Абагульняючы ўрок па тэме “Адносіны і прапорцыі”. 6-ы клас

- 9:39II И III СТУПЕНИ, МАТЕМАТИКА, Математика. Сценарии, Методичка

Урок-падарожжа, які пакажа дзецям як матэматыка дае магчымасць з дапамогай прапорцыі рашаць задачы па хіміі, экалогіі, будаўніцтве, працаваць з чарцяжамі.

Рамуальда МАХНАЧ,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Трабская сярэдняя школа” Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Тып урока: абагульненне і сістэматызацыя ведаў (урок комплекснага прымянення ведаў, уменняў і навыкаў).

Метады: наглядныя, практычныя, славесныя, рэпрадуктыўныя.

Выкарыстаныя тэхналогіі: элементы тэхналогіі крытычнага мыслення, актыўнай ацэнкі, візуалізацыі, інтэрактыўнага навучання, камунікатыўных зносін.

Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці: франтальная, групавая, індывідуальная.

Абсталяванне: падручнік, дыдактычны матэрыял, інтэрактыўная дошка, камп’ютары.

Міжпрадметныя сувязі: геаграфія, тэхналогія, хімія, экалогія.

Мэта ўрока: паўтарэнне, абагульненне і сістэматызацыя ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па тэме “Адносіны і прапорцыі”.

Задачы ўрока:

– навучальная – садзейнічаць фарміраванню ўменняў складаць высновы, абгрунтоўваючы свае дзеянні спасылкамі на правілы;
– развіваючая – спрыяць развіццю ўвагі, лагічнага мыслення, матэматычнай мовы, умення аналізаваць, абагульняць і прымяняць веды ў нестандартных сітуацыях;
– выхаваўчыя:
– выхоўваць культуру калектыўных зносін, здольнасці адстойваць сваё меркаванне, слухаць аднакласнікаў, прызнаваць свае памылкі;
– садзейнічаць прывіццю працавітасці, акуратнасці, адказнасці, навыкам правільнай самаацэнкі;
– паказаць важнасць тэмы праз практычнае прымяненне ў паўсядзённым жыцці і міжпрадметную сувязь матэматыкі з іншымі школьнымі дысцыплінамі.

 

Прэзентацыя да ўрока:
https://docs.google.com/presentation/d/1zuAnLCmxmi_UDSKbBqMnhintsp_vl64Y/edit?usp=sharing&ouid=102269233486958865722&rtpof=true&sd=true

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант (матывацыя вучэбнай дзейнасці)

Настаўнік:

Я жадаю табе сёння дабра.
Ты жадаеш мне сёння дабра.
Мы адзін аднаму пажадаем дабра.
Цудоўнага вам настрою!

Я вітаю вас на ўроку матэматыкі і жадаю вам за час нашага ўрока атрымаць не толькі трывалыя веды, але і цудоўны настрой.

 

2 Актуалізацыя апорных ведаў

Настаўнік: Тэма нашага ўрока, як вы напэўна ўжо заўважылі, “Адносіны і прапорцыі”. Тэма “Прапорцыі” разглядаецца толькі ў 6-м класе, але гэты матэрыял выкарыстоўваецца і ў старшых класах. Прапорцыі здольныя аб’яднаць паміж сабой рух транспарту і кулінарыю, выраб сплаваў і малярныя работы, вычэрчванні карт і назіранне мікробаў пад мікраскопам. І для таго каб стаць якасным спецыялістам у будучым, унесці плён сваёй працы ў дабрабыт нашай краіны, патрэбна адказна паставіцца да сваёй працы ўжо сёння, а ваша асноўная праца – добрая і адказная вучоба.

А для таго каб убачыць, як матэматыка дае магчымасць з дапамогай прапорцыі рашаць задачы па хіміі, экалогіі, будаўніцтве, працаваць з чарцяжамі, мы адправімся з вамі ў падарожжа.

Тэма нашага ўрока – абагульняючы ўрок па тэме “Адносіны. Прапорцыі”. А хто сфармулюе мэты нашага ўрока? (Дзеці фармулююць мэты і задачы ўрока. Настаўнік імкнецца падвесці вучняў да таго, што асноўнай мэтай урока з’яўляецца практычная значнасць прапорцыі ў жыцці чалавека). Паведамляюцца мэты і задачы ўрока.

 

Настаўнік: У кожнага з вас на стале ляжыць ацэначны ліст на кожны этап нашага ўрока. Уважліва і адказна ставімся да самаацэнкі і ўзаемаацэнкі на ўроку.

І пачнём з праверкі дамашняга задання. Рашэнне на экране. Выстаўляем сабе балы ў ацэначны лісток.

Для падарожжа патрэбна сабраць рыштунак, каб набыць білет на цягнік, а гэта вашы веды. Правядзём вусную размінку. Заданні вы бачыце на экране.

– Што называецца адносінай двух лікаў ?
Дзель двух лікаў.

– Што паказвае адносіна двух лікаў?
Якую частку адзін лік складае ад другога, або ў колькі разоў адзін лік больш другога.

– Як даведацца, у колькі разоў адзін лік большы за другі, або якую частку першы лік складае ад другога?
Знайсці дзель двух лікаў.

– Як даведацца колькі працэнтаў складае адзін лік ад другога?
Першы лік падзяліць на другі і вынік памножыць на 100%.

– Дайце азначэнне прапорцыі.
Роўнасць двух адносін.

– Як называюцца члены прапорцыі?
Крайнія і сярэднія члены.

– Якой асноўнай уласцівасцю валодаюць члены прапорцыі?
Здабытак крайніх членаў прапорцыі роўны здабытку сярэдніх членаў прапорцыі.

– Якія перамяшчэнні членаў прапорцыі ўтвараюць зноў дакладныя прапорцыі?
Перастаноўкі сярэдніх і крайніх членаў месцамі.

– Дайце азначэнне прамой прапарцыянальнасці.
Дзве велічыні называюцца прама прапарцыянальнымі, калі пры павелічэнні (памяншэнні) адной з іх у некалькі разоў іншая павялічваецца (памяншаецца) у столькі ж разоў.

– Дайце азначэнне адваротнай прапарцыянальнасці.
Дзве велічыні называюцца адваротна прапарцыянальнымі, калі пры павелічэнні (памяншэнні) адной з іх у некалькі разоў іншая змяншаецца (павялічваецца) у столькі ж разоў.

 

Настаўнік: На стале ў вас картка-тэст. Выконваем заданне і аддаём суседу па парце для праверкі. Кожнае заданне – адзін бал.

Заданне 1. Назавіце крайнія і сярэднія члены прапорцыі: 

а) 2/5 = 0,5/1,25
б) x : 8 = 48 : n

Заданне 2. Рашыце ўраўненне: 

3 : 12 = 10 : x;

Заданне 3.  Ці правільная прапорцыя:

а) 16/4 = 5/35;
б) 4,5:2 = 1,5: (2/3)

 

Звяраем адказы. Адказы на экране. Выстаўляем балы ў ацэначны лісток.
Малайцы! З такім багажом ведаў мы можам смела адпраўляцца ў шлях.

 

3 Прымяненне ведаў, уменняў і навыкаў у рашэнні задач

Настаўнік: у вас на партах ляжыць дыдактычны матэрыял з задачамі для прыпынкаў: “Матэматычны”, “Здаравейка”, “Хімічная лабараторыя”, “Экалагічны”, “Ураджайны”, “Тэставы”. На кожным прыпынку спыняемся не больш пяці хвілін. Наша задача – пабываць на кожным прыпынку, таму на кожным з іх мы паспеем рашыць толькі адну задачу.

Але ўлічыце, што вашы суседзі па парце – таксама пасажыры. А спадарожнікам у дарозе перашкаджаць нельга, ім патрэбна дапамагаць. Усё зразумела? Тады за працу!

 

Наша падарожжа пачынаецца з прыпынку “Матэматычны”.

Задача № 1. Каб зварыць 4 порцыі грачнёвай кашы, патрэбна ўзяць 220 г грэчкі. Колькі спатрэбіцца грэчкі, каб зварыць кашу вучням вашага класа?

Рашэнне (на дошцы і ў сшытках).

4 / 11 = 220 / х
220 × 11 = 4 × х
х = (220×11)/ 4
х = 605 (г)
Адказ: 605 грам

Настаўнік: Падвядзём вынікі. Усе, хто справіўся з заданнем свайго варыянту самастойна, ставіць сабе ў табліцы 2 балы.

 

Ну а мы з вамі пад’язджаем да прыпынку “Здаравейка”. Патрэбна абавязкова зазірнуць туды ў госці, так як гэтая станцыя раскажа нам аб правільным харчаванні і здароўі!

Задача № 2. Вучань 6-га класа за дзесяць дзён з’ядае тры кг яблыкаў. Колькі дзён яму спатрэбіцца, каб з’есці паспелыя на яго любімай яблыньцы за лета 24 кг яблыкаў?

Рашэнне (на дошцы і ў сшытках).

10 / х = 3 / 24
3 × х = 24× 10
х = 24 × 10: 3
х = 80 (дз.)
Адказ: за 80 дзён

 

Настаўнік: Для падтрымкі свайго арганізма ў дзённы рацыён абавязкова патрэбна ўключаць не менш за 200 грамаў садавіны. Яна можа выкарыстоўвацца ў свежым выглядзе і ўваходзіць у склад розных страў.

Здароўе патрэбна шанаваць з дзяцінства. І мы крыху адпачнём і правядзём з вамі фізкультхвілінку.

 

Фізкультхвілінка

 

Наступны прыпынак – “Хімічная лабараторыя”. Нас папрасілі разлічыць працэнтнае ўтрыманне солі ў растворы.

Задача № 3. Маса солі складае 24 % масы раствору. Колькі кілаграмаў раствору неабходна ўзяць, каб ён утрымліваў 96 кг солі?

100/24 = х / 96
24× х = 96 ×100
х = 400 (кг)
Адказ: 400 кг раствору.

 

Настаўнік: Наша падарожжа працягваецца і мы ўжо на прыпынку “Экалагічны”.

Задача № 4. Завод выкідвае адходы ў раку. За адну хвіліну ў раку трапляе 100 літраў забруджанай вады. Колькі забруджанай вады паступае ў раку за гадзіну?

1 / 60 = 100 / х
х = 60×100
х = 6000 (л)
Адказ: 6000 літраў забруджанай вады

 

Настаўнік: Памятайце, што патрэбна беражліва ставіцца да ўсяго жывога на зямлі. Нельга забруджваць асяроддзе і шкодзіць прыродзе.

 

Ну, а наша незвычайнае падарожжа працягваецца, і мы з вамі ўжо на прыпынку “Ураджайны”.

Задача № 5. Два камбайны “Палессе” убіраюць збожжа на полі пэўнай плошчы за 10 г. Колькі часу спатрэбіцца для 8 камбайнаў “Палессе”, каб убраць збожжа з поля такой жа плошчы?

2 / 5 = х / 10
5 × х = 2 × 10
х = 2 × 10 : 5 = 4 (г)
Адказ: 4 г спатрэбіцца

 

Настаўнік: Падніміце рукі, хто самастойна справіўся з рашэннем задачы.

І вось мы ўжо з вамі на прыпынку “Тэставы”. Тут мы будзем працаваць усе самастойна. (10 мін.)  

Тэст (індывідуальныя карткі)

Варыянт 1

1. Аўтамабіль праехаў 3г са скорасцю 60км/г. За колькі гадзін ён праедзе тую ж адлегласць, калі будзе ехаць са скорасцю 45 км/г?

Выберы правільны  адказ:   а) 5 г,   б) 4 г,   в) 2,25 г.

2. Ведаючы, што велічыні, указаныя ў кароткім запісе задачы адваротна прапарцыянальныя, складзіце прапорцыю і рашыце задачу.

6 машын – 12тыс. руб.   
x машын – 18 тыс. руб.

Выберы правільны  адказ: а) 4 маш.,   б) 3 маш.,    в) 5 маш.

 

Варыянт 2

1. Горнаруднаму прадпрыемству трэба закупіць на пэўную суму грошай 5новых машын па цане 12тыс. руб. за адну. Колькі такіх машын зможа купіць прадпрыемства, калі цана за адну машыну стане 15 тыс. рублёў?

Выберы правільны  адказ: а) 5 маш.,   б); 4 маш.,   в) 3 маш.

 

2. Ведаючы, што велічыні, названыя ў кароткім запісе задачы, адваротна прапарцыянальныя, складзіце прапорцыю і рашыце задачу.

180 дзён – па 0,6 т вугалю ў дзень
x дзён – па 0,5 т вугалю ў дзень

Выберыце правільны адказ:   а) 216 дзён,   б) 54 дні,    в) 122 дні.

 

Варыянт 3 

1. Рашыце задачу па кароткім  запісе: (стрэлкі расставіць)

5 маш. – 12 дзён
4 маш. – х дзён

Які адказ правільны? а) 12 дзён,   б) 15 дзён?
(стрэлкі расставіць) 

2. Велічыні, названыя ў задачы, адваротна прапарцыянальныя. Правільна расстаўце стрэлкі, складзіце прапорцыю і рашыце задачу.

4 гадзіны – 3 км/г
х гадзін – 2 км/г

Выберыце правільны адказ: а) 6 гадзін,   б) 2 гадзіны.

 

Адказы на экране: 

Варыянт 1.
1. б) 4 гадзіны; 2. а) 4 машыны.
Варыянт 2.
1. б) 4 машыны; 2. а) 216 дзён.
Варыянт 3.
1. б) 15 дзён; 2. а) 6 гадзін.

Правяраюцца адказы.  НЕ выпраўляць памылкі. Сшыткі здаць на праверку.

 

Настаўнік: Наша незвычайнае падарожжа падышло да канца, але вы дома зможаце самастойна яго працягнуць і рашыць задачы на прымяненне прапорцыі.

А зараз прапаную вам дапоўніць прыказкі і вызначыць від прапарцыянальнай залежнасці.

Чым далей у лес, … тым больш дроў.
Як аукнецца, так і … адгукнецца.
Шмат снегу … шмат хлеба.
Хто рана ўстае, … таму Бог падае.
Хто шмат чытае, той … шмат і знае.

Цішэй едзеш, … далей будзеш.
Мір будуе, а вайна … руйнуе.
Менш народу, … больш кіслароду.
Лета збірае, зіма … з’ядае.
Было густа, стала … пуста.
Менш слоў – больш … справы.

 

4 Выніковая рэфлексія

Настаўнік: такім чынам, вы даведаліся, што прапорцыя – не толькі матэматычная велічыня. Веды, якія мы атрымалі аб прапорцыі, дапамогуць нам у далейшым пры вывучэнні хіміі, фізікі, геаграфіі, геаметрыі.

І ў завяршэнні нашага незвычайнага падарожжа, я хачу, каб кожны з вас даў ацэнку сваёй працы на ўроку.

– Што мы рабілі ўдала?
– Што выклікала ў вас цяжкасць?
– Чаму гэта здарылася?
– Над чым, на ваш погляд, варта папрацаваць дома?

 

5 Дамашняе заданне

Яшчэ раз прачытайце тэарэтычны матэрыял па падручніку. Паўтарыце ўсе асноўныя тэрміны, азначэнні і паняцці.

Выканайце заданні № 216, 218.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий