Лайфхакі, якія дапамогуць наладзіць кантакт настаўніка з бацькамі выхаванцаў

- 15:11Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

Узаемадзеянне з бацькамі – адзін з самых важных кірункаў у рабоце класнага кіраўніка. Калі ў вас цесны кантакт з бацькамі, то хутчэй за ўсё ў вас будзе цесны кантакт і з вучнямі.

 

Аксана ДЗЯМІДЗІК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Старадварэцкая базавая школа” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Узаемадзеянне з бацькамі – адзін з самых важных кірункаў у рабоце класнага кіраўніка. Калі ў вас цесны кантакт з бацькамі, то хутчэй за ўсё ў вас будзе цесны кантакт і з вучнямі.

Як жа наладзіць такі кантакт? У мяне ёсць некалькі лайфхакаў.

Па-першае, спачатку неабходна правесці анкетаванне з бацькамі на першай сустрэчы. Пытанні вы састаўляеце такія, якія вам неабходны, але адным з пытанняў устаўце: ваша хобі або чым любіце займацца ў вольны час, або які адпачынак вам бліжэй – актыўны ці пасіўны? Такое ж пытанне задайце і дзецям на першай класнай гадзіне. Так, не бывае такога, каб усе бацькі прыйшлі цэлым саставам на сход, тады адпраўце ім анлайн-анкетаванне.

Па-другое, не праводзьце фармальных бацькоўскіх сходаў, бо з кожным годам колькасць удзельнікаў вашых сустрэч будзе змяншацца. Неабходна зрабіць так, каб на бацькоўскім сходзе было як мага больш карысці. Праводзьце сустрэчы за круглым сталом, папрасіце бацькоў зараней напісаць вам пытанні, на якія яны даўно шукаюць адказ, запрашайце на сустрэчу педагога-псіхолага, які валодае сітуацыяй у класе. А можа псіхолаг правядзе трэнінг для бацькоў “Як павысіць самаацэнку дзіцяці” (напрыклад). Запрашайце на бацькоўскі сход дзяцей, няхай яны пакажуць свае лепшыя бакі: хто ўмее чытаць вершы на памяць эмацыянальна, хто ўмее рашыць за 1 мінуту да 20 прыкладаў, хто ўмее набіваць мяч так, каб ён не ўпаў даўжэй за ўсіх – няхай дзеці “павыхваляюцца” і вы ўбачыце, як заблішчаць вочы ў бацькоў. А ўсе заўвагі вы паведаміце індывідуальна, ды так, каб у вас былі абавязкова парады, як змяніць сітуацыю, а не проста паведаміць факт парушэння дысцыпліны.

Па-трэцяе, вывучыўшы анкеты бацькоў і дзяцей, правёўшы некалькі якасных бацькоўскіх сходаў, знайдзіце тое агульнае, што вас усіх аб’яднае, так, як гэта зрабіла я.

Аказалася так, што бацькі маіх вучняў, ды і самі вучні вельмі любяць актыўны адпачынак. І мы вырашылі, што будзем сустракацца па пятніцах у школьнай спартыўнай зале для гульні ў футбол. Колькі ж мне ўдалося ўбачыць: узаемаадносіны паміж татам і мамай, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, як дзеці ўмеюць або не ўмеюць спраўляцца з вынікамі гульні. Вядома, малым дзецям цяжка кантраляваць свае эмоцыі. Сустракаемся мы ўжо больш за тры гады. Навучыліся многаму: падтрымліваць адно аднаго, паважаць адно аднаго, сумаваць адно па адным, сябраваць, прычым сябраваць цэлымі сем’ямі. Атмасфера на такіх сустрэчах прыязная, фарміруецца адказнасць, таму што трэба не падвесці сваю каманду, у камандзе ж мама ці тата. А яшчэ трэба паказаць свае ўменні бацькам, тут не да жартаў. Ну і самае цікавае – можна “ўзвысіцца” над бацькамі ці класным кіраўніком, забіўшы ім гол у вароты. Так, такое было неаднаразова.

Ну што ж, у “сям’і” ўсё бывае:
і класны кіраўнік гол прапускае.

А цяпер спытайце, які ў мяне кантакт з вучнямі і іх бацькамі? Думаю, што мой адказ вам ужо не патрэбны.

Банальна – усё ў нашых руках. Я вам прапанавала гатовы варыянт узаемадзеяння, а ў кожнага з вас можа быць свой варыянт, яшчэ лепшы за прапанаваны. На бацькоўскіх сходах гаварыце менш самі, падводзьце вынікі таго, што пачулі ад бацькоў, давайце парады, калі вас пра гэта просяць, і толькі тады вынік будзе задавальняць усіх удзельнікаў вучэбнага працэсу.

Жадаю поспехаў, калегі!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий