Літаратурна-музычная кампазіцыя “Дарогамі памяці”

- 9:31БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Літаратурна-музычная кампазіцыя “Дарогамі памяці” разлічана на навучэнцаў 10–17 гадоў; накіравана на развіццё цікавасці да гістарычнага мінулага нашага народа праз вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны; выхаванне пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, удзячнасці да тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам мір.

 

 

Аксана КАРПОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

karpovich001@gmail.com

 

 

Мэта: фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця гонару за гераічнае мінулае свайго народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Задачы:

– спрыяць фармаванню пачуцця патрыятызму, павагі да гісторыі сваёй краіны;
– пазнаёміць з гістарычнымі фактамі часоў Вялікай Айчыннай вайны;
– развіваць вусную мову, уяўленне, творчыя здольнасці;
– абуджаць эмацыйную спагадлівасць;
– выхоўваць пачуццё гонару за сваю Радзіму.

Узрост навучэнцаў: 10–17 гадоў

Абсталяванне: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка; мікрафоны; музычнае афармленне; эпізоды з дакументальных і мастацкага фільмаў; дэкарацыі.

 

Ход мерапрыемства

 

1-ы вядучы. Мінулае… Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэтае мінулае – ВАЙНА. 78 гадоў адлічыў час, калі Беларусь вызвалілася з-пад фашысцкага прыгнёту. Але да сёння засталіся суровая праўда, боль і… Памяць.

2-і вядучы. Памяць нашай зямлі… Дык як жа іначай, калі кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у апошнюю вайну. А колькі брацкіх магіл?.. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і расстрэлы. I ў лясах амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія часам цаною жыцця абаранялі ад ворага Радзіму.

 

Пад акампанемент гітары вучань выконвае песню “Эх, дороги” (сл. Л.Ашаніна, муз. А.Новікава).


1-ы вядучы. Сёння пройдзем гэтымі дарогамі, якія нам нельга забываць, каб глыбей адчуць і шчасце міру, і радасць Вялікай Перамогі. Хай ажывуць у памяці старонкі слаўнага мінулага.

2-і вядучы.

На лічбу 22 світанне
Перагарнула каляндар, –
Дзень летняга сонцастаяння,
Дзень цішыні і летніх мар…

1-ы вядучы.

Дзень васількоў, травы мурожнай
І спелай чырвані суніц,
Дзень нашай памяці трывожнай
З далёкім водбліскам зарніц…
(Віктар Гардзей. “На лічбу 22…”)

 

За сцэнай у запісе гучаць словы:

“Ад Савецкага інфармбюро. Сёння, 22 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, без аб’яўлення вайны германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы межы ў многіх месцах і падверглі бамбёжцы са сваіх самалётаў нашы гарады”.


Песня “Священная война” (сл. У. Лебедзева-Кумача, муз. А. Аляксандрава)


2-і вядучы. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая страшэннай віхурай пранеслася па нашай зямлі, разбураючы і знішчаючы ўсё, што стваралася з вялікай любоўю і стараннасцю. 3 першых хвілін вайны мільёны савецкіх людзей розных нацыянальнасцей, пакаленняў і сацыяльных слаёў узняліся на абарону Радзімы.

1-ы вядучы. Год 1941-ы… Першымі сустрэлі гітлераўцаў абаронцы Брэсцкай крэпасці. Штаб абароны крэпасці ўзначаліў капітан Іван Зубачоў і палкавы камісар Яфім Фамін. Кіраваў абаронай маёр Пётр Гаўрылаў. 22 чэрвеня крэпасць была акружана. Супраць невялікага гарнізона фашысцкае камандаванне накіравала цэлы армейскі корпус. Крэпасць падверглася жорсткай бамбардзіроўцы з паветра і бесперапыннаму артылерыйскаму абстрэлу. Баі ўжо ішлі на подступах да Смаленска, а крэпасць усё стаяла.

2-і вядучы. Гарнізон крэпасці пратрымаўся каля месяца, хоць нямецкія генералы адводзілі на яе захоп толькі тры гадзіны. Апошнія дні абаронцаў крэпасці авеяны легендамі. На яе сценах былі зроблены надпісы, якія ведае ўвесь свет: “Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма”.

Першы чытальнік


Над Брэстам у небе ласкавым 
Празрыстыя хмаркі плывуць… 
Як помнікі воінскай славы, 
Фарты крапасныя ўстаюць. 
Сурова ўстаюць успаміны… 
Над Бугам і ноччу і днём 
Ірвуцца снарады і міны,
Казармы палаюць агнём, 
Змагаюцца мужна салдаты… 
Прабіцца не суджана ім… 
Сястра не рыдае над братам 
I маці над сынам сваім. 
Сваю дарагую краіну 
Байцы засланілі сабой… 
I ночы і дні несупынна 
Грыміць, не сціхаючы, бой.
(Алесь Бачыла.”Песня пра герояў Брэсцкай крэпасці”.) 

Другі чытальнік. 

Я – салдацкая смага. … 
Дапаўзці б да вады 
I з напоўненаю біклагай 
Ратаваць ад бяды. 
Там параненых сэрцы 
Просяць: “Піць!” 
Тут – два, крокі да смерці: 
Вораг не спіць. 
Асвятляецца бераг. 
А ва мне абуджаецца вера: 
Куля мо абміне… 
Абмінулі варожыя кулі – 
Смагу нельга забыць. 
Вы з бетону мяне пачулі 
I не здолееце забыць. 
Я напоўню ваш дзень, ваш будзень, 
Буду вашы сэрцы паліць, 
Каб няслі дапамогу людзям 
I каб чулі, каму баліць.
(Васіль Жуковіч. “Гаворыць крэпасць…”)

 

Дэманструюцца кадры з фільма “Брэсцкая крэпасць” (рэж. А.Котт) пра першыя дні вайны, гучыць музыка.

https://www.youtube.com/watch?v=HO0rAnFatP4

2-і вядучы. Мужныя, цяжкія дарогі 1941-га. Ідуць кровапралітныя баі па ўсёй Беларусі, пад Ленінградам, на шырокіх прасторах Смаленшчыны, Правабярэжнай Украіны.У пачатку ліпеня 1941 г. савецкае камандаванне вырашыла стварыць лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра. Тры дні ішлі баі ў Барысаве. Жорсткі танкавы бой адбыўся ў раёне Сянно і Лепеля.

1-ы вядучы. Ужо 28 чэрвеня 1941 года фашысты прарваліся да горада Мінска. Сталіца Беларусі апынулася ў няволі. Гітлераўцы пачалі ўсталёўваць свой акупацыйны рэжым і парадак. Яны рабавалі і забівалі мірных жыхароў – жанчын, дзяцей, старых. Наш народ не мог гэтага трываць. Зброю ў рукі ўзялі нават дзеці.

2-і вядучы. Вайна і дзеці… Як недарэчна гучыць гэтае словазлучэнне. На вайне дзеці змагаліся, як дарослыя, і, як дарослыя, гінулі за сваю Радзіму. Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена Марату Казею, які гераічна загінуў у сутычцы з ворагам.

1-ы вядучы. З дзецьмі вайна абышлася бязлітасна. У яе крывавым віры загінула – страшна вымавіць – 13 мільёнаў дзяцей. А тыя, хто застаўся жыць, прайшлі нечалавечыя пакуты.

Трэці чытальнік.

Раніцай, раніцай…
Рана-раненька, ледзь сонца ўзыдзе…
Я чакаў, што мама прыйдзе па мяне,
Нечым цёплым, цёплым-цёплым ахіне…
Мама прыйдзе, мама ўпросіць вартавых
Адпусціць мяне дадому, да сваіх…
Але раніцы не было.
Але сонца ў той дзень для мяне не ўзышло.
Уначы, калі гуртам
мы плакалі ціха за дротам, –
Засвяцілі пражэктары раптам,
наўсцяж адчынілі вароты I спусцілі на нас
зграю страшных аўчарак вялізных: 
Мы не зналі, што іх
доўгі час не кармілі наўмысна… 
Пакрамсаны, паклычаны ікламі,
ледзьве жывы, 
Я ляжаў і стагнаў на дарозе,
пакуль не дабіў вартавы…
(Ніл Гілевіч. “А раніцы ўжо не было”.)

Прагляд відэа “Канцлагер “Чырвоны Бераг”

https://www.youtube.com/watch?v=0JtXG6ZEjgY


2-і вядучы. Гераічнай і адначасова трагічнай старонкай Другой сусветнай вайны стала бітва за Магілёў. Больш за тры тыдні з 3 да 26 ліпеня 1941 г. войскі 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава адбівалі шматлікія атакі ворага. Бітва пад Магілёвам стала значным укладам у зрыў плана раптоўнай вайны.

1-ы вядучы. Год 1942-і… Баі дні і ночы. Прыкрытыя адступленні. Пакуты мільёнаў людзей, бежанцы, дарогі, узараныя снарадамі, начыненыя мінамі, перагароджаныя калючым дротам.

1-ы вядучы. Змагаецца блакадны Ленінград, ідзе мужная і самаахвярная абарона Сталінграда. Надыходзіць карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Гітлераўскі план маланкавай вайны сарваны.

 

Гучыць песня “На безымянной высоте” (муз. В.Баснера, сл. М.Матусоўскага)

 

2-і вядучы. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны Беларусь увайшла як рэспубліка-партызанка. Сёння ўсяму свету вядомы імёны яе сыноў-партызанаў:

Іван Бумажкоў і Фядосій Смалячкоў, Пётр Машэраў і Васіль Корж, Вера Харужая і Канстанцін Заслонаў, Уладзімір Лабанок і Людвіг Сяліцкі, Алена Мазанік і Мікалай Пакроўскі…

 

Гучыць “Лясная песня” (сл. А.Русака, муз. У.Алоўнікава)

 

1-ы вядучы. 1943-і… Год увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як год перамог. Пералом у вайне адбыўся. Абарона Айчыны – асноўная ідэя, якая аб’яднала людзей незалежна ад нацыянальнасці, месца пражывання, рэлігійнай прыналежнасці. Адстаяць Бацькаўшчыну стала святой справай, абавязкам для кожнага жыхара Беларусі. Нішто не магло зламаць волю народа.

 

За сцэнай гучаць званы.

 

Чацвёрты чытальнік.


Сэрца, слухай званы,
Помні ўсё, не астынь,
Як дагэтуль не стыне
На лясной лугавіне
Мая рана, мой боль,
Мая памяць – Хатынь.
(Сяргей Законнікаў. “Хатынь”) 

Пяты чытальнік.


Гарыць агонь.
Шумяць бярозкі
Над горкай памяццю бяды.
Сабраны спаленыя вёскі,
Нібыта ў пантэон, сюды. 

Чацвёрты чытальнік.


Яны жывыя,
Ім расці.
Звіняць званы
Над мёртвай вёскай,
Якой на карце не знайсці. 


Пяты чытальнік.


Яна навек
У нашым сэрцы.
Што здолелі –
Мы збераглі,
Каб мужных паказаць бяссмерце
На непакоранай зямлі.
(Астрэйка А. Званы Хатыні.)

1-ы вядучы. 22 сакавіка 1943 года фашысты спалілі жывымі ўсіх жыхароў гэтай вёскі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей.

2-і вядучы. Мерна і вечна адбіваюць хатынскія званы наказ будучым пакаленням, напісаны святою крывёю пакутнікаў: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала…”

 

Галасы за сцэнай.


Апошні крывавы пажар на Радзіме,
Апошнія мы тут згарэлі жывымі –
Мужчыны, жанчыны
I дзеці…
І дзеці…
I дзеці…
Любуйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю,
Як некалі мы любаваліся ёю –
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці…
I хай вам раскажуць тут нашыя цені,
Як жудасна мы паміраць не хацелі –
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці…
(Ніл Гілевіч. “У Дальве”.)

Звон узмацняецца.

Прагляд відэа “Трагедыя Хатыні”

(https://www.youtube.com/watch?v=Vno8igDjNVQ)

 

2-і вядучы. Гэты звон зліваецца сёння з Бухенвальдскім набатам, з жалобнай музыкай над магіламі ахвяраў Дахаў, Маўтхаўзена, Асвенцыма, Лідзіцэ, Арадура, Трасцянца. Сёння з намі гаворыць сама Гісторыя, гаворыць Подзвіг, гаворыць вечная Памяць пра людзей, якія згарэлі ў пякельным агні вайны, памерлі ад голаду, здзекаў, былі закатаваныя фашыстамі. Вечная ім Памяць!

Голас за сцэнай. 

Імем расстраляных,
закатаваных, паўшых
мы вам свет завяшчаем
без слёз, без вайны.
Толькі ў вашых сэрцах,
у памяці вашай
хай ніколі не моўкнуць
нашы званы!
(Генадзь Бураўкін. “Хатынскі снег”)

1-ы вядучы. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі “новы парадак”. Адносіны да беларусаў былі вызначаны ў плане “Ост”, згодна з якім прадугледжвалася 75 % рускіх, беларусаў, украінцаў фізічна знішчыць, а астатніх ператварыць у рабоў.

2-і вядучы. На Беларусі было створана больш як 260 лагераў смерці. У кожным раёне дзейнічалі канцлагеры, турмы, гета. У Мінску і яго ваколіцах знаходзілася пяць такіх лагераў. Адзін з іх – Трасцянец. Трэці пасля Асвенцыма і Майданака па колькасці знішчаных людзей – 206 500. Людзей палілі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі газам.

 

Прагляд відэа “Лагер смерці – Трасцянец”

(https://www.youtube.com/watch?v=TQGejzog9AA)

 

Шосты чытальнік.

Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей!
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
I ў гадзіну – па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай…
Памятай…
Памятай…
(Уладзімір Караткевіч. “Трасцянец”)

 

Гучыць песня “Бухенвальдский набат” (муз. В.Мурадэлі, сл. А.Собалева)

 

2-і вядучы. Год 1944-ы… Гэта год нашых вялікіх перамог над ворагам. 3 ліпеня была вызвалена сталіца Беларусі – горад Мінск. Гэты дзень сёння адзначаецца як свята вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як Дзень Рэспублікі, як Дзень Незалежнасці.

 

Песня “Памяць сэрца” (сл. М.Ясеня, муз. I.Лучанка)

1-ы вядучы. Год 1945-ы… Гэта год вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Еўропу. Савецкі салдат выратаваў Чэхію і Славакію, Венгрыю і Румынію, Польшчу і Югаславію, Аўстрыю ад карычневай чумы фашызму. 24 залпамі з 324 гармат салютавала Масква адважным воінам, якія вызвалялі Берлін і ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам.

 

Сёмы чытальнік.


Зямля закружылася ў гудзе, 
Успыхваюць фарбы, плывуць. 
Зусім незнаёмыя людзі Цалуюцца. 
Плачуць. Пяюць.

Восьмы чытальнік.


О, ранак Дзявятага мая! 
Ты самы шчаслівы ў жыцці. 
Салдат незнаёмы ўзнімае 
Дзіцятка да сонца: “Расці!”

 

Песня “День Победы” (сл. У.Харытонава, муз. Д.Тухманава)

1-ы вядучы. Дарогі вайны. Колькі іх пройдзена савецкімі воінамі па стэпах і балотах, камяністых перавалах і ўзгорках, лясных масівах і чыстых палях. Удзячнае чалавецтва заўсёды будзе помніць пра стойкасць, мужнасць, самаадданасць савецкіх салдат.

2-і вядучы. Жудасная памяць вайны, не сціхае гора, не затуманьваецца слава подзвігу народнага. Жыве сёння і ад пакалення ў пакаленне ідзе ў заўтра эстафета гэтай памяці.

 

Інсцэніроўка песні “Алёша”.

Гучыць мелодыя песні. Пасля слоў “Цветов он не дарит девчатам, девчатам, / Они ему дарят цветы…” песня абрываецца. На сцэне паступова гасне святло. Гучыць жалобная музыка. Святло запальваецца. У цэнтры сцэны помнік савецкаму салдату (салдат нерухома стаіць на пастаменце, трымаючы ў руках аўтамат). Каля помніка – дзве шарэнгі дзяўчат, апранутых у цёмнае адзенне.


1-ы вядучы. Магіла невядомага салдата. Хто ён? Твой сын, брат, бацька, муж?

2-і вядучы. Сюды ідуць маці, якія не дачакаліся сыноў і дачок.

1-ы вядучы. Ідуць удовы.

2-і вядучы. Ідуць унукі, якія ведаюць дзядуляў толькі па фотаздымках.
1-ы вядучы. I кожны думае, што, можа быць, менавіта тут ляжыць яго родны чалавек.

2-і вядучы. Невядомы салдат зрабіў крок у бессмяротнасць.


Да помніка падыходзіць старая жанчына ў чорнай вопратцы.

Спыняецца, ускладае кветкі, ціха плача.

 

Жанчына. Ты тут ляжыш… А я засталася… Дзякуй табе, сынок, за ўсё, што ты зрабіў.

1-ы вядучы. Яна не спяшаецца пайсці адсюль. Яна ўпэўнена, што яе сын ляжыць тут.

Жанчына павольна адыходзіць у глыб сцэны. Да помніка падыходзяць сівы мужчына і хлапчук. Мужчына становіцца на калені перад чырвонай плітой і цалуе граніт. Хлопчык кладзе кветкі.

2-і вядучы. I старая жанчына, і мужчына, і хлопчык доўга стаяць каля помніка, ведаючы, што менавіта тут ляжыць той, каго не можа забыць сэрца. Прайшло ўжо амаль 78 гадоў, як змоўклі гарматы.

1-ы вядучы. I толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы зберагчы мір.
2-і вядучы. Гэта было б найлепшым помнікам тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

1-ы вядучы. Так, сённяшняе пакаленне не ведае жахаў вайны.
Але ўзімку і ўлетку, у спёку і сцюжу прыходзяць нашы землякі да брацкіх магіл, каб аддаць даніну павагі тым, хто падарыў нам мір.

2-і вядучы. Удзячныя нашчадкі схіляюць галовы перад помнікамі героям Вялікай Айчыннай вайны.

1-ы вядучы. Пра што яны думаюць?

2-і вядучы. Мне здаецца, што кожны з нас каля помніка Перамогі думае пра адно і тое: пра смеласць і адвагу салдат, гераізм і самаадданасць партызан і пра ўсіх тых, хто, як мог, набліжаў дзень Перамогі.

 

Гучыць песня “Журавли”(словы Р.Гамзатава, муз. Я.Френкеля)

2-і вядучы. Сёння ў нашай зале прысутнічаюць ветэраны, удзельнікі той памятнай вайны.

Дарагія ветэраны! Дзякуй вам, што ў нашай краіне цяпер мір, і мы маем магчымасць жыць, вучыцца, радавацца сонцу, ажыццяўляць свае планы і задумы…

 

Гучыць вальс. На сцэну выбягае школьніца з рознакаляровымі шарамі ў руках і пачынае кружыцца. За ёй выходзіць ветэран. Ён нейкі час слухае, глядзіць на яе, потым пачынае чытаць.

Ветэран.

Грымяць, грымяць святочныя салюты…
I феерверкі зырка рассыпаюцца,
I дзетвара да батарэй збягаецца,
I смех, і крык на кожнай плошчы люднай.
А мне заўсёды страшнавата робіцца,
Як неба засцілае дымам шызым,
I жаласна звіняць у вокнах шыбы,
I нечыя матулі сумна горбяцца.
(Пімен Панчанка. “Святочныя салюты”)

Дзяўчынка спыняецца, пачынае слухаць, а тады падыходзіць да дзеда з намерам супакоіць яго.

Дзяўчынка.

Над роднай зямлёй звон сонечны плыве.
Зялёны май заліў пагоркі і лагчыны.
Чаго ж у гэты дзень не весела табе?
Скажы, стары салдат, скажы, герой Айчыны.
Ты ўсё зрабіў, што мог: ты мір здабыў, салдат,
І край падняў з руін, і даў прызванне дзецям,
І ўвагай землякоў, і славай ты багат,
Чаму ж блішчыць сляза на веках у гвардзейца?
(Гілевіч Н. “Песня пра апошняга з аднапалчан”.)

Ветэран.


Я вас прашу, не зведаў хто вайны, 
Прашу вас, мае дочкі і сыны, 
Узяць хоць долю памяці маёй – 
Каб потым ёй не зарасці травой.
(Анатоль Вярцінскі. “Я перад вамі з памяццю сваей…”)

1-ы вядучы.

 

Часцей, часцей прыпамінай… 
Імёны паўшых смерцю храбрых 
За родны край, наш мілы край, – 
Каб над зямлёй, што млела ў ранах, 
Плыў гэты сіні-сіні ранак, 
Цвіў гэты белы-белы май, – 
Часцей, мой друг, прыпамінай!

2-і вядучы.


Прыпамінай часцей, мой друг, 
Імёны тых, што ўсё зрабілі – 
Вышэй усіх тваіх заслуг, 
Што, як і ты, да слёз любілі 
Маністы ўвосень на рабіне 
I ў ліпкіх смолках майскі луг, – 
Не забывай пра іх, мой друг!..
(Ніл Гілевіч. “Часцей, часцей прыпамінай…”)

2-і вядучы.

Нашы дзяды і прадзеды абаранілі Радзіму ў самы цяжкі і трагічны для яе час. Яны не шкадавалі сваіх жыццяў, ахвяравалі ўсім, чым маглі, дзеля таго, каб мы з вамі жылі сёння пад мірным небам.

1-ы вядучы. Мы, маладое пакаленне XXI стагоддзя, помнім мужны подзвіг кожнага, хто загінуў падчас жудаснай вайны. Мы абяцаем перадаць гэтую памяць наступным пакаленням.

2-і вядучы. Мы зробім усё, каб вайна не паўтарылася.

 

Гучыць песня “Радзіма мая дарагая” (сл.А.Бачылы, муз. У.Алоўнікава)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий