Харчаванне і здароўе. Карысць мёду. Урок-даследаванне па прадмеце “Чалавек і свет” у 2-м класе  

- 16:22Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Мэтай урока ставіцца фарміраванне ўяўленняў пра важнасць харчавання для здароўя чалавека, пра прадукты, карысныя для здароўя дзяцей.

Таццяна ПЕЛЕШ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Грынкаўская базавая школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Харчаванне і здароўе. Карысць мёду.

Мэта: фарміраваць уяўленні пра важнасць харчавання для здароўя чалавека, пра прадукты, карысныя для здароўя дзяцей.

Задачы:

– пазнаёміць з гісторыяй узнікнення, якасцямі і відамі пчалінага мёду;
– развіваць навыкі практычнай работы і даследчай дзейнасці;
– фарміраваць навыкі работы ў калектыве: узаемавыручку, згуртаванасць;
– выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго здароўя.

 

Эпіграф: Калі хочаш быць здаровым, доўга жыць і захаваць маладосць, то абавязкова еж мёд… (Ібн Сіна).

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Вось ужо звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.
Хай урок наш будзе плённым,
І цікавым, і натхнёным.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.

– А што неабходна для таго, каб наш урок быў цікавым і пазнаваўчым? (Адказы дзяцей).

– Неабходна добра працаваць і ўважліва слухаць.

 

2 Актуалізацыя ведаў

– Давайце правядзём аўкцыён ведаў і разгадаем крыжаванку.

Крыжаванка

1. Комплекс ранішніх практыкаванняў (Зарадка).
2. Яблыкі, грушы, слівы – назавіце адным словам (Садавіна).
3. Расліны агароду, якія ўтрымліваюць шмат карысных рэчываў і вітамінаў (Агародніна).
4. Пэўны распарадак дня школьніка (Рэжым).
5. Прадукты харчавання, якія атрымліваюцца з малака хатніх жывёл, у іх многа кальцыю? (Малочныя).
6. Сістэма мерапрыемстваў, накіраваная на ўмацаванне здароўя (Загартоўванне).
7. Правілы, якіх павінен прытрымлівацца кожны чалавек, каб быць здаровым? (Гігіена).

 

– Якія былі цяжкасці?

– Паглядзіце, якое слова атрымалася? Так, у нас атрымалася ключавое слова ЗДАРОЎЕ.

– Як вы лічыце, пра што мы будзем гаварыць сёння на ўроку? (Адказы дзяцей).

 

3 Паведамленне тэмы. Пастаноўка задач

– Сапраўды, мы будзем гаварыць пра харчаванне і яго ўплыў на здароўе людзей, пра правільны падбор прадуктаў харчавання і пра карысныя для здароўя прадукты.

Вучні разам з настаўнікам фармулююць задачы ўрока.

 

4 Работа па тэме

– Пры выбары прадуктаў харчавання неабходна памятаць, што ёсць прадукты харчавання, якія карысныя для здароўя чалавека (садавіна, гародніна), а ёсць такія, што шкодна ўздзейнічаюць і наносяць шкоду здароўю (чыпсы, кока-кола і г.д.).

Работа з падручнікам (с. 124, 126, абмеркаванне малюнкаў)

– Я раздам вам памяткі, дзе ў выглядзе піраміды прадстаўлены прадукты, якія неабходна ўжываць школьнікам. Самыя карысныя для здароўя прадукты знаходзяцца на ніжнім ярусе.

– А сёння мы больш падрабязна даведаемся пра адзін вельмі карысны прадукт харчавання. Яго яшчэ называюць цудоўным дарам прыроды. Хто гэты дар нам прыносіць, вы даведаецеся, разгадаўшы загадку.

Над кветкамі яна гудзіць,
Да вулля хутка так ляціць,
Мёд свой у соты аддала,
Як завуць яе? … (Пчала)

– Да якой групы жывёл адносяцца пчолы? (Насякомыя)

– Чым адрозніваюцца насякомыя ад жывёл?

– А якую карысць прыносяць пчолы? (Мёд)

– А цяпер звярніце ўвагу на дошку, дзе напісаны эпіграф да нашага ўрока. Яшчэ ў далёкім мінулым вядомыя людзі лічылі мёд каштоўным прадуктам. Як вы лічыце, пра які карысны прадукт харчавання мы будзем гаварыць на ўроку? (Адказы вучняў)

– Сёння мы пагаворым пра мёд і яго рознабаковую карысць для арганізму чалавека, пра неабходнасць яго ўжывання. Урок наш незвычайны, мы будзем даследчыкамі, а прадметам нашага даследавання будзе мёд.

Але перш-наперш давайце даведаемся, што такое даследаванне. Для гэтага мы звернемся да тлумачальнага слоўніка.

Даследаванне – гэта навуковая праца.
Даследаваць – гэта значыць падвергнуць навуковаму вывучэнню, разгледзець для выяўлення, вывучыць штосьці новае.
Даследчык – гэта чалавек, які займаецца навуковым даследаваннем.

– Мы ўсе добра ведаем, што пчолы вельмі працавітыя. На працягу дня яны носяць мёд у соты. Уявіце сабе, для таго каб атрымаць 100 грамаў мёду, пчала павінна праляцець 46 тысяч кіламетраў. І вам, каб многае даведацца, вам трэба добра працаваць на працягу ўсяго ўрока.

– На дошцы ў нас выявы бочачак, якія вы будзеце “напаўняць” пэўнымі ведамі і ўменнямі.

А спачатку давайце даведаемся, што такое мёд і якая гісторыя яго ўзнікнення.

 

Паведамленні дзяцей

Што такое мёд

Мёд – гэта салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваецца рабочымі пчоламі галоўным чынам з нектару меданосных кветак і выкарыстоўваецца імі ў якасці корму. Каштоўны прадукт харчавання чалавека.

У кнізе “Лечымся пчаліным мёдам” гаворыцца, што пчолы існавалі прыкладна за 56 мільёнаў гадоў да з’яўлення першабытнага чалавека. Помнікі старажытнай культуры сведчаць пра тое, што першабытны чалавек паляваў за мёдам, як за смачным і пажыўным прадуктам. Найбольш старажытны помнік, які паказвае здабычу мёду чалавекам, знойдзены каля Валенсіі (Іспанія), ён адносіцца да каменнага веку. На камені захавалася выява чалавека ў асяроддзі пчол, які здабывае мёд.

У нашай вёсцы таксама ёсць пчалаводы, якія займаюцца развядзеннем пчол. Гэта Барэль Аляксандр Анатольевіч, Ярош Вера Міхайлаўна, Гінч Святлана Віктараўна. Успомніце, у час летніх канікул мы былі ў гасцях Святланы Віктараўны. Яна частавала нас мёдам.

Мёду прыпісвалася ўласцівасць захоўваць маладосць і бадзёрасць. Вялікі старажытнагрэчаскі матэматык Піфагор сцвярджаў, што ён дажыў да глыбокай старасці таму, што пастаянна ўжываў мёд. На Русі першае згадванне пра мёд датуецца 945 годам.

– Што вы запомнілі пра мёд?

– Якая яго карысць?

– Давайце запоўнім бочачку (над бочачкай напісана “З гісторыі мёду”).

 

Гімнастыка для вачэй “Пчолка”

 

– А пра тое, якія існуюць віды мёду, раскажу вам я, таксама пакажу наглядна.

Натуральны мёд можа быць кветкавым, змешаным і падзевым.

Кветкавы мёд атрымліваюць пры перапрацоўцы пчоламі нектару раслін. Сярод кветкавых відаў мёду найбольшае распаўсюджанне маюць акацыевы, грэчкавы і ліпавы.

Акацыевы мёд вырабляецца з кветак белай акацыі. Колер – ад белага да залаціста-жоўтага. Гэты мёд валодае вельмі пяшчотным пікантным смакам і водарам. Крышталізуецца павольна. Належыць да аднаго з самых лепшых гатункаў.

Грэчкавы мёд валодае своеасаблівым прыемным водарам, яго лёгка адрозніць ад іншых цямнейшым колерам.

Ліпавы мёд – лепшы з гатункаў. У яго моцны і прыемны водар квітнеючай ліпы. Колер ліпавага мёду белы, нават празрысты.

 

Гульня “Што за мёд” (вучні па колеры адгадваюць, які гэта мёд)

– Як вы здагадаліся?

– Якія віды мёду вы запомнілі?

– Давайце запоўнім другую бочачку (над бочачкай напісана “Віды мёду”).

 

Доследы (з удзелам настаўніка хіміі)

– А зараз пераходзім да практычнай часткі нашага ўрока. Вы ўбачылі мёд. Але яшчэ ёсць важны момант – неабходна ведаць, натуральны ён або ненатуральны. Мясцовыя пчалаводы гавораць, што калі набіраеш мёд на лыжку і пачынаеш выліваць, то ён павінен налівацца бесперапынна горкай. А яшчэ натуральны мёд мае ўласцівасць хутка зацукроўвацца, станавіцца густым.

Сёння мы будзем праводзіць доследы, у якіх нам дапаможа настаўнік хіміі Сяргей Пятровіч Барэль.

Настаўнік хіміі: Галоўная складаная часткай мёду – глюкоза і фруктоза. Колькасць асноўных рэчываў залежыць ад гатунку мёду. Як вызначыць, ці натуральны мёд?

Каб мёд прыносіў карысць, ён павінен быць натуральным. Па-сапраўднаму праверыць мёд можна, толькі правёўшы спецыяльны дослед. У састаў мёду ўваходзіць такі кампанент, як глюкоза. Чым больш глюкозы, тым хутчэй мёд зацукроўваецца.

 

Дослед № 1. “Вызначэнне глюкозы ў мёдзе”

Бяром адну частку мёду і раствараем яго ў двух частках дыстыляванай вады. Затым дадаём 2 мл раствору шчолачы. Пасля гэтага – некалькі кропляў раствору сульфату медзі. Атрымаўся раствор ярка-бэзавага колеру. Змесціва прабіркі падагрэлі. Раствор змяніў колер на жоўты, а затым з’явіўся асадак. Наш вопыт атрымаўся – у мёдзе сапраўды ёсць глюкоза.

Вывад: Мёд натуральны.

Адпаведна, калі мёд не зацукроўваецца і стаіць на прылаўках магазінаў рэдкім і празрыстым, значыць, у яго састаў дабавілі другія рэчывы.

 

Дослед № 2. “Вызначэнне крухмалу ў мёдзе” (праводзяць дзеці разам з настаўнікам)

Для таго каб праверыць, ці ёсць у мёдзе крухмал, неабходна разбавіць мёд у невялікай колькасці вады і капнуць туды 4–5 кропляў ёду. Калі раствор пасінее, значыць для прыгатавання прадукту выкарыстоўвалі крухмал. Зразумела, што гэта зрабілі не пчолы.

Вывад: Калі ў мёдзе ёсць крухмал – ён ненатуральны.

 

Дослед № 3. “Наяўнасць прымесей мелу”

Калі ў той жа раствор замест ёду капнуць некалькі кропляў воцатнай эсэнцыі, мы праверым мёд на наяўнасць мелу. Калі раствор не зашыпеў, значыць у мёдзе мелу няма.

– Які вывад можна зрабіць?

– Якія былі цяжкасці?

– Давайце запоўнім бочачку (над бочачкай напісана “Доследы”).

 

Фізхвілінка “Дзеці па садзе гулялі”

Дзеці па садзе гулялі (дзеці маршыруюць на месцы),
За прыродай яны назіралі (далонь прыкладваюць да вачэй).
Уверх на сонейка ўсе паглядзелі (паднімаюць галаву ўверх, “цягнуцца” да сонейка).
Іх праменьчыкі пагрэлі. (абхапілі сябе за плечы).
Пчолкамі паляталі (пакружыліся вакол сябе),
Крыламі памахалі (махі рукамі).
Дружна папляскаем, (пляскаюць у далоні),
Нагамі патупаем! (тупаюць нагамі)
Добра нам было гуляць,
Будзем далей працаваць (сядаюць за парты).

 

Паведамленне медработніка

– Сёння ў нас у гасцях таксама медыцынскі работнік. Ён раскажа нам пра карысць мёду ў медыцыне.

– Мёд шырока ўжываецца пры прастудных захворваннях. Пры прастудзе мёд рэкамендуецца ўжываць з гарачай гарбатай або цёплым малаком на ноч (1 ст. лыжка мёду на шклянку гарбаты ці малака). Асабліва карысны ліпавы мёд, які выклікае найбольшы патагонны эфект.

Пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, пры гастрыце, язве страўніка: растварыць мёд у цёплай вадзе, прымаць за 1,5–2 гадзіны да ежы.

Пры нервовай узбудлівасці, адсутнасці сну: мёд валодае снатворным эфектам, супакойвае нервовую сістэму. У дзень можна ўжываць да 120 грам мёду, пасля прыёму ежы.

Пры захворваннях скуры (удары, сінякі, апёкі, язвы, лішаі): бактэрыцыдныя ўласцівасці мёду спрыяюць знішчэнню мікраарганізмаў. Раны ачышчаюцца і зацягваюцца значна хутчэй. Можна змяшаць мёд з рыбіным тлушчам – тады працэс загойвання пойдзе яшчэ хутчэй. Такая мазь дапаможа і пры лячэнні язваў, абмаражэнняў.

Ужыванне мёду ў ежу прыводзіць да паляпшэння самаадчування, апетыту, сну, павышэння імунітэту. Таму мёд асабліва карысны дзецям, састарэлым, людзям з аслабленым здароўем. У перыяд вірусных захворванняў неабходна есці мёд для прафілактыкі, умацавання імунітэту.

Але мёд валодае і адмоўнай уласцівасцю. Ён здольны выклікаць у чалавека алергію. Але часцей за ўсё алергію мёд можа выклікаць у маленькіх дзяцей. Таму ў дзетак ва ўзросце да года мёд ужываюць з крайняй асцярогай. Алергію можа выклікаць той від нектару, з якога пчолы вырабілі мёд. Гэта значыць, на пылок той расліны, з якой пчала збірала нектар. І гэта індывідуальна для кожнага чалавека. Такім чынам, калі ёсць алергія, то мёд проціпаказаны, таму што можа выклікаць харчовую алергію.

Я вам прапаную кожны дзень перад сном піць гарбату з мёдам.

Медработнік раздае памяткі для дзяцей.

– А цяпер давайце запоўнім бочачку.

– Што новага вы для сябе даведаліся?

 

– Вельмі шырока мёд выкарыстоўваюць у кулінарыі. Ёсць розныя торты (так і называецца “Медавік”), мядовыя пернікі, кексы, розныя віды пячэння. Таксама мёд выкарыстоўваюць пры прыгатаванні цукерак, ёсць мядовыя напіткі, пякуць бліны з мёдам і г.д. Хачу адзначыць, што пералічаныя прысмакі неабходна ўжываць у меру. А зараз мы прыгатуем вітамінную сумесь, рэцэпт якой вы атрымаеце і зможаце рабіць дома самі або падзяліцца са сваімі сябрамі.

Рэцэпт “Вітамінная сумесь”:

чарнасліў – 300 гр.
арэхі –300 гр.
разынкі – 300 гр.
курага – 300 гр.
Усё змешваем, дабаўляем сок лімона і 3 лыжкі мёду.

(запаўняюць бочачку)

 

– У касметалогіі мёд знайшоў таксама сваё прымяненне. Мядовыя маскі, масажы ўключаны ў паслугі розных салонаў прыгажосці. Мёд садзейнічае абнаўленню клетак скуры, таму маскі для рук і твару з’яўляюцца вельмі папулярнымі сёння. Шампуні, кандыцыянеры, а таксама фарбы для валасоў, у склад якіх уваходзіць мёд, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Пчаліны мёд не толькі змякчае скуру, але і ўмацоўвае яе. Мёд усмоктваецца ў скураныя выдзяленні, аказвае абястлушчваючае ўздеянне, а паступаючыя з мёду пажыўныя рэчывы садзейнічаюць наданню скуры свежасці і аксаміцістасці. (Запаўняюць бочачку)

– Дзе сустракаецца мёд у касметалогіі?

 

5 Падвядзенне вынікаў

– Чаму навучыліся?

– Якія былі цяжкасці?

– А цяпер неабходна ацаніць сваю работу на ўроку.

У вас на партах ляжаць выявы бочачак, якія неабходна замаляваць пэўным колерам:

– працаваў актыўна, даведаўся многа новага – замалюйце жоўтым колерам;
– працаваў не ў поўную сілу, мне не ўсё было зразумела – зялёным колерам;
– адчуваў цяжкасці пры рабоце – чырвоным колерам.

Дзеці дэманструюць свае бочачкі. Настаўнік дае ацэнку работы на ўроку.

 

6 Рэфлексія

Як ужо гаварылася ў пачатку ўрока, пчолы носяць мёд у соты, тым самым прыносячы карысць. А зараз паглядзім, якую карысць, якія веды з сённяшняга ўрока вы ўзялі для сябе. (Дзеці запаўняюць выяву сотаў, падбіраюць неабходныя словы: карысныя прадукты, правільнае харчаванне, веды і г.д.)

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий