Мэта ўрока: арганізаваць дзейнасць дзяцей па вывучэнню зараджэння рэлігійных вераванняў і традыцый беларусаў у выніку чаго навучэнцы будуць ведаць, у што верылі нашы продкі, даведаюцца аб зараджэнні хрысціянства і яго значэнні, а таксама якія традыцыі святкавання розных вераванняў захаваліся да нашых дзён.
Таццяна ШАЛКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма: У што верылі нашы продкі.
Мэта: арганізаваць дзейнасць дзяцей па вывучэнню зараджэння рэлігійных вераванняў і традыцый беларусаў у выніку чаго навучэнцы будуць ведаць, у што верылі нашы продкі, даведаюцца аб зараджэнні хрысціянства і яго значэнні, а таксама якія традыцыі святкавання розных вераванняў захаваліся да нашых дзён.
Задачы:
– фарміраваць у навучэнцаў уяўленне аб існаванні мнагабожжа ў продкаў беларусаў у старажытныя часы і прыходам яму на змену хрысціянскай веры, з падзелам хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм, а таксама з існаваннем розных іншых рэлігій у Беларусі ў наш час;
– развіваць у навучэнцаў разуменне паслядоўнасці развіцця гістарычных працэсаў і з’яў, бачанне змен, якія адбываюцца ў выніку такога развіцця;
– выхоўваць патрыятызм, шаноўныя адносіны да духоўнай спадчыны нашага народа, верацярпімасць у адносінах да людзей, якія вызнаюць іншыя рэлігіі.
Абсталяванне: падручнік “Чалавек і свет” для 4-га класа, мультымедыйная прэзентацыя, відэафільм “У што верылі нашы продкі”, слоўнік, ацэначныя лісты, карткі для адваротнай сувязі на гульню “+ і –”, карткі з тэстамі, карткі “ключ”, атласы, фізічная карта Беларусі, карткі – план для работы ў парах, кніга “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”.
Ход урока
І Арганізацыйны момант (да 3 мін.)
Задача: забяспечыць псіхалагічную гатоўнасць класа, арганізаваць увагу ўсіх навучэнцаў, падрыхтаваць да работы.
На дошцы запісана прыказка: “Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць”.
– Прачытайце прыказку. Як вы разумееце яе сэнс?
– Як называюць людзей, якія любяць і шануюць сваю Радзіму? (Патрыёты)
– Давайце звернемся да тлумачальнага слоўніка і вызначым значэнне слова патрыёт. (Дзеці знаходзяць і чытаюць значэнне слова).
Патрыёт – гэта той, хто любіць сваю Радзіму, свой народ і гатовы дзеля іх на подзвігі (ад грэчаскага patriotes – зямляк, суайчыннік).
– Каб служыць сваёй Бацькаўшчыне, народу, трэба быць адукаваным, добрым і сумленным чалавекам, ведаць гістарычнае мінулае сваёй краіны.
– Ці лічыце вы сябе патрыётамі? (Выказванні дзяцей).
– Ці можам мы гэтую прыказку прымяніць да нашага ўрока? (Меркаванні дзяцей)
ІІ Работа над матэрыялам дамашняга задання (5–7 мін., тэст і франтальная работа)
Задача: актуалізаваць веды па тэме.
– Якую тэму мы з вамі вывучалі на мінулым уроку? (Адказы дзяцей)
– Ці ўсё было зразумела, калі рыхтаваліся да ўрока?
– Тады я прапаную выканаць тэст па вывучанай тэме. (Тэставае заданне на картках).
Тэст
1. Як звалі Ефрасінню Полацкую ў маленстве?
а) Рагнеда; б) Анастасія; в) Прадслава.
2. У якім стагоддзі жыла Ефрасіння Полацкая?
а) X; б) XI; в) XII.
3. Якой высакароднай справай займалася Ефрасіння?
а) Чытала і перапісвала кнігі, якія потым прадавала, а грошы раздавала бедным;
б) Была знахаркай і лячыла хворых людзей і параненых воінаў;
в) Была першай жанчынай-ваеначальнікам і неаднойчы перамагала ворагаў на полі бою.
4. Што пабудавалі па загадзе Ефрасінні Полацкай?
а) Сафійскі сабор;
б) Полацкі манастыр;
в) Спаса-Ефрасіннеўскую царкву.
5. Што з’яўляецца святыняй для беларускага народа?
а) Хрысціянскія каштоўнасці;
б) Крыж Ефрасінні Полацкай;
в) Пласціны з вобразамі святых;
г) Крыж Ісуса Хрыста.
Узаемаправерка і ўзаемаацэнка тэста з дапамогай ключа.
Ключ: 1. в 2. в 3. а 4. в 5. б
– А зараз звярніцеся да ацэначных лістоў і ацаніце выкананне тэста. (Узаемаацэнка. Максімальна – 5 балаў).
– Пра якія цікавыя моманты з жыцця Ефрасінні Полацкай вы даведаліся, калі рыхтаваліся да ўрока? Што вас уразіла? (Удакладненні і дапаўненні па вывучанай тэме. Да 2 балаў за дапаўненні па вывучанай тэме).
Пытанні для абмеркавання:
– Як называлі асветніцу полацкай зямлі?
– Што азначае паняцце асветніца?
– У якім стагоддзі жыла Ефрасіння Полацкая?
– Чаму яна пайшла ў манастыр?
– Якую памяць аб сабе пакінула Ефрасіння Полацкая?
ІІІ Матывацыйны этап (да 2 мін.)
Задача: падвядзенне да вывучэння новай тэмы.
– У якога Бога верыла Ефрасіння Полацкая? (У Ісуса Хрыста.)
– Чаму вы так лічыце, дакажыце? (Калектыўнае абмеркаванне. З мінулага ўрока мы даведаліся, што Ефрасіння Полацкая верыла ў Ісуса Хрыста. Яшчэ ў Х стагоддзі князь Уладзімір прыняў хрысціянства і пачаў хрышчэнне ва ўсіх гарадах.)
Праблемнае пытанне
– А як вы думаеце, ці заўсёды людзі верылі ў Ісуса Хрыста? (Меркаванні дзяцей).
– Ці хацелі б вы даведацца, у што раней верылі людзі?
IV Тэма і задача ўрока
Задача: вызначэнне навучэнцамі тэмы і задачы ўрока.
Удакладненне настаўнікам тэмы і задач урока.
– Сёння мы паспрабуем атрымаць адказ на гэтае пытанне і вырашым наступныя задачы (задачы запісаны на дошцы).
– Якім старажытным багам пакланяліся нашы продкі?
– Якія старадаўнія святы зарадзіліся і як іх святкавалі?
– Калі ўзнікла хрысціянства і яго значэнне для развіцця культуры?
– Якія вернікі жывуць у Беларусі і якія храмы наведваюць?
(Нагадваю, што за работу па новай тэме можна атрымаць да 3 балаў).
V Новая тэма (да 20 мін.)
Задача: у працэсе арганізацыі калектыўнай і парнай работы з выкарыстаннем ЭСН фарміраваць у навучэнцаў уяўленне аб існаванні мнагабожжа ў продкаў беларусаў у старажытныя часы і прыходам яму на змену хрысціянскай веры, з падзелам хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм, а таксама з існаваннем розных іншых рэлігій на Беларусі ў наш час.
– Я прапаную вам паглядзець відэафільм і адказаць на пытанне: “Якім старажытным багам пакланяліся нашы продкі?”
Прагляд відэафільма ”У што верылі нашы продкі” для стварэння агульнага ўяўлення па тэме ўрока. (Спасылка https://www.youtube.com/watch?v=XS_fvEyzCFc).
Калектыўнае абмеркаванне відэафільма.
Работа з падручнікам па новай тэме
Работа ў парах па плане. Кожнай пары адзначаны пытанні для даследавання.
План
1. Якім старажытным багам пакланяліся нашы продкі?
2. Якія купальскія звычаі дайшлі да нашых дзён?
3. Як святкавалі Каляды?4. Узнікненне хрысціянства і яго значэнне.
4. Гісторыя ўзнікнення касцёла Святых Сымона і Алены.
5. Якія вернікі жывуць у Беларусі і якія храмы наведваюць?
Музычная фізкультхвілінка і гімнастыка для вачэй (2 мін.)
Задача: стварыць умовы для зняцця эмацыянальнага напружання і стомленасці навучэнцаў.
Музычная фізкультхвілінка.
Практыкаванне для вачэй з выкарыстаннем трэнажора.
1. Мнагабожжа. Язычніцкая вера ў славян
Выступленні дзяцей па тэме як вынік работы ў парах.
(Настаўнік дадае, што мнагабожжа існавала ў многіх народаў у далёкай старажытнасці. Яму на змену прыйшло хрысціянства).
2. Якія купальскія звычаі дайшлі да нашых дзён? (Слайд 2)
3. Як святкавалі Каляды? (Слайд 4)
(Па другім і трэцім пытаннях з паведамленнямі выступаюць падрыхтаваныя дзеці, якія знаёмяць аднакласнікаў са старадаўнімі звычаямі святкавання Купалля і Калядаў у параўнанні з сучаснасцю).
– Якія яшчэ народныя святы, звычаі і традыцыі захаваліся да нашых дзён? (Дзяды, Радаўніца, Масленіца, Зажынкі, Дажынкі і інш.) (Слайды 5–8)
Прафарыентацыйная мінутка (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску). (Слайд 3)
– Сімвалам якой навучальнай установы з’яўляецца галінка папараці? (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.)
– Вы, напэўна, звярнулі ўвагу на папараць-кветку, якая з’яўляецца сімвалам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску, дзе вы пасля паспяховага заканчэння школы зможаце прадоўжыць сваё навучанне і атрымаць прэстыжную прафесію.
Работа з атласам
– Давайце адкрыем старонку 7 атласа і знойдзем горад Мінск. А зараз перанясёмся на фізічную карту Беларусі, знойдзем сталіцу нашай дзяржавы і з дапамогай каляровага кружка адзначым, дзе мы сёння пабывалі. (Дзеці адшукваюць горад Мінск і пазначаюць кружком).
4. Узнікненне хрысціянства і яго значэнне
– Чаму вера называецца хрысціянскай? Хто такі Ісус Хрыстос?
– Як называюць людзей, якія вераць у Ісуса Хрыста? (Настаўнік дадае, што Рагнеда і яе сын Ізяслаў былі першымі хрысціянамі ў нашым краі.)
– У ХІ ст. адбыўся раскол, у выніку чаго пачаўся падзел веруючых на праваслаўных і каталікоў.
5. Гісторыя ўзнікнення касцёла Святых Сымона і Алены
Гісторыя стварэння касцёла святых Сымона і Алены славутым грамадскім дзеячам Эдвардам Вайніловічам (Чырвоны касцёл). (Слайд 9,10)
6. Вернікі іншых рэлігій
– Праваслаўныя наведваюць царкву, каталікі – касцёл. Татары вызнаюць мусульманскую рэлігію, і храм, які яны наведваюць, называецца мячэць. Яўрэі – іўдзейскую, і храм называецца сінагога.
– Якія храмы ёсць у нашым пасёлку і прыхільнікі якіх рэлігій іх наведваюць?
Выступленні падрыхтаваных дзяцей аб помніках архітэктуры XIX стагоддзя, якія захаваліся ў нашай мясцовасці. (Касцёл, царква, сінагога). (Слайды 11–13)
Паведамленні падрыхтаваных дзяцей аб храмах пасёлка Поразава.
1-ы вучань. У 1560 годзе, а гэта XVI стагоддзе, у мястэчку Поразава быў пабудаваны першы касцёл, які ўяўляў сабой драўляную пабудову. У 1825–1828 гадах, а гэта ўжо XIX стагоддзе, на месцы згарэлага ад удару маланкі драўлянага касцёла ў Поразава быў узведзены з бутавага каменя каталіцкі храм Міхаіла Архангела. Мая бабуля расказвала, што ўсе людзі, якія прыязджалі ў Поразава, везлі з сабой камяні: хто ў хусцінцы, хто ў руках. А самыя вялікія каменні везлі на вазах. Вось так і пабудавалі гэты велічны будынак. Ён, нягледзячы на войны, захаваўся да нашых дзён. У нядзелю ці ў святы мая сям’я таксама наведвае касцёл.
2-і вучань. У 1872 годзе ў Поразава была пабудавана праваслаўная Траецкая царква. Яна з’яўляецца архітэктурным помнікам XIX стагоддзя. Аб’ёмная кампазіцыя складаецца з чатырох частак. Дах будынка завершаны па цэнтры купалам, побач знаходзяцца званіцы. Тры ўваходы ў прастору вырашаны калоннымі аркамі. Чатыры гады спатрэбілася праваслаўным вернікам Поразаўскага прыходу для будаўніцтва Свята-Траецкай царквы. Яна ўзводзілася не толькі за казённы кошт, але і на ахвяраванні прыхаджан і іншых вернікаў. Я таксама праваслаўны, але ў царкву мы ходзім рэдка.
3-і вучань. Сінагога – гэта помнік архітэктуры, які быў пабудаваны ў нашым пасёлку ў канцы XIX стагоддзя за кошт ахвяраванняў яўрэяў. Тут праходзілі заняткі нядзельнай школы. Гэта адзіная з сінагог у Беларусі, якая захавалася да нашых дзён, што была пабудавана з бутавага каменю. З энцыклапедыі я даведалася, што бутавы камень – гэта кускі прыроднага каменя няправільнай формы, які атрымліваюць пры здабыванні горных парод.
– У Асноўным Законе нашай дзяржавы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (дэманструецца зборнік) гаворыцца аб роўнасці перад законам усіх веруючых нашай краіны. Кожны грамадзянін нашай дзяржавы мае права сам выбіраць веру або заставацца няверуючым, і ніхто не мае права прымушаць яго да гэтага.
VI Вынік урока. Рэфлексія (да 3 мін)
Задача: арганізаваць рэфлексію з мэтай праверкі засваення навучэнцамі матэрыялу ўрока.
– Ці на ўсе пытанні атрымалі адказ?
– А зараз давайце яшчэ раз звернемся да прыказкі, з якой пазнаёміліся ў пачатку ўрока, ці была яна нам карыснай? (Дзеці выказваюць свае меркаванні наконт таго, што пазнаёміліся з мінулым сваёй краіны, атрымалі новыя веды, сталі больш адукаванымі і зрабілі крок наперад, каб быць карыснымі Радзіме).
Рэфлексіўная гульня “+ і –” (з выкарыстаннем картак на адваротную сувязь)
1. Бог грому і маланкі – Пярун. (+)
2. У ХІ стагоддзі хрысціянства падзялілася на праваслаўе і каталіцызм. (+)
3. Касцёл Святых Сымона і Алены пабудаваны ў Полацку. (–)
4. Татары наведваюць мячэць. (+)
VIІ Ацэнка работы на ўроку (самаацэнка, узаемаацэнка і ацэнка ведаў навучэнцаў настаўнікам). (1–2 мін)
Задача: арганізаваць самаацэнку і ўзаемаацэнку дзейнасці на ўроку.
– Чыю актыўную работу на ўроку вы хацелі б адзначыць?
– Чые цікавыя выступленні вам запомніліся?
– У каго былі правільныя і змястоўныя адказы на пытанні? (Узаемаацэнка).
– А зараз звярніцеся яшчэ раз да ацэначных лістоў, ацаніце сваю работу па тэме і падлічыце агульны бал за ўрок. (Самаацэнка). (Настаўнік удакладняе).
VIІІ Дамашняе заданне (1 мін.)
Задача: даць інструкцыю па выкананні дамашняга задання.
1. Агульнае: апавяданне “У што верылі нашы продкі”;
2. Дадатковае: збярыце звесткі аб прыхільніках розных рэлігій, якія жывуць у нашай мясцовасці.
– А зараз засталося вызначыць, ці атрымалі вы задавальненне ад сваёй працы на ўроку і падысці да малюнка сонейка або хмаркі, якія адпавядаюць вашаму настрою. (На дошцы прымацаваны карткі з малюнкамі сонца і хмаркі з дажджом).
– Урок закончаны. Дзякую за працу.