Васіль Быкаў. Вечная памяць людская

- 13:14Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

 

 

 

Мабыць, няма ў беларусаў больш папулярнага пісьменніка, чым Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Гэта непераўзыдзены майстар айчыннага слоўнага мастацтва, носьбіт гістарычнай памяці, культуры. Арыгінальны творца, які плённа працаваў на ніве ваеннай прозы. Яго невычарпальны талент атрымаў высокую ацэнку – народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа. Ён да апошніх дзён свайго зямнога веку быў апантаны любімай справай, і таму працягваў літаратурную працу, выношваў новыя задумы. (Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года, а 22 чэрвеня 2023 года спаўняецца 20 гадоў, як Васіль Быкаў пайшоў з жыцця). Схіляем галаву перад памяццю ні з кім не параўнальнага Чалавека высокага інтэлекту. Чалавека, які ўвасабляў праўду. Чалавека, які ўвасабляў нашу Беларусь. Быкаўскае слова гучала, гучыць і будзе гучаць у поўны голас на роднай зямлі, таму што такія людзі прыходзяць у літаратуру, да народа нячаста. І з ласкі божай. І застаюцца на вякі.

Песняра трэба памятаць і шанаваць усім нам. Слаўны сын беларускага краю ўпісаны ў сусветную літаратуру назаўжды. Гэта наш нацыянальны герой. Ён найлепшы пісьменнік аб самай важнай падзеі XX стагоддзя – вайне, якая засталася ў памяці народнай, агнявымі літарамі запісана ў гісторыю краіны. Не кожны ведае, што пісьменнік прайшоў праз суровыя франтавыя выпрабаванні: большасць часу правёў на перадавой, каля гарматы, у акопе, браў разам з іншымі “праклятыя вышыні”, пераплываў рэкі, каб стрымаць ворага, падараваць нам блакітнае неба, зялёнае поле, шумлівыя гаі – усё, што радуе і хвалюе ў чалавечым жыцці. Ён выжыў пасля раненняў і “пахавання”, каб расказаць людзям і свету праўду пра жорсткасць і бесчалавечнасць Вялікай Айчыннай вайны, яе вынікі і ўрокі.

Разважаючы пра цану нашай перамогі ў Айчыннай вайне, Васіль Быкаў пісаў: “Салдацкай жа платай, асабістым укладам байца ў імя будучыні часам аказвалася яго асабістае жыццё, расстацца з якім было дужа нялёгка, але, як нярэдка здаралася, – іншага выйсця не выпадала. І мільёны маладых, ды і старэйшых людзей – мужчын, хлопцаў, жанчын – прынялі смерць, выразна ўсведамляючы, што, якім бы дарагім ні было жыццё кожнага, лёс Радзімы і чалавецтва непараўнальна важней”.

Яскрава выявіўся самабытны талент у аповесцях “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Сотнікаў”, “Знак бяды”, “Аблава”, “Воўчая зграя”,”Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Абеліск”… Ва ўсіх творах ёсць адметная асаблівасць – яны не проста перачытваюцца намі, а застаюцца ў памяці нашчадкаў як самы дарагі і самы каштоўны скарб – скарб духоўны. Нягледзячы на тое, што аповесці раскрываюць страшнае, бязлітаснае аблічча вайны, але ў цэнтры іх не батальныя сцэны, не ваенныя аперацыі, а чалавек. Менавіта чалавек, якога празаік убачыў на вайне ў самых суровых і драматычных абставінах, у самых крызісных сітуацыях, на грані жыцця і смерці, у хвіліны бескампраміснага маральнага выбару, вышэйшага напружання думкі.

У 11-м класе юнакі і дзяўчаты з цікавасцю чытаюць і аналізуюць аповесць “Знак бяды”. Глыбокай трагедыйнасцю, нявыдуманым жыццёвым драматызмам да краёў напоўнены лёс двух немаладых людзей, жыхароў хутара Яхімоўшчына – Сцепаніды і Петрака Багацькаў. Гэта працавітыя, сумленныя, бескарыслівыя сяляне, на долю якіх выпала сталінская калектывізацыя, а пазней жыццё пад гітлераўскай акупацыяй. У працэсе праблемнай гутаркі дзеці пераконваюцца ў тым, што мяккі, памяркоўна-лагодны Пятрок Багацька сваю душу, сваё сумленне ворагу не прадаў. У ім супраць гэтага ўзбунтаваўся чалавек. І іменна ў гэтым нежаданні скарыцца акупантам і іх прыслужнікам выяўляюцца вышыня яго духу, яго гераізм, яго ўклад у перамогу. Маладое пакаленне захапляецца Сцепанідай, актыўнай, валявой жанчынай, якая ўвесь час імкнулася жыць па законах чалавечнасці і сумлення, дабра і справядлівасці. У момант найвялікшага напружання яе смеласць, непахіснасць, высакародства здзіўляюць вучняў, выклікаючы гарачыя сімпатыі і сардэчную павагу. Сцепаніда з годнасцю вытрымала страшныя ўдары лёсу, загінула, але не скарылася перад ворагам.

Суровая праўда салдацкага баявога побыту паўстае са старонак аповесці “Трэцяя ракета”, якая праўдзіва расказвае пра тое, якой найвялікшай цаной здабывалася перамога. Пра гэта трэба ведаць і помніць у нашы дні. Асабліва тым, хто нарадзіўся ўжо на мірнай зямлі, хто, на сваё шчасце, толькі ў кіно чуў грукат выбухаў. Пісьменнік здолеў перадаць грознае дыханне вайны на тым цяжкім для нас этапе, перадаць напружанасць і зацятасць барацьбы з лютым, моцным ворагам. “…Яна была прываблівай нам, гэтая вайна, і вабіла яна нас да таго часу, пакуль была выдумкай, а не рэальнасцю. Цяпер жа вось, калі мы зведалі яе ва ўсёй неразумнасці, лютасці, подласці, ахвярнасці, мы праклялі яе – кожную вольную або нявольную, усчатую і навязаную, і – няхай яна будзе праклята навек!”

Выразнае майстэрства псіхалагічнага аналізу пісьменнік бліскуча прадэманстраваў у аповесці “Жураўліны крык”. У кожнага з герояў твора ўласны жыццёвы лёс, сваё мінулае, але ваенны час звёў іх разам. Усе яны – старшына Карпенка, Барыс Фішар, Свіст, Глечык, Алік Аўсееў, Пшанічны – закладнікі сурова-жорсткай франтавой сітуацыі, якія асуджаны на пагібель. Кожны з персанажаў мае свой чалавечы патэнцыял, які і выяўляецца ў такой экстрэмальнай сітуацыі, як выбар паміж жыццём і смерцю, мужнасцю і здрадай. Вайна паставіла чалавека перад жорсткім, няўмольным выбарам, і кожны мусіў зрабіць гэты выбар і тым самым выявіць сваю чалавечую сутнасць.

Мужнае і чэснае слова ў абарону чалавечнасці, слова ў імя памяці мёртвых і грамадзянскай смеласці і прынцыповасці жывых гучыць у аповесці “Мёртвым не баліць”. Са старонак твора паўстае сапраўднае жахліва-злавеснае аблічча вайны, людскія пакуты. “Танкі, што імчацца праз ноч і бамбёжку і ратуюць на цвёрдай, равучай брані параненых; Каця, вечная, горкая, светлая Каця, што гэтак страшна і цнатліва памірае на мінным полі…”

Аўтар даводзіў, што трэба памятаць “горкі смак перамогі”, сумныя вынікі гісторыі. Затое нічога ў нашым жыцці не магло параўнацца з той радасцю, якую давялося перажыць у самую сонечную вясну Перамогі. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода за ўсе пакуты вайны, за пралітую кроў і за слёзы таксама.

Мне вельмі падабаецца аповесць “Воўчая зграя”. Галоўны герой – баец-партызан Ляўчук, які рызыкуючы сваім жыццём, цаной неверагодных намаганняў, ашукаўшы самую смерць, выратаваў з пекла вайны маленькае дзіця. Кінуць яго было прасцей простага, але Ляўчук не зрабіў гэтага. “Ён дужа хацеў зберагчы малога, бо той нейкім чынам звязваў яго з усімі, каго не стала… Ён даваў Леўчуку нейкае абгрунтаванне ягоных пакут, як і апраўданне ягоных памылак…Калі б ён яго не ўратаваў, то навошта тады гэтая яго ашалелая барацьба за жыццё”.

Безумоўна, жыццёвы шлях літаратара, яго бессмяротныя кнігі, якія сталі візітнай карткай Беларусі – гэта вечная памяць людская. Яны прывабныя святлом спрадвечных высокіх ідэалаў: сумленнасці, свабоды, чалавечай годнасці і гуманізму. І таму сёння бясспрэчны прыклад Быкава-пісьменніка, Быкава-грамадзяніна не толькі для сваіх равеснікаў, не толькі для людзей сярэдняга веку, але і для маладзейшага і зусім маладога ўзросту, – прыклад самаахвярнасці і подзвігу ў служэнні сваёй Бацькаўшчыне годнага мастака і сапраўднага сына.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий