок.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Свірыдзенка, В.І. Работчы сшытак да “Буквара” : дапаможнік для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / В.І.Свірыдзенка, В.І.Цірынава. – Мінск : Аверсэв, 2021.

2 Беларуская дзіцячая літаратура: хрэстаматыя : вучэбны дапаможнтк для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў / аўтар-склад. М.Ф.Шаўлоўская. – Мінск : Юнипресс, 2003.

Зэкаў, А.М. Вожык вёз сараканожак: вершы для дзяцей мал. шк. Узросту / А.Зэкаў. – Мінск : Звязда, 2014.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий