Гульня складаецца з сямі прыпынкаў, на кожным з якіх дзеці спрабуюць адказаць на пытанні, якія тычацца Беларусі ці родных мясцін.
Таццяна БЯЛІЦКАЯ,
выхавальнік групы падоўжанага дня
ДУА “Гімназія № 1 г. Свіслачы”,
Гродзенская вобласць
Мэта: пашырэнне ведаў вучняў пра сваю краіну.
Задачы:
– фарміраваць у дзяцей асновы патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці;
– замацоўваць уяўленні пра родны горад, пра Беларусь;
– развіваць уменне слухаць сваіх сяброў;
– выхоўваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, любоў да роднага краю.
Папярэдняя работа: разглядванне карты Беларусі, завучванне вершаў пра Беларусь, прагляд відэароліка” Мая малая радзіма”, экскурсія па знакамітых месцах горада.
Абсталяванне: відэаролік “Мая малая радзіма”, макет кветкі васілька, выстава кніг і фотаздымкаў.
Афармленне дошкі: карта Беларусі, фотаздымкі, малюнкі і карціны беларускіх краявідаў, знакамітых гістарычных мясцін і будынкаў Свіслаччыны.
Ход мерапрыемства
1 Арганізацыйны этап
Выхавальнік: Добры дзень, паважаныя сябры!
Я сардэчна ўсіх вітаю,
На занятак запрашаю.
Бачу, што ўсе гатовы,
Значыць, будзем пачынаць.
Кожны чалавек унікальны, ён валодае толькі яму ўласцівымі якасцямі. Але, нягледзячы на тое, што мы такія розныя, многае нас аб’ядноўвае. Як вы лічыце, што можа аб’ядноўваць нас з вамі? (Адказы дзяцей.)
Так, усе мы жыхары прыгожай краіны Рэспублікі Беларусь.
Вучаніца:
На карце вялікага свету
Яна як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Вучань:
Мяжуе з Польшчай, Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына, жыццё тваё і гонар твой.
Вучаніца:
I ты яе запомні імя,
як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла: Беларусь!
ІІ Асноўны этап
Выхавальнік: Сёння я запрашаю вас адправіцца ў цудоўнае падарожжа па Беларусі. Мы высветлім, што вы ведаеце пра сваю краіну, пра родны горад, у якім жывяце, падзівімся на дзівосныя беларускія краявіды, а таксама даведаемся шмат новага і цікавага. Я хачу правесці вас па зямлі, якая для ўсіх нас даражэйшая за ўсё. А каб настроіцца на адпаведны лад нашага падарожжа, прапаную вам паслухаць вельмі прыгожую і знакамітую песню пра Беларусь, а вы пасля паспрабуеце адказаць на пытанне: хто з’яўляецца выканаўцам гэтай песні?
Гучыць песня “Мой родны кут” (муз. I.Лучанка) у выкананні ансамбля “Песняры”.
Выхавальнік: У час падарожжа кожны з вас мае магчымасць прадэманстраваць свае веды пра Беларусь і тым самым даказаць, што ён сапраўдны беларус. А памочнікам у нашым падарожжы будзе вось гэтая кветачка (макет васілька, на кожным пялёстку якога напісаны назвы прыпынкаў гульні, дзеці адрываюць пялёсткі і агучваюць назву прыпынку). Як называецца гэта кветка і чаму менавіта яна? (Адказы вучняў.) Вы ўсе ведаеце, што васілёк з’яўляецца сімвалам Беларусі, таму мы і выбралі яго нашым спадарожнікам.
Прыпынак 1. “Наша Радзіма – Беларусь”
Выхавальнік: Наш беларускі край – гэта гарады і вёскі, рэкі і лясы, птушкі і звяры. Радзіма – гэта і ўся краіна, і месца, дзе ты нарадзіўся. А цяпер адкажыце, калі ласка, на пытанні:
1) Як называецца наша Радзіма? (Беларусь)
2) Назавіце прэзідэнта Беларусі. (А.Р.Лукашэнка)
3) Назавіце сталіцу Беларусі. (Мінск)
4) Якога колеру флаг Беларусі? (Чырвонага, зялёнага)
5) Які від транспарту ёсць толькі ў Мінску? (Метро)
6) Лісток якога дрэва нагадвае выява нашай краіны на карце? (Клён)
Прыпынак 2. “Дрэвы Беларусі”
Выхавальнік: Нашу краіну вельмі часта называюць зялёнай. Як вы думаеце чаму? Бо ў нас вельмі шмат лясоў. Лясы займаюць большую частку тэрыторыі Беларусі. А давайце паспрабуем адказаць, якія дрэвы насяляюць гэтыя лясы.
1) Назаві самае салодкае дрэва нашай краіны. (Ліпа)
2) Назаві самае вядомае дрэва Беларусі з белай карой. (Бяроза)
3) Якое дрэва расце ў хваёвых лясах і ачышчае паветра? (Сасна)
4) З якога дрэва вырабляюць запалкі? (З асіны)
5) Дрэва-плакса. (Іва)
6) Дрэва, якое пакрывае зямлю белым пухам. (Таполя)
Прыпынак 3. “Белавежская пушча”
Выхавальнік: Запаведнік “Белавежская пушча” з’яўляецца старэйшым у Еўропе. Яго жывёльны свет вельмі багаты. Давайце даведаемся, якія звяры насяляюць сёння пушчу.
1) Назавіце самую вялікую жывёлу пушчы. (Зубр)
2) Назавіце жывёлу, якая будуе дом у рэчцы. (Бабёр)
3) Які жыхар лесу сушыць грыбы на дрэвах? (Вавёрка)
4) Які жыхар лесу мяняе футра два разы на год? (Заяц)
5) Каго са звяроў у казках называюць Патрыкееўна? (Лісу)
6) Самы драпежны звер пушчы. (Воўк)
Прыпынак 4. “Птушыны базар”
Выхавальнік: А зараз мы з вамі даведаемся, якіх птушак можна сустрэць на тэрыторыі Беларусі.
1) Назавіце птушку – сімвал Беларусі) (Бусел)
2) Хто днём спіць, ноччу лятае, усіх пужае? (Сава)
3) Якую птушку называюць санітарам лесу? (Дзятла)
4) Якая птушка прылятае з выраю першай? (Грак)
5) Якая птушка выводзіць птушанят у люты мароз? (Крыжадзюб)
6) Якія птушкі падкідваюць яйкі ў іншыя гнёзды? (Зязюлі)
Прыпынак 5. “Беларуская гульня”
Выхавальнік: Доўга мы вандравалі, крыху стаміліся, трэба і адпачыць. На гэтай станцыі мы пазнаёмімся з гульнявымі традыцыямі беларускага народа. Прапаную пагуляць у беларускую народную гульню “Грушка”.
Дзеці бяруцца за рукі, утвараючы круг, у сярэдзіне якога становяцца хлопчык або дзяўчынка. Гэта і будзе “грушка”. Усе ходзяць вакол “грушкі” па крузе:
Мы пасадзім грушку –
Вось так, вось так!
Няхай наша грушка
Расце, расце
Вырастай ты, грушка,
Вось такой вышыні;
Вырастай ты, грушка,
Вось такой шырыні;
Вырастай ты, грушка,
Вырастай у добры час!
Патанцуй, Марылька,
Пакружыся ты для нас!
А мы гэту грушку
Усе шчыпаць будзем.
Ад нашай Марылькі
Уцякаць будзем!
“Грушка” ўсярэдзіне круга павінна рабіць усё тое, пра што спяваецца ў песні: танцаваць, кружыцца. На словы “Вось такой вышыні” дзеці паднімаюць рукі ўверх, а на словы “Вось такой шырыні” разводзяць іх у бакі. Калі спяваюць “А мы гэту грушку ўсе шчыпаць будзем”, усе набліжацца да “грушкі”, каб дакрануцца да яе, і хутка ўцякаюць, а “грушка” ловіць каго-небудзь.
Прыпынак 6. “Рака беларускай мовы”
Выхавальнік: Каб перабрацца цераз рэчку, вам трэба пабыць перакладчыкамі і паказаць сваё веданне беларускай мовы. Ваша задача – падабраць беларускія адпаведнікі да слоў з рускай мовы.
1) Карандаш – … (аловак).
2) Родина – … (Радзіма).
3) Тетрадь – … (сшытак).
4) Учебник – … (падручнік).
5) Утро – … (раніца або ранак).
6) Ёж – … (вожык).
7) Дождь – … (дождж).
8) Осень – … (восень).
9) Лакомство – … (ласунак).
10) Роза – … (ружа).
Прыпынак 7. “Я ведаю свой горад!”
Выхавальнік: А цяпер я запрашаю вас павандраваць па нашым родным горадзе Свіслачы.
1) Імя якога палітычнага дзеяча носіць назву гімназія Свіслачы? (К.Каліноўскага)
2) Якую назву носіць самая доўгая па працягласці вуліца нашага горада? (Леніна)
3) Ці ёсць у горадзе музеі? (Краязнаўчы, музей хлеба)
4) Колькі жыхароў пражывае ў нашым горадзе? (6 тысяч)
5) Якія вучэбныя ўстановы ёсць у нашым горадзе? (сярэдняя школа № 2, гімназія)
6) Колькі вуліц у нашым горадзе? (26)
ІІІ Заключны этап
Выхавальнік: Вось і скончылася наша падарожжа па роднай краіне. Трэба падвесці вынікі гульні. (Робіцца падлік балаў, пераможцы ўручаецца грамата).
Рэфлексія.
Дапоўніце выказванні:
Беларусь – гэта………
Я люблю сваю краіну, бо………..
Я ганаруся сваёй Радзімай, бо ………..
Я хачу, каб мой горад………..
Выхавальнік: Сённяшняе падарожжа дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай краіне. І дзе б мы ні былі, у якіх цудоўных краінах не пабывалі, мы заўсёды будзем чакаць сустрэчы са сваім родным краем. А якая будзе наша краіна ў будучым, залежыць толькі ад вас.