Спалучэнне розных форм і метадаў навучання, выкарыстаных на прапанаваным уроку, дало магчымасць рэалізаваць пастаўленыя задачы. Актывізацыя пазнаваўчай дзейнасці вучняў была дасягнута за кошт сістэмы праблемных пытанняў, розных форм арганізацыі работы, выкарыстання эксперыментальнага задання, інтэрнэт-рэсурсу eior.by, відэафрагментаў.
Андрэй СІПАЙЛА,
настаўнік фізікі
ДУА “Гарадзечненская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта:
– фарміраванне ўмення вучняў выводзіць заканамернасці паслядоўнага злучэння праваднікоў, паказваць схему ўчасткаў электрычнага ланцуга з паслядоўным злучэннем праваднікоў, разумець ролю і прынцып работы рэастата ў электрычным ланцугу.
Задачы:
– стварыць умовы для фарміравання ў вучняў уяўлення аб паслядоўным злучэнні праваднікоў і эксперыментальных вывадах яго заканамернасцей; разумення ролі і прынцыпу работы рэастата ў электрычным ланцугу;
– спрыяць набыццю ведаў і ўменняў аб заканамернасцях паслядоўнага злучэння праваднікоў, атрыманых у ходзе актыўнага пошуку і самастойнага рашэння праблем;
– садзейнічаць развіццю ўменняў назіраць фізічныя з’явы, аналізаваць вынікі эксперыменту, рабіць абагульненні і вывады;
– садзейнічаць выхаванню самастойнасці і ініцыятывы вучняў.
Тып занятку: урок вывучэння новага матэрыялу.
Абсталяванне:
– дэманстрацыйнае: мультыборд, рэастаты, прэзентацыя
– лабараторнае: крыніцы току, амперметры, вальтметры, злучальныя правады, наборы рэзістараў.
Ход занятку
1 Арганізацыйны момант (малюнак на экране)
– Што вы бачыце? Кот? Прачытайце гэтае слова наадварот. Што атрымалася? Ток! А што такое электрычны ток? (Электрычны ток – упарадкаваны (накіраваны) рух зараджаных часціц.)
2 Актуалізацыя апорных ведаў, праверка дамашняга задання (франтальная гутарка)
Вывучаючы электрычныя з’явы, мы сустрэліся з радам фізічных велічынь. Пералічыце іх. (Сіла току, электрычнае напружанне, электрычнае супраціўленне.)
Дайце азначэнне кожнай з іх.
Сіла току – фізічная велічыня, лікава роўная адносіне электрычнага зараду, які прайшоў праз папярочнае сячэнне правадніка, да часу праходжання зараду. Вымяраецца ў амперах. Можна вымераць амперметрам.
Напружанне – фізічная велічыня, лікава роўная адносіне работы току на дадзеным участку да электрычнага зараду, які прайшоў па ўчастку. Вымяраецца ў вольтах. Можна вымераць вальтметрам.
Электрычнае супраціўленне – фізічная велічыня, якая характарызуе здольнасць правадніка перашкаджаць працяканню электрычнага току ў правадніку. Залежыць ад роду рэчыва правадніка, яго даўжыні і плошчы папярэчнага сячэння.
– Якім законам звязаны гэтыя велічыні? (Яны звязаны законам Ома.)
– У чым заключаецца закон Ома для ўчастка электрычнага ланцуга? (Сіла току на ўчастку электрычнага ланцуга прама прапарцыянальна напружанню на дадзеным участку і адваротна прапарцыянальна яго супраціўленню.)
– Што такое электрычны ланцуг? (Розныя злучэнні крыніц і спажыўцоў электрычнага току.)
3 Пастаноўка праблемы
– Самае галоўнае: каб у ланцугу быў ток, ён павінен быць замкнутым.
– Успомнім Новы год і карагод вакол ёлкі, калі вы бралі адно аднаго за рукі і атрымлівалася… замкнутае кола. Давайце пакажам (возьмемся за рукі)!
– Ёлка… Хаця ў мяне была вось такая праблема, дастаў гірлянду, хацеў упрыгожыць ёлку, а гірлянда не гарыць… Чаму?
4 Вызначэнне тэмы і задач занятку
– Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна ведаць заканамернасці злучэння спажыўцоў у электрычным ланцугу. Вы ўжо ведаеце, што амперметр уключаецца ў ланцуг … , а вальметр – …
Вучні самастойна выводзяць тэму, ставяць задачы.
Настаўнік запісвае тэму на дошцы, карэкціруе задачы.
5 Вывучэнне новага матэрыялу
– Сёння на ўроку мы будзем выкарыстоўваць матэрыял, які размешчаны на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе, дзе размешчаны відэаўрокі, створаныя настаўнікамі нашай краіны.
5.1 Паслядоўнае злучэнне праваднікоў
Прагляд відэафрагмента (http://eior.unibel.by/catalog_lecture/8-klass/phisics/18.php). Вучні назіраюць, слухаюць і запісваюць азначэнне.
Паслядоўным злучэннем праваднікоў называецца такое злучэнне, пры якім злучаныя праваднікі маюць па адным агульным пункце.
5.2 Заканамернасць токаў
Прагляд відэафрагмента. Вучні назіраюць, робяць вывад.
Сіла току ва ўсіх правадніках пры паслядоўным злучэнні аднолькавая.
I₁ = I₂ = I₃ = I
5.3 Заканамернасць напружанняў
Прагляд відэафрагмента. Вучні назіраюць, робяць вывад.
Напружанне на ўчастку з паслядоўна злучаных праваднікоў роўна суме напружанняў на кожным з іх.
U = U₁ + U₂ + U₃
5.4 Заканамернасць супраціўленняў
Вучням прапаноўваецца ў формуле U = U₁ + U₂ + U₃ замяніць напружанне на вынік закона Ома U = IR, улічыўшы, што сіла току аднолькавая. IR = IR₁ + IR₂ + IR₃ дзе, скараціўшы сілу току, атрымаем:
R = R₁ + R₂ + R₃
Поўнае супраціўленне ўчастка ланцуга з паслядоўна злучаных праваднікоў роўна суме супраціўленняў асобных праваднікоў.
А калі мы злучым паслядоўна N аднолькавых праваднікоў, то поўнае супраціўленне будзе роўна?.. R = NR₁
5.5 Рэастат
Работа ў групах.
Тэарэтыкі разглядаюць рэастат і чытаюць матэрыял падручніка (§ 24, с. 95) тлумачаць прызначэнне і прынцып дзеяння рэастата.
Практыкі збіраюць электрычны ланцуг, падключыўшы паслядоўна да крыніцы току праз ключ рэастат, лямпачку і амперметр. Рухаючы паўзунок рэастата, назіраюць за амперметрам. Робяць вывады.
Вучні дакладваюць вынікі сваіх даследаванняў.
Рэастат – спецыяльнае прыстасаванне для практычнага рэгулявання сілы току ў ланцугу.
6 Фізкультхвілінка (СанПіН, для 5–11-х класаў)
7 Замацаванне вывучанага матэрыялу. Рашэнне задач
7.1 Вусны лік. Франтальная работа
Задача 1.
Вылічыце агульнае супраціўленне ўчастка электрычнага ланцуга
(R = 8 Ом)
Задача 2.
Падключаем да першага рэзістара вальтметр і амперметр. Што пакажа амперметр, калі вальтметр паказвае 12 В? (I = 2 А, так як I = I1 = I2)
Задача 3.
Падключаем вальтметр да другога рэзістара. Чаму роўны яго паказанні? (U2 = IR2,U2 = 4 В)
Задача 4.
Чаму роўна агульнае напружанне ўчастка ланцуга? (U = 16 В)
7.2 Рашэнне задачы (сумесны разбор)
Задача 5.
Да крыніцы току з напружаннем 12 В паслядоўна падключаны 2 рэзістары. Вядома, што супраціўленне аднаго з рэзістараў 3 Ом, а напружанне на другім рэзістары састаўляе 9 В. Знайдзіце супраціўленне другога рэзістара і сілу току ў ланцугу. Супраціўленне правадоў можна не ўлічваць.
8 Кантроль якасці засваення ведаў
Настаўнік арганізуе работу вучняў па самастойным выкананні тэста. Арганізуе самаправерку. (Заданні тэста на сайце http://eior.unibel.by/catalog_lecture/8-klass/phisics/18.php)
Вучні выконваюць заданні, робяць самаправерку.
9 Падвядзенне вынікаў урока
– Як вы лічыце, ці дасягнулі вы сёння пастаўленых мэт?
– З чым вы сёння пазнаёміліся?
– Якія асноўныя заканамернасці паслядоўнага злучэння вы ведаеце?
– Для чаго служыць рэастат?
Настаўнік сумесна з вучнямі выстаўляе адзнакі.
10 Дамашняе заданне
§ 24, пр. 16 (1, 2).
Падумаць над пытаннем: Якія прылады ў вашым доме ўключаны ў электрычны ланцуг паслядоўна?
11 Рэфлексія
Прыём “Шэсць капелюшоў мыслення”.