Занятак для выхаванцаў першай малодшай групы
Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні,”
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– развіваць эмацыянальную чуласць да вакальнай і інструментальнай музыкі;
– фарміраваць спосабы выканання (у працэсе спеваў, музычна-рытмічных рухаў);
– уменне падпяваць нескладаныя песенькі, выконваць асноўныя танцавальныя і вобразныя рухі пад музыку;
– выхоўваць пачуццё суперажывання і спагады музычным вобразам.
Абсталяванне: цацка “коцік”, кніжка, гарлачык, талерка з “пірагом”.
Ход занятку
Дзеці пад вясёлую музыку заходзяць у музычную залу і потым становяцца ў кола.
Музычны кіраўнік. Добры дзень, мае шаноўныя маленькія сябры.
Дзеці. Добры дзень.
Музычны кіраўнік. Паглядзіце, хто гэта да нас завітаў?
Дзеці. Коцік.
Музычны кіраўнік. А давайце мы зараз з вамі пакажам, як ходзіць коцік на сваіх мяккіх лапках (разам з дарослымі дзеці выконваюць вобразныя рухі, перадаючы характэрныя асаблівасці гульнявога персанажа – коціка)
“Кошка” (муз. Т.Ломавай)
Музычны кіраўнік. Дзеткі, паглядзіце, коцік не так проста да нас у госці завітаў, а прынёс нам кніжачку, давайце хутчэй сядзем і паглядзім, што там цікавага ў кніжцы ёсць (адкрывае кнігу). Хто тут намаляваны?
Дзеці. Коцік.
Музычны кіраўнік. Што ён робіць?
Дзець. Калыша люльку.
Музычны кіраўнік. А ў люльцы хлопчык, яго завуць Янка. Вось, дзеткі, паслухайце песеньку, якая называецца “Ах ты, коценька-каток”.
“Ах ты, коценька-каток” (муз. А.Рэмізоўскай)
Музычны кіраўнік. Скажыце, калі ласка, а якая музыка гучала?
Дзеці. Ціхая, ласкавая.
Музычны кіраўнік. А чаму ціхая?
Дзеці. Таму што хлопчык, спіць.
Музычны кіраўнік. Так, дзеткі. А, што мы коціку дадзім за працу?
Дзеці. Малака і кавалак пірага.
Музычны кіраўнік. Сапраўды, вось у мяне ёсць гарлачык, у ім захоўваецца малако, а ў каго ёсць пірог? (Дзіця знаходзіць на талерцы пірог, які раней педагог падрыхтаваў непрыметна ад усіх.)
Музычны кіраўнік. Дзеткі, а як вы думаеце, як коцік выкажа нам падзяку за пірог і малако?
Дзеці. Мяў-мяў!
Музычны кіраўнік. А зараз давайце, сядзем утульна і заспяваем, як коцік пеў, калі калыхаў Янку (Дзеці выконваюць разам з музычным кіраўніком).
Музычны кіраўнік. Ой, паглядзіце, а куды гэта наш коцік пабег, давайце за ім хуценька (Музычны кіраўнік бярэ цацку “коціка” і выбягае на сярэдзіну музычнага зала, дзеці бягуць усе за дарослым пад музыку)
“Кошка” (муз. Т.Ломавай)
Музычны кіраўнік. Што ён хоча нам сказаць?(Педагог падносіць коціка да свайго вуха.) Я зразумела, ён хоча, каб дзеткі станцавалі. Добра, коцік, пасядзі і на ўсіх дзетак паглядзі.
Танец “Будзе танец весялей” (муз.Я.Жабко)
Музычны кіраўнік. Спадабаўся коціку ваш танец, а цяпер ён хоча з вамі пагуляць у гульню, якая называецца “Кот і мышы”. Дзеткі, мы зараз з вамі ператворымся ў мышак. Пакружыся, пакружыся і ў мышак ператварыся. Вось, усе мышкі. Слухайце, што пытаецца коцік.
Музычны кіраўнік (трымае ў руках “коціка”). Ёсць мышы ў стозе?
Дзеці. Ёсць!
Музычны кіраўнік. Баіцеся ката?
Дзеці. Не!
Музычны кіраўнік. А я, кот-катафей, палаўлю ўсіх мышэй.
(Усе пад музыку бегаюць па зале, а “кот” даганяе.)
Музычны кіраўнік. Ну што, коцік нікога не злавіў?
Дзеці. Не!
Музычны кіраўнік. Якія спрытныя мышкі! Ну, а зараз… Пакружыся, пакружыся і ў дзетак ператварыся. Коцік змарыўся і пайшоў адпачываць.
Музычны кіраўнік. І нам, дзеткі, пара развітвацца, і я хачу вам заспяваць: “Да пабачэння”.
Усе дзеці спяваюць “Да пабачэння” і выходзяць з музычнай залы.