Дэкор інтэр’ера жылога памяшкання. Вучэбны занятак па абслуговай працы ў 8-м класе

- 13:25II И III СТУПЕНИ, Методичка, Трудовое обучение

Задачы ўрока: азнаямленне з кампанентамі дэкору жылога памяшкання, фарміраванне практычных уменняў і навыкаў па граматнаму выкарыстанню асноўных прынц ыпаў замалёўкі эскіза.

Ала БАХАРЭВІЧ,
настаўнік абслуговай працы
ДУА “Гарадзечненская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Задачы:

– азнаямленне з кампанентамі дэкору жылога памяшкання;
– фарміраванне практычных уменняў і навыкаў па граматнаму выкарыстанню асноўных прынцыпаў замалёўкі эскіза;
– выхаванне  самастойнасці, адказнасці, акуратнасці;
– развіццё абстрактнага, лагічнага і творчага мыслення.

Тып урока: камбінаваны

Абсталяванне: лісты для малявання, алоўкі, лінейка, ласцік.

Міжпрадметныя сувязі: мастацтва, гісторыя, беларуская літаратура.

Форма арганізацыі вучэбнай дзейнасці: у парах, індывідуальная.

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

Прывітанне класа, праверка гатоўнасці да ўрока. Псіхалагічны настрой на ўрок.

– У народзе кажуць, што любую працу трэба пачынаць з добрым настроем. Тады і вынік будзе добры. Таму прапаную паглядзець адзін на аднаго, усміхнуцца і з цудоўным настроем пачаць працу.

 

ІІ Паведамленне тэмы і мэтаў урока

– А яшчэ ў беларусаў ёсць вядомыя прымаўкі, якія, я спадзяюся, вы складзяце з прапанаваных словазлучэнняў: “Дом весці – не лапці плесці”,” Мой дом – мая крэпасць”, “У гасцях добра, а дома лепш”, “Дома і тысячу гадоў пражыць лёгка, а выйдзеш з дому – і гадзіну цяжка!”.

– Як вы разумееце сэнс прымаўкі “Дом весці – не лапці плесці?” (Адказы дзяўчынак).

– Даўным-даўно селішчамі нашых продкаў станавіліся пячоры, якія служылі сховішчам ад драпежнікаў, халоднага ветру, дажджу і снегу. У той мясцовасці, дзе не было пячор, людзі капалі зямлянкі і будавалі шалашы з галінак дрэў, костак і скур буйных жывёл.

З гадамі людзі станавіліся больш развітымі, а дамы, у якіх яны жылі, – больш удасканаленымі. Кожная сям’я імкнецца палепшыць свой дом прадметамі ўжытку, упрыгожыць рознымі элементамі дэкору.

– З вышэйсказанага хто здагадаўся, аб чым пойдзе гаворка на ўроку? (Пра кампаненты дэкору ў інтэр’еры.)

– Тэма сённяшняга ўрока: “Дэкор інтэр’ера жылога памяшкання”. Давайце запішам у сшыткі.

 

ІІІ Вывучэнне новай тэмы

– Зыходзячы з назвы тэмы ўрока, як вы думаеце, чым мы будзем займацца на ўроку, што вам хацелася б даведацца, чаму навучыцца?

Сёння вы даведаецеся аб дэкаратыўных вырабах, якія выкарыстоўваюцца для афармлення інтэр’ера памяшканняў, распрацуеце эскіз вырабу для афармлення жылога памяшкання.

А для таго каб здзейсніць вашы пажаданні, я прапаную адкрыць дызайнерскае агенцтва. Давайце прыдумаем назву для нашай фірмы. Напрыклад, “Майстэрня інтэр’еру”.

Майстэрня ёсць, матэрыялы для працы таксама, а каго не хапае для адкрыцця фірмы? (Людзей, якія там працуюць.)

– Адкажыце, людзі якой прафесіі працуюць у дызайнерскай майстэрні? (Майстры-дэкаратары.)

– Дызайнер – гэта сучасная і запатрабаваная прафесія ў наш час. Як вы лічыце, чым займаецца дызайнер? Давайце зачытаем тлумачэнне гэтага слова са слоўніка. (Дзеці чытаюць).

– Дэкаратара можна назваць творцам настрою, што стварае фон паўсядзённага жыцця. Дзяўчынкі, я прапаную вам папрацаваць у “Майстэрні інтэр’еру”. Вы згодны? Але адной згоды для працы ў сур’ёзнай фірме мала. Для таго каб вас прынялі на працу ў нашу майстэрню, вам патрэбна прад’явіць партфоліа і не пабаяцца выканаць тэставае заданне.

Зараз я прапаную вам выканаць тэставае заданне “Асновы стварэння швейных вырабаў”. Майстры-дэкаратары павінны ўмець не толькі сустракацца з заказчыкам, планаваць, падбіраць матэрыялы, але і мець разуменне ў стварэнні вырабаў.

– Калі ласка, выконваем тэст.

 

Тэставае заданне па раздзелу “Асновы стварэння швейных вырабаў”

1. Хімічныя валокны – гэта _____________________________________________________________
___________________________________________________________________________________________

2. Вылучаюць наступныя характарыстыкі тканін:

а) фізіка- механічныя;
б) водапранікальныя;
в) гігіенічныя;
г) тэхналагічныя;
д) эксплуатацыйныя;
ж) гіграскапічныя.

3. Мадэль – гэта _________________________________________________________________________
(узор вырабу ў выглядзе малюнка, фотаздымка, гатовага вырабу)  

 

4. Дапоўні табліцу.  

 

 

5. Тэхнічны рысунак – гэта

а) выява вырабу з дакладнай перадачай прапорцый і канструкцыйных асаблівасцей мадэлі;
б) дэталёвая распрацоўка мадэлі з дапамогай рознага крою, швоў, складак і інш.

 

6. Да злучальных швоў адносяцца:

а) двайное;
б) запашыўнае;
в) акантовачнае
г) шво з закрытым зрэзам.

 

7. Да аздобных матэрыялаў адносяцца:

а) камфарэль;
б) рушы;
в) стужкі;
г) сінтэпон.

– А зараз памяняйцеся тэстамі з сяброўкай, праверце правільнасць выканання і пастаўце адзнаку адна адной.

– З тэстам усе справіліся. Я вас прымаю на працу з выпрабавальным тэрмінам, у час якога вам патрэбна будзе выканаць практычную работу “Распрацоўка эскіза вырабу для афармлення жылога памяшкання”.

Перад тым як пачаць працу, я хачу вас папярэдзіць, што ў нашым агенцтве існуе дрэс-код: яркія павязкі. Папрашу іх апрануць і стаць каля сваіх працоўных месцаў.

 

Фізкультхвілінка

– А зараз пры дапамозе жэстаў адкажыце на мае пытанні:

– Ці зацікавіла вас тэма сённяшняга ўрока? (Ківаюць галавой).
– Вы былі знаёмы раней з прафесіяй дэкаратара? (Ківаюць галавой).
– Вы адказалі на ўсе пытанні тэста? (Ківаюць галавой).
– Хто адказаў на большасць пытанняў? (Падымаюць руку).
– Каму хочацца працаваць у майстэрні? (Падымаюць руку).
– Хто гатоў прыступіць да працы, можна сядаць за сталы.

 

– У наша агенцтва звярнулася сям’я Івановых з просьбай аформіць пакой для сваёй дачкі. Якія веды, якая інфармацыя нам спатрэбіцца, каб выканаць працу? (Для якога пакоя, чым і з якога матэрыялу можа быць выраб, дзе і як яго будзем размяшчаць.)

Знайсці гэтую інфармацыю вам дапаможа падручнік, у якім вам патрэбна адшукаць і запісаць працяг сказа.

 

Праца з падручнікам

1. Асноўнымі сродкамі фарміравання інтэр’ера кватэры з’яўляюцца: аздабленне, асвятленне, мэбляванне, падбор тэкстыльных вырабаў, абсталяванне бытавой тэхнікай.

2. Стварыць гарманічны інтэр’ер дазваляе выкарыстанне розных дэкаратыўных элементаў: ваз, статуэтак, дэкаратыўных кампазіцый, карцін, пано.

3. Традыцыйным аздабленнем беларускага інтэр’ера з’яўляюцца вырабы з саломкі (пано, кветкі, саламяныя скульптуры і інш.).

 – Праверце дакладнасць выкананага задання. (Слайд)

– А зараз нашы майстры-дэкаратары пазнаёмяць нас з кампанентамі дэкору, правіламі іх падбору і размяшчэння (папераджальнае заданне).

Карціны. Пры размяшчэнні карцін варта ўлічваць вышыню размяшчэння карцін. Не варта вешаць іх высока. Карціны для таго і змяшчаюцца на сцяне, каб іх было зручна разглядаць.

Карціны будуць глядзецца больш выйгрышна, калі на іх не будзе трапляць яркае сонечнае святло. Пры гэтым цёмныя карціны размяшчаюць на больш асветленых сценах, светлыя – наадварот.

Памеры карцін павінны адпавядаць памерам пакоя. У выпадку, калі ў памяшканні высокія столі, а карціны невялікія, то лепш размясціць іх групай.

Варта пазбягаць размяшчэння карцін на кожнай сцяне.

Блізкія па памеры карціны можна развесіць па прынцыпе строга сіметрычнай сеткі. Самым простым з’яўляецца варыянт размяшчэння карцін у адзін шэраг на аднолькавай адлегласці.

Розныя па памеры карціны можна размясціць ярусам, групай.

Вырабы са шкла. Вырабы са шкла павінны быць раўнамерна размеркаваны ў інтэр’еры пакоя. Непрыгожа выглядаюць «вітрыны» – цэлыя паліцы гэтых вырабаў разнастайных калібраў і формаў ва ўсіх пакоях.

Эстэтычна няўдала выглядае і нагрувашчванне вырабаў са шкла ў асобнай частцы інтэр’еру.

Любыя вырабы са шкла павінны мець правільнае фонавае апраўленне. Шкло добра гарманіруе і з дрэвам, і з металам, і з каменем, і з тэкстылем, але пры ўмове, што будзе кантраставаць з імі.

Вырабы са шкла, якія стаяць насупраць вокнаў, побач з акном або ў глыбіні памяшкання, па-рознаму праяўляюць сваю форму, колер. Шкляныя вырабы і прадметы дэкору з бясколернага шкла варта размяшчаць далей ад акна, а каляровыя шкляныя вырабы – бліжэй.

Варта адзначыць беларускія вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія надаюць пакою нацыянальны каларыт. Фігуркі жывёл, карціны, шкатулкі, кветкі, вазы з саломкі; лялькі-сувеніры з лёну ў нацыянальных беларускіх касцюмах; драўляныя статуэткі, статуэткі, вазы з гліны і многае іншае.

Калі ў вас шмат высокамастацкіх дэкаратыўных прадметаў, не выстаўляйце іх усе адразу. Нельга ператвараць кватэру ў склад нават прыгожых і каштоўных рэчаў. Пачуццё меры – вось асноўны прынцып пры іх размяшчэнні.

 

IV Практычная частка

1) Паведамленне тэмы практычнай работы.
2) Тлумачэнне парадку выканання.
3) Праверка арганізацыі працоўнага месца.
4) Праверка правільнасці выканання працоўных прыёмаў.

 

V Падвядзенне вынікаў

1) Выяўленне лепшых навучэнцаў.
2) Разбор дапушчаных памылак.
3) Правядзенне аналізу захавання правіл аховы працы, арганізацыі працоўнага месца, рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу.
4) Выстаўленне адзнак у журнал.
5) Паведамленне тэмы наступнага ўрока.

 

VI Рэфлексія

На дошцы напісаны прыказкі, а ў кожнага з вас на сталах ляжаць смайлікі. Выберыце тую з прыказак, якая больш за ўсё падыходзіць да вашай працы на ўроку і насупраць яе пастаўце смайлік.

– Усё добра, што добра канчаецца.
– Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці.
– Апетыт прыходзіць падчас ежы.
– У страха вочы вялікія.
– Вучыцца ніколі не позна.
– Не так страшны чорт, як яго малююць.
– Розум добра, а два лепш.
– Не той добры, хто тварам прыгожы, а хто на справу гожы.
– Паспех – людзям на смех.
– Не памыляецца той, хто нічога не робіць.
– Век жыві – век вучыся.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий