Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання

- 9:44БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Дыдактычны матэрыял выкарыстання інтэрактыўных метадаў і прыёмаў у 5-7-х класах на ўроках беларускай літаратуры, а таксама распрацоўку ўрока для 5-га класа на тэму “Насіце на руках бацькоў…” (на аснове казкі У.Караткевіча “Нямоглы бацька”) глядзіце па спасылках ніжэй.

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”

 

 

 

 

 

 

Пазнавальная актыўнасць – якасць вучэбнай дзейнасці, якая праяўляецца ў адносінах вучня да працэсу навучання. Яна з’яўляецца ўнутраным матывам, заснаваным на прыроджанай патрэбе вучня да пазнання новага. Пазнавальная актыўнасць вучня не зводзіцца толькі да слухання, успрымання і замацавання вучэбнага матэрыялу. Атрыманыя веды вучні павінны ўжываць ва ўласнай практыцы. Вось чаму актывізацыя пазнавальнай дзейнасці ў навучальным працэсе мае вельмі важнае значэнне. Навучанне эфектыўнае тады, калі вучні самі жадаюць атрымліваць веды, імкнуцца да спасціжэння новага. Для гэтага неабходна ўключаць іх у актыўны працэс пазнання, ствараць у ходзе навучання сітуацыю поспеху. Такім патрабаванням адпавядаюць сучасныя інтэрактыўныя метады навучання, у аснове якіх ляжыць сумесная пазнавальная дзейнасць настаўніка і вучняў.

Да праблемы развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў звярталіся многія навукоўцы, педагогі і псіхолагі (І.П.Падласы [6], Я.У.Каратаева [5], А.В.Руцкая [7], Т.І.Шамава [10], Г.І.Шчукіна [11]). Так, І.П.Падласы адзначае, што “пазнавальная актыўнасць вучня выражаецца ў імкненні вучыцца, пераадольваючы цяжкасці на шляху набыцця ведаў, у прыкладанні максімуму ўласных валявых намаганняў і энергіі ў разумовай працы” [6, с. 95]. Г.І.Шчукіна пазнавальную дзейнасць характарызуе як інтэграцыю “пошукавай накіраванасці ў вучэнні, пазнавальнай цікавасці і яе задавальнення, пры дапамозе разнастайных крыніц ведаў, спрыяльных умоў ажыццяўлення дзейнасці” [11, с. 46].

С.С.Кашлеў класіфікуе інтэрактыўныя метады па вядучай функцыі ў педагагічным узаемадзеянні:

1) метады стварэння спрыяльнай атмасферы і арганізацыі камунікацыі;
2) метады арганізацыі абмену дзейнасці;
3) метады арганізацыі мыслядзейнасці;
4) метады арганізацыі сэнсатворчасці;
5) метады арганізацыі рэфлексійнай дзейнасці;
6) інтэрактыўныя гульні [4, с. 23].

Укараненне ў навучальны працэс інтэрактыўных метадаў на кожным этапе ўрока ажыццяўляецца праз разнастайныя прыёмы навучання, улічваючы тое, што прыём навучання з’яўляецца элементам метаду, яго састаўной часткай. Прыём навучання спрыяе рэалізацыі метаду ў педагагічнай практыцы.

Ажыццяўленне метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы і арганізацыі камунікацыі адбываецца ў самым пачатку ўрока для аператыўнага ўключэння ў сумесную работу ўсіх разам і кожнага вучня паасобку. Метады гэтай групы спрыяюць самаактуалізацыі кожнага з вучняў, канструктыўнай адаптацыі да пэўнай педагагічнай сітуацыі. Для рэалізацыі метадаў гэтай групы на ўроках беларускай літаратуры выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы навучання: Асацыятыўнае кола, “Расшыфроўшчыкі”, “Блытаніна”, “Памяняемся месцамі”, “Эпіграф”, “Прытча” і інш. Гэты метад і яго прыёмы дастаткова эфектыўныя, бо ўжо з самага пачатку настройваюць вучняў на актыўнасць і ўключэнне ў ход урока.

Падчас выкарыстання метадаў арганізацыі абмену дзейнасці і мыслядзейнасці вучні аб’ядноўваюцца ў малыя творчыя групы для сумеснай дзейнасці як дамінуючай умовы іх развіцця. Такія метады могуць падразумяваць і індывідуальную работу вучняў. Для рэалізацыі метадаў гэтай групы выкарыстоўваюцца прыёмы “Веру – не веру”, “Чорная скрынка”, “Літаратурныя ўраўненні”, “Літарны хаос”, “Паштальёны”, “Задай пытанне” і інш.

Пры выкарыстанні метадаў арганізацыі абмену дзейнасці і мыслядзейнасці трэба быць уважлівым пры дзяленні на групы. Не заўсёды жаданне вучняў аб’яднацца ў пэўныя групы спрыяе эфектыўнасці работы і выканання задання. Трэба пазбягаць дзяліць удзельнікаў па інтарэсах ці па разумовых здольнасцях.

У аснове рэалізацыі метаду арганізацыі сэнсатворчасці ляжыць стварэнне вучнямі свайго індывідуальнага сэнсу аб вывучаных з’явах, праблемах, абмен гэтымі сэнсамі. Найбольш эфектыўным тут выступае прыём Творчая работа, у працэсе прымянення якога ствараецца творчы прадукт – казка, загадка, рэбус, крыжаванка. Метад дапамагае яго ўдзельнікам развіваць пазнавальную актыўнасць праз свой творчы патэнцыял. Для таго каб напісаць казку, загадку або скласці рэбус ці крыжаванку, ад вучня патрабуецца ўменне працаваць не з гатовым матэрыялам, а звяртацца да дадатковай літаратуры, слоўнікаў.

Метады арганізацыі рэфлексійнай дзейнасці накіраваны на самааналіз і самаацэнку вучнямі сваёй дзейнасці, яе вынікаў. Метады гэтай групы дазваляюць вучням і педагогу зафіксаваць стан свайго развіцця і вызначыць прычыны гэтага. Укараненне ў адукацыйны працэс метаду арганізацыі рэфлексійнай дзейнасці ажыццяўляецца з дапамогай наступных прыёмаў: “Кветка”, “Ключавое слова”, “Рэфлексійны экран”, “СМС-пасланне”, “Рэфлексійнае сачыненне”, “Палёт на паветраным шары”, “Рэфлексійная бяседа” і інш.

Метады арганізацыі рэфлексійнай дзейнасці дапамагаюць усвядоміць пройдзены шлях, сабраць у агульную скарбонку заўважанае, абдуманае, зразумелае кожным. Калі яны выкарыстоўваюцца на ўроках сістэматычна, то дапамагаюць вучням і па-за ўрокамі, бо арыентуюць на ўсвядомленыя, абдуманыя дзеянні, аналіз сваіх учынкаў. З многімі прыёмамі арганізацыі рэфлексійнай дзейнасці, якія праводзяцца на ўроках беларускай літаратуры, вучань спакойна можа крочыць па жыцці, бо гэтыя прыёмы павінны выкарыстоўвацца не цяпер і тут, а пастаянна.

Інтэрактыўныя гульні – метады навучання, заснаваныя на інтэнсіўным узаемадзеянні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Яны фарміруюць устойлівы інтарэс да пазнання, ажыўляюць атмасферу ўрока, здымаюць напружанне, актывізуюць вучняў, набліжаюць вучобу да жыццёвых сітуацый, ствараюць пазітыўную адукацыйную прастору. Гульнявыя моманты на розных этапах урока дазваляюць разнастаіць працэс навучання. Правільна выкарыстаная ролевая гульня (напрыклад, “Суд над героем” на ўроку “Насіце на руках бацькоў…” (на аснове казкі У.Караткевіча “Нямоглы бацька”) дапамагае развіваць маўленчыя ўменні і навыкі, стымулюе разумовую дзейнасць, развівае ўвагу. Акрамя таго, можна выкарыстоўваць гульні “Я – журналіст”, “Лато, “Гарачае крэсла”, “Чатыры вуглы” і інш.

Вялікая ўвага павінна надавацца выкарыстанню дэманстрацыйных сродкаў навучання, дзякуючы якім у вучняў фарміруецца нагляднае ўяўленне аб натуральных прадметах, з’явах, вобразах, працэсах у залежнасці ад канкрэтных вучэбна-выхаваўчых задач. На ўроках беларускай літаратуры вучні з цікавасцю разглядаюць малюнкі, схемы, табліцы, карціны, рэпрадукцыі, плакаты, фотаздымкі, партрэты.

Практыка паказвае, што выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання абуджае ў вучняў матывацыю да навучання, спрыяе развіццю іх лагічнага мыслення, памяці, увагі, фантазіі, камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцяў. “Думка нараджаецца, – пісаў Л.С.Выгоцкі, – не з іншай думкі, а з матывуючай сферы нашага ўсведамлення, якое ахоплівае нашы схільнасці і патрэбы, нашы інтарэсы і жаданні, нашы афекты і эмоцыі” [1, с. 234].

 

Дыдактычны матэрыял выкарыстання інтэрактыўных метадаў і прыёмаў у 5-7-х класах на ўроках беларускай літаратуры. PDF 

Распрацоўка ўрока на тэму “Насіце на руках бацькоў…”:

https://ng-press.by/2023/08/10/raspratsouka-uroka-na-temu-nasitse-na-rukah-batskou-na-asnove-kazki-u-karatkevicha-nyamogly-batska-5-y-klas/

 

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Выготский, Л.С. Собрание сочинений в 6-ти т. Т. 2. Проблемы общей психологии / Под. ред. В.В.Давыдова. – Москва : Педагогика, 1982.  –  504 с. 
2 Жуковіч, М.В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры / М.В.Жуковіч. – Мінск : Аверсэв, 2015. – 252 с.
3 Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии / Н.И.Запрудский. – Минск : Сэр-Вит, 2017. – 288 с.
4 Кашлев, С.С. Технология интерактивного обучения / С.С.Кашлев. – Минск : Белорусский верасень, 2005. – 196 с.
5 Коротаева, Е.В. Типы учебной активности: педагогическая тактика и стратегия / Е.В.Коротаева // Директор школы. – 2000. – № 9. – С. 75–80.
6 Подласый, И.П. Педагогика: Новый курс: учеб. для студ. высш. учеб. заведений: в 2 кн. Ч. 1 / И.П.Подласый. – Москва : Гуманит. изд. Центр ВЛАДОС, 2003. – 527 с.
7 Руцкая, А.В. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў: інтэрактыўныя метады навучання / А.В.Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2015. – № 2. – С. 6–10.
8 Руцкая, А.В. Новыя формы ўрокаў па беларускай літаратуры / А.В.Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2011. – № 11. – С. 44–47.
9 Хвясюк, І.А. Прыёмы і формы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры / І.А.Хвясюк // Беларуская мова і літаратура. – 2015. – № 5. – С. 25–29.
10 Шамова, Т.И. Активизация учения школьников / Т.И.Шамова. – Москва : Педагогика, 1982. – 208 с. 
11 Щукина, Г.И. Активизация познавательной деятельности учащихся в учебном процессе / Г.И.Щукина. – Москва : Просвещение, 1979. – 160 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

1 комментарий на “Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання

Добавить комментарий