Інтэлектуальная гульня “Знаўцы анатоміі”. Пазакласнае мерапрыемства па біялогіі для вучняў 9-х класаў

- 13:32II И III СТУПЕНИ, БИОЛОГИЯ, Биология. Внеклассная работа, Методичка

Інтэлектуальная гульня для вучняў 9-х класаў можа быць выкарыстана ў рамках прадметнага тыдня.

Ганна ЖЭГЗДРЫНЬ,
настаўнік біялогіі
ДУА “Нацкая сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта мерапрыемства: павышэнне зацікаўленасці і актывізацыя дзейнасці навучэнцаў да прадмета “Біялогія” праз сістэму займальных заданняў.

Задачы:

– адукацыйная: паўтарыць і замацаваць веды, атрыманыя пры вывучэнні раздзелаў “Нервовая сістэма”, “Сенсорная сістэма”, Эндакрынная сістэма”, “Апорна-рухальны апарат”, “Унутранае асяроддзе арганізма”, “Сардэчна-сасудзістая сістэма”, “Дыхальная сістэма”, “Стрававальная сістэма”;
– развіваючая: развіваць лагічнае мысленне, кемлівасць, пазнавальную актыўнасць, камунікатыўныя навыкі;
– выхаваўчая: выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго здароўя, патрэбнасць вядзення здаровага ладу жыцця.

Абсталяванне: інтэрактыўная панэль-мультыборд, прэзентацыя “Знаўцы анатоміі”, макеты ўнутраных органаў, карткі з заданнямі, чорная скрыня, шкілет чалавека, відэаролік “Здаровы лад жыцця”.

 

Ход мерапрыемства

Я рада вітаць вас на інтэлектуальнай гульні “Знаўцы анатоміі”. (Слайд 1)

Сёння спаборнічаюць дзве каманды: “МегаМозг” (дэвіз – “Адна галава добра – а пяць лепш”) і “Кардыё” (дэвіз – “Біцца да канца”).

Ацэньваць каманды будзе журы ў складзе (называецца журы). Тая каманда, якая набярэ больш балаў, стане пераможцай і будзе ўзнагароджана медалямі “Знаток анатоміі”.

Ад вас патрабуецца кемлівасць і хуткасць мыслення. Наперадзе вас чакае цікавая гульня. Жадаю ўсім поспехаў!

Такім чынам, увага, пачынаем.

 

I раўнд. Інтэлектуальная размінка “Пытанне – адказ” (Слайд 2)

Пытанні задаюцца камандам па чарзе. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае па адным бале.

1) Чалавек, які дае ў медыцынскіх мэтах сваю кроў або орган (донар).
2) Крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ ад сэрца да органаў (артэрыі).
3) Гармоны шчытападобнай залозы (тыраксін і трыёдтыранін).
4) Механічны ці электрычны прыбор для вымярэння велічыні артэрыяльнага ціску (танометр).
5) Цэнтр зроку ў галаўным мозгу (патылічная вобласць кары вялікіх паўшар’яў).
6) Успрыманне колеру забяспечваюць… (колбачкі).
7) Адтуліна ў радужнай абалонцы, праз якую ў вока пранікаюць светлавыя прамяні (зрэнка).
8) Асноўныя кампаненты крыві (плазма і форменныя элементы).
9) Перанос кіслароду і вуглякіслага газу ў крыві ажыццяўляюць… (эрытрацыты).
10) Форменныя элементы, якія забяспечваюць ахову арганізма ад хваробатворных мікраарганізмаў і чужародных рэчываў (лейкацыты).
11) У сценцы сэрца адрозніваюць тры слаі… (эпікард, міякард, эндакард.)
12) Самая доўгая косць у чалавека… (сцегнавая косць).
13) Самая маленькая косць нашага цела (стрэмечка).
14) Форменныя элементы крыві, якія забяспечваюць яе згусанне (трамбацыты).
15) Гармон, які зніжае ўтрыманне глюкозы ў крыві (інсулін).
16) Іх часта называюць гармонамі страху і гневу (адрэналін і норадрэналін).
17) Знаходзіцца ў патылічнай частцы галаўнога мозга за мастом, адказвае за каардынацыю рухаў, рэгуляцыю мышачнага тонусу і захаванне раўнавагі (мазжачок).
18) Колькі касцей налічвае шкілет чалавека? (205–207).
19) Парныя залозы, размешчаныя на верхніх полюсах нырак (наднырачнікі).
20) Самая буйная артэрыя ў арганізме чалавека (аорта).
21) Самыя дробныя крывяносныя сасуды, якімі прасякнуты органы і тканкі (капіляры).
22) Фотарэцэптары сятчаткі, якія забяспечваюць змрочны зрок (палачкі).
23) Перыяд, які ахоплівае адно скарачэнне і расслабленне сэрца (сардэчны цыкл).
24) Лейкацыты, якія ажыццяўляюць захоп і ператраўліванне чужародных мікраарганізмаў (фагацыты).
25) Частка дыхальных шляхоў паміж гартанню і бронхамі (трахея).
26) Аддзел слыхавога аналізатара, які складаецца з барабаннай поласці, слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка і стрэмечка) і слыхавой трубы, злучанай з глоткай (сярэдняе вуха).
27) Празрыстая, дваякавыпуклая лінза, размешчаная за радужнай абалонкай вока. Пераламляе праходзячыя прамяні святла і факусіруе малюнак дакладна на сятчатцы (хрусталік).
28) Скарачэнне перадсэрдзяў або жалудачкаў (сістала).
29) Нізкамалекулярныя арганічныя злучэнні, неабходныя для нармальнага абмену рэчываў (вітаміны).
30) Тонкая эластычная мембрана, якая аддзяляе вонкавае вуха ад сярэдняга (барабанная перапонка).

 

II раўнд “Расшыфруйце анаграмы” (Слайды 3, 4)

Перастаўце літары так, каб атрымаліся анатамічныя тэрміны.

Каманды атрымліваюць аднолькавыя карткі. За кожны правільны анатамічны тэрмін каманда атрымлівае адзін бал. На выкананне задання – 1 мінута.

Анаграма

Анатамічны тэрмін

СКРАЛЕ

 

РАОТА

 

ТАПАЛКА

 

ЧАНЬПЕ

 

КІНАЎСТР

 

МАГРАФЫДЯ

 

ЧЭПАР

 

ФАМІЛ

 

НОРНЕЙ

 

ТАВІМІНЫ

 

Правільныя адказы: склера, аорта, лапатка, печань, страўнік, дыяфрагма, чэрап, лімфа, нейрон, вітаміны.

 

III раўнд “Чорная скрыня” (Слайд 5)

Увага, чорная скрыня. (Гучыць музыка)

 

Яшчэ персідскі філосаф, лекар, прыродазнавец Авіцэна сцвярджаў, што менавіта ад яе залежыць здароўе ўсяго арганізма. Ад працы гэтага органа залежыць не толькі наша здароўе, але і жыццё. За 1 гадзіну праз орган праходзіць каля 90 л крыві (за суткі – 2000 л). Яго яшчэ называюць “варотамі бяспекі”, бо ён можа выяўляць і абясшкоджваць вірусы і бактэрыі. Орган атрымлівае і назапашвае вітаміны. Дзякуючы гэтаму органу наш арганізм выпрацоўвае вітамін D, а таксама ў ім змяшчаецца вялікая колькасць жалеза. Гэта адзіны орган, які валодае аднаўленчай функцыяй.

Які орган знаходзіцца ў чорнай скрыні? (Печань)

На абмеркаванне пытання – 1 мінута (час фіксуецца з дапамогай секундамера). Кожная каманда запісвае адказ на лістку. За правільны адказ камандзе налічваецца 5 балаў.

 

IV раўнд “Анатамічная галаваломка” (Слайд 6)

Капітаны выцягваюць картку (спіс органаў).

Назавіце функцыю органа і да якой сістэмы арганізма належыць орган.

На абмеркаванне – 1 мінута.

Картка 1

Прадаўгаваты мозг
Страўнік
Гартань

 

Картка 2

Лёгкія
Рагавіца
Стрававод

 Адказы:

Прадаўгаваты мозг (Выконвае рэфлекторную і правадніковую функцыі, нервовая сістэма).
Страўнік (Механічная апрацоўка ежы дзякуючы скарачэнням гладкай мускулатуры, стрававальная сістэма).
Гартань (Надгартаннік пры глытанні закрывае ўваход у гартань.Удзел ва ўтварэнні гукаў і мовы. Правядзенне паветра ў трахею. Дыхальная сістэма).
Лёгкія (Газаабмен праз альвеалярна-капілярную мембрану, дыхальная сістэма).
Рагавіца (Прапускае і праламляе светлавыя прамяні, зрокавая сенсорная сістэма).
Стрававод (Перамяшчэнне харчовага камяка да страўніка, стрававальная сістэма).

 

Хвілінка адпачынку (Слайд 7)

 

Практыкаванне “Пляскай у далоні”

Задаюцца пытанні. Пры станоўчым адказе, удзельнікі гульні павінны пляскаць у далоні.

Пытанні:

– У каго здаровыя зубы? Пляскайце ў далоні
– Хто спіць 8 гадзін у суткі?
– Хто кожны дзень есць садавіну?
– Хто кладзецца спаць да 10 гадзін вечара?
– Хто любіць фізічную культуру?
– Хто робіць ранішнюю зарадку?
– Хто не курыць?
– Хто больш за дзве гадзіны ў дзень знаходзіцца на вуліцы?

Дзякую за выкананне практыкавання. Жадаю вам быць здаровымі і шчаслівымі. А здароўе шмат у чым залежыць ад ладу жыцця.

А зараз – увага на мультыборд!

 

Музычная паўза (Слайд 8)

Відэаролік “Здаровы лад жыцця”

 

V раўнд “Назаві хваробу” (Слайд 9)

Пытанні задаюцца камандам па чарзе. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае па аднаму балу.

1) Самае распаўсюджанае захворванне зубоў… (карыес).
2) Парушэнне зроку, абумоўленае прыроджаным дэфектам колбачак, пры якім не ўспрымаецца адзін або некалькі колераў (дальтанізм).
3) Расстройства зроку, звязанае з памутненнем хрусталіка (катаракта).
4) Захворванне, абумоўленае лішкам гармонаў шчытападобнай залозы. Суправаджаецца павышэннем узбудлівасці нервовых клетак, развіццём лупатасці, пачашчэннем сэрцабіцця, схудненнем (базедава хвароба).
5) Эндакрыннае захворванне, выкліканае недастатковай функцыяй шчытападобнай залозы. Суправаджаецца затрымкай фізічнага і псіхічнага развіцця (крэтынізм).
6) Недастатковая прадукцыя гармонаў кары наднырачнікаў з’яўляецца прычынай… (бронзавай хваробы).
7) Рэдкае спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем згусання крыві. Пры дэфіцыце хаця б аднаго з фактараў згусання ўзнікаюць кровазліцці ў суставы, мышцы і ўнутраныя органы. Чалавеку з такім парушэннем ставіцца дыягназ… (гемафілія).
8) Цяжкае інфекцыйнае захворванне, выкліканае хваробатворнымі мікраарганізмамі, якія трапілі ў кроў. Пры хваробе запаленчы працэс захоплівае не асобны  орган, а ўвесь арганізм (сэпсіс).
9) Захворванне, звязанае з парушэннем вугляводнага абмену, пры якім становіцца немагчымым засваенне глюкозы клеткамі, і яна назапашваецца ў крыві (цукровы дыябет).
10) Хранічнае захворванне, пры якім на ўнутранай паверхні артэрый фарміруюцца атэрасклератычныя бляшкі (атэрасклероз).
11) Дэфект зроку, пры якім прамяні факусіруюцца перад сятчаткай вока (блізарукасць).
12) Хваравіты стан, які ўзнікае з-за скарачэння колькасці эрытрацытаў у крыві, змяншэння ў іх гемаглабіну або страты вялікай колькасці крыві (анемія (малакроўе)).
13) Пляскатасць зводу ступні, якая ўзнікае з-за расцяжэння звязак. Выклікае боль пры хадзьбе і хуткую стамляльнасць (плоскаступнёвасць).
14) Дэфект зроку, пры якім прамяні факусіруюцца за сятчаткай (дальназоркасць).

 

VI раўнд “Выказванні вялікіх людзей” (Слайды 10, 11)

Падбярыце тэрміны, якія ўжываліся вядомымі людзьмі для характарыстыкі чалавечай сутнасці, закончыце выказванні.

Пытанні задаюцца дзвюм камандам адначасова, адказы прымаюцца па прынцыпе: хто хутчэй. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае па адным бале.

1. “… трэба берагчы. І не толькі сваё”. (Эмануіл Якаўлевіч Герман)
2. “…  – самае складанае, што ёсць у целе чалавека”. (Клаўдзій Гален)
3. “Новую ежу можна прымаць толькі тады, калі са … выйдзе старая”. (Гіпакрат)
4. “…– люстэрка душы”. (Леў Мікалаевіч Талстой)
5. “…– гэта пульт кіравання целам”. (Сілан Рамішвілі)

Правільныя адказы:

1) Сэрца
2) Мозг
3) Страўнік
4) Вочы
5) Галава

 

VII раўнд “Шкілет чалавека” (Слайд 12)

Назавіце аддзелы шкілета.

Удзельнікі каманд па чарзе выцягваюць нумары, знаходзяць нумар на шкілеце чалавека і называюць аддзел шкілета. За кожны правільны адказ – 1 бал, за памылку бал аднімаецца.

1) Мазгавы аддзел чэрапа
2) Ключыца
3) Грудзіна
4) Рэбры
5) Пазваночнік
6) Лапатка
7) Плечавая косць
8) Сцегнавая косць
9) Вялікая галёначная косць
10) Малая галёначная косць
11) Прамянёвая косць
12) Локцевая косць
13) Тазавая косць
14) Пятачная косць

VIII раўнд “Конкурс капітанаў” (Слайд 13)

Капітаны выконваюць заданне па QR-кодзе.

За правільна выкананае заданне каманда атрымлівае 2 балы.

 

IХ раўнд “Сінквейн” (Слайд 14)

Складзіце сінквейн.

Для кожнай каманды картка. На выкананне – 1 мінута

Картка 1

Сэрца

тэма сінквейна

 

два прыметнікі, якія апісваюць уласцівасці тэмы

 

тры дзеясловы, якія распавядаюць аб дзеяннях тэмы

 

сказ ці фраза з чатырох слоў

 

сінонім да ключавога слова

 

Картка 2

Зубы

тэма сінквейна

 

два прыметнікі, якія апісваюць уласцівасці тэмы

 

тры дзеясловы, якія распавядаюць аб дзеяннях тэмы

 

сказ ці фраза з чатырох слоў

 

сінонім да ключавога слова

 

Падвядзенне вынікаў

Журы падводзіць вынікі.

Узнагароджанне пераможцаў. (Гучыць музыка)

 

Пераможцы ўзнагароджваюцца медалямі “Знаўца анатоміі” (Слайд 15)

 

Рэфлексія (Слайд 16)

Прыём “Ланцужок пажаданняў”

Вучням прапануецца звярнуцца да аднакласнікаў або да сябе з пажаданнем.

Напрыклад:

– Я жадаю табе …
– Я жадаю майму арганізму …

 

Табліца падліку балаў

Раўнды

“МегаМозг”

“Кардыё”

I раўнд. Інтэлектуальная размінка “Пытанне – адказ”.
(за кожны правільны адказ – 1 бал)

 

 

II раўнд. “Расшыфруйце анаграмы”
(за кожны правільны анатамічны тэрмін – 1 бал)

 

 

III раўнд. “Чорная скрыня”
(за правільны адказ – 5 балаў)

 

 

IV раўнд. “Анатамічная галаваломка”
(функцыя органа – 2 балы, сістэма арганізма – 1 бал)

 

 

V раўнд. “Назаві хваробу”
(за кожны правільны адказ – 1 бал)

 

 

VI раўнд. “Выказванні вялікіх людзей”
(за кожны правільны адказ  – 1 бал)

 

 

VII раўнд. “Шкілет чалавека”
(за правільны адказ – 1 бал, за памылку бал аднімаецца)

 

 

VIII раўнд. “Конкурс капітанаў”
(за правільна выкананае заданне – 2 балы)

 

 

IХ раўнд. “Сінквейн”
(2 балы)

 

 

Усяго

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий