Распрацоўка ўрока на тэму “Насіце на руках бацькоў…” (на аснове казкі У.Караткевіча “Нямоглы бацька”). 5-ы клас

- 9:43II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Глядзіце матэрыял да ўрока па спасылцы: https://ng-press.by/2023/08/10/razvitstsyo-paznavalnaj-aktyunastsi-vuchnyau-na-urokah-belaruskaj-litaratury-praz-vykarystanne-interaktyunyh-metadau-navuchannya/

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”

 

 

 

 

 

 

Мэты і задачы: абагульніць і праверыць веды вучняў па казцы У.Караткевіча “Нямоглы бацька”, удасканальваць уменне аналізаваць празаічныя творы, узбагачаць слоўнікавы запас вучняў, вучыць суадносіць учынкі герояў з матывамі іх паводзін, вучыць даваць маральную ацэнку негатыўным паводзінам героя; развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, уменне выказваць свае думкі і даваць ім абгрунтаванне; выхоўваць пачуццё любові да бацькоў, пачуццё адказнасці і клопату за састарэлых людзей.

Абсталяванне: падручнік “Беларуская літаратура” для 5-га класа, партрэт У.Караткевіча, “астравы”, фотавыстава “Мае сваякі”, лодка, лісты А4 з надпісамі герояў, вердыкт-прыгавор.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Добры дзень! Сядайце, калі ласка. З якім настроем вы прыйшлі сёння на ўрок? Давайце з добрым і бадзёрым настроем працягнем наша падарожжа па загадкавай і чароўнай краіне. Паспрабуйце расшыфраваць яе назву (прыём “Расшыфроўшчыкі”):

Адказ: Літаратура.

 

2 Праверка дамашняга задання

Якім было ваша дамашняе заданне?

Сапраўды, хачу звярнуць вашу ўвагу на фотавыставу, якую мы разам з вамі падрыхтавалі. Скажыце, калі ласка, каму прысвечана фотавыстава? А як можна адным словам назваць нашых бабуль і дзядуль? Якія яны, вашы блізкія? Некаторыя з вас прысвяцілі невялікія вершы сваім родным. Падзяліцеся сваёй творчай работай (прыём “Творчая работа”).

Сёння свята ў нашай хаце –
Дзень нараджэння адзначае маці.
Я скажу ёй многа слоў
Пра сваю вялікую любоў.

Мой дзядуля – трактарыст,
Тата – лепшы ў горадзе юрыст.
Мая мама – добры лекар.
А бабуля – смачны пекар.

 

3 Падрыхтоўка да ўспрыняцця новага матэрыялу

У кожнага з нас ёсць папярэднікі, свае продкі, далёкія і блізкія сваякі. Інакш кажучы, кожны з нас мае свой радавод. Паслухайце верш Яўгена Пясецкага “Мой радавод” і запішыце словы-асацыяцыі, якія ў вас узніклі падчас слухання верша (прыём “Асацыятыўнае кола”). (Чытанне верша)

Якія асацыяцыі вы запісалі?

 

Звярніце ўвагу на дошку. Эпіграфам нашага ўрока з’яўляюцца наступныя словы: “Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў…”. З якога літаратурнага твора ўзяты гэтыя радкі? Са зместам гэтай казкі мы пазнаёміліся на мінулым уроку, а сёння мы звернемся да аналізу вобразаў галоўных герояў твора, адкажам на пытанне: у чым маральная выснова казкі, яе гуманістычны пафас.

 

4 Вывучэнне новай тэмы

У самым пачатку казкі ідзе размова пра нейкі закон.

Што ёсць закон? Як вы разумееце гэта слова? (Закон – гэта агульнапрыняты звычай, абавязковае правіла, якое павінна выконвацца ўсімі).

Вакол якіх персанажаў твора разгортваюцца асноўныя падзеі? Расстаўце герояў па вуглах фігуры ў сваіх сшытках.  

      

Закон выпрабоўваў герояў. Пра які звычай расказвае ў творы У.Караткевіч? Якія эпітэты характарызуюць Закон? (Паганы, дзікі, нялюдскі, жорсткі).

Запрашаю вас папрацаваць у групах. Сядзьце, калі ласка, за сталы, на якіх ляжаць лісты з іменем героя. Адкажыце на прапанаваныя пытанні. (Вучні працуюць у групах).

1-я група – Пятро.

Хто такі Пятро? Што павінен быў зрабіць Пятро паводле Закону? Як паступіў Пятро? Што адчуваў Пятро пасля таго, як пакінуў бацьку ў лесе? Ці шкадаваў Пятро хоць раз, што пакінуў бацьку жывым?

2-я група – Бацька.

Апішыце бацьку. Ці згодны быў ён ехаць у лес? Як паводзіў сябе пры зборах у лес, у час дарогі? Дзе жыў пасля таго, як сын забраў яго з лесу? Якія парады даваў бацька свайму сыну Пятру?

3-я група – Гнат.

Носьбітам якога закона з’яўляецца Гнат? Як раскрываецца яго характар у адносінах да Велікана? Пятра? Знайдзіце ў тэксце азначэнні, якімі У.Караткевіч характарызуе героя.

А зараз прапаную вам размеркаваць эпітэты па “доміках” (прыём “Паштальёны”): мудры, жорсткі, добры, чалавечны, бязлітасны, справядлівы, злы, уважлівы, бясстрашны, пакорлівы, гарласты.

 

Фізкультхвілінка

Усе мы з вамі патрыёты нашай Радзімы. Давайце ж гэта яшчэ раз дакажам і пакажам.

Хто любіць нашу Беларусь –
Падыміцеся,
Нізка зямлі нашай пакланіцеся –
За шчаслівы дзень учарашні,
І сённяшні, і заўтрашні
Да сонца падцягніцеся,
Улева, управа павярніцеся,
А цяпер сядайце,
Разважаць пачынайце.

 

Пятро парушыў закон. За гэта ён павінен адказваць перад дзікімі людзьмі. Давайце здзейснім суд над Пятром. (Размеркаванне роляў: абвінаваўцы, абаронцы, суддзя). Вердыкт будзе выносіць сярэдні рад, які павінен уважліва слухаць усе выказванні. Усе гатовы? Пачнём! (ролевая гульня).

Суддзя: Устаць, суд ідзе! Сядайце! Слухаецца справа па абвінавачванні Пятра, які парушыў Закон, пакінуўшы жывым свайго старога і нямоглага бацьку. Паважаны Пятро! Вы парушылі закон і павінны быць пакараным. Што вы можаце сказаць у сваё апраўданне?

Падсудны: Я не лічу сябе вінаватым. Гэты закон несправядлівы. Мой бацька, як і ўсе астатнія старыя людзі, мае права на жыццё і старасць. Я не саромеюся свайго ўчынку і не шкадую аб здзейсненым. Калі забіваць бацьку, то і ўсю маю сям’ю, бо ён – частка сям’і.

Суддзя: Дзякуй, сядайце!

Абвінаваўцы! Што вы скажаце? Чаму Пятро трэба пакараць?

Абвінаваўцы:

      1. Ён парушыў Закон, які існаваў спрадвеку.
      2. Ён падмануў людзей, хаваючы свайго бацьку.
      3. Ён пайшоў супраць усёй вёскі.
      4. Ён праявіў сваю слабасць у выкананні Закона.
      5. Усе так рабілі, і ён павінен быў так зрабіць, пакінуўшы бацьку ў лесе.

Суддзя: Абаронцы! Чаму Пятро не трэба караць? Чаму ён павінен застацца героем?

Абаронцы:

      1. Пятро сваім учынкам даказаў, што Закон дзікі і жорсткі.
      2. Ён не хацеў быць дрэнным сынам.
      3. Як ты паступіш з бацькам, так і дзеці з табой. Такога лёсу сабе Пятро не хацеў.
      4. Пакінуўшы бацьку жывым, Пятро выратаваў вёску ад голаду і Велікана.
      5. Ён вельмі любіў бацьку і даказаў гэта сваім учынкам.
      6. Ён смелы, бо не пабаяўся пайсці супраць усіх.

Суддзя: Усім дзякуй за вашыя выказванні “за” і “супраць”. Слухаем прыгавор Пятру.

Прыгавор

Пятро сваім учынкам паказаў жорсткасць, дзікасць і марнасць існуючага закона, праявіў сябе сапраўдным сынам, які любіць, паважае і шануе бацьку. Гэта гуманны ўчынак, за які падсудны павінен быць апраўданы і адпушчаны.

Пятро, мы за вас вельмі рады. Можаце быць вольным

Хто не згодзен з такім рашэннем? Усе згодны!

 

А цяпер давайце ўявім, што жыццё – гэта акіян. І раптам у гэты акіян Жыцця ўрываецца Закон і рассяляе нашых герояў па трох астравах. Вось гэтыя астравы: востраў Жорсткасці, востраў Мудрасці, востраў Адвагі. Рассяліце герояў па астравах.

Востраў Жорсткасці            Востраў Мудрасці        Востраў Адвагі

      Гнат                                     бацька                         Пятро

Чаму вы рассялілі герояў менавіта так? Ці далі б вы Гнату лодку, каб ён не загінуў на востраве адзін? Чаму?

 

5 Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія

Ці згодны вы з выказваннем “Казка – добрая падказка”? Якую падказку робіць У.Караткевіч нам?

Казка заканчваецца словамі: “І так памёр Закон стары. І так стаў новы Закон”. Якія маральныя прынцыпы, на ваш погляд, будуць характэрны для новага Закона? Пры дапамозе дзеясловаў, запісаных на дошцы, складзіце пункты новага Закону і адпраўце іх сваім бацькам па СМС (прыём “СМС-пасланне”):

Буду паважаць…                   Цаню…                             Буду берагчы…

Пастараюся дапамагаць..     Абяцаю прыслухоўвацца…    Віншую…

Усім дзякуй! На заканчэнне нашага ўрока паслухайце, калі ласка, цудоўныя словы:

Павагай да людзей і ў дзень будзённы,
І ў святы хай напоўніцца ваш дом.
Тады парог не пераступяць беды,
Сяброўскіх рук адчуеш ты цяпло,
Жыві, твары і мудрасць продкаў ведай:
Пасей дабро – тады дабро пажнеш.

Настаўнік выстаўляе адзнакі за работу на ўроку.

 

6 Дамашняе заданне

Напісаць казку на тэму “Дапамога”, звязаную з тэмай урока (прыём “Творчая работа”).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

1 комментарий на “Распрацоўка ўрока на тэму “Насіце на руках бацькоў…” (на аснове казкі У.Караткевіча “Нямоглы бацька”). 5-ы клас

Добавить комментарий