Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства “Залацінкі роднага краю”

- 14:42БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Метадычная распрацоўка разлічана на навучэнцаў 6–7-х класаў для правядзення пазакласных мерапрыемстваў, заняткаў па інтарэсах, факультатыўных заняткаў па беларускай мове і літаратуры.

Ніна ВАЛАДАШЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Аксана ТРУБЕЙ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
ДУА “Міжэрыцкая базавая школа імя У.Ляха”
Зэльвенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта гульні: выклікаць цікавасць да вывучэння беларускага фальклору, выхоўваць любоў і павагу да культурных традыцый беларускага народа.

Задачы:

– фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў вучняў;
– развіццё творчага патэнцыялу вучняў, далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа;
– узбагачэнне слоўнікавага запасу навучэнцаў, засваенне вымаўленчых норм;
– развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;
– асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці.

 

Ход гульні

Гульня пачынаецца выхадам музыкантаў, якія спяваюць народную песню. Хутка музыкі пакідаюць сцэну. Выходзіць Васілінка.

Васілінка.

Сёння ў нашай школе свята,
Музыцы і песенькам гучаць.
Мы ўсім вам вельмі рады,
Будзем вас усмешкамі вітаць.

На сцэне з’яўляецца Несцерка.

 

Несцерка. Добры дзень, сябры! Ого, колькі вас тут сабралася! Не раўнуючы, як дрэў у лесе. Але ж не такі Несцерка чалавек, каб людзей пужацца! Толькі ж дзе гэта я апынуўся? Як тут ясна, як тут красна!

Васілінка. Добры дзень, паважаны Несцерка! Вельмі прыемна, што прыйшоў ты на нашу гульню. А ці не згадзіўся б паўдзельнічаць у сённяшнім свяце?

Несцерка. Чаму ж не? Ад гульні галава не баліць.

Васілінка. Гэтая гульня незвычайная. Удзельнікам яе трэба шмат ведаць.

Несцерка. Але ж і я не лапцем бацвінне сёрбаў.

Васілінка. (Прадстаўляе каманду эрудытаў.) Добра. Час пачынаць гульню. (Пытаецца ў Несцеркі.) З чаго пачнём?

Несцерка. З песні, безумоўна.

 

Музыкі спяваюць народную песню.

 

Васілінка. Увага! Зараз Несцерка пачне іграць. Ваша задача, шаноўныя эрудыты, – па мелодыі адгадаць і назваць народную песню.

 

Гучаць тры мелодыі.

 

Васілінка. Так, з першым заданнем шаноўнага Несцеркі вы справіліся добра.

 

Уваходзіць Несцерка. У руках трымае скрыню.

 

Васілінка. Што гэта за скрыня ў цябе, даражэнькі Несцерка? Навошта яна нам?

Несцерка. А вось паглядзіце, калі ласка. У гэтай скрыні правільныя адказы.

 

Дастае са скрыні розныя рэчы: запалкі, крэйду, мыла, цыбулю, лаўровы ліст і інш.

 

Васілінка. Якія адказы? Дзе пытанні?

Несцерка. Зараз, паважаныя эрудыты, прачытаю вам некалькі ўрыўкаў з маёй любімай кнігі. А вы павінны знайсці ў іх словы, якія знікаюць з сучаснай мовы. У скрыні адшукайце тыя рэчы, пра якія пойдзе гаворка. Цікава?

Васілінка. Цікава!

Несцерка (чытае):

Стаяў асобна ў місцы скорам,
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі –
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў.

Васілінка. Ну і што тут незразумелага? Прысмакі як прысмакі. Калі ласка, эрудыты, назавіце аўтара гэтых радкоў, слова, якое знікла з мовы, і пашукайце ў скрыні адпаведны яму прадмет.

Несцерка. Правільна. Цяпер – другі ўрывак.

Апроч таго тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ б гадочак пажыць ціха,
Але найгоршае тут ліха –
Збірай зноў цапстрыкі, трасіся
Па каранях з дабром, зямлёю,
У самы бездараж вясною.

*Цапстрыкі – дробныя рэчы.

Несцерка.

І гасіць крэсівам іскрынкі,
Як залаценькія пылінкі,
З нягромкім трэскам узвіліся,
На цыр багата паліліся.

*Цыр – нарасць на бярозе або дубе. Чага.

Несцерка.

Добра, даражэнькія сябры. Яшчэ адзін урывак.

Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!

*Шляга – доўбня.

Васілінка. Сапраўды, многае з нашай мовы, з нашага побыту, звычаяў забыта. Трэба берагчы, захоўваць непаўторнасць роднай мовы, вывучаць яе. Ну а чым яшчэ, паважаны Несцерка, здзівім эрудытаў?

Несцерка. Ёсць у мяне адна задума. Хачу праверыць, як эрудыты ведаюць гісторыю роднага краю.

Васілінка. Добра. Вы, паважаныя эрудыты, павінны будзеце адказаць на пытанні Несцеркі. Поспехаў вам.

Несцерка. Калі ўзнікла назва Белая Русь? Што яна абазначае?

*У XIV ст. Белая – значыць незалежная, свабодная. У беларусаў светлыя, русыя валасы.

Несцерка. Што вы ведаеце пра Францыска Скарыну?

*Першадрукар. Нарадзіўся каля 1490  года ў Полацку, у сям’і купца. Вучыўся ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах. Выдаў 23 кнігі Бібліі.

Несцерка. Якіх мастакоў Беларусі вы ведаеце?

*Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Фердынанд Рушчыц, Іосіф Аляшкевіч, Іван Хруцкі, Міхаіл Савіцкі, Аляксей Марачкін і інш.

Несцерка. Назавіце самыя вялікія рэкі Беларусі.

*Дняпро, Дзвіна, Сож, Нёман, Бярэзіна.

Несцерка. Пералічыце народныя святы беларусаў.

*Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Саракі, Вербніца, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха, Купалле, Багач, Пакроў, Дзяды і інш.

Несцерка. Прыгадайце некалькі прыказак, якія ўтрымліваюць навучальныя парады, настаўленні.

*Цішэй едзеш, далей будзеш; не лезь раней за бацьку ў пекла; не пераскочыўшы канавы, не кажы “гоп”; што пасееш, то і пажнеш; вышэй ад сваіх пят не падскочыш; горш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся; далей паложыш – бліжэй возьмеш; другога слухай і свой розум май; думай з вечару, а рабі з рання; з разумным пагавары – розуму набярэшся, а з дурнем – і свой страціш; за грошы ўсяго не купіш.

Васілінка. Замучыў ты, Несцерка, нашых эрудытаў. Думаю, і з гэтым тваім заданнем яны справіліся добра.

Несцерка. Так, сапраўды. Давайце крыху адпачнём. Музыкі, давайце прыпеўкі спяваць.

 

Васілінка і Несцерка з музыкамі спяваюць прыпеўкі.

Мне не трэба пуд мукі,
Мне не трэба сіта.
Мяне мілы пацалуе –
Цэлы тыдзень сыта.

***

Пастарайцеся дзяўчаты,
Усе канавы засыпаць,
Бо такія хлопцы ходзяць,
Што з канавы не відаць.

***

Што за я, што за я,
Што за маладзіца,
Шыла міламу штаны,
Выйшла рукавіца.

***

А ў майго мілёначка
Худа кабылёначка.
Не даехаў да гары,
Кабылу з’елі камары.

Несцерка. Што ж, сёння ў нас была і песня, і гутарка – усё было. Цікава даведацца, што эрудыты могуць распавесці пра нашу родную мову.

Васілінка. Калі ласка, паважаныя сябры, уважце Несцерку. Пачытайце на памяць вершы беларускіх паэтаў пра родную мову.

*Чытаюцца вершы Янкі Купалы “Роднае слова”, Якуба Коласа “Слова”, Петруся Броўкі “Родныя словы”, Максіма Танка “Родная мова”, Рыгора Барадуліна “Мова мая” і інш.

Несцерка. Шчыры дзякуй, шаноўныя эрудыты. Бачу я, што вы любіце і шануеце матчыну мову. Напрыканцы хацелася б успомніць цудоўнае старажытнае свята летняй пары. Здаецца, зусім нядаўна было лета.

Васілінка. А мы папросім эрудытаў нагадаць нам гэтае свята. Усе здагадаліся, што размова пойдзе пра Купалле. Таму першае пытанне будзе такім: “Што вы ведаеце пра свята Купалле?”

*Святкаванне Купалля, паводле звычаю, спраўлялася ў час летняга сонцастаяння, калі самая кароткая ноч. Свята сімвалізуе еднасць чалавека з прыродай. Святкаванне праходзіла з песнямі, карагодамі, гульнямі, абрадавымі шэсцямі.

Несцерка. Добра. Ну што ж, пачнём наша ўмоўнае Купалле.

Васілінка. Так, трэба аднавіць ход свята. Калі ласка, з чаго пачынаецца Купалле?

*Раніцай дзяўчаты з песнямі ішлі ў поле, на луг збіраць купальскія кветкі. Рвалі кветкі на вянкі, збіралі зёлкі. Увесь час спявалі, каб сабраныя кветкі мелі цудадзейную сілу. Потым плялі з кветак вянкі: вялікія – для карагода, малыя – на галаву. Хлопцы збіралі розныя старыя рэчы: зношаныя кажухі, дзіравыя чаравікі, дзіравыя бочкі – і ўсё гэта вывозілі за вёску, дзе потым спальвалі.

Несцерка. Умоўнасць умоўнасцю, гутарка гутаркай, але нельга не заспяваць у такім выпадку.

 

Спяваюць купальскую песню.

 

Васілінка. Добрая песня. Цяпер прыгадайце галоўны, кульмінацыйны момант Купалля.

*На захадзе сонца святочна прыбраная моладзь з абрадавымі песнямі збіралася на абранае для вогнішча месца. Спальвалі дрэва разам з падвешаным колам (культ сонца). Вакол кола танцавалі пад спевы купальскіх песень. Скакалі праз агонь (ёсць павер’е, што чым вышэй скокнеш, тым вышэй будуць каласы ў збожжы), вадзілі карагоды з песнямі, расказвалі чарадзейныя гісторыі. Праводзілі розныя гульні (напрыклад, гульня ў ваду. Сэнс гульні: калі юнак абалье дзяўчыну вадой, то яна пойдзе за яго замуж). Яшчэ дзяўчаты кідалі на рачную плынь вянкі, загадаўшы пра будучае замужжа.

Несцерка. Заспяваем яшчэ раз, дапамагайце, госцейкі, нам.

 

Спяваюць купальскую песню.

 

Васілінка. А колькі цудоўных паданняў звязана з Купаллем!

Несцерка. Сапраўды так. З Купаллем больш, чым з іншымі старажытнымі святамі, звязана паэтычных легендаў і паданняў. Калі ласка, хто можа расказаць такую легенду?

*Да такіх паэтычных паданняў у першую чаргу можна аднесці легенду пра папараць-кветку. Раз у год у купальскую ноч, апоўначы, у лясным гушчары ясна-белым агнём зацвітае папараць. Той, хто ўбачыць гэты цуд і сарве кветку, стане відушчым. Зямля адкрые яму схаваныя ў яе нетрах скарбы, і чалавек пачне разумець мову звяроў, птушак, дрэў.

Несцерка. Цудоўная легенда.

Васілінка. А ці ведае хто, як завяршаецца Купалле?

*Усе пільнуюць “гульню” сонца. Ёсць павер’е, што ўбачыць, як “гуляе” сонца, могуць толькі добрыя людзі. Убачыць “гульню” сонца – значыць стаць шчаслівым.

Несцерка. Дзякуй вам, сябры!

Хопіць нам ужо тут
Жартаваць, смяяцца.
Трэба зараз, сябры,
З вамі развітацца.

Васілінка.

Ад шчырага сэрца
Вам долі жадаем.
Ніхто з вас ніколі
Хай гора не знае.
Бывайце здаровы
І ў шчасці жывіце.
А прыйдзем у госці –
Дык добра прыміце.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий