Патрыятычны квест “Я гэты край Радзімаю заву”. Пазакласнае мерапрыемства для вучняў 5–6-х класаў

- 17:07Воспитательная работа, Сценарии

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства для вучняў 5-6-х класаў

 

Людміла ТАПАРЫЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Старадварэцкая базавая школа” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Задачы:

– фарміраваць грамадзянска-патрыятычныя якасці асобы навучэнцаў праз далучэнне да сацыякультурных каштоўнасцей беларусаў;
– стварыць умовы для абагачэння ўяўленняў вучняў пра якасці грамадзяніна-патрыёта і адказнасць за іх;
– фарміраваць культуру здаровага ладу жыцця ў падрастаючага пакалення, развіваць пачуццё калектывізму і адказнасці.

Месца правядзення: спартыўная зала, у цэнтры якой гульнявое поле з прамавугольнікаў чырвонага, жоўтага, блакітнага і зялёнага колераў.

Інвентар: шасцігранны кубік для вызначэння хадоў, 40 рознакаляровых прамавугольнікаў памерам 100 × 60 см з умоўнымі абазначэннямі для гульнявога поля; палотнішча, круг са шчыльнага матэрыялу радыусам 300 см; паветраныя шарыкі – 10 шт; карткі вядучага з заданнямі для ўмоўных абазначэнняў.

 

Ход мерапрыемства

          

Гучыць музыка. У залу ўваходзяць каманды (па 6 чалавек) і становяцца ў тры шарэнгі па перыметры спартыўнай залы.

 

Вядучы: Добры дзень, дзеці і дарослыя! Мы рады вітаць вас! Сёння мы з вамі правядзём патрыятычны квест “Я гэты край Радзімаю заву” і выявім самых кемлівых і хуткіх удзельнікаў. Пазнаёмімся з камандамі.

Вітаем каманды дзяржаўнай установы адукацыі “Вялікабераставіцкая сярэдняя школа”, дзяржаўнай установы адукацыі “Пархімаўская базавая школы” і дзяржаўнай установы адукацыі “Старадварэцкая базавая школа”.

Вядучы прадстаўляе каманды і знаёміць з правіламі гульні.

Каманды становяцца на прамавугольнік Старті пачынаюць гульню з выканання беларускай песні. Па чарзе кідаюць кубік, пераходзяць наперад роўна на столькі крокаў, колькі выпала кружкоў на кубіку, і выконваюць заданне, якое выпала на іх ход. Каманда можа праходзіць міма крокаў, занятых іншымі камандамі або спыняцца на іх.

Вядучы: Пачынаем наш патрыятычны квест. У добры шлях!

Падчас выканання заданняў гучыць музыка.

Умоўныя абазначэння заданняў і правілы іх выканання 

♫  2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Музычны перапынак”. Спыняючыся на гэтым кроку, каманда выконвае песню на беларускай мове (песні ўдзельнікі рыхтуюць дома з музычным кіраўніком).
☺ 3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Дадатковы ход”. На гэтым кроку каманда атрымлівае права на дадатковы ход (кідае кубік яшчэ раз і выконвае наступнае заданне).
3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Прапусціць ход”. Каманда прапускае ход.
3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Ход уперад”. Каманда робіць ход уперад.
2↓ 3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Ход назад”. Каманда робіць 2 хады назад.
3↑ 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Ход уперад”. Каманда робіць 3 хады ўперад.
↓ 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Ход назад”. Каманда робіць ход назад.
К 3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Карагод”. Члены каманд становяцца ў карагод і па чарзе называюць беларускія гарады, пасёлкі, аграгарадкі і вёскі. Кожны ўдзельнік у сваю чаргу называе рэальна існуючы населены пункт Беларусі, назва якога пачынаецца на тую літару, якой канчаецца назва папярэдняга ўдзельніка.(Напрыклад: Ваўкавыск – Кобрын – Нясвіж – Жлобін – Навагрудак – Карэлічы. Калі на апошнюю літару назвы не існуе, населены пункт называецца на папярэднюю літару.)
Л 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Літаратура”. Адзін з членаў каманды павінен выразна прачытаць верш беларускага пісьменніка пра Беларусь. (На картках падрыхтаваны вершы, адзін з членаў каманды выцягвае картку.)

Дарагая Беларусь (Пятрусь Броўка)

Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Ты нас ласкай атуліла,
I я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Наша радасць, наша сіла,
Дзе для ўдзякі слоў збяру?
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

 

Зямля з блакiтнымi вачамi (Эдзі Агняцвет)

Зямля з блакiтнымi вачамi –
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў.

Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты – наша гордасць, наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.

Твае сыны, твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.

 

Твая Беларусь (Юрась Свірка)

На карце вялікага свету
Яна як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.

Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.

I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла: Беларусь!

 

Мая Радзіма (Марыя Шаўчонак)

Яна мне дадзена адзіная
На ўсё жыццё, на цэлы век.
Мая адзіная, радзімая
ў вянках лясоў і стужак рэк.

Заўсёды самая прыветная,
Як сонца, свеціцца сама,
Жыве, як мара запаветная,
І роўных ёй – нідзе няма. 

І ганаруся ўсюды смела я,
Што вырасла на той зямлі,
Якую клічуць Руссю Белаю,
Што тут дзяды мае жылі.

 

Мой край (Пімен Панчанка)

Куды ні глянь – лясы шумяць,
Цвіце над полем гай,
А поле – вокам не абняць,
І гэта ўсё – мой край!

Пшаніца, жыта на палях,
Усюды ўраджай.
Стагі, як горы на лугах,
І гэта ўсё – мой край!

Куды ні глянь – лясы шумяць,
Цвіце над полем гай,
А поле вокам – не абняць
І гэта ўсё – мой край!

 

Бацькаўшчына (Пімен Панчанка)

Што такое Бацькаўшчына,
Знаеш?
Гэта рэчка, сцежачка лясная,
Гэта ў лузе залатая пчолка,
А ў вачах тваіх – вясёлка.
Бацькаўшчына – гэта дом твой,
Школа,
Гэта песні, што звіняць наўкола,
Гэта сам ты,
Гэта тата твой і мама
І сябры твае таксама.

 

П 3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Патрыёт”. Якога чалавека мы можам назваць патрыётам? Каманда складае асацыятыўны рад “Патрыёт. Хто ён?” (Кожны член каманды прыводзіць адно выказванне.)

Прыклады:

Той, хто любіць тое месца, дзе нарадзіўся і вырас.

Той, хто любіць і не забывае бацькоўскі дом.

Той, хто з гонарам усведамляе, што няма ў свеце лепш краіны за нашу.

Той, хто гатовы штодня сваёй працай праслаўляць родны край.

Той, хто гатовы стаць на абарону сваёй Айчыны і свайго народа.

Той, хто адстойвае прэстыж роднай краіны.

Той, хто ведае дзяржаўную сімволіку.

Той, хто шануе культурную спадчыну сваёй дзяржавы.

Той, хто адстойвае гонар сваёй краіны.

Той, хто будуе сваю будучыню, звязваючы яе са сваёй Радзімай.

Той, хто ведае сваю родную мову.

Той, хто ведае гісторыю сваёй краіны.

Той, хто ганарыцца подзвігамі сваіх землякоў.

 

40 3 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Сараканожкі”. Каманда, становіцца ў калону, праходзіць па разметцы ў спартыўнай зале каля баскетбольнага кальца, трымаючы паміж сабой надзьмуты паветраны шарык.

В 4 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Вусень”. Каманда праходзіць дыстанцыю (разметка каля баскетбольнага кальца) у сярэдзіне круга са шчыльнага матэрыялу, стаўшы адно за адным, рукамі і нагамі перасоўваючы круг і рухаючыся наперад.

З 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Знаўцы”. Кожны член каманды адказвае на пытанне.

Пытанні:

  1. “Зямлёй пад белымі крыламі” зваў БеларусьУладзімір Караткевіч або Ніл Гілевіч? (Караткевіч)
  2. Колькі абласцей уваходзіць у склад нашай рэспублікі? (6)
  3. Гэты міжнародны фэст мастацтваў штогод праходзіць у Віцебску. (“Славянскі кірмаш”)
  4. Гэтая рака працякае ў Гомелі. (Сож)
  5. Гэтае возера завуць “Беларускім морам” (Нарач)
  6. Гэты драпежнік знаходзіцца на гербе Гомеля. (Рысь)
  7. Ян Гусоўскі напісаў “Песню пра зубра” або “Песню пра бусла”? (“Песню пра зубра”)
  8. Другi хлеб беларусаў. (Бульба)
  9. Птушка – сiмвал беларусаў. (Бусел)
  10. У гэтым горадзе ткалі знакамітыя паясы. (Слуцк)
  11. Назавіце самы старажытны горад Беларусі? (Полацк)
  12. Першы згаданы ў летапiсах полацкi князь. (Рагвалод)
  13. Сын Рагнеды i кiеўскага князя Уладзiмiра Святаславiча. (Iзяслаў)
  14. У якім горадзе знаходзіцца самы знакаміты замак Беларусі? (У Міры.)
  15. Каму належаў Нясвіжскі замак? (Князям Радзівілам.)
  16. Які горад называюць брамай краіны? (Брэст)
  17. Сэрцам беларускага Палесся называюць… (Тураў.)
  18. Гэта самы паўночны абласны цэнтр Беларусі. (Віцебск)
  19. Гэты карысны выкапень здабываюць у раёне Рэчыцы. (Нафта)
  20. У гэтым населеным пункце Гродзенскай вобласці святкавалі “Дажынкі–2022”. (Вялікая Бераставіца)Як называецца спартыўны комплекс пад Мінскам. (“Раўбічы”)
  1. Колькі мораў абмывае Беларусь. (Ніколькі)
  2. У гэты дзень святкуецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. (3 ліпеня)
  3. Гэты паэт – класік беларускай байкі. (Кандрат Крапіва)
  4. Яго імя носіць галоўны праспект Мінска. (Францыск Скарына)
  5. Еўфрасінню Полацкую звалі Святаслава або Прадслава? (Прадслава)
  6. На гербе гэтага абласнога цэнтра – алень з крыжом на галаве. (Гродна)
  7. Гэта рэспубліканскі піянерскі лагер на возеры Нарач. (“Зубраня”)
  8. Гэты звер – знак Мінскага аўтазавода. (Зубр)
  9. Гэты звер знаходзіцца на гербе Вялікай Бераставіцы. (Вавёрка)
  10. Гэты мемарыял ахвяр вайны размешчаны ў 65 км да поўначы ад Мінска. (Хатынь)
  11. Гэта і беларускі танец, і караняплод – знак Беларусі. (Бульба)
  12. Лазар Богша вырабіў гэтую царкоўную каштоўнасць. (Крыж Еўфрасінні Полацкай)
  13. Гэты звер упрыгожвае герб Ваўкавыска.(Воўк)
  14. Марка тэлевізараў, якія выпускаюць у Мінску. (“Гарызонт”)
  15. Сімвал сучаснай Беларусі, адкрыты ў Мінску ў чэрвені 2006 года.

(Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

Ф 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Фразеалагізмы”. Гэта самы вясёлы пункт вашага маршрута. Чаму ён самы вясёлы? Таму што тут будзе гумар, знаходлівасць і артыстызм. Заданне простае: з дапамогай мімікі і жэстаў пакажыце фразеалагізмы, якія вы выберыце. (Адзін вучань з каманды паказвае, каманды адказваюць і тлумачаць)

Фразеалагізмы для каманд на картках:

вадзіць за нос (падманваць);

язык прыкусіць (замаўчаць);

звязаць pyкi (пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць, магчымасці рабіць так, як хочацца);

брацца за жывот (вельмі смешна);

матаць на вус (браць пад увагу, прыкмячаць, запамінаць што-небудзь);

закінуць вуды (асцярожна намякаць на што-небудзь з мэтай высвятлення абставін, выведвання чаго-небудзь)

губы надзьмуць (зазлавацца, пакрыўдзіцца);

кляваць носам (драмаць, засыпаць)

як свае пяць пальцаў (добра ведаць)

заткнуць за пояс (перасягнуць, перавысіць каго-небудзь у чымсьці);

закасаўшы рукавы (не шкадуючы сіл, шчыра, старанна);

ламаць галаву (доўга думаць, разважаць над цяжкім пытаннем);

лезці ў вочы (старацца звярнуць на сябе ўвагу).

 

ОК 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Веру – не веру”. Калі каманда верыць у выказванне, удзельнікі паказваюць знак “ОК”, калі не – наадварот.

         Пытанні:

  1. Усіх часцін мовы 10.  (веру)
  2. Слова “дзве” пішацца з мяккім знакам. (не веру)
  3. Дапаўненне адказвае на пытанні ўскосных склонаў. (веру)
  4. Гук [р] звонкі. (веру)
  5. Марфалогія – гэта раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца словы як часціны мовы.  (веру)
  6. Назоўнікі “радасць”, “задавальненне” – абстрактныя. (веру)
  7. Назоўнік “дзверы” мае і адзіночны, і множны лік. (не веру)
  8. Слова “клюква” з рускай мовы перакладаецца на беларускую як ажыны.  (не веру)
  9. У назоўніках “струменьчык”, “каменьчык”, “агеньчык” пішацца мяккі знак. (веру)
  10. Азначэнне адказвае на пытанні які? якая? чый? чыя? чыё? (веру)
  11. Слова “булён” пішацца з мяккім знакам. (не веру)
  12. Слова “клоўн” пішацца з ў. (веру)
  13. “Радзіма”, “Бацькаўшчына”, “Айчына” – амонімы. (не веру)
  14. Прыметнік “хатынскі” пішацца з мяккім знакам. (не веру)
  15. Зваротак з’яўляецца членам сказа. (не веру)
  16. Фанетыка вывучае гукі, а арфаграфія – правапіс слоў. (веру)
  17. “Боль”, “надпіс”, “палын”, “медаль” – назоўнікі жаночага роду. (не веру)
  18. Беларусь – першая ў свеце краіна, добраахвотна якая адмовілася ад ядзернай зброі. (веру)
  19. Ансамбль “Песняры” у пачатку 70-х гадоў зваўся “Лявоны”. (веру)
  20. Свята Раства беларусы клічуць Масленіца. (не веру)
  21. У штурханні ядра Яніна Карольчык стала алімпійскай чэмпіёнкай (веру)
  22. Свята Купалле Рагнеда – беларуская назва свята летняга сонцастаяння. (веру)
  23. Трактары “Беларусь” прапагандуюць нашу краіну ва ўсім свеце. (веру)
  24. Полацкая князёўна Рагнеда спрабавала забіць свайго мужа – князя Уладзіміра. (веру)

 

С 2 прамавугольнікі на гульнявым полі – “Словы”. Кожнаму члену каманды па чарзе трэба перакласці словы з рускай мовы на беларускую.

Черника – чарніцы
Обида – крыўда
Одуванчик – дзьмухавец
Движение – рух
Неделя – тыдзень
Диван – канапа
Ковёр – дыван
Тряпка – ануча
Карандаш – аловак
Расписание – расклад
Уважение – павага
Оттепель – адліга
Варежка – рукавіца
Серёжки – завушніца
Цепь – ланцуг
Учительская – настаўніцкая
Грязь – бруд
Журнал – часопіс
Пылесос – пыласос
Брюки – штаны
Каблук – абцас
Ежевика – ажыны
Колокольчик – званочак
Забор – плот
Пол – падлога
Одеяло – коўдра
Воротник – каўнер

 

Вядучы: Наш патрыятычны квест “Я гэты край Радзімаю заву” скончыўся. Дзякуй удзельнікам!

Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім –
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!

Удзельнікі пад музыку выходзяць з залы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий