Вольга ДУДКО,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”
Мэта: фарміраванне паняцця “сінонімы”.
Задачы:
– пазнаёміць вучняў са словамі з блізкім гучаннем, але розным значэннем, вучыць знаходзіць сінонімы ў сказах;
– развіваць уменне дакладна ўжываць словы ў маўленні;
– фарміраваць грамадзянскую пазіцыю асобы, патрыятызм і нацыянальную самасвядомасць вучняў;
– выхоўваць экалагічную і эстэтычную культуру вучняў.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.
Форма правядзення: урок—экскурсія.
Абсталяванне: карта Рэспублікі Беларусь, тлумачальны слоўнік, слоўнік сінонімаў беларускай мовы, карткі з заданнямі, “Беларусь – наша Радзіма” (падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), мультыборд, запіс песні “Каляда” (у выкананні ансамбля “Песняры”), прэзентацыя.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
– Мне хочацца пачаць урок з верша “За навуку” знакамітага беларускага пісьменніка і паэта Якуба Коласа.
Пахавайце вуды, стрэлы, лукі,
Прыступіце, дзеці, да навукі,
Каб было ўсё акуратна,
Каб вучыцца на выдатна.
– Жадаю вам поспехаў у вывучэнні роднай мовы!
II Праверка дамашняга задання
Практыкаванне 148. (Вусна адказвае 1 вучань, 2–3 вучні выконваюць заданні на картках).
III Чыстапісанне
– Вучням, якія выконвалі заданні на картках, неабходна было размеркаваць кожнае словазлучэнне ў патрэбны ранец. Што такое ранец?
– Давайце ўспомнім. Мы ўжо на мінулых уроках гаварылі, дзе можам знайсці значэнне слова. (Тлумачальны слоўнік.)
– Ранец – гэта паходная ваенная або вучнёўская сумка, якую носяць за спінай.
– А ці можа ёсць яшчэ назва для гэтага прадмета? (Рукзак.)
Вучні прапісваюць літары У, З, Р і іх спалучэнні РУ, ЗА, звяртаюць увагу на злучэнні літар.
У другім радку прапісваюць слова рукзак, звяртаюць увагу на тое, што гэта слоўнікавае слова. (На дошцы размешчаны ў слупок словы “ранец”, “рукзак”)
IV Паведамленне тэмы і мэт урока
– Куды мы з сабой можам браць рукзак? (Адказы дзяцей)
– Вельмі часта рукзак бяруць з сабой на экскурсію.
– Якім словам можна замяніць слова “экскурсія”? (Падарожжа, вандроўка) (Словы вывешваюцца на дошку).
– Паглядзіце ўважліва на словы, якія з’явіліся на дошцы. Якія яны па значэнні? (Блізкія.)
– Запішыце словы ў сшытак. (Каменціруе адзін з вучняў).
– Давайце паспрабуем назваць тэму ўрока. (Сінонімы.)
– Паглядзіце на слайд і паспрабуйце сказаць, што нам неабходна сёння будзе зрабіць на ўроку?
– Рукзакі ў нас ёсць, прапаноўваю адправіцца ў падарожжа.
– Для таго каб экскурсіі былі бяспечнымі і цікавымі, звяртаюцца ў турыстычныя агенцтвы. Я таксама звярнулася за паслугамі ў агенцтва “Падарожнік.by”
– Гэта агенцтва незвычайнае. Яно прапаноўвае наведваць мясціны Рэспублікі Беларусь, якія маюць важнае значэнне для народа нашай краіны. Праязныя білеты ляжаць у вас на партах.
– Давайце ўспомнім правілы паводзін на экскурсіі.
V Вывучэнне новага матэрыялу
– Хто такія падарожнікі?
– Каго мы можам узяць у падарожжа? (Сяброў.)
– На вашых білетах прапанавы словы. З іх неабходна выбраць тыя, якія з’яўляюцца блізкімі па значэнні да слова “сябар”.
– Яшчэ раз давайце ўспомнім, як называюцца такія словы?
Аналіз матэрыялу падручніка на с. 95.
Фіхвілінка
– Прадстаўнікі турыстычнага агенцтва вельмі любяць народныя святы, абрады, звычаі. Яны прапанавалі нам перад пачаткам падарожжа крыху размяцца. А зможам мы гэта зрабіць, калі ўспомнім, якое зімовае свята набліжаецца? (Каляды.)
– Беларусы з любоўю і павагай захоўваюць традыцыі сваіх продкаў. Мы з вамі не выключэнне. Давайце выканаем фізхвілінку пад песню знакамітага беларускага спевака Уладзіміра Мулявіна і яго гурта “Песняры”, якая называецца “Каляда”
– Звярніце ўвагу на слайд.
– Што гэта? Дзе мы можам сустрэць такія знакі? Што абазначаюць гэтыя лічбы?
– Звярніце ўвагу на карту. Колькі абласцей у нашай краіне?
– Пастаўце назвы абласных цэнтраў у алфавітным парадку.
– Наш маршрут будзе пастроены менавіта ў такой паслядоўнасці. Выключэнне саставілі апошнія два пункты. Вы здагадаліся, чаму на рэгістрацыйных нумарах аўтамабіляў Мінскай вобласці стаіць нумар 5, а Магілёўскай нумар 6? Як пішуцца па-руску назвы гэтых абласных цэнтраў?
Брэст
– Я вельмі рада, што экскурсія пачынаецца менавіта з гэтага горада. У гэтай чвэрці ў Брэсце мы наведалі славутую мясціну – Брэсцкую крэпасць-герой. А чым яна славутая, хачу пачуць ад вас.
– Злучыце пары слоў, блізкія па значэнні. (Работа ў парах)
– Якімі словамі з пералічаных вышэй можна ахарактарызаваць савецкага салдата?
Віцебская вобласць, горад Полацк
– Зараз мы з вамі апынуліся ў самым старажытным горадзе нашай краіны – Полацку. Ён быў заснаваны ў 862 годзе (1160 гадоў таму назад). Тут жыла і дапамагала людзям Еўфрасіння Полацкая. Яна была з багатай сям’і, але ўсе свае сродкі і ўсё жыццё прысвяціла служэнню Богу і беларускаму народу. За яе грошы пабудаваны Сафійскі Сабор і жаночы манастыр, перапісана шмат кніг (у той час гэта маглі сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі). Як можна ахарактарызаваць гэтага чалавека? Якая яна? (Добрая.) Якое сэрца ў добрага чалавека? Як называюць чалавека з добрым сэрцам? (Міласэрны.)
– Вось у нас атрымалася яшчэ адна пара сінонімаў (добры – міласэрны).
– Яшчэ адзін вядомы чалавек, які жыў у самым старажытным горадзе, – Францыск Скарына. Ён стаў першым, хто надрукаваў кнігу ў Беларусі. Да гэтага кнігі толькі перапісваліся. Скарына быў вельмі адукаваным чалавекам. Яму давялося вучыцца за мяжой, у Італіі, там ён атрымаў прафесію доктара. Але ўсё роўна вярнуўся на радзіму. Як называюць чалавека, якога ўсе ведаюць? (Вядомы.)
– Сярод наступных слоў падбярыце да слова “вядомы” сінонімы (акуратны, знакаміты, славуты).
Гомель
– На Гомельшчыне мы наведаем Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Яго плошча дасягае 200 тысяч гектараў. Для таго каб даведацца, якія прыродныя згуртаванні ёсць на тэрыторыі гэтага парка, неабходна выканаць практыкаванне ў падручніку.
Работа па падручніку
Практыкаванне 150. (Выконваецца калектыўна. Дзеці называюць лішнія словы. Запісваюць сказы, каменціруюць).
– Мы ведаем, што на паўднёвай тэрыторыі ёсць шмат балот. Успомніце з урокаў “Чалавек і свет”, як яшчэ называюць балоты. (Дрыгва, багна.)
Гродна
– На Гродзеншчыне вырошчваюць расліну, якая з’яўляецца беларускім сімвалам. (Лён.)
– Чаму яна з’яўляецца сімвалам. Што з яе вырабляюць?
– Дзе можна сустрэць выяву гэтай расліны? (На гербе нашай краіны.)
– Прамысловасць, звязаная з вытворчасцю льняных вырабаў, патрабуе шмат працы. Дзякуючы таму што вялікая колькасць людзей не шкадуе сваіх сіл, часу і аддана працуе, наша краіна можа ганарыцца сваімі дасягненнямі.
– Як называюць чалавека, які любіць сваю справу? (Працалюбівы, працавіты, старанны.)
Мінская вобласць, сядзіба Я.Коласа ў Акінчыцах
– На Міншчыне мы наведаем месца, дзе нарадзіўся беларускі паэт Якуб Колас. На экране вы можаце ўбачыць гэта месца.
Работа ў групах
– У вас ёсць тэксты з выдзеленымі словамі. Неабходна іх замяніць сінонімамі.
Мне заўсёды хацелася наведаць дом Якуба Коласа. І вось я тут! Надвор’е цудоўнае, на небе ні воблака. На старым дубе я бачу гняздо бусла. Недалёка і сама хата. Я іду па дарожцы да сараю, дах якога накрыты рагозам. У гэтым месцы можна пазнаёміцца, як жылі людзі больш за 100 гадоў таму назад.
Словы для даведкі: страха, хмаркі, хлява, крочу, бацяна, хату, блізка, сцежцы.
Магілёўская вобласць. Мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак у вёсцы Боркі.
– 15 чэрвеня 1942 года было спалена некалькі і забіта 1800 чалавек. Боркі пасля вайны аднавілі. Але многія з вёсак, якія былі знішчаны тады, зніклі з твару зямлі, як усім вядомая вёска Хатынь.
Прагляд відэароліка пра мемарыял у вёсцы Боркі. https://www.youtube.com/watch?v=xKFT8K0nsJw
– Дзякуючы таму што наш народ змог вытрымаць усе цяжкасці, змог абараніць сябе і іншых ад знішчэння, мы можам быць незалежнымі. Якія словы-сінонімы можна падабраць да гэтага слова? (Свабодныя.)
VI Работа з метадычным комплексам “Беларусь – наша Радзіма” (падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)
– Адгарніце кнігу на старонцы 8, прачытайце верш Юрася Свіркі і знайдзіце сінонімы да назвы нашай краіны. (Бацькаўшчына, Айчына, Радзіма, зямля, Беларусь.)
Словы з’яўляюцца на дошцы.
– Звярніце ўвагу на дошку. Колькі слоў-сінонімаў мы з вамі сёння знайшлі за час нашай вандроўкі! Усе яны датычацца нашай краіны. Чалавека, які жыве на тэрыторыі пэўнай краіны называюць грамадзянінам. А як называюць людзей, якія любяць сваю краіну, паважаюць яе гісторыю і звычаі? (Патрыёт.)
– Ці можам мы сказаць, што гэтыя словы – сінонімы?
VII Рэфлексія
На партах у кожнага вучня ёсць сняжынка. Яе неабходна размясціць у скрынку з фразеалагізмам, які адпавядае іх рабоце на ўроку.
VIII Дамашняе заданне
На апошнім уроку чвэрці на канікулы не задаецца.