Прапанаваныя заданні могуць быць выкарыстаны настаўнікамі пачатковых класаў для актывізацыі пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце (падрыхтоўка да алімпіяд, даследчых работ), а таксама настаўнікамі старшых класаў, паколькі фарміраванне практычных уменняў школьнікаў ажыццяўляецца на працягу ўсяго навучання ў школе.
Вольга МАРУШКА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Сучасныя ўмовы развіцця грамадства ўсё больш і больш паказваюць на тое, што ўменні выяўляць, класіфікаваць, назіраць, апісваць, ацэньваць, адрозніваць веды ад меркавання, рабіць высновы з аналізу мыслення і дзейнасці і г.д. становяцца ўсё больш актуальнымі. Менавіта ў гэтым кантэксце залежнасць грамадства ад школы будзе ўзрастаць. Нам неабходна ўсвядоміць, што ад нас патрабуецца іншы падыход да арганізацыі адукацыйнага асяроддзя і іншыя адукацыйныя тэхналогіі [1].
Адпаведна ўзнікае пытанне, як выкладаць, каб знешняя матывацыя вучэння ператварылася ва ўнутраную неабходнасць і патрэбы вучня ўдасканальваць свае веды? Адказам на пытанне “як?” з’яўляецца выбар тэхналогіі, метадаў навучання, формаў і прыёмаў. Па сутнасці, гэта сродак, альбо алгарытм рашэння любой задачы. Адным з такіх сродкаў я бачу выкарыстанне ў навучанні практыка-арыентаваных заданняў.
Так узнікла неабходнасць распрацоўкі і ўключэння ў адукацыйны працэс практыка-арыентаваных заданняў. Заданні такога характару дадуць магчымасць настаўніку пагрузіць вучняў у вырашэнне “жыццёвых” задач, сфарміруюць уменні прымяняць накопленыя веды ў практычнай дзейнасці.
Мэта вопыту:
– пашырэнне кругагляду, пазнаваўчага інтарэсу вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі праз прымяненне практыка-арыентаваных заданняў у адукацыйным працэсе.
Задачы вопыту:
1 Вывучыць метадычную літаратуру і педагагічны вопыт па выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў на вучэбных занятках.
2 Распрацаваць практыка-арыентаваныя заданні па прадмеце “Чалавек і свет” з апорай на жыццёвы вопыт.
3 Прааналізаваць павышэнне пазнаваўчага інтарэсу вучняў да прадмета праз выкарыстанне практыка-арыентаваных заданняў.
Працягласць работы над вопытам
Сістэмная работа па выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў на ўроках “Чалавек і свет” вядзецца з 2019 года. У ходзе работы была вывучана нарматыўная і прававая дакументацыя, навукова-метадычная літаратура па распрацоўцы і выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў. Засвоены навучальны курс у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі па тэме “Абагульненне, апісанне і прадстаўленне вопыту асабістай педагагічнай дзейнасці ў працэсе атэстацыі”.
У 2019 годзе прыняла ўдзел у абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Пачатковая школа: вопыт, адкрыцці, творчасць” у намінацыі “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні па вучэбных прадметах для першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, па выніках якога атрымала дыплом ІІІ ступені. Была ўдзельнікам майстар-класа “Распрацоўка практыка-арыентаваных заданняў”, які прайшоў ва ўстанове адукацыі. Пасля чаго ўзнікла ідэя сістэматызаваць накоплены вопыт.
АПІСАННЕ ТЭХНАЛОГІІ ВОПЫТУ
Вядучая ідэя вопыту
Перад сучаснай адукацыяй стаіць пытанне аб фарміраванні і развіцці паспяховай асобы, якая ўпэўнена адаптуецца да зменаў навакольнага свету, а таксама гатовай да працы і далейшай самаадукацыі. Для жыцця чалавеку патрэбны не толькі існуючы ў яго вялікі багаж ведаў, а яшчэ і здольнасць дакладна ацэньваць змены навакольнага свету і магчымасць граматна прымяняць свае ўменні і веды на практыцы. Адным з магчымых варыянтаў рашэння гэтага пытання з’яўляецца выкарыстанне практыка-арыентаванага падыходу ў навучанні. Практыка-арыентаванае навучанне злучае навуку і вучня, раскрывае сувязі паміж ведамі і паўсядзённым жыццём людзей, праблемамі, якія ўзнікаюць перад імі [3].
Распрацаваныя заданні дазволяць настаўнікам пачатковых класаў выкарыстоўваць іх на розных этапах урока для эфектыўнага правядзення ўрокаў. Можна сцвярджаць, што сістэмнае выкарыстанне практыка-арыентаваных заданняў дазваляе павысіць паспяховасць у навучанні.
Апісанне сутнасці вопыту
Ідэя практыка-арыентаванага навучання стала ўкараняцца ў сістэму агульнай сярэдняй адукацыі дастаткова даўно.
Вялікі ўклад у распрацоўку практыка-арыентаванага навучання ўнеслі такія даследчыкі, як І.Г.Песталоцы, В.Гумбальт, А.Дыстэрверг і інш. Ідэі практыка-арыентаванага падыходу ў працэсе навучання выкарыстоўвалі Л.М.Талстой, К.Д.Ушынскі, С.Т.Шацкі [5, с.124]. Л.М.Талстой стаяў ля вытокаў развіцця практыка-арыентаванага навучання ў Расіі. Леў Мікалаевіч вялікую ўвагу надаваў педагагічным пытанням і стварыў школу вольнага навучання. Ён выступаў за свабоду выбару вучнямі таго, чаму і як яны хочуць вучыцца [7].
У сваёй працы я абапіраюся на тэорыю А.В.Хутарскога, аднаго з аўтараў кампетэнтнасна-арыентаванай адукацыі, і лічу, што абодва суб’екты педагагічнага ўзаемадзеяння – і настаўнік, і вучань – павінны стаць удзельнікамі адукацыйнай сітуацыі.
Змест вучэбнага прадмета “Чалавек і свет” дазваляе рэалізоўваць задачы, якія накіраваны на фарміраванне практычных навыкаў у розных сферах жыццядзейнасці (у адпаведнасці з класіфікацыяй А.В.Хутарскога):
– у пазнаваўчай сферы – засваенне спосабаў набыцця ведаў з розных крыніц інфармацыі;
– у грамадска-палітычнай сферы – фарміраванне патрыятызму і пачатку грамадзянскасці з улікам асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы;
– у маральнай сферы – далучэнне вучняў да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей;
– у сацыяльнай сферы – авалоданне нормамі і этыкай узаемаадносін у грамадстве і фарміраванне ладу жыцця, прынятага ў грамадстве;
– у сямейна-бытавой сферы – авалоданне навыкамі здаровага ладу жыцця і паводзін у сям’і;
– у культурна-дасугавай сферы – выбар шляхоў і спосабаў выкарыстання вольнага часу, культурна і духоўна ўзбагачаючых асобу, а таксама развіваючых пачуццё прыгожага [10].
Для вучняў пачатковых класаў тэхналогію практыка-арыентаванага навучання па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” лічу найбольш паспяховай. Сутнасць гэтага навучання заключаецца ў паэтапным увядзенні ў практыку вучэбнай дзейнасці на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет” практыка-арыентаваных заданняў розных узроўняў складанасці. Заданні складаюцца настаўнікам або змяняюцца па змесце.
Пад практыка-арыентаваным заданнем маецца на ўвазе заданне, якое мае спецыфічную структуру: праблемны характар, сітуацыйную фармуліроўку, арыентацыю на комплекс уменняў і ведаў, якія магчыма прымяніць. Завяршаючы варыянт такіх заданняў можна назваць кампетэнтнасна-арыентаванымі. Узровень заданняў ускладняецца па меры таго, як вучні засвоілі асобныя аперацыі (элементы) комплекснага ўмення.
Практыка-арыентаваныя заданні дазваляюць выкарыстоўваць магчымасці матэрыялу, які вывучаецца ў рамках вучэбнай праграмы, для фарміравання ключавых кампетэнцый вучняў.
У аснове адбору зместу такіх заданняў ляжаць наступныя прынцыпы:
– апора на вопыт практычнай дзейнасці (назіранне за аб’ектамі навакольнага свету, іх вуснае апісанне, суаднясенне атрыманых вынікаў з мэтай назірання (вопыту));
– выяўленне з дапамогай параўнання асобных прыкмет аб’ектаў;
– правядзенне прасцейшых вымярэнняў рознымі спосабамі з выкарыстаннем адпаведных прыбораў і інструментаў;
– праца з простымі мадэлямі для апісання ўласцівасцяў і якасцяў вывучаемых аб’ектаў;
– праца з навучальнымі і навукова-папулярнымі тэкстамі, са схемамі, табліцамі, блок-схемамі алгарытмаў, дыяграмамі, ацэнка ўласнай дзейнасці;
– улік узроставых і індывідуальных асаблівасцяў навучэнцаў [2].
У сваёй практычнай дзейнасці на вучэбных занятках “Чалавек і свет” я выкарыстоўваю практыка-арыентаваныя заданні, якія ўмоўна можна падзяліць на тры блокі:
1 Заданні, якія дапамагаюць сфарміраваць кампанент прыродазнаўчай граматнасці.
2 Заданні, накіраваныя на прымяненне ведаў у вопыце дзейнасці.
3 Заданні, якія дазваляюць сфарміраваць вопыт разважання пры вырашэнні нестандартных задач – жыццёвых сітуацый.
Блок 1. Заданні, якія дапамагаюць сфарміраваць кампанент прыродазнаўчай граматнасці
Гэты тып заданняў самы распаўсюджаны ў падручніку і рабочым сшытку па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”. Заданні гэтай групы павышаюць пазнаваўчы інтарэс да прадмета, пашыраюць кругагляд вучняў (Дадатак 1). Найбольшую цікавасць выклікаюць заданні:
Узнаві па памяці, пазнай:
– злучы лініямі паняцці;
– пастаў нумары месяцаў па парадку іх чаргавання ў годзе, укажы колькасць дзён і месяцаў.
Вызначы:
– запішы паказанні тэрмометраў;
– якія поры года намаляваны на малюнках?
Прывядзі прыклады:
– якое нацыянальнае адзенне насілі жыхары твайго роднага краю?
– назаві жывёл, якія нарадзіліся зімой, застылі, заснулі, памянялі поўсць.
Апішы:
– карыстаючыся малюнкам, складзі апавяданне пра жыццё людзей у Індыі;
– раскажы, якія змены ў нежывой прыродзе адбываюцца восенню.
Прадэманструй веды аб выкарыстанні прыбораў і матэрыялаў, метадаў і працэдур:
– раскажы, якую будову мае мікраскоп;
– падкрэслі і растлумач, якія прадметы патрэбны пры назіранні за сонцам.
Блок 2. Заданні, накіраваныя на прымяненне ведаў у вопыце дзейнасці
Заданні гэтага блока прадугледжваюць работу з рознымі мадэлямі з мэтай дэманстрацыі разумення прыродазнаўчых паняццяў (Дадатак 2). Фармуліроўка падобных заданняў у падручніку і рабочым сшытку не спрыяе фарміраванню матывацыі вучня на выкананне задання, суаднясенні гэтых заданняў з рэальнымі аб’ектамі рэчаіснасці. Практыка-арыентаваныя заданні звычайна падмацоўваюцца так званым “стымулам”, які зацікаўлівае вучня заданнем і матывуе на яго выкананне.
Задачная фармуліроўка дакладна паказвае на дзейнасць вучня, неабходную для выканання задання;
Бланк для выканання задання прадугледжвае алгарытм выканання задання.
Для актывізацыі дзейнасці вучняў прапаную выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі: артыкулы з энцыклапедыі; часопісы; навукова-папулярную літаратуру; слоўнікі; інтэрнэт (відэафрагменты, пазнаваўчыя ролікі, сюжэты дакументальных фільмаў, фрагменты пазнаваўчых тэлеперадач і г.д.).
Напрыклад, традыцыйнае заданне “раскажы, як трэба даглядаць за хатнімі жывёламі. Выкарыстоўвай малюнкі пры адказе” можа выглядаць наступным чынам.
У часопісе “Вясёлы заапарк” быў апублікаваны ліст Дашы Я.
“Добры дзень, “Вясёлы заапарк”! У мяне ёсць хамячок Хома. Я яго сфатаграфавала. Я вельмі люблю яго. Але, мне здаецца, у майго хамячка праблемы. Ён фыркае, кусаецца, калі я хачу яго пагладзіць, не хоча гуляць са мной. Я кармлю яго шакаладкамі і пячэннем (я іх вельмі люблю!), але нічога не дапамагае. Хома ўвесь дзень спіць, мала рухаецца, не хоча бегаць па колах, амаль нічога не п’е, не радуецца, калі яго купаю. Хома яшчэ маленькі, яму толькі 1,5 года. Я хвалююся. Можа, Хомку самотна, і варта завесці яшчэ аднаго хамячка ці нават двух? Клетка вялікая, двухпавярховая, месца хопіць усім! Даша Я., 9 гадоў”.
Прачытайце пісьмо.
Якія парады вы далі бы дзяўчынцы па догляду за хатнім гадаванцам?
Аформіце свае парады ў выглядзе памяткі.
У аснове задання – праца з першаснай інфармацыяй, калі вучань праводзіць назіранне ў адпаведнасці з пастаўленай задачай, здабывае інфармацыю на падставе трох крыніц (пісьмо, энцыклапедычны артыкул, слоўнікавы артыкул), сістэматызуе атрыманую інфармацыю ў выглядзе памяткі.
Рэфлексія, якой заканчваецца праца над заданнем, дазваляе выявіць не толькі цяжкасці вучняў, але і звярнуць іх увагу на спосаб дзейнасці.
Стымулам служыць тое, што многія вучні сутыкаліся з падобнай сітуацыяй. Задачная фармулёўка (“Якія парады вы бы далі дзяўчынцы па догляду за хатнім гадаванцам? Аформіце сваю працу ў выглядзе памяткі”) вызначае і канкрэтызуе дзейнасць вучня.
Прапанаваныя крыніцы інфармацыі (артыкул з дзіцячай энцыклапедыі, артыкул з тлумачальнага слоўніка С.І.Ожагава) з’яўляюцца арыгінальнымі, дазваляюць фарміраваць у вучняў уменне працаваць з інфармацыяй рознага тыпу, вылучаць першасную і другасную інфармацыю. Інструментам праверкі з’яўляецца мадэльны адказ (пералік верагодных правільных і часткова правільных адказаў для задання адкрытага тыпу з зададзенай структурай адказу).
Мною распрацаваны і іншыя аналагічныя практыка-арыентаваныя заданні, накіраваныя на прымяненне ведаў у вопыце дзейнасці.
Прыклад 1. Вы збіраецеся ў адпачынак на адзін месяц. За вашымі любімымі фіялкамі пагадзіўся даглядаць ваш лепшы сябар. Напішыце сябру запіску аб тым, як даглядаць за кветкамі.
Для выканання задання можна звярнуцца да наступных крыніц інфармацыі: артыкул пра фіялкі з энцыклапедыі; узор “Як скласці запіску”.
Інструмент праверкі – аналітычная шкала.
Прыклад 2. Наступілі летнія канікулы. Цяпер вы часцей застаяцеся дома адны. Якую запіску пакіне вам мама?
Крыніцы інфармацыі: карцінны рад “адзін дома”, узор “Як скласці запіску”.
Інструмент праверкі – мадэльны адказ.
Блок 3. Заданні, якія дазваляюць сфарміраваць вопыт разважання пры рашэнні нестандартных задач – жыццёвых сітуацый
У заданнях на ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей і іх аналіз ад вучняў патрабуецца знайсці рашэнне праблемы і даць тлумачэнне (Дадатак 3).
Уменне знайсці і даць аналіз праблемы ўключае фарміраванне наступных уменняў:
– фармуляваць пытанне;
– планаваць даследаванне;
– рабіць высновы на аснове атрыманых дадзеных;
– прыводзіць доказы і аргументы;
– рашаць нестандартныя задачы.
Пры складанні заданняў, якія развіваюць гэтыя ўменні, неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці вучняў. Выкарыстанне такіх стратэгій тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, як “мазаіка праблем”, “цікава, у чым праблема?”, дазваляе фарміраваць такія ўменні. Інструментам назірання заданняў блока з’яўляюцца мадэльны адказ, аналітычная шкала або бланк назірання.
Прыклад 1
Стымул: вы паслухалі паведамленне вучня на канферэнцыі.
Задачная фармулёўка: падрыхтуйцеся задаць розныя пытанні па тэме.
Крыніца інфармацыі: тэкст выступлення (паведамленне вучня), рамонак Блюма (якія бываюць пытанні), табліца “пытанні і паняцці” (тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо).
Інструментарый – аналітычная шкала.
Прыклад 2
Стымул: у Кітаі асноўным прадуктам харчавання з’яўляецца рыс. Кітайцы заўважылі, што вераб’і ядуць рыс, наносяць шкоду сельскай гаспадарцы. За некалькі гадоў былі знішчаны ўсе птушкі. Але ўраджай рысу не павялічыўся, а паменшыўся.
Задачная фармуліроўка: чаму ўраджай рысу не павялічыўся?
Інструментарый – мадэльны адказ.
Прыклад 3
Стымул: было заўважана, што вароны адны ядомыя грыбы адкідаюць дзюбай убок, а іншыя ядуць.
Растлумачце гэтую з’яву. Якую інфармацыю вы будзеце выкарыстоўваць?
Інструментарый – аналітычная шкала.
Выніковасць і эфектыўнасць вопыту
У аснове аналізу вынікаў – дасягненне вучнямі пэўнага ўзроўню пры выкананні заданняў. Я выкарыстоўвала класіфікацыю ўзроўняў прыродазнаўчай падрыхтоўкі вучняў 4 класа, прапанаваную ў даследаваннях TIMMS 2015 [6, 8].
Нізкі ўзровень. Вучні, якія дасягнулі гэтага ўзроўню, могуць прадэманстраваць веданне некаторых простых фактаў, здольны інтэрпрэтаваць малюнкі з абазначэннямі, даць кароткі пісьмовы адказ на пытанне, якое патрабуе ведання фактычнай інфармацыі.
Сярэдні ўзровень. Вучні, якія дасягнулі гэтага ўзроўню, могуць вылучаць некаторую асноўную інфармацыю, звязаную з характарыстыкамі жывых арганізмаў, дэманструюць здольнасць інтэрпрэтаваць малюнкі і прымяняць веды ў практычных сітуацыях.
Дастатковы ўзровень. Вучні, якія дасягнулі гэтага ўзроўню, дэманструюць разуменне пры тлумачэнні з’яў, якія сустракаюцца імі ў паўсядзённым жыцці, першапачатковыя веды і ўменні, звязаныя з правядзеннем даследаванняў, здольны даць кароткі адказ, які ілюструе ўменне аб’яднаць веды некаторых прыродазнаўчых паняццяў з інфармацыяй, атрыманай у паўсядзённым жыцці.
Высокі ўзровень. Вучні, якія дасягнулі гэтага ўзроўню, дэманструюць здольнасць інтэрпрэтаваць вынікі даследаванняў і фармуляваць высновы, а таксама пачатковыя ўменні, звязаныя з ацэначнымі меркаваннямі і іх аргументацыяй.
На працягу трох гадоў праводзіўся маніторынг паспяховасці вучняў па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”. Па выніках навучанасці ўстаноўлена, што паступова павышаецца якасць навучання вучняў праз прымяненне практыка-арыентаваных заданняў (Дадатак 4).
Такім чынам, практыка-арыентаваныя заданні спрыялі павышэнню пазнавальнай матывацыі вучняў, фарміраванню агульнаадукацыйных уменняў і навыкаў, развіццю самастойнасці мыслення. Выкананне такіх заданняў прадугледжвала свабоднае валоданне праграмным зместам не толькі ў знаёмай, але і ў незнаёмай сітуацыі.
Пазітыўнай умовай, якая ўплывае на эфектыўнасць і выніковасць вопыту, з’яўляецца высокая зацікаўленасць настаўнікаў пачатковых класаў у выкарыстанні практыка-арыентаваных заданняў, паколькі раскрываецца сутнасць паняццяў, усталёўваюцца прычынна-выніковыя ўзаемасувязі ў вывучаемых з’явах, улічваецца жыццёвы вопыт вучняў.
Негатыўнай умовай вопыту з’яўляецца тое, што ў многіх вучняў маюцца цяжкасці ў тлумачэнні, аргументаванні і доказе вывучаемых з’яў і паняццяў.
Заключэнне
Такім чынам, каштоўнасць маюць толькі тыя веды, якія знаходзяць прымяненне на практыцы. Гэтае сцвярджэнне стала асновай маёй працы па тэме “Выкарыстанне практыка-арыентаваных заданняў на ўроках “Чалавек і свет” для развіцця пазнавальнага інтарэсу вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набылі практыка-арыентаваныя заданні, прымяненне якіх на ўроках дазволіла ўзмацніць практычную накіраванасць навучання, паказала значнасць прадмета для вырашэння жыццёва важных задач, спрыяла фарміраванню ў вучняў ключавых кампетэнцый.
Планую гэты вопыт удасканальваць: прадоўжыць распрацоўваць практыка-арыентаваныя заданні па прадмеце “Чалавек і свет”, сістэматызаваць іх па раздзелах.
Прапанаваныя заданні могуць быць выкарыстаны настаўнікамі пачатковых класаў для актывізацыі пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце (падрыхтоўка да алімпіяд, даследчых работ), а таксама настаўнікамі старэйшых класаў, паколькі фарміраванне практычных уменняў школьнікаў павінна ажыццяўляцца на працягу ўсяго навучання ў школе.
Вопытам работы дзялілася з калегамі на школьным педсавеце, а таксама на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў Навагрудскага раёна.
Спіс літаратуры
1 Ветров, Ю.П. Практико-ориентированный подход / Ю.П.Ветров, Н.П.Коушкина // Вестник образования в России. – 2002. – № 6. – С. 43–46.
2 Гин, С.И., Добродушенко, М.И. Использование компетентностных заданий при обучении предмету “Человек и мир”/ С.И.Гин, М.И.Добродушенко // Пачатковая школа. – 2017. – №4. – С. 18–24.
3 Иванов, В.М., Грудуз, А.А., Мачульная, И.А. Практико-ориентированное обучение школьников и самоопределение личности // Концепт. – 2014. – № 18. – С. 21–25.
4 Компетентностно ориентированные задания. Конструирование и применение в учебном процессе: учеб.-метод. Пособие / под ред. Н.Ф. Ефремовой. – М. : Нац. образование, 2013.
5 Латышина, Д.И. История педагогики (история образования и педагогической мысли): учебное пособие. – М. : Гардарики, 2005. – 603 с.
6 Международное исследование по оценке качества математического и естественнонаучного образования TIMMS [Электрон. ресурс]. – Режим доступа: http://сenteroko.ru/timms15_pub.htm. –Дата доступа: 21.03.2021.
7 Практико-ориентированные задачи: структура, уровни сложности и алгоритм составления [Электрон.ресурс]. – Режим доступа: <http://открытыйурок.рф/статьи/642510>. – Дата доступа: 13.02.2021.
8 Результаты международного исследования TIMMS 2015: 4-й кл. [Электрон. ресурс]. – Режим доступа: http://www.сenteroko.ru/public.htm. – Дата доступа: 21.03.2021.
9 Хуторской, А.В. Ключевые компетенции как компонент личностно-ориентированной парадигмы образования / А.В.Хуторской. Ученик в обновляющейся школе. – М. : ИОСО РАО, 2002.