Завучванне на памяць верша Я.Коласа “Дзед-госць”. Занятак па адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” для сярэдняй групы

- 14:24Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак па адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” для сярэдняй групы.

 

Надзея ПАЗНЯК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 31 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– звязнае маўленне – практыкаваць ва ўменні адказваць на пытанні; фарміраваць навыкі ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове;
– слоўнік – узбагачаць слоўнік словамі – назвамі зімовай прыроды (снег, сняжынкі, мароз);
– граматычны лад маўлення – фарміраваць уменне ўтвараць месны склон назоўніка (на назе, у руцэ, на стале, на двары);
– гукавая культура маўлення – адпрацоўваць вымаўленне гукаў [г], [г’] у словах і фразах;
– развіваць уменні пры садзейніцтве дарослага наладжваць беларускамоўныя зносіны па змесце твора мастацкай літаратуры.

Матэрыялы і абсталяванне: аўдыязапіс “Рыпанне снегу”, ілюстрацыі зімовых пейзажаў, сняжынка.

Папярэдняя работа: расказванне зімовых прыкмет, назіранне за снегам, выяўленне яго ўласцівасцей.

Метады і прыёмы: гульнявыя (дыдактычная гульня “Зімовыя словы”, гульнявое практыкаванне “Дзе сняжынка”, “Рэха”); наглядныя (разгляданне ілюстрацый); славесныя (чытанне вершаў Я.Коласа “Зіма”, “Дзед-госць”, гутарка, пытанні).

Тып занятку: навучальны.

Форма арганізацыі: індывідуальная, франтальная.

 

Ход занятку

 

Гучыць аўдыязапіс “Рыпанне снегу”

Выхавальнік: Што нагадвае вам гэты гук? Калі такое бывае? (Адказы дзяцей)

Выхавальнік дэманструе ілюстрацыі зімовых пейзажаў.

Выхавальнік: Якая пара года адлюстравана на пейзажах? Што вам падказала, што гэта зіма? (Адказы дзяцей). Паслухайце верш і здагадайцеся, якую пару года апісвае Якуб Колас.

Чытанне верша Я. Коласа “Зіма”

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.

Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі,

Апусціў галіны
І стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.

Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна –
Ні канца, ні краю.

Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела,
Змоўклі ручаёчкі.

Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць,
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.

 

Выхавальнік: Пералічыце зімовыя прыкметы, пра якія гаворыцца ў вершы (надышлі марозы, ветрык, рэчка анямела, амярцвелі лозы). Давайце разам прыдумаем назву вершу (Зіма).

Выхавальнік звяртае ўвагу, што ў вершы паэт піша, як амярцвела рэчка, змоўклі ручаёчкі – Чаму? Што з імі стала?

Выхавальнік: Якуб Колас параўноўвае зімовы лес са старым дзедам з доўгімі вусамі. Як вы лічыце, пра што гаворыць аўтар? Што ён мае на ўвазе? (Адказы дзяцей) Доўгія вусы гэтага дзеда – гэта галінкі дрэў, пакрытыя снегам.

Дыдактычная гульня “Зімовыя словы” (са сняжынкай)

Выхавальнік: Зіма – гэта не толькі белы снег, але яшчэ і … Дзеці перадаюць сняжынку адно другому і называюць па чарзе зімовыя словы.

Гульнявое практыкаванне “Дзе сняжынка”

Выхавальнік: Зараз мы з вамі пагуляем у гульню “Дзе сняжынка”, я буду паказваць прадмет, на якім ляжыць сняжынка, вы павінны адказаць, дзе яна ляжыць (на назе, у руцэ, на стале, на крэсле і інш).

Рухомая гульня “Бубен”

Вядучы (удараючы ў бубен):

Кожны дзень у хаце свята –
Разбудзіць глухога можа.
Падарыў мне бубен тата.
Бубен мой, хаця і цацка, –
Падаруначак нязвычны,
А гучыць натхнёна, хвацка,
Мае голас ён музычны.
Бума-бубу, бума-бу-бу!…
Выбівае дроб прыгожа,
Весялі нас, добры бубен.
                       (М.Пазнякоў)

Дзеці пад гэтыя словы рухаюцца па групе і выконваюць розныя фізічныя практыкаванні. Як толькі вядучы перастае ўдараць у бубен, дзеці «замiраюць» у постаці, якая адлюстроўвае задуманае фізічнае практыкаванне. Вядучы выбірае дзіця, чыё практыкаванне спадабалася. Ён і становіцца новым вядучым.

Чытанне верша Я. Коласа “Дзед-госць”

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай воўнаю — кажухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышкі,
Рыбкі, буслік даўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая…
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.

Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай,
Песняй шчырай

 

Прывітаем дзеда-госця.

Выхавальнік: Як вы лічыце, чаму ў гэтага верша такая назва – “Дзед-госць”? (Дзед-госць, таму што ён прыходзіць толькі зімой). Пералічыце словамі з верша, якія справы ў белабародага дзеда ўзімку? (Засцілае рэчкі лёдам, сыпле іней на бярозы, туліць дрэвы пухам). З чым параўноўваецца снег у вершы? (З белай воўнаю – кажухам.)

Расказванне верша з устаноўкай на запамінанне

Выхавальнік: Паслухайце верш яшчэ раз. Будзем расказваць на памяць. (Расказваюць 3–4 чалавекі.)

Гульнявое практыкаванне “Рэха” (гук [г])

Выхавальнік: Я буду прамаўляць словы, вы рэхам за мной адказваеце.

Ого-го… (дзеці рэхам) – го…го…го
Гусі, гусі, га-га-га…(дзеці рэхам) – га…га…га і інш.

Падвядзенне вынікаў

Выхавальнік: Чым мы сёння займаліся? Што мы рабілі на занятку? Для чаго мы гэта рабілі? Што было лягчэй за ўсё рабіць? А што цяжэй? Што больш за ўсё запомнілася? Чаму штосьці было лёгка рабіць, а штосьці цяжка? (Адказы дзяцей.)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий