Хада гісторыі чуваць па вуліцах старых і новых. Даследчая праца

- 13:43Исследовательская деятельность, ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, Методичка

Даследаванне пра мінулае горада і яго вуліц можа быць цікавым з розных пунктаў гледжання: гістарычнай, краязнаўчай і моўнай.

 

Аксана ПЯТРОВІЧ,
настаўнік гісторыі
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Валожына”,
Мінская вобласць

 

 

Уводзіны

Часта бывае, што нас вабяць далёкія кантыненты, заморскія краіны, экзатычныя мясціны, але мала ведаем пра тое месца, дзе нарадзіліся і жывём, пра людзей, якія побач, пра назвы вуліц, па якіх часта праходзім.

Аднойчы, гуляючы па горадзе, я натрапіла на вуліцу імя Камарова і падумала: “Хто такі Камароў? Чаму ў гонар яго названа вуліца?” Гэта просценькае пытанне перарасло ў даследчую працу, прысвечаную вуліцам нашага горада.

Назвы вуліц з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі майго горада, маёй радзімы. Наш горад Валожын невялікі, але мае сваё цікавае мінулае. А яго вуліцы перажылі на сваім вяку шмат падзей. Многія з іх некалькі раз змянялі свае назвы. Чаму?

Даследаванне пра мінулае горада і яго вуліц можа быць цікавым з розных пунктаў гледжання: гістарычнай, краязнаўчай, моўнай.

Мэта работы: вызначыць паходжанне назваў вуліц горада Валожына.

Аб’ект даследавання: гістарычныя і сучасныя назвы вуліц горада Валожына.

Прадмет даследавання: гісторыя паходжання назваў вуліц, працэс забудовы горада.

Задачы даследавання:

– даследаваць карту горада і саставіць спіс вуліц горада Валожына;
– параўнаць старажытныя і сучасныя назвы вуліц;
– вызначыць асаблівасці і час забудовы розных мікрараёнаў горада;
– дасдедаваць меркаванні жыхароў горада аб назвах вуліц;
– удасканальваць веды ў пошукавай дзейнасці і напісанні даследчай работы.

Метады даследавання: аналіз краязнаўчага матэрыялу; сінтэз атрыманых ведаў.

 

У працэсе даследавання былі выкарыстаны разнастайныя пісьмовыя крыніцы. Больш за ўсё звестак пра старыя вуліцы Валожына даў матэрыял Іны Соркінай “Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIІІ – першай палове ХІХ ст.”, успаміны Васіля Гарбачэўскага “Жыццё і пагібель яўрэйскай абшчыны ў Валожыне” і “Маё мястэчка – Валожын”. Таксама выкарыстоўвалі кнігу “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Валожынскага раёна”, Энцыклапедыю гісторыі, артыкулы з газеты “Працоўная слава” розных гадоў, матэрыялы краязнаўчага музея, успаміны жыхароў горада, розныя інтэрнэт-сайты.

 

1 Гістарычная забудова горада Валожына

 

Вядома, што першае ўпамінанне пра Валожын датуецца 1400 годам. У XVI–XVIII стагоддзях Валожын знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. З 1795 года стаў належаць Расійскай імперыі. У XIX – пачатку XX стагоддзя – мястэчка Ашмянскага павета Віленскай губерні. Пасля Першай сусветнай вайны Валожын увайшоў у склад Польшчы. 12 снежня 1920 года Валожын стаў цэнтрам павета. Мясцовай адміністрацыяй кіраваў стараста, які назначаўся міністрам унутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. 26 красавіка 1929 года савет міністраў Польшчы прыняў пастанову № 309 аб утварэнні горада Валожына. У межы горада ўвайшло само мястэчка і бліжэйшыя вёскі: Келевічы, Паніззе, Еўлашы, Вялікія і Малыя Бандары.

 Загад аб прысваенні звання горада

Валожын развіваўся ў рамках агульнагістарычных працэсаў, якія адбываліся на беларускіх землях. Па канцэпцыі забудовы Валожын нічым не вылучаўся ад такіх жа населеных пунктаў. Вось як апісвае Валожын сярэдзіны XIX cтагоддзя паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч):

“Самое мястэчка мала варта таго, каб яго аглядаць; тры ці чатыры карчмы, два ці тры мураваныя дамы, колькі драўляных крамаў, у якіх прадаюць толькі тыя прадметы, якія патрэбны земляробу або адпавядаюць сціплым запатрабаванням вясковай сялянскай нявесты; драўляная царква, мураваная сінагога, колькі рамеснікаў-жыдоў, сярод якіх нават майстры гадзіннікаў, пару прыстойнейшых дамоў, як напрыклад, дом лекара, – вось і ўсё, што трапляе на вока. Местачковая гразь не належыць да асаблівасці, а тлумнае сноўванне ізраільцянаў нараджае пытанне, чым гэтая грамада без крыніц гандлю і промыслу можа харчавацца. Корчмы і шынкі не гудуць п’яным жыццём, бо тут сялянам не дазваляецца заходзіць у гасподу. Гандаль у нядзелю адбываецца тут неяк цішэй, чым у іншых нашых мястэчках; сяляне прывозяць на продаж збожжа, часам сена, калі-нікалі дрэва на апал, бо яго жыхары павінны купляць у двары. Валожын славіўся вядомым у Ізраілі сваёй навукай, набожнасцю і дабрачыннасцю рабінам, што памёр гадоў дзесяць назад. Я пазнаёміўся з яго сынам, чалавекам увогуле адукаваным, і агледзеў бібліятэку слаўнага рабіна, складзеную са старажытнаяўрэйскіх і нямецкіх кніг. Прыгожы, з афіцынамі, стайняй, аранжарэяй і садам, мураваны палац цудоўна аздабляе мястэчка. Але самая выдатная яго аздоба – касцёл і кляштар пабернардынскі на рынку. Над прыземленым мястэчкам, якое, здаецца, кленчыць перад яго веліччу, свецяць яго цудоўныя муры… Нагадвае віленскую катэдру, толькі што няма бакавых капліц”.

Цэнтральную частку горада займала і займае плошча. Сёння яна мае назву плошчы Свабоды, а раней, у розных гістарычных крыніцах, яна называлася па-рознаму, але назвы былі падобныя: Базарная, Рыначная, Тарговая.

Вельмі выгаднае геаграфічнае становішча на скрыжаванні дарог на Вільню, на Мінск і ў іншыя напрамкі садзейнічала таму, што ў Валожыне на цэнтральнай плошчы ладзіліся базары. Вось так яна і атрымала сваю назву. Кірмашы раней прымяркоўваліся да вялікіх праваслаўных ці каталіцкіх святаў. Праводзіліся яны рэдка, але люду збіралі вельмі шмат.

Мястэчка Валожын. Рыначная плошча

На цэнтральнай плошчы ўзвышаўся велічны будынак касцёла святога Юзафа, пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Некалі, непадалёку ад касцёла Святога Юзафа, стаяў калодзеж. У некалькіх метрах ад калодзежа знаходзіўся высокі крыж з масіўных металічных рэек. Тут маліліся ў асноўным католікі. Гэты сімвал веры пабудавалі невыпадкова: некалі праз горад пракацілася чума і сотні жыццяў забрала. Таму і вырашылі ўстанавіць крыж як абярэг ад усялякіх няшчасцяў. Тут жа размяшчаўся і штучны вадаём, звязаны воднай артэрыяй з тым, што цяпер знаходзіцца насупраць рэстарана “Іслач”. Каля азярца на гарадскім пляцы месціліся вялізныя драўляныя бочкі – галоўны тагачасны супрацьпажарны інвентар. Калі здараўся пажар, стрымгалоў на конях сюды імчалі фурманы, хуценька падчаплялі ёмістасці і спяшаліся на дапамогу.

Зямля ў той час лічылася дарагім таварам. Таму будынкі ў горадзе стаялі амаль упобачкі, асабліва ў цэнтры Валожына. На плошчы размяшчалася мноства прыватных крамаў. Гандлёвая справа была асабліва распаўсюджанай сярод яўрэйскага насельніцтва. У першай палове XIX стагоддзя Валожын заставаўся горадам рамеснікаў, вядомы быў і як старажытны цэнтр гандлю жывёлай і сельскагаспадарчай сыравінай. Хатняя выпрацоўка тканіны, адзення, абутку, посуду, гаспадарчага інвентару была шырока распаўсюджана на тэрыторыі Валожынскай воласці.

У другой чвэрці XIX стагоддзя дастаўка вырабаў беларускіх хатніх рэчаў на мясцовыя рынкі павялічылася. У гэты перыяд у воласці атрымалі развіццё хатнія промыслы па апрацоўцы драўніны, валакністых рэчываў, скур. Валожын славіўся багатымі лясамі, таму найбольшае распаўсюджанне атрымалі дрэваапрацоўчыя промыслы. Умельцы рабілі хатні драўляны посуд, лыжкі, міскі, карыты, прасцейшыя сельскагаспадарчыя прылады. Насельніцтвам вырабляліся таксама рэчы з кары ліпы (рагожа, мачала), а таксама з лазы (кошыкі); продажам тканін і кравецкім промыслам займаліся нямногія сем’і, больш свабодныя ад баршчыны. Валожынскія мяшчане займаліся таксама апрацоўкай скур.

Да тэрыторыі плошчы мы можам аднесці і палаца-паркавы ансамбль. Ён быў пабудаваны ў 1806 гг. Будынак дзіцячай бібліятэкі на плошчы Свабоды пабудаваны Тышкевічамі ў 1900 годзе. Яго графская сям’я здавала ў арэнду. Пры Польшчы ў ім на 1-м паверсе месцілася сельскагаспадарчая кантора (“рольнік”, што ў перакладзе азначае “селянін”), у якой знаходзіліся спецыялісты, якія распаўсюджвалі веды аб сельскагаспадарчых раслінах, пасевах, насенні і г.д. (нешта накшталт семянной інспекцыі). Таксама яны займаліся гандлем сельскагаспадарчых прылад працы і тэхнікі, таму на 1-м паверсе была невялікая крама. Там прадавалі дробныя сельскагаспадарчыя прылады працы (косы, сярпы, вілы і г.д.). За будынкам стаялі склады, у якіх размяшчалася больш аб’ёмная тэхніка, якую таксама было можна купіць (малатарні, сячкарні, вагі і г.д.). У гэтым жа будынку на 1-м паверсе справа яшчэ была кавярня, дзе можна было папіць кавы, спіртныя напоі, а таксама была ігорная ўстанова (гулялі ў карты, рабілі стаўкі і г.д.). На 2-м паверсе была пошта. Можна было набыць канверты, газеты, часопісы, быў нават тэлефон. Падчас вайны будынак быў пашкоджаны, але яго адрамантавалі. Пасля вайны ў будынку месцілася пошта, пасля дом піянераў, а цяпер там размясцілася дзіцячая бібліятэка. У савецкі перыяд прыватны гандаль забараняўся і шматлікія магазіны закрыліся. Плошча перастала несці сваю гандлёвую функцыю. У сувязі з гэтым яе перайменавалі і назвалі плошчай Свабоды ў гонар вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

У пасляваенныя гады плошча перажыла некалькі рэканструкцый і перабудоў. Самая значная адбылася ў 1970-х гадах, калі быў узведзены будынак райвыканкама.

Плошча Свабоды ў пачатку і канцы 1960-х 

Плошча Свабоды ў 1970-я гады

Ад плошчы, калі накіроўваемся на поўнач, трапляем на вуліцу Кірава. Раней яе называлі Бандароўская, а пры польскім часе яна мела назву Адама Міцкевіча і пралягала да каменнага мосціка, узведзенага над невялічкай рачулкай. Вуліца была заселена яўрэямі. За мостам яе працяг называлі Бандары. А вось вуліцу, што ў гэтым месцы пайшла ўлева, раней называлі Бандароўская вулачка або Малыя Бандары. Цяпер яна носіць імя беларускага класіка Янкі Купалы. Калі зазірнуць у гісторыю вуліцы, то можна даведацца, што раней яна мела імя Вайцяхоўскага, а пазней – Малыя Бандары. Чаму “малыя”? Бо вуліца была сапраўды малая, да паловы цяперашняй, зялёная ад дрэў, якія густа раслі абапал дарогі. Вузенькая, балоцістая, што ледзь “праціснешся” на кані. Жыхары некалі талакой сабралі грошы, нанялі майстроў, якія забрукавалі вуліцу. Таксама сумесна выкапалі яшчэ адзін калодзеж у пачатку яе, каб было бліжэй насіць ваду, а другі, з крынічнай вадзіцай, – каля нізу. Будавалі хаты з бярвёнаў. Кожны хацеў, каб яго жытло выглядала найпрыгажэй. Нават таленавітых майстроў запрашалі здалёку, каб зрабіць вокны. Умела займаліся кравецкай справай. Ёсць на вуліцы і Божы знак – прыгожая каплічка, перад крыжам якой людзі аддаюць пашану Пану Езусу.

Карты Валожына 1921-1939 гг.

Ад гарадской плошчы ўніз на поўнач раскінулася непрацяглая вуліца Някрасава (былая Броварная). Яна вяла і вядзе да яўрэйскіх могілак. Назва вуліцы гаворыць нам пра тое, што ў мінулым тут размяшчаўся бровар – прадпрыемства па вырабу гарэлкі альбо спірту.

Ад гарадской плошчы на ўсход вядзе вуліца Першага мая. У мінулым яна называлася Новая Мінская або вуліцай Нарутовіча. У выніку рэканструкцыі цэнтра горада яна стала тупіковай. Амаль паралельна гэтай вуліцы праходзіць яшчэ адна – вуліца 17 Верасня. Названа ў гонар аб’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй, а раней яе называлі Крывая. Назву атрымала за тое, што была вельмі звілістая, па сваёй форме яна напамінала лацінскую літару«8». З другога боку, бліжэй да касцёла, праходзіла вуліца Касцельная  (зараз Шчарбіны), але цягнулася яна толькі да мастка праз раку Валожынку.

Калі пехатой адправіцца ўніз па вуліцы Першага мая, то трапляеш на вуліцу Кастрычніцкую. Як узнікла гэта вуліца? Згодна з пастановай № 309 да Валожына былі далучаны Еўлашы. Вуліца Еўлашоўская (Дубінская) перасякала маленькую безназоўную рэчку, якая з’яўляецца правым прытокам Валожынкі. Па гэтай вуліцы бліжэй да цэнтра жылі яўрэі. Далей размяшчаліся будынкі простых сялян. Сялянскія хаты належалі вёсцы Еўлашы. Сёння гэта вуліца Кастрычніцкая.

Вуліца Палачанская (цяпер Пушкіна) не мела кампактнай забудовы. Тут размяшчаўся млын і лесапілка. Яшчэ трэба дадаць, што пры Польшчы вуліца мела назву Легеонная.

Ад маста і ўверх на ўсход ішла вуліца Мінская (зараз Шчарбіны). Яшчэ гэту вуліцу называлі Пацарквянскай, а жыхароў – пацарквянамі. Гэта звязана з тым, што на ўзвышшы вуліцы стаяла царква святой Параскевы.

Вуліца Мінская (Новая Мінская), 1944 г.

З самага ўтварэння Валожына існуе вуліца імя Леніна – галоўная транспартная артэрыя працягам больш за тры кіламетры. Пачынаецца яна ад аўтавакзала і пралягае ў паўднёвым напрамку. Пры паляках яна афіцыйна насіла назву Навагрудская. Частка вуліцы (ад вакзала і па гару Міхала) называлася Зарэцкая, бо знаходзілася за ракой Валожынкай. На вуліцы размяшчалася некалькі яўрэйскіх дамоў, нават была тут карчма яўрэйкі Соркі. Зарэцкая вуліца бачыла многа на сваім вяку, была сведкай многіх гістарычных падзей. Па ёй клалі свой шлях і шведы, і немцы, і французы, і царскія казакі. Брук гэтай вуліцы бачыў ваяроў Касцюшкі, паўстанцкія атрады Кастуся Каліноўскага, Міхаіла Агінскага, фашысцкіх карнікаў, савецкіх воінаў і партызан. Дом пад № 12 – тут пры паляках была пачатковая школа, пасля размяшчалася польскае староства (гарадскі савет). Пад № 16 стаіць вялікі дом (былое памяшканне фільматэкі РАНА), тут раней была царква, усе валожынцы ў ёй маліліся, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў. Некалькі слоў пра гару Міхала. Пэўныя краязнаўцы сведчаць, што гэта былое гарадзішча. Розныя легенды ходзяць пра гару: яна насыпана ўручную, рукатворны курган. Пры раскопках там знаходзілі рэшткі зброі, якая належала французскаму войску. Там быў магільнік, аб чым сведчаць сівыя камяні-помнікі, якія захаваліся да нашага часу.

Далей ішла вёска Паніззе, а тутэйшая вуліца называлася Паніжонская. Пасля вайны яна стала насіць імя Леніна. З прыходам Савецкай улады, пасля вайны, вуліцу “ахрысцілі” імем правадыра Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі Леніна. Магчыма і таму, што ў кожным горадзе былі плошчы ці вуліцы з такой назвай.

З паўднёва-заходняга боку плошчы пачынаецца вуліца, якая ідзе на поўдзень. Яшчэ да Першай сусветнай вайны яна была дарогай, што вяла ў вёску Келевічы. На гэтай вуліцы ў 20-я гады XX стагоддзя была пабудавана бальніца. Гэта быў падарунак Польшчы, якая атрымала незалежнасць, ад ЗША. Будынкі бальніцы ўзводзіліся са шчытоў і атынкоўваліся. З правага боку дарогі знаходзіўся драўляны будынак графскай адміністрацыі. За польскім часам гэтая дарога сумесна з вёскай называлася Садовая. Сёння жыхарам горада яна вядома як вуліца Беларуская. Вуліца нарадзілася адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Да 1939 года тут была пустка. На “Папоўцы” стаяла вялікая канюшня графа Тышкевіча. Побач з ёй барак, у якім жылі графскія парабкі, што даглядалі коней. Калі прыйшлі “саветы”, коней раздалі бедным сялянам. Уся зямля належыла Тышкевічу, у тым ліку і парк, які цяпер прымыкае да Беларускай. У парку выгульвалі пародзістых коней. А на самой гары стаяў прыгожы конь, выліты з бронзы. Скульптура глядзелася цудоўна, аж зіхацела ў сонечны дзень. У парку меўся звярынец, у якім былі два ваўкі, ліса, мядзведзь, марскія свінкі, вожыкі. Далей на ўзгорку месцілася бальніца, а за ёю пачыналася вёска Келевічы.

Калі скончылася вайна, трэба было адбудоўвацца, і гарсавет пачаў выдзяляць участкі пад розныя пабудовы каля бальніцы. Першым перавезлі будынак леснічоўкі, якая знаходзілася каля в.Яцкава, і ў ім арганізавалі лясгас. А на супрацьлеглым баку лясгас заклаў пладова-ягадны гадавальнік. Паступова дамоў з’яўлялася ўсё больш і больш, і вуліца атрымала назву Жданава. Разабралі з “Папоўкі” графскую канюшню і збудавалі з яе васьмікватэрны дом на месцы гадавальніка, а гадавальнік перанеслі ў лес каля в. Ганчыцы. Неўзабаве вуліца Жданава злучылася з вёскай Келевічы. У 1990 г. вуліца Жданава рашэннем райвыканкама была перайменавана ў вуліцу Беларускую.

Забудова вуліцы імя Максіма Горкага пачалася на ўскраіне горада Валожына ў пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору. У той час тэрыторыя Заходняй Беларусі перайшла пад уладанне Польшчы. “За польскім часам” у горадзе размяшчаліся камандаванне палка “Валожын” Корпуса Аховы Памежжа (Pułk KOP “Wołożyn”) і гарнізон батальёна КАП “Валожын” (Batalion KOP “Wołożyn”).

Хутчэй за ўсё, што менавіта ў межах гарнізону, на заходняй ускраіне Валожына і пачалося будаўніцтва так званай “урадавай калоніі”, якая складалася з тыповых “закапанскіх” домікаў. Напачатку было ўзведзена шэсць драўляных двухпавярховых дамоў. Адгэтуль, напэўна, ускраіна атрымала назву “Дамкі”.

“Дамкі” ў пачатку і ў канцы XX ст.

Пяць пабудоў было адведзена пад жыллё. У адным з іх размясціўся пастарунак (паліцэйскі ўчастак). Натуральна насупраць пабудавалі спадарожніцу гэтай установы – турму. У будынку, дзе зараз месціцца раённы музей, жыў гарадскі стараста са сваёй сям’ёй. Спакойная мірная вуліца набыла дурную славу ў час нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў. Тут размяшчалася гітлераўскае гестапа, а ва ўсіх дамах па цотнаму боку вуліцы – зондэркаманда. У канцы вайны вуліцы было прысвоена імя Максіма Горкага. Вядомы рускі пісьменнік не меў ніякага непасрэднага дачынення да гэтых мясцін, але ж быў такі час, калі вуліцам прысвойвалі імёны вядомых людзей.

Скончылася вайна. Ва ўцалелыя дамы па вуліцы Горкага засяліліся рабочыя адкрываемых прадпрыемстваў, служачыя адноўленых устаноў. Пасля невялікай рэканструкцыі яе будынак пераўтварылі ў цэх па вырабу безалкагольных напіткаў. Аж да пачатку 70-х гадоў імі забяспечвалі патрэбы жыхароў горада Валожына і вёсак раёна. У пачатку 60-х гадоў на ўскраіне вуліцы Горкага пачалося будаўніцтва новай бальніцы. У 1990 годзе пабудавана паліклініка на 375 наведвальнікаў у дзень.

Да нядаўняга часу “калонія” мела больш-менш цэласны выгляд, але пасля зносу ў 2011 годзе некалькіх будынкаў, колькасць міжваенных дамоў зменшылася ледзь не напалову.

Вуліца М.Горкага ў пачатку XXI стагоддзя

Вуліца Савецкая першапачаткова насіла назву Віленская, бо знаходзілася ўздоўж шляху ў сталіцу тагачаснага Вялікага княства Літоўскага – Вільню. Пачыналася яна ад плошчы. Вакол яе размяшчаліся прыватныя яўрэйскія магазінчыкі, майстэрні рамеснікаў-саматужнікаў, розныя ўстановы. Самае прыгожае збудаванне вуліцы – помнік драўлянага дойлідства, узведзены ў 1866 годзе, – царква роўнаапостальных Канстанціна і Алены. Старажылы расказваюць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты задумалі знішчыць жамчужыну горада Валожына. Пасля набажэнства сюды было нанесена шмат саломы, відаць, каб лягчэй заняўся агонь. Вернікам загадалі пакінуць храм, а святар Бубён адмовіўся гэта зрабіць і толькі шчыра маліўся. Але бяда, дзякуй Богу, мінула праваслаўную святыню.

Вуліца Савецкая

Дом пад нумарам 49 на вуліцы Савецкай таксама вядомы ўсім валожынцам. У ім жыў беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі). Менавіта ў гэтым доме семдзесят гадоў назад ён займаўся літаратурнай працай, прыхільна прымаў людзей, якія ішлі да яго за парадай, дапамогай. У гэтым доме вучылі дзяцей бедных местачкоўцаў нанятыя бацькамі настаўнікі.

Яшчэ адзін будынак, які вызначаецца сваім знешнім выглядам, – былая друкарня. Гэтай пабудове больш за 70 год. Гэты дом да вайны належаў аднаму валожынскаму яўрэю, ён здаваў яго ў арэнду. Тут размяшчаўся прыватны ашчадны банк. На кожнай калоне былі выбіты літары ККО, што абазначала “каса камунальна ошчэдносці”. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым доме размяшчаўся паліцэйскі ўчастак. Зараз тут адкрыты шэраг прыватных магазінаў.

 

У 1865 годзе вялікі пажар знішчыў амаль палову мястэчка. Гарэлі драўляныя крытыя саломай дамы і на гэтай вуліцы. Можна меркаваць, што пасля пажару ўзнікла неабходнасць стварыць у цэнтры горада, а ім, несумненна, з’яўляецца і дагэтуль Савецкая, штучны вадаём, пажарную ахову. Цяжка ўявіць, колькі спатрэбілася чалавечых сіл, намаганняў, вынаходлівасці для гэтага. І ўсё ж такі быў выкапаны і забрукаваны значны катлаван, куды збіраліся сцёкавыя і дажджавыя воды. На першы погляд, простае гідратэхнічнае збудаванне мела сваю дрэнажную сістэму і магчымасць рэгулявання ўзроўню вады, лішак яе скідваўся ў рэчку. Каля самага вадаёму было ўзведзена пажарнае дэпо.

Па левым баку вуліцы, дзе калісьці за польскім часам стаяў драўляны будынак нейкага ашчадна-камерцыйнага таварыства, пасля вайны прыстасаваны пад кінатэатр “Радзіма” і клуб, цяпер зялёна-кветкавая пляцоўка сярэдняй школы № 1.

У ходзе даследавання назваў старых вуліц можна прыйсці да высновы, што некаторыя вуліцы (Першага мая, Кастрычніцкая, Кірава, Леніна, Пушкіна, Савецкая, Шчарбіны) мелі некалькі назваў. Усе гэтыя вуліцы пасля Вялікай Айчыннай вайны і ўстанаўлення тут савецкай улады змянілі сваю назву. Цяпер гэтыя назвы маюць больш руска-савецка-камуністычную накіраванасць.

Для параўнання назваў старых і новых назваў вуліц была састаўлена табліца

 

Сучасная афіцыйная назва вуліцы

Гістарычная назва

1 Мая

Новая Менская, Нарутовіча

17 Верасня

Крывая

Беларуская

Садовая, Жданава, Келевічы

Кастрычніцкая

Еўлашоўская, Дубінская

Кірава

Бандароўская, Вайцяхоўскага,
Смаргонская, Адама Міцкевіча

Леніна

Навагрудская, Паніжоўская,
Зарэцкая, Карэя

М.Горкага

Калёнія, Дамкі

Някрасава

Броварная

Партызанская

Польная

Пушкіна

Шапавальская, Палачанская, Легеонная

Савецкая

Віленская, імя Пілсудскага

Шчарбіны

Мінская, Пацарквянская, Касцельная

Янкі Купалы

Малыя Бандары, Вайцяхоўскага

 

Лоская

 

Івянецкая

 

2 Вуліцы савецкіх часоў

 

Забудова вуліцы Партызанскай пачалася яшчэ ў 1921 годзе, калі пачалі ўзводзіць школу № 1. Будынак школы быў кампазіцыйна звязаны з палацава-паркавым ансамблем. Ад графскай аранжарэі ў накірунку да будынка школы была пракладзена шырокая тапаліная алея. Спачатку гэта вуліца мела назву Польная. Толькі ў пачатку 1970-х гадоў была спраектавана забудова сучаснай вуліцы Партызанскай. Тут былі ўзведзены пяці- і двухпавярховыя шматкватэрныя дамы. Адзіны стары будынак, які захаваўся на вуліцы Партызанскай – будынак дома майстроў або Зялёны дом. Ён быў узведзены па таму ж прынцыпу, што і “Дамкі” на вуліцы Горкага.

Першыя пабудовы на вуліцы Партызанскай

Вуліца Чапаева, як і ўвесь мікрараён “Сельгастэхніка”, на карце Валожына з’явілася пасля вайны. Тут у 1944 годзе каля вёскі Шапавалы была адноўлена МТС (машынна-трактарная станцыя) для забеспячэння калгасаў сельскагаспадарчай тэхнікай. З адкрыццём гэтага прадпрыемства і пачалася забудова новай вуліцы, а з пераўтварэннем МТС у больш буйное транспартнае прадпрыемства – Сельгастэхніку, на вуліцы з’явілася некалькі шматкватэрных дамоў. Маштабнасць новага мікрараёна дапоўнілася, калі быў запушчаны ў эксплуатацыю льнокамбінат.

У простанароддзі гэтую мясціну часта называюць “Гайка”. Гэта назва пайшла ад эмблемы Сельгастэхнікі.

Адзінае, што мае гістарычную каштоўнасць нашага мікрараёна, то гэта гара Хаіма Бяліка. Легенда гаворыць, што менавіта сюды, на гэтую гару ўзнімаўся вядомы яўрэйскі паэт ў час вучобы ў валожынскім ешыбоце, падоўгу сядзеў тут, сумаваў па радзіме і стварыў свае першыя вершаваныя творы.

Папоўкай вуліцу Міра называюць і сёння, але калі ж зазірнуць у гісторыю, то ўсплывае яшчэ адна назва – Стайніна. Так яе ахрысцілі з-за таго, што тут на гары з часоў графа Тышкевіча была канюшня (стайня). Хутчэй за ўсё Тышкевічам належалі і тры драўляныя дамы, дзе па чутках жылі яго работнікі з сем’ямі, а пасля вайны засяліліся звычайныя савецкія грамадзяне. У тыя часы адрас паселішча быў такі: завулак Падгорны. У пачатку 80-х гадоў пачалося будаўніцтва новых шматпавярховых дамоў і ў жніўні 1988 года вуліца была перайменавана ў вуліцу Міру.

Першыя жылыя дамы вуліцы Гагарына з’явіліся недзе ў 1980 годзе. Сягоння ж гэта цэлы гарадок пяці- і трохпавярховак. Як і ў любым густанаселеным мікрараёне, ёсць тут школа, дзіцячы садок, магазіны. На тэрыторыі бальніцы пабудавана новая прасторная паліклініка, кацельня горада. Прыгажосць вуліцы надае фруктовы сад, дзе заўсёды можна адпачыць сям’ёй ды і паласавацца яблыкамі. Вуліца імя Гагарына месціцца на самай высокай кропцы горада. Таму раней, калі не было пешаходнага маста на Папоўку, каб прайсці на гэту вуліцу з горада, трэба было падняцца нібы ў космас. Сама вуліца не падобна на вуліцу, а хутчэй нагадвае невялікі, кампактны “гагарынскі гарадок”.

Вуліца імя Ф.Э. Дзяржынскага пачала фарміравацца недзе ў 1982 годзе. Да гэтага часу яна цягнулася ад так званага “Вецярка” да будынка раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Улічваючы тую асаблівасць, што непадалёк ад гэтай заходняй ускраіны горада меліся інжынерныя камунікацыі (гарадская кацельня, водаправод з каналізацыяй), кіраўніцтва горада і раёна вырашыла скарыстаць гэта месца пад далейшую забудову. І вось на працягу двух дзясяткаў гадоў у горадзе з’явілася новая вуліца з цікавым архітэктурным рашэннем: на адным баку – аднапавярховыя дамы, на другім – двухпавярховыя. Невядома, ці быў калі-небудзь Фелікс Дзяржынскі ў Валожыне. Можа, і бываў у дзяцінстве, бо маёнтак Дзяржынава, дзе ён нарадзіўся, не так далёка ад Валожына.

У савецкі перыяд горад разрастаўся, з’явіліся новыя вуліцы і перавулкі. Большасць з іх мелі назвы савецкай накіраванасці, імёны знакамітых людзей, якія не мелі дачынення не толькі да Валожына, але і да Беларусі (Маркса, Энгельса, Калініна, Кірава, Астроўскага, Пушкіна, Лермантава, Горкага, Каралёва, Сахарава, Луначарскага, Мічурына). Акрамя таго, называлі вуліцы ў гонар юбілейных дат (50 год Кастрычніка, 70 год Кастрычніка, 60 год БССР).

На пытанне: “Хто такі Камароў?”, ні жыхары вуліцы, ні супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея, ні работнікі архітэктурнага аддзела райвыканкама, нам адказаць не змаглі.

Магчыма гэта быў Камароў Уладзімір Міхайлавіч (16 сакавіка 1927 – 24 красавіка 1967) – лётчык-касманаўт СССР, інжынер-палкоўнік. Двойчы Герой Савецкага Саюза, які ўпершыню ў свеце здзейсніў палёт на шматмесным касмічным караблі «Ўсход-1» у якасці камандзіра карабля. Другі палёт здзейсніў 23–24.04.1967 на касмічным караблі «Саюз-1». Загінуў падчас пасадкі з-за адмовы парашутнай сістэмы.

Есць другі варыянт: Камароў Георгій Восіпавіч – ваенны дзеяч, генерал-маёр авіяцыі, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза.

 

3 Новыя вуліцы, новыя назвы

 

За апошнія тры дзесяцігоддзі Валожын расшыраўся ў розных напрамках. Актыўная забудова прыватных дамоў адбывалася ў паўночнай частцы горада, тут з’явіліся вуліцы імя Букштыновіча, Гасціловіча, Старога Уласа, Якуба Коласа, а таксама Маладзёжная, Юбілейная, Сонечная, Загародняя. У раёне другой школы з’явіліся вуліцы Лугавая, Светлая і імя Каралёва.

Самая маштабная забудова ў апошні час адбываецца ў канцы вуліцы Савецкай, якая скіравана ў бок Вішнева. Тут развіваецца не толькі прыватны сектар, але актыўна будуюцца і шматпавярхоўкі. У гэтым раёне можна прайсці па вуліцах імя Гарэцкага, Агінскага, Тышкевіча, Радужнай, Палявой, Мядовай і Заходняй. Апошнія назвы больш нейтральныя, не носяць палітычнай афарбоўкі ці звязаны з імёнамі знакамітых людзей Беларусі.

Асаблівасцю гэтага перыяду з’яўляецца тое, што прозвішчы людзей, у гонар якіх названы вуліцы непасрэдна звязаны з Валожынскай зямлёй. Тут, у вёсцы Жомайдзь нарадзіўся Міхаіл Фаміч Букштыновіч (1892-1950), удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, вядомы як начальнік штаба 3-й ударнай арміі, генерал-лейтэнант. У фальварку Пенькаўшчына нарадзіўся Антон Іосіфавіч Гасціловіч (1902-1975) – выдатны савецкі военачальнік. Талент военачальніка ў гады Айчыннай вайны асабліва праявіў, кіруючы корпусам, а пасля і адной з армій. Узнагароджаны ордэнам Суворава 1-й ступені. Антону Іосіфавічу прысвоена званне генерал-палкоўніка.

З Валожынам цесна звязана жыццё і дзейнасць графскай дынастыі Тышкевічаў. Тут жыў і працаваў Стары Улас, праз Валожынскія землі вадзіў свае паўстанцкія атрады М.К.Агінскі.

 

Каб даведацца меркаванне жыхароў нашага горада, было праведзена апытанне:

  1. Назавіце вуліцу, на якой пражываеце.
  2. 2. Чаму гэта вуліца носіць такую назву?
  3. Што вы ведаеце пра гэту гістарычную асобу (гістарычную падзею)?
  4. Ці хацелі б вы змяніць назву вуліцы? Калі так, то які варыянт назвы вуліцы вы маглі б прапанаваць.
  5. Як вы лічыце, вуліц(-ы) з якой назвай не хапае ў горадзе Валожыне?

 

Які атрымалі вынік? Палова рэспандэнтаў (20 чалавек) школьнага ўзросту не задумваецца над назвай вуліцы, не ведаюць гісторыю яе паходжання, і ўсім задаволены. 50 % рэспандэнтаў-школьнікаў унеслі супярэчныя прапановы. Адны з іх выказваюцца за вуліцы Жукава, Суворава. Фадзеева, Гогаля, а іншыя прапанавалі назваць вуліцы ў гонар Е.Полацкай, М.Танка, Т.Касцюшкі, С.Прытыцкага і інш. Крыху іншая карціна вырысавалася сярод рэспандэнтаў (50 чалавек) больш старэйшага ўзросту.10 чалавек – 20 % не цікавяцца такой праблемай, 17 чалавек – 34 % – выказаліся за змены назвы вуліц. Гэта датычыць вуліц М.Горкага, У.Леніна, Савецкай, В.Чапаева, Кастрычніцкай. Асабліва адмоўна ставяцца да назваў вуліц 50 год Кастрычніка, 70 год Кастрычніка, 60 год БССР.

Якія ж прапановы? Іх можна падзяліць на некалькі тэматык:

а) вярнуць вуліцам старыя назвы;
б) даць вуліцам назвы ў гонар знакамітых беларусаў;
в) даць вуліцам назвы знакамітых землякоў;
г) нейтральныя назвы (Школьная, Гарыстая, Бярозавая, Радасная, Любімая, Кветкавая, Дружная і інш).

 

Заключэнне

 

Мінулыя тры гады ў Беларусі прайшлі пад эгідай “Год малой радзімы”. За гэты перыяд, напэўна, кожны грамадзянін нашай краіны ўнёс свой уклад у развіццё таго месца, дзе ён нарадзіўся і вырас. Адны пастараліся, каб наш горад стаў больш прыдатны для жыцця, другія зрабілі яго прыгажэйшым і больш утульным, іншыя прыбралі свае родныя мясціны. У сілах школьнікаў пазнаць мінулае свайго роднага краю. Буду спадзявацца, што мая даследчая праца таксама прынясе нейкую карысць. Дадзены матэрыял можна выкарыстаць на ўроках гісторыі, пазакласных мерапрыемствах, у працы школьнага музея, а таксама яго можна ўлічыць пры далейшай забудове горада.

Сучасны від Валожына

У ходзе працы былі даследаваны карты горада розных часоў і складзены спіс сучасных вуліц горада.

Састаўлена параўнальная табліца былых назваў вуліц і сучасных.

У ходзе даследавання назваў старых вуліц можна прыйсці да высновы, што некаторыя вуліцы (Першага мая, Кастрычніцкая, Кірава, Леніна, Пушкіна, Савецкая, Шчарбіны) мелі некалькі назваў. Усе гэтыя вуліцы пасля Вялікай Айчыннай вайны і ўстанаўлення тут савецкай улады змянілі сваю назву. Цяпер гэтыя назвы маюць больш руска-савецка-камуністычную накіраванасць.

Большасць вуліц, пабудаваных пасля Вялікай Айчыннай вайны і да канца 1980-ых, мелі назвы савецкай накіраванасці, імёны знакамітых людзей, якія не мелі дачынення не толькі да Валожына, але і да Беларусі (К. Маркса, Ф. Энгельса, Калініна, Кірава, Астроўскага, А. Пушкіна, Ю.Лермантава, М.Горкага, Каралёва, Сахарава, Луначарскага, Мічурына, Камарова). Акрамя таго, называлі вуліцы ў гонар савецкіх юбілеяў – 50 год Кастрычніка, 70 год Кастрычніка, 60 год БССР.

Вынік апытвання жыхароў Валожына паказаў, што школьнікаў мала цікавіць праблема назваў вуліц горада, а людзі больш сталага ўзросту часцей выступаюць за змены савецкіх назваў вуліц. Асабліва адмоўна ставяцца да назваў вуліц 50 год Кастрычніка, 70 год Кастрычніка, 60 год БССР. Часцей за ўсё жыхары прапанавалі назваць вуліцы ў гонар К.Каліноўскага, Т.Касцюшкі, К.Буйло, В.Дуніна-Марцінкевіча, С.Буднага, В.Гіруць-Русакевіч. Былі прапановы вярнуць вуліцам старыя назвы.

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Валожынскага раёна. – Мінск: БелЭн, 1996.
2 Смиловицкий, Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941-1944 гг. – Тель-Авив : Б-ка Матвея Черного, 2000. – 432 с.
3 Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIІІ – першай палове ХІХ ст. / Нав. рэдактар З.Шыбека. – Вільня : ЕГУ, 2010. – 488 с.
4 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. – Мінск : БелЭН, 1994. – С. 210–211.
5 Гарбачэўскі В. Жыццё і пагібель яўрэйскай абшчыны ў Валожыне // Куфэрак Віленшчыны. – № 3 (5). – 2001. – С. 91 – 100.
6 Гарбачэўскі В. Маё мястэчка – Валожын // Куфэрак Віленшчыны. – 2002. – № 1. – С. 80–109.
7 Працоўная слава 1.07.2011. Падарожжа па Валожыне. Вадзім Мінцель
8 Працоўная слава ад 30.06.2017 З расказаў пра Паніззе. Алена Збірэнка.
9 Працоўная слава ад 30.06.2006 З залы музея – у даўніну.
10 Соркина, И. Воложин / И.Соркина // [Электронный ресурс] Wirtualny Sztetl. Muzeum Historii Zydow Polskich – Режим доступа: http://www.sztetl.org.pl/ru/city/wolozyn/
11 Воложинский райисполком. Официальный сайт // http://www.volozhin.gov.by/
12 Воложин // http://ru.wikipedia.org
13 Горад Валожын // http://radzima.org/be/gorad/valozhyn.html
14 Воложин // http://globus.tut.by/volozhin/index.htm
15 Воложинский городской портал // http://www.volozhin.com/
16 Воложин – край родной // http://volozh.in/

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий