Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў пачатковых класаў праз выкарыстанне фальклору на ўроках музыкі

- 16:30II И III СТУПЕНИ, Методичка, Музыка, хореография, искусство, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Идеи

Навукоўцы ўстанавілі, што ўстойлівай этнічнай ідэнтычнасці чалавек дасягае ў малодшым падлеткавым узросце, калі адлюстраванне самога сябе становіцца найважнейшым новаўтварэннем псіхікі, самасвядомасці. Нацыянальная самасвядомасць не даецца дзіцяці пры нараджэнні, а патрабуе ад кожнага чалавека напружанай працы мозгу і душы, навуковага падыходу да яе фарміравання ў дзяцей.

 

Валянціна МАРМЫШ,
дырэктар, настаўнік музыкі
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Яшчэ на пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я сутыкнулася з праблемай азнаямлення навучэнцаў з беларускімі абрадамі і традыцыямі. Не ў плане метадычнага забеспячэння. Тут літаратуры дастаткова, было б толькі жаданне вывучаць і прымяняць на практыцы. Праблема існавала ў тым, што дзеці знаёміліся з народнымі абрадамі і традыцыямі толькі ў школе (вучылі песні, танцы, вершы, гульні і г.д.) А вось паслухаць песню, паглядзець танец у аўтэнтычным выкананні гурта або народнага песняра – з гэтым увогуле было складана. Часам дзеці бачылі элементы абрадаў на масавых мерапрыемствах. Яшчэ я сустрэлася з праблемай, калі напярэдадні Калядак (часам зусім не ў традыцыйныя дні!) дзеці “калядуюць”. Слова нездарма напісана ў двукоссі: з абрадам яны знаёмы вельмі павярхоўна. Удзельнічаць жаданне ёсць, а ведаў, як гэта рабіць правільна, няма.

Навукоўцы ўстанавілі, што ўстойлівай этнічнай ідэнтычнасці чалавек дасягае ў малодшым падлеткавым узросце, калі адлюстраванне самога сябе становіцца найважнейшым новаўтварэннем псіхікі, самасвядомасці. Нацыянальная самасвядомасць не даецца дзіцяці пры нараджэнні, а патрабуе ад кожнага чалавека напружанай працы мозгу і душы, навуковага падыходу да яе фарміравання ў дзяцей.

Урокі музыкі адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці. Вучні знаёмяцца са шматграннай культурнай спадчынай нашага народа. Менавіта гэтыя заняткі дазваляюць сістэмна фарміраваць светапогляд маленькіх грамадзян сваёй Радзімы. На ўроках музыкі вывучаецца нацыянальнае мастацтва, здзяйсняецца развіццё музычнай культуры вучняў, заахвочваецца жаданне, імкненне дзяцей працягваць мастацкія традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі. Разам з настаўнікам дзеці выяўляюць нацыянальныя асаблівасці беларускай музыкі ў параўнанні з іншымі музычнымі культурамі, вучацца разумець і паважаць сваю музычную культуру і культуру іншых народаў.

Фальклор з’яўляецца тым універсальным матэрыялам, які адказвае патрабаванням мастацкасці і даступнасці, азбукай нацыянальнай музычнай мовы. Нездарма фальклорны рэпертуар ляжаў у аснове найвядомейшых сістэм музычнага выхавання, распрацаваных Карлам Орфам і Золтанам Кодаям.

Беларускі фальклор (англ. folklore – народныя веды, народная мудрасць) – сукупнасць розных відаў народнага мастацтва беларусаў, такіх як вусна-паэтычная творчасць, народная музыка, танцы, разнастайныя віды прыкладнога мастацтва, народны тэатр.

Такая дзейнасць вельмі актуальная і адпавядае напрамкам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі:

“Адукацыйны працэс рэалізуецца на аснове культурных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа”. (Артыкул 89 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі).

“Прысваенне навучэнцамі маральна-эстэтычных каштоўнасцей нацыянальнай і агульначалавечай культуры”. (Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э.С.Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. – Мн. : БелЭн, 2003. – 384 с.).

“Змест выхавання арыентаваны на засваенне агульначалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных, духоўных традыцый беларускага народа, ідэалогіі беларускай дзяржавы” (Канцэпцыя вучэбнага прадмета «Музыка»: Прыказ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь от 29.05.2009 № 675).

“Зместам адукацыі па вучэбным прадмеце “Музыка” з’яўляецца адлюстраванне жыцця народа, яе гісторыі, унутранага свету беларуса ў беларускім фальклоры. Фальклорныя абрады. Жанры фальклорнага мастацтва. Рэгіянальныя асаблівасці беларускага музычнага фальклору”. (Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета «Музыка» (I–IV класы)).

“У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры і самасвядомасці важнае месца належыць фальклору – асноўнаму мастацкаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў і бесперапыннасць духоўнага развіцця нацыі” (Кавалеўская, Г.М. Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў сродкамі беларускага фальклору/ Г.М.Кавалеўская. – Мазыр : Белы вецер, 2009. – 62 с.).

Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял для развіцця мастацкіх здольнасцей дзяцей і фарміравання іх нацыянальнай самасвядомасці, чым фальклор. Мастацкая адукацыя пачыналася ў традыцыйным беларускім асяроддзі з самага ранняга дзяцінства – з калыханак, гульняў, песень, танцаў, заклічак, прымавак, лічылак. Дзіцяці даручаліся маленькія ролі ў дарослых абрадах. І яны былі не гледачамі, а ўдзельнікамі. Кожны быў добра падрыхтаваны не да відовішча, а да дзейства. Пры гэтым кожнаму ўдзельніку не патрабаваліся асаблівыя мастацкія таленты, не было адбору па здольнасцях. Таму ўдзельнікам мог стаць кожны. А гэты прынцыпова важна і для агульнаадукацыйнай школы.

Знаёмства з народнымі абрадамі і традыцыямі на ўроках музыкі мы пачынаем з 1-га класа і працягваем да заканчэння вывучэння прадмета “Музыка”.

У сваёй педагагічнай дзейнасці я прыйшла да высновы, што ў сучасных умовах, улічваючы вялікую і сур’ёзную зацікаўленасць навучэнцаў інфармацыйнымі тэхналогіямі, можна і трэба выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання ў якасці стымулу развіцця матывацыі на ўроках.

Вялікую дапамогу настаўнікі музыкі атрымалі з выхадам ЭСН “Музыка. IV клас. Віртуальная творчая лабараторыя”. Дзякуючы выкарыстанню ЭСН на ўроку можна паказваць фрагменты відэастужак, фотаздымкі, прэзентацыі, паслухаць музыку, паглядзець танцы, звярнуцца да тэарэтычнага матэрыялу, выканаць практыкаванні. Гэта дапамагае дзецям ярка ўявіць сабе прадмет вывучэння, выклікае цікавасць і жаданне ўдзельнічаць у народных абрадах падчас пазакласнай дзейнасці.

Шматвекавая культура нашага народа данесла да нас вялікую колькасць фальклорнага матэрыялу. У яго аснове – агульначалавечыя нормы маралі, якія адлюстроўваюць вытворчыя, сямейныя, побытавыя адносіны, паказваюць узаемаадносіны людзей, іх погляды, інтарэсы. Са сваімі вучнямі наладжваем фальклорныя вандроўкі да старажылаў нашай вёскі і суседніх вёсак. Сабраны матэрыял выкарыстоўваю на сваіх уроках музыкі па тэмах “Беларускія народныя інструменты”, “Цуд калыханкі”, “Танцавальная музыка нашага народа” (4-ы клас), “Танцавальны характар музычнай мовы” (3-і клас).

Ярка, маляўніча і запамінальна праходзіць знаёмства на ўроках музыкі ў 4-м класе з беларускімі святамі “Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Саракі” (Дадатак), “Купалле”. На ўроку вельмі важна стварэнне атмасферы “сапраўднасці”, пэўнага душэўнага настрою. Любы фальш, раўнадушнасць, “заарганізаванасць” прыводзяць да зніжэння тых вынікаў, якіх мы чакаем ад свята ў плане выхаваўчага значэння, а яшчэ горш – да страты дзецьмі сэнсу самога свята. Дзеці, якія праяўляюць большую зацікаўленасць, атрымліваюць індывідуальныя заданні і з захапленнем пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў іх рыхтуюць: паказваюць элементы беларускіх народных танцаў, музіцыруюць “Купалінку”, “Жавароначкі, прыляціце” і танцавальныя найгрышы.

Задачу далучэння школьнікаў да скарбонкі беларускай культуры рэалізую праз пазакласную работу па прадмеце: правядзенне тэматычных тыдняў, святкаванне Дня роднай мовы (штогод 21 лютага), правядзенне тэматычных інфармацыйных гадзін, якія праходзяць ярка і запамінальна. Напрыклад, святкаванне “Калядак” адбываецца ў школе своеасабліва. Мы з дзецьмі “калядуем” па класах. Калядоўшчыкі ў народных касцюмах, пераапрануты ў Казу, Мядзведзя, Цыганак, Механошу. Паказваем фрагмент свята з песнямі, танцамі, варажбой і зычаннямі. Беларускія народныя песні “Го-го-го, каза”, “Дзень добры, Панне гаспадару”, “На нова лета” спатрэбіліся вучням і ў паўсядзённым жыцці. З абрадам выступаем перад выхаванцамі дзіцячага садка.

За апошнія тры гады мае вучні паказалі значны рост ў якасці і сцэнічным майстэрстве сваёй творчай супольнасці. Прыцягваючы дзяцей да ўдзелу ў фальклорным калектыве, мы аказваем уплыў на фарміраванне нацыянальнага характару. Удзельнікі фальклорнага калектыву сваім рэпертуарам нясуць важнейшы ідэалагічны зарад, пры гэтым прапагандуючы нацыянальную спадчыну, традыцыі, культуру беларускага народа. Выступленні выхаванцаў і цікавыя, і рэзультатыўныя. Вучні 4-га класа прынялі ўдзел у раённым фальклорна-экалагічным свяце “Саракі”.

Падчас інавацыйнай дзейнасці сабраны багаты матэрыял па святкаванні каляндарных праваслаўных свят на мясцовым матэрыяле. На святы запрашаюцца старажылы вёскі, яны з задавальненнем спяваюць песні, сустракаюцца з вучнямі, а гэта і ёсць вялікае багацце, наша культурная спадчына.

А традыцыі, як вядома, гэта падмурак трываласці ў любой справе: і ў працы, і ў адпачынку. Нашы продкі ўмелі не толькі добра працаваць, але і адпачываць. Усе святы і народныя абрады беларусаў суправаджаліся гульнямі, карагодамі і танцамі.

Разам з дзецьмі наведваем масавыя мерапрыемствы з мясцовымі абрадамі, дзе ёсць магчымасць паслухаць песню, паглядзець танец у аўтэнтычным выкананні гурта або народнага песняра. Так, калісьці ў нашай мясцовасці зарадзіўся асаблівы танец, які выконваўся толькі ў в. Котчына. Танец пад назвай “Котчынская кадрыля” яшчэ ў мінулым стагоддзі стаў настолькі вядомым, што яго прыязджалі запісваць такія вядомыя дзеячы культуры, як харэограф М.І.Хвораст, пісьменнікі Я.Брыль, І.Ліс і М.Аўрамчык. 21 верасня 2010 г. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).

Нашы вучні таксама развучылі знакаміты танец і ўжо прымаюць удзел абласным свяце фальклору “Па сцежках спадчыны”, у абласным фестывалі “Інавацыйная школа: інфармацыйны і аналітычны партрэт” (г. Гродна, гімназія № 6), з мэтай папулярызацыі аб’екта нематэрыяльнай спадчыны “Мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” вёскі Котчына Мастоўскага раёна”. У рамках рэспубліканскага конкурса “Юныя таленты Беларусі” вучні сталі лаўрэатамі конкурсу фальклорных калектываў.

Праведзеная на працягу трох гадоў інавацыйная работа паказала, што навучэнцы сталі больш цікавіцца спадчынай свайго народа: з ахвотай спяваюць беларускія народныя песні, заклічкі, пацешкі, ведаюць і танцуюць беларускія народныя танцы, у іх больш яскрава развіваюцца артыстычныя здольнасці.

Галоўным вынікам любой праведзенай работы з’яўляецца яе эфектыўнасць. Матэрыялы анкетавання дазваляюць прааналізаваць цікавасць вучняў і бацькоў да беларускай спадчыны, іх удзел у народных святах і абрадах.

Па выніках анкетавання вучняў мы бачым станоўчую дынаміку: вучні сталі часцей звяртацца да беларускай народнай культуры (+ 9%), часцей сталі размаўляць на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці (+ 8%), ведаюць беларускія народныя святы, традыцыі і абрады (+ 8%), жадаюць удзельнічаць у народных абрадах і святах (+ 38%).

Але ж без дапамогі бацькоў цяжка фарміраваць нацыянальную самасвядомасць. Гэта праца агульная.

Па выніках анкетавання бацькоў бачны рост ведання беларускіх народных свят, традыцый і абрадаў (+ 10%), жаданне ўдзельнічаць у народных абрадах і святах (+ 11%), бацькі разам з дзецьмі сталі часцей размаўляць на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці (+ 10%), а таксама звяртацца да беларускай народнай культуры (+ 10%).

Праведзеная работа стварае ўмовы, якія садзейнічаюць фарміраванню нацыянальнай свядомасці вучняў:

– вучні разумеюць, наколькі важны іх сапраўдныя карані – сям’я, этнас, дом;
– у вучняў пачатковых класаў з’явіўся інтарэс наведваць фальклорныя гурткі па месцы жыхарства ў Азёркаўскім сельскім клубе; яны валодаюць якасцямі асобы, якая паважае нормы калектыўнага жыцця;
– усё гэта дазваляе вучням прымаць удзел у беларускіх народных святах і абрадах; шмат вучняў, бацькоў, адкрыўшы для сябе скарбніцу народнай творчасці, трансліруюць атрыманыя веды сярод сваякоў, аднагодкаў, выконваючы тым самым функцыі захавання і перадачы традыцый беларускай народнай культуры;
– бацькі задаволеныя новай дзейнасцю сваіх дзяцей, падтрымліваюць іх выбар, іх чаканні спраўдзіліся.

Вопыт работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці вучняў пачатковых класаў праз выкарыстанне фальклору на ўроках музыкі эфектыўны. Лічу, што творча актыўныя настаўнікі знойдуць у прадстаўленым вопыце нешта карыснае для сваёй дзейнасці. Спыняцца на дасягнутым нельга. Планую працягваць працу над вопытам праз стварэнне ЭСН “Беларускі фальклор”.

 

 

Дадатак

 Фрагмент урока па тэме “Музыка ў народных абрадах і святах: Гуканне вясны. Саракі” (2-і ўрок па тэме)

 

Асноўная частка. Вывучэнне новага матэрыялу

Знаёмства з народнымі абрадамі і традыцыямі святкавання “Гуканне вясны”, “Саракі.”

– Гуканне вясны – старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.

– Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 – па старым стылі). У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу.

– Хлопцы збіралі з усяе вёскі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распальвалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гуканнямі.

– Адметнай асаблівасцю беларускай народнай музыкі з’яўляюцца гукапераймальныя найгрышы. Музыканты імітуюць пошум ветру, спевы птушак, галасы розных жывёл і іншае.

Прагляд відэафільма пра Гуканне вясны. (Дыск “Музыка, 4-ы клас”)

– Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся падкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было вызваць хутчэйшы надыход вясны.

Падкідванне птушачак на абрусе:

Жавароначкі, прыляціце – у-у-у-у!
Вы нам лецейка прынясіце – у-у-у-у!
А зімачку забярыце – у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела – у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела – у-у-у-у!    

– Прыгожыя вясновыя абрады часта натхнялі беларускіх кампазітараў на стварэнне музыкі. Зараз мы з вамі паслухаем “Гуканне вясны” у выкананні ВА “Крынічкі” і аздобім нашу бярозку штучнымі птушачкамі, якіх вы зрабілі з Вольгай Тадэвушаўнай.

Развучванне карагодаў

– Найбольш цікавы момант абраду ў гонар вясны – гэта карагоды, у якія зазывалі вясну. Карагоды ўвасабляюць сабой бясконцы кругазварот жыцця і вечнай маладосці. Ёсць яшчэ такі погляд, што форма карагоду напамінае форму сонца.

Гэй, народ!
Збірайся ў карагод!
Гэй, народ!
Вясна ля варот!
Вясна красна наступала
Снягі з поля саганяла.
Ой, наступала, ой, саганяла….
Сонейка на прыпечак скацілася,
І зямліца ўсміхнулася
Вазьмі, сонейка, у Бога дазволу
І спусцісь да долу.
Мы табе спяваем,
Мы цябе ўсхваляем,
Прыходзь, мы цябе чакаем!

– З ранняй вясною звязвалі многія прыметы і павер’і: “Калі сакавік сухі, у красавіку травы яшчэ не чакай”, “Калі на лёд грыміць, тады вясна будзе халоднай”, “Калі ў пору пасееш, то ў пору і пажнеш”, “Вясенні дзень год корміць”, “Вясна красна, хоць і галадна”, “Вясной зверху цячэ, а знізу марозіць” і інш.

 

Рэфлексія

– Падыходзіць да завяршэння наш урок. І мы зараз па народнай традыцыі раздадзім печыва нашым гасцям, абавязкова гаворачы пры гэтым зычанні:

На доўгі век, на добры быт!
Жыці-быці, жыта звазіці,
Дачок аддаваці, сынкоў жаніці!
Быць вам здаровымі,
Як зімой вада,
Вясёлымі, як вясна-красна,
Багатымі, як восень!
Багаславі, Божа, на жытачка род, на статачка плод,
Людзям на здароўе!

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий