Выкарыстанне дыдактычных практыкаванняў на групавых карэкцыйных занятках па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення для дзяцей старшага дашкольнага ўзросту (5–6 гадоў) з цяжкімі парушэннямі маўлення

- 12:55КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

Аўтар прапануе апісанне практыкаванняў, якія паказалі сваю эфектыўнасць у карэкцыйнай рабоце па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення для дзяцей старшага дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення.

 

Вольга КАЛАЛА,
Настаўнік-дэфектолаг
ДУА «Дзіцячы сад №2 г. п. Карэлічы»,
Гродзенская вобласць

 

На карэкцыйных занятках па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення неабходна выконваць практыкаванні, накіраваныя на ўзбагачэнне слоўніка па асноўных лексічных тэмах, а таксама на карэкцыю і фарміраванне граматычнага строю мовы, развіццё звязнага маўлення, актывізацыю і развіццё вышэйшых псіхічных функцый.

Гульнёвая дзейнасць з’яўляецца вядучай для дзяцей дашкольнага ўзросту. Таму з мэтай павышэння эфектыўнасці карэкцыйнага ўздзеяння і падтрымкі цікавасці да выканання практыкаванняў дзецьмі старшага дашкольнага ўзросту я выкарыстоўваю ў сваёй педагагічнай дзейнасці дыдактычныя гульні. Яны даюць магчымасць ажыццяўляць карэкцыю і развіццё маўлення дзяцей, іх разумовых здольнасцей, навучанне, фарміраванне каштоўных рыс асобы і станоўчых узаемаадносін дзяцей у даступнай і прывабнай для іх гульнёвай форме.

У рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту я выкарыстоўваю розныя віды дыдактычных гульняў: гульні з дыдактычнымі цацкамі, прадметамі, настольныя і слоўныя гульні.

Важная роля ў дыдактычнай гульні належыць правілам, якія вызначаюць, што і як, у якой паслядоўнасці павінна рабіць у гульні кожнае дзіця: выхоўваюць уменне стрымлівацца, кіраваць сваімі паводзінамі, гаварыць па чарзе. Неабходнасць прытрымлівацца правілаў ва ўмовах калектыўнай гульні прымушае кожнае дзіця суадносіць свае дзеянні з дзейнасцю таварышаў, садзейнічае ўзнікненню агульных інтарэсаў, а таму з’яўляецца важнай умовай фарміравання станоўчых рыс паводзін.

Галоўная асаблівасць дыдактычнай гульні – наяўнасць гульнёвага дзеяння. Менавіта яно перш за ўсё цікавіць і прываблівае дзяцей. Гульнёвае дзеянне ўяўляе сабой дзеянне з цацкамі або прадметамі, малюнкамі, словамі. Гульнёвымі могуць быць інтэлектуальныя дзеянні параўнання, супастаўлення, апісання, абагульнення. Да гульнёвых адносяцца і асаблівыя рухі: плясканне ў далоні, кіданне мячыка, заплюшчванне вачэй, пастукванне па стале.

На карэкцыйных занятках па карэкцыі маўленчай дзейнасці дзяцей старшага ўзросту асноўная роля належыць выкарыстанню слоўных гульняў. Яны не заўсёды патрабуюць нагляднага матэрыялу і звычайна складаюцца са слоў і дзеянняў гуляючых. У такіх гульнях дзеці самастойна рашаюць разнастайныя маўленчыя і разумовыя задачы: засвойваюць назвы прадметаў, змяняюць форму і будову слоў, апісваюць прадметы, выдзяляючы іх характэрныя прыметы; адгадваюць іх па апісанні, знаходзяць прыметы падабенства і розніцы, групуюць прадметы па розных уласцівасцях і прыметах.

Да кожнай гульні трэба падрыхтавацца: прадумаць яе арганізацыю і методыку правядзення, спосабы яе тлумачэння дзецям, а таксама вызначыць у ёй сваё месца. Важна ўмела пачаць гульню, адразу арганізаваць дзяцей, коратка і зразумела растлумачыць ім, у якую гульню і як яны будуць гуляць. На занятках я гавару загадкавымі інтанацыямі, паніжаючы ці павышаючы голас. Аб’ява назвы гульні павінна стварыць гульнявы настрой. Гэта дасягаецца маёй прапановай пагуляць («Дзеці, зараз мы пагуляем»), пытаннем («Вы хочаце пагуляць?») ці сюрпрызным момантам («Паглядзіце, што гэта? Цудоўны мяшочак. Хочаце даведацца, што ў ім ляжыць?»). Можна аб’явіць гульню ад імя казачнага героя, каб больш зацікавіць дзяцей.

У сваёй практычнай дзейнасці я выкарыстоўваю наступныя дыдактычныя гульні «Скажы ласкава» (утварэнне назоўнікаў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі); «Адзін – шмат», (утварэнне множнага ліку назоўнікаў); «З чаго?», «Для чаго?», «Што з чым?» (засваенне катэгорыі творнага і роднага склонаў з прыназоўнікам для, з); «Чаго не стала?», «Чаго многа?» (засваенне катэгорыі роднага склону назоўнікаў без прыназоўніка); «Да нас прыйшла зіма (вясна, восень)» (адпрацоўка склонавых канчаткаў) і інш.

На карэкцыйных занятках вучымся ўтвараць адносныя прыметнікі, замацоўваем з дзецьмі дапасаванне прыметнікаў да назоўнікаў праз практыкаванні: «З чаго зроблены прадмет?», «Які дзень? Якое надвор’е?», «Які ліст? Якая галінка?», «Варым кампот і варэнне», «Страва з агародніны» і інш.

Выкарыстоўваю гульні на замацаванне ўжывання прыназоўнікаў месца: «Знайдзі прадмет», «Выканай каманду», «Што і дзе знаходзіцца?».

Для падтрымкі большай цікавасці да маўленчых практыкаванняў можна прапанаваць выканаць дзеянні, аб якіх ідзе гаворка ў практыкаванні (пакласці яблык у вазу), а затым адказаць на пытанне: «Што ты зрабіў?». Вельмі падабаецца дзецям выконваць практыкаванні на дапасаванне лічэбнікаў 1, 2 і 5 да назоўнікаў, ужыванне слоў адзін – адна – адно, два – дзве.

Для выпрацоўкі навыкаў складання сказаў і развіцця звязнага маўлення выкарыстоўваю гульні: «Закончы сказ», «Выпраў памылку», «Складзі апавяданне», «Добра – дрэнна», «Што спачатку, а што потым?», «Так ці не так?».

 

Прыклады дыдактычных практыкаванняў па некалькіх лексічных тэмах

 

Лексічная тэма: «Посуд»

Праграмныя задачы:

– замацоўваць веды пра асноўныя назвы посуду, яго прызначэнне і захоўванне;
– удасканальваць уменне словазмянення і словаўтварэння;
– замацоўваць уменні ўтвараць памяншальна-ласкальную форму назоўнікаў, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, утвараць адносныя прыметнікі, антонімы, ужываць катэгорыі творнага і роднага склонаў з прыназоўнікам з;
– развіваць звязнае маўленне, зрокавае і слыхавое ўспрыманне, пазнавальную актыўнасць, канструктыўнае і лагічнае мысленне, увагу, памяць.

 

Практыкаванне «Паслухай і адкажы»

Жыў-быў посуд: чайнік, кубак, блюда,
Відэльцы, міскі, сподкі, каструлі і скавародкі.
Сябраваў посуд з ядою, з чыстай і цёплай вадою.
3 чалавекам ён сябраваў і смачна яго частаваў.

Пытанні:

Пра які посуд тут гаворыцца? Пералічы.
Чаму посуд сябраваў з вадой чыстай і цёплай?
Чым посуд частуе чалавека?

Практыкаванне «Параўнай»

Неабходна параўнаць чайнік і каструлю; кубак і шклянку; патэльню і каструлю.

Практыкаванне «Скажы ласкава»

Ужываць словы: талерка, міска, сподак, збанок, шклянка, слоік, каструля, скаварада, кубак, чайнік, ручка, носік, дно.

Практыкаванне «Што з чым?»

Засваенне катэгорыі творнага склону з прыназоўнікам з: чайнік з носікам; тарка з дзіркамі; скавародка з ручкай; каструля з накрыўкай.

Практыкаванне «З чаго?»

Суп наліваю з … (каструлі); кашу ем з …. (талеркі); каву п’ю з … (кубачка); суп ем з … (міскі); чай наліваю з … (чайніка); ваду наліваю з … (вядра).

Практыкаванне «З чаго зроблены прадмет?»

Кубачак зроблены з фарфору, ён (які?) … (фарфоравы).
Каструля зроблена з жалеза, яна (якая?) … (жалезная).
Скавародка зроблена з чыгуна, яна (якая?) … (чыгунная).
Лыжка зроблена з дрэва, яна (якая?) … (драўляная).

Збанок зроблены з гліны, ён (які?) … (гліняны).
Ваза зроблена са шкла, яна (якая?) … (шкляная).

Практыкаванне «Палічы (1 – 2 – 5)»

(Дапасаванне лічэбнікаў 1, 2 і 5 да назоўнікаў, ужыванне слоў адзін – адна – адно, два – дзве)

 

Слоўнік

Адзін
(адно, адна)

Два (дзве)

Пяць

чайнік, міска, лыжка, відэлец, вядро

 

 

 

 

Практыкаванне «Скажы наадварот»

Крохкая – … (трывалая), глыбокая – … (плыткая), нізкая – … (высокая),      востры – … (тупы), тоўстае – … (тонкае), шырокая – … (вузкая).

Практыкаванне «Складзі аповед па плане»

План:

1. Што гэта?
2. Да якога віду посуду адносіцца?
3. З якіх частак складаецца?
4. З якога матэрыялу выраблены?
5. Якой велічыні і колеру?
4. У які час сутак выкарыстоўваюць?

 

Лексічная тэма: «Зіма»

Праграмныя задачы:

– замацоўваць уменні ўтвараць памяншальна-ласкальную форму назоўнікаў, адносныя прыметнікі ад назоўнікаў, множны лік назоўнікаў, правільна падбіраць дзеясловы да назоўніка, антонімы, складаць сказы са значэннем супрацьпастаўлення;
– замацоўваць навыкі правільнага ўжывання катэгорыі меснага склону з прыназоўнікам на;
– развіваць маўленне, зрокавае і слыхавое ўспрыманне, пазнавальную актыўнасць, канструктыўнае і лагічнае мысленне, увагу, памяць.

 

Практыкаванне «Якое надвор’е зімой?»

Калі на вуліцы снег – надвор’е (якое?) (снежнае).
Калі на вуліцы холад – надвор’е (якое?) (халоднае).
Калі на вуліцы мароз – надвор’е (якое?) (марознае).
Калі на вуліцы сонца – надвор’е (якое?) (сонечнае).
Калі на вуліцы ясна – надвор’е (якое?) (яснае).

Практыкаванне «Скажы ласкава»

Снег – … (сняжок), лёд – … (лядок), снегавік – … (снегавічок), санкі – … (саначкі), ёлка – … (ёлачка), сняжынкі – … (сняжыначкі), Снягурка – … (Снягурачка).

Практыкаванне «Дзе гэта бывае?»

Дзе ляжыць сняжынка? Дзе вісіць лядзяш? Дзе замёрз лёд? Дзе катаюцца дзеці? Дзе вісяць цацкі? Дзе зляпілі снегавіка? Дзе стаяць санкі?

Практыкаванне «Падбяры прымету»

Снег (які?) – …, мароз (які?) – …, лядзяш (які?) – …, зіма (якая?) – … , лёд (які?) – …

Практыкаванне «Што робіць?»

Падбор аднародных выказнікаў да слова «снег»: ідзе, растае, кружыцца, лятае,

падае, кладзецца, іскрыцца, блішчыць, скрыпіць, уецца.

Практыкаванне «Закончы сказ»

Дзеці павінны закончыць сказ, а затым паўтарыць яго поўнасцю.

Зімой бывае снегапад, а восенню … .
Зімой бывае снег, а летам … .
Зімой снег падае, а вясной … .
Зімой катаюцца на санках, а летам … .
Зімой лес спіць, а вясной … .
Зімой катаюцца на каньках, а летам … .
Зімой бывае холадна, а летам … .
Зімой дрэвы белыя, а восенню … .
Зімой растуць сумёты, а летам … .
Зімой дзеці лепяць снегавіка, а летам … .
Зімой насякомыя хаваюцца, а летам … .

Практыкаванне «Выправі памылку»

Лыжніку патрэбны санкі. Канькабежцу патрэбны лыжы. Саначніку патрэбны канькі. Хакеісту патрэбны санкі. Зімой дзеці катаюцца на лыжах, веласіпедзе,

гуляюць у мяч, лепяць снежную бабу, скачуць праз скакалку.

 

Лексічная тэма: «Сям’я»

Праграмныя задачы:

– замацоўваць веды пра сябе і сваю сям’ю;
– удасканальваць функцыю словазмянення і словаўтварэння;
– замацоўваць уменні ўтвараць памяншальна-ласкальную форму назоўнікаў,
– утвараць прыналежныя прыметнікі;
– замацоўваць уменні ўтвараць сказы з прыназоўнікам з, складаныя сказы са значэннем супрацьпастаўлення; развіваць звязнае маўленне, зрокавае і слыхавое ўспрыманне, пазнавальную актыўнасць, канструктыўнае і лагічнае мысленне, увагу, памяць.

 

Практыкаванне «З кім ты жывеш?»

Я жыву з мамай, з татам, з бабуляй, з дзядулем, з сястрычкай, з брацікам.

Практыкаванне «Назаві ласкава

Сын – …(сынок)       сястра – …(сястрычка)

дачка – …(дачушка)    тата –…(татачка)

брат – …(брацік)       мама – (мамачка)

дзед –…(дзядуля)      баба – …(бабуля)

Практыкаванне «Дагавары сказ»

Сказ хутчэй дагавары і яго ты паўтары

Я ем, і тата…(есць). Я спяваю, і мама … (спявае). Я шыю, і бабуля … (шые). Я малюю, і сястра …(малюе). Я іграю, і брат…(іграе). Я пілую, і тата …(пілуе). Я вяжу, і мама…(вяжа). Я пляту, і дзядуля …(пляце).

Практыкаванне «Старэйшы ці малодшы

Настаўнік-дэфектолаг называе двух членаў сям’і (мама – бабуля), а дзеці павінны скласці сказ:

«Мама маладзейшая за бабулю, а бабуля старэйшая за маму.»

Слоўнік: дочка – мама, тата – дзядуля,сын – тата, дзядуля –мама, бабуля – тата, бабуля – унучка, дзядуля – унук, сын –мама.

Практыкаванне «Чый? Чыя? Чыё? Чые?»

Шалік (чый?) – … (мамін, татаў).
Шапка (чыя?) – … (маміна, татава).
Паліто (чыё?) – … (бабуліна, маміна).
Пальчаткі (чые?) – … (татавы, бабуліны).

Практыкаванне «Раскажы пра сябе»

На дошцы выстаўлены карткі-сімвалы: хлопчык, дом, лічба, тата, мама, дзяўчынка, доктар, школа і г. д. Кожнае дзіця павінна скласці расказ пра сябе, выкарыстоўваючы апору.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий