“Беларусь – мая Радзіма”. Гульня-віктарына для дзяцей дашкольнага ўзросту (5–6 гадоў)

- 14:20ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Распрацоўка ўключае ў сябе матэрыял, прызначаны для маральна-патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту.

 

Надзея ЖУКОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Паляцкішскі дзіцячы сад” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: абагульніць і сістэматызаваць уяўленні дзяцей аб Радзіме.

Задачы:

– замацаваць уяўленні дзяцей аб Рэспубліцы Беларусь;
– фарміраваць паняцце Радзімы, як месца, дзе чалавек нарадзіўся, і краіны, дзе ён жыве;
– сістэматызаваць уяўленні дзяцей аб сімволіцы дзяржавы – сцяг, герб, гімн;
– пашыраць кругагляд дзяцей, вучыць адказваць на пытанні ў залежнасці ад зместу, выкарыстоўваючы дакладны, выразны слоўнік;
– працягваць развіваць пазнавальную цікавасць у дзяцей, садзейнічаць развіццю мовы, увагі, памяці і мыслення;
– стымуляваць творчую актыўнасць дзяцей у гульні, садзейнічаць фарміраванню ўмення ўзаемадзейнічаць адзін з адным;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, цікавасць да твораў беларускіх паэтаў, кампазітараў.

Абсталяванне і матэрыял: мультымедыйнае абсталяванне, праектар, прэзентацыя на тэму “Беларусь – мая Радзіма” (падрыхтаваць на свой погляд), глобус, фізічная карта Рэспублікі Беларусь, карта Беларусі, эмблемы, фішкі-пазл “Рэспубліка Беларусь”, мікрафон, музычнае суправаджэнне.

Папярэдняя работа: разгляданне ілюстрацый сцягоў і гербаў розных краін, сцяга і герба Рэспублікі Беларусь; знаёмства з народнымі святамі і традыцыямі, касцюмамі; прагляд прэзентацый патрыятычнага характару.

 

Ход мерапрыемства

Гучыць аўдыязапіс песні “Беларусь – мой дом” (сл. і муз. Ірыны Бейня), дзеці з выхавальнікам уваходзяць у залу і падыходзяць да глобуса.

Выхавальнік.

На карце вялікага свету
Яна – як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
І ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла: Беларусь!
(“Твая Беларусь” Ю.Свірка.)

Дзеці, што такое Радзіма? (Месца, дзе мы нарадзіліся; наша вёска, наша краіна…) Правільна!

Дзеці чытаюць вершы пра Радзіму.

1-ы выхаванец.

Радзіма ў нас бязмежная,
спякотная і снежная.
На Поўначы ляжаць яшчэ
таўшчэзныя ільды.
На поўдні – сонейка пячэ
і ўжо цвітуць сады.

Радзіма ў нас магутная,
ва ўсім Сусвеце славутая.
У космас нашы караблі
савецкі герб нясуць.
А на зямлі шумяць памі
і гарады растуць.

Радзіма ў нас добрая,
як матуля родная.
А самае галоўнае:
усе ёй дзеці – роўныя.
(“Радзіма”А.Вольскі.)

 

2-і выхаванец.

Зямля з блакітнымі вачамі –
Раздолле рэчак і лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў,

Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяць у лясах.
Палі, узгоркі, перавалы –
Прасторны шлях, далёкі шлях!

Краіна славы партызанскай,
Краіна міру і даброт!
Ты – наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.

Твае сыны,
Твае ўнукі,
Мы любім гул тваіх бароў.
І рэкі цягнуцца, як рукі,
Да цёплых, верных рук сяброў.
(“Зямля з блакітнымі вачамі” Эдзі Агняцвет.)

 

3-і выхаванец.

Шчочку да вуснаў туліць,
каб таямніцу спытаць:
– Белая Русь, матуля,
гэта дзяўчынка? Так?

Як называецца дзіўна…
Ты пра яе раскажы.
– Белая Русь – Радзіма.
Перад табой ляжыць.

Крыкні – яна адгукнецца
звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
ускалыхнецца плёс.

Далеч захлынецца громам
– Белая Русь запяе.
І азарыцца Нёман –
чыстае вока яе.
(“Белая Русь” Д.Бічэль-Загнетава.)

Выхавальнік. Паглядзіце ўважліва на карту Рэспублікі Беларусь. Хто з вас можа паказаць межы нашай краіны?

Педагог прапануе двум-тром выхаванцам абвесці межы Рэспублікі Беларусь на карце.

Выхавальнік. Хто з вас можа назваць і паказаць з якімі краінамі мяжуе Рэспубліка Беларусь. (Літва, Латвія, Расія, Польшча, Украіна.)

Педагог прапануе па адным выхаванцы паказаць мяжу з суседняй краінай.

Выхавальнік.

Беларусь – мая Радзіма,
Не знайсці мне край мілей!
Я табою ганаруся,
Век жыві і век квітней.

Тут дзіцячыя ўсмешкі,
прыгажосці кветак, сцежкі,
Тут блакітныя азёры,

І цікавыя прыгажосці.
Ёсць тут рэкі і азёры,
І палі і збожжа гары.

Кожны куточак роднай зямлі
Шчырае сонца хай абгравае,
Каб над краінай ляцелі буслы
І зелянелі, квітнелі лясы!
(“Мая Радзіма” Аляксандра Люцік.)

Выхавальнік. А зараз я прапаную вам пагуляць у гульню-віктарыну. І, напэўна, вы здагадаліся, што яна будзе называцца “Беларусь – мая Радзіма!” Нам трэба падзяліцца на дзве каманды і абраць капітанаў. (Дзеляцца на дзве каманды.)

Выхавальнік. Вітаем: каманда “Пралесачкі” і каманда “Патрыёты”. (Выхаванцы атрымоўваюць эмблемы з выявай сваёй каманды.) Рабяты, вы шмат ведаеце аб нашай Радзіме і свае веды пакажаце, адказаўшы на пытанні віктарыны. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае адзін элемент пазла ў сваю скарбонку. Што гэта будзе за пазл, даведаецеся пасля таго, як збераце ўсе элементы. Калі каманда не ведае адказу, пытанне пераходзіць іншай камандзе. У канцы гульні будуць падведзены вынікі. Пачынаем віктарыну!

 

Першы этап “Родная краіна”

Выхавальнік. Вам неабходна, гледзячы на экран, выбраць правільны адказ. Паднімайце руку, не выкрыквайце з месца. (Увага звяртаецца на мультымедыйную прэзентацыю.)

1. На фатаграфіях вы бачыце розных людзей. Хто з іх Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь?
2. У кожнай краіне ёсць свой Дзяржаўны сцяг. Які з прадстаўленых належыць Рэспубліцы Беларусь?
3. Які з сімвалаў дзяржавы – герб належыць нашай краіне?
4. Які з гарадоў з’яўляецца сталіцай нашай Радзімы?
5. Як называецца наша вёска?
6. Трэба назваць будынкі роднай вёскі.
7. Як называецца наш дзіцячы садок?

Падвядзенне вынікаў першага этапа.

 

Другі этап “Беларускія вырабы”

Выхавальнік. Зараз вам трэба будзе паказаць сваю дружную працу ў камандзе. На экране будзе з’яўляцца сілуэт беларускага вырабу, ваша задача – вызначыць, што за прадмет намаляваны на экране і дзе ён выкарыстоўваецца. Кавалачак пазла атрымлівае тая каманда, якая першая падніме руку і дасць правільны адказ. У выпадку памылкі права адказу атрымлівае другая каманда.

Падвядзенне вынікаў другога этапа.

 

Трэці этап “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”

Выхавальнік. Кожная каманда па чарзе павінна адказаць на адрасаванае ёй пытанне. Адказ павінен быць поўным.

1. Якія дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь вы ведаеце? (Герб, сцяг, гімн.)
2. Што такое дзяржаўны гімн? (Галоўная песня краіны, выконваецца ў асабліва ўрачыстых выпадках, слухаць яе трэба стоячы, выяўляючы павагу.)
3. Дзе можна ўбачыць беларускі сцяг? (На дзяржаўных будынках, самалётах, жылых дамах у дні дзяржаўных свят.)

4. З якіх колераў складаецца сцяг нашай краіны? (Белага, зялёнага і чырвонага.)
5. Што сімвалізуе белы колер? (Белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды; разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці.)
6. Што сімвалізуе зялёны колер? (Зялёны колер – гэта колер прыроды, колер палёў і лясоў, якія займаюць большую частку тэрыторыі нашай краіны; гэта колер дабра, развіцця, міру.)
7. Што сімвалізуе чырвоны колер? (Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, барацьбу за справядлівую справу.)
8. Што сімвалізуе арнамент? (Арнамент сімвалізуе працавітасць, працоўнае майстэрства беларускага народа, а таксама ўрадлівасць зямлі.)
9. Што намалявана на гербе Рэспублікі Беларусь? (Залаты контур нашай краіны ў прамянях сонца, малюнак зямлі і ўзыходзячага сонца, пяціканцовая зорка, контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з залатых каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну, каласы герба абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу ёсць надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.)
10. Што сімвалізуе залаты контур нашай краіны ў прамянях сонца? (Залаты контур нашай краіны ў лучах сонца сімвалізуе тэрытарыяльную цэласнасць краіны і яе межы, а таксама самастойнасць беларускага народа і мірны характар яе дзейнасці.)
11. Што сімвалізуе малюнак зямлі, узыходзячага сонца і зямны шар? (Малюнак зямлі і ўзыходзячага сонца – гэта два сімвалы жыцця. Першы – зямля – аснова ўсяго жывога. Другі – сонца – крыніца жыцця, жыццёвая сіла. Зямны шар – знак сяброўства са ўсімі народамі. Яднанне зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця.)
12. Што сімвалізуе пяціканцовая зорка? (Пяціканцовая зорка – сімвал мужнасці і высокіх памкненняў, знак бяспекі. Размяшчэнне зоркі ў верхняй частцы герба сімвалізуе абарону Радзімы.)
13. Што сімвалізуе вянок з каласоў, пераплеценых кветкамі канюшыны і лёну? (Вянок з каласоў, пераплеценых кветкамі канюшыны і лёну – знак памяці, няспыннай сувязі пакаленняў.)

14. Назавіце традыцыйныя колеры герба і што яны сімвалізуюць? (Традыцыйныя колеры герба: залаты сімвалізуе багацце і веліч, чырвоны – сілу і мужнасць, сіні – славу і вернасць, зялёны – волю і надзею.)

Падвядзенне вынікаў трэцяга этапа.

 

Фізхвілінка

Рукі паднялі і паківалі. (Качаем паднятымі ўверх рукамі.)
Дрэвы нам дораць красу. (Плаўна апускаем рукі ўніз.)

Рукі сагнулі, кісцямі махнулі. (Устрэсванне кісцяў рук.)
Вецер збівае расу. (Махаем рукамі перад сабой.)
Рукі ў бакі, і плаўна памашам. (Рукі ў бакі.)
Птушкі ляцяць у наш сад. (Павароты тулава з раскінутымі рукамі ў бакі.)

Як яны сядуць, таксама пакажам. (Прысяданні.)
Крылы складзем мы назад. (Усталі, схавалі рукі за спіну.)

 

Чацвёрты этап “Галоўныя святы Рэспублікі Беларусь”

Выхавальнік. У нашай краіне ёсць галоўныя святы, якія адзначаюць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Адгадайце загадкі, каб даведацца, як называюцца гэтыя святы.

Знаюць, пэўна, усе рабяты, што надыдзе хутка свята,
Свята даўняе і новае, свята светлае, зімовае,
Хутка ўжо да нас, народ, завітае …(Новы год)
Менавіта на гэтае свята падпальваюць пудзіла і пякуць бліны. (Масленіца)
На гэтае свята віншуюць усіх жанчын: мам, бабуль, сястрычак. (Восьмае Сакавіка)
На гэтае свята людзі фарбуюць яйкі, пякуць кулічы і потым ідуць у царкву і свенцяць іх. (Вялікдзень)

На гэта свята людзі ідуць па вуліцы з кветкамі, шарамі і сцягамі. Так у маі яны сустракаюць (Свята працы)
Што за свята 1 верасня? (Дзень ведаў)

Якое свята мы адзначаем 3 ліпеня? (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)
Падвядзенне вынікаў чацвёртага этапа.

 

Пяты этап “Нацыянальны касцюм Рэспублікі Беларусь”

Выхавальнік. Прапаную вашай увазе выявы людзей у розных нацыянальных касцюмах. Неабходна знайсці беларускі нацыянальны касцюм. (Хто хутчэй назаве нумар выявы нацыянальнага касцюма).

Падвядзенне вынікаў пятага этапа.

 

Выхавальнік. А зараз падвядзём вынік нашай гульні. У кожнай каманды ёсць некалькі элементаў пазла. Давайце аб’яднаем іх і паглядзім, што ў нас атрымалася. (Каманды збіраюць пазл “Рэспубліка Беларусь”.) Перамагло сяброўства!

 

Рэфлексія “Свабодны мікрафон”

а) Мая Радзіма – гэта …
б) Я ўдзячны сваёй краіне за тое, што …
в) Мне хацелася б, каб мая Радзіма была самай …
г) Калі я вырасту, я …

(Дзеці па чарзе выказваюць свае думкі па зададзенай схеме.)

Выхавальнік.

Неба чыстае і глыбокае
І бярозавы ціхі гай
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.

У густых садах ты красуешся
Сілай поўная маладой,
У агнях уся ярка свецішся,
Заліваешся збажыной.

Славай слаўная ты быліннаю,
Залатою сваёй красой,
Майскай песняю салаўінаю
І вясёлкамі над ракой…

Неба чыстае і глыбокае
І бярозавы ціхі гай
Беларусь мая – сінявокая,
Беларусь мая, родны край.
(У.Карызна)

 

1-ы выхаванец.

Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе паміж лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.

 

2-і выхаванец.

Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэткае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце ведаюць нездарма!

 

3-і выхаванец.

Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля…
(“Я – беларус” Н.Гілевіч.)

 

Выхавальнік. Прапаную праслухаць гімн Рэспублікі Беларусь. (Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь “Мы, беларусы (Усе ўдзельнікі ўрачыста слухаюць).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий