У матэрыяле прадстаўлены сцэнарый занятку для выхаванцаў ад 4 да 5 гадоў (сярэдняя група) па адукацыйных галінах “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” і “Дзіця і грамадства”.
Наталля КАЗЛОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 6 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменне адрознiваць беларускае і рускае маўленне, навыкі ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове, уменне ўважлiва слухаць мастацкiя творы на беларускай мове, адказваць на пытаннi па iх змесце, уменне называць прадметы навакольнага асяроддзя, матэрыялы, з якiх яны выраблены, уменне правiльна вымаўляць спецыфiчна беларускiя гукі [ч], [г], увесці ў слоўнік дзяцей слова “кірмаш”, выкарыстоўваць формы прывiтання;
– фарміраваць інтарэс да ўдзелу ў разнастайнай сумеснай дзейнасці з аднагодкамі;
– развіваць уменне пры садзейнiцтве дарослага наладжваць беларускамоўныя зносiны па змесце твораў фальклору, элементарныя навыкi зносiн на беларускай мове, самастойна разумець маўленне дарослага, адказваць на яго пытанні;
– развіваць уменне выконваць правілы культуры зносін і паводзін з аднагодкамі і дарослымі, выкарыстоўваючы элементы моўнага этыкету;
– выхоўваць асновы нацыянальнага светапогляду;
– выхоўваць эмацыянальна-пазітыўныя адносіны да Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял: дыдактычныя гульні “Назаві па-беларуску”, “Апрані ляльку”, цацкі свойскай жывёлы, макет “Свойская жывёла”, аўдыёзапіс гукаў пеўніка, кошык, цацка пеўніка, шапачка-грушка, беларускія ручнікі, вырабы з саломы, гліны і ільну, схема для завучвання забаўлянкі, пано цягнiка і смайлiкі для рэфлексіі.
Папярэдняя работа: чытанне беларускіх твораў, апавяданняў беларускіх пісьменнікаў, завучванне вершаў, знаёмства з народнымі гульнямі, карагодамі.
Ход занятку
Выхавальнік:
Добры дзень, мае даражэнькія,
Дарослыя і маленькія!
Усіх вітаю, здароўя жадаю!
Дзеці:
Добры дзень, мы ўсіх вітаем!
Адзін аднаму мы шчасця жадаем.
Добры дзень, добры дзень!
Павітацца нам не лень!
Будзем плённа працаваць,
Адзін аднаму дапамагаць.
Выхавальнік: Адкажыце, у якой краіне мы з вамі жывём? (Мы жывём у Беларусі).
Як называюцца людзі, якія нарадзiлiся і жывуць у Беларусi? (Беларусы).
А на якой мове павінны ўмець размаўляць сапраўдныя беларусы? (На беларускай мове).
Ёсць шмат краін на свеце, але наша самая прыгожая, чыстая, светлая, любая і незалежная. Я прапаную расказаць вершы пра нашу Радзіму.
Дзеці (чытаюць вершы пра нашу краіну)
Блакіт нябёс
Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык-беларус. (С.Сокалаў-Воюш)
Беларусачка
Твар румяненькі,
Белая хустачка,
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
І хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама! (А.Бадак)
Мой край
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся. (В.Бароўская)
Мой край
Куды не глянь – лясы шумяць,
Цвіце за полем гай,
А поле – вокам не абняць,
І гэта ўсё – мой край. (А.Русак)
Дыдактычная гульня “Назаві па-беларуску”
Выхавальнік: Зараз мы з вамі пагуляем у гульню, якая называецца “Назаві па-беларуску”. Я буду называць словы на рускай мове, а вы – перакладаць іх на беларускую.
Конфета – цукерка
Тарелка – талерка
Пальто – паліто
Кукла – лялька
Яблоко – яблык
Кровать – ложак
Кружка – кубак
Платье – сукенка
Дом – хата
Праздник – свята
Базар – кірмаш.
Выхавальнік: Сёння я хачу пазнаёміць вас з новым словам – “кірмаш”. Кірмаш – гэта цудоўнае свята, на ім прыгажосці і працы багата. Я запрашаю вас на кірмаш у мінулае. А трапіць туды нам дапамогуць паветраныя шары.
Дыхальная гімнастыка
Выхавальнік: Зробім глыбокі ўдых праз нос, выдых праз рот (ш-ш-ш). А зараз нам патрэбна прызямліцца і шарыкі павольна здзімаюцца: (с-с-с). (Дзеці імітуюць надзіманне паветранага шара).
Вось мы і апынуліся на кірмашы. Падыходзьце, калі ласка, да першага гандлёвага раду. Што вы бачыце? (Цацкі). На кірмашы прадавалі цацкі для дзіцячай забавы. Вазьміце ўсе па адной цаццы і назавіце, што гэта і з якога матэрыялу выраблена.
Гульня “З чаго зроблена цацка?”
Дзеці:
Лялька з саломы – саламяная.
Свісцёлка з гліны – гліняная.
Дудка з дрэва – драўляная.
Лялька з ільну – ільняная і г.д.
Выхавальнік: Падыходзьце да другога гандлёвага раду. Што тут прадаюць? (Адзенне).
Дыдактычная гульня “Апрані ляльку”
Выхавальнік: Дапамажыце Ясю і Яніне падабраць новае адзенне. (Дзеці бяруць пласкасныя фігуркі адзення, называюць па-беларуску (сукенка, лапці, спадніца, порткі, капялюш і г.д.) і размяшчаюць каля лялек на магнітнай дошцы).
Выхавальнік: На кірмашы не толькі прадавалі розныя рэчы. Яшчэ гулялі, спявалі, весяліліся. Прапаную вам пагуляць у беларускую народную гульню “Грушка”.
Беларуская народная гульня “Грушка”
Мы пасадзім грушку –
Усе, усе!
Няхай наша грушка
Расце, расце.
Вырастай ты, грушка,
Вось такой вышыні;
Вырастай ты, грушка,
Вось такой шырыні.
Вырастай ты, грушка,
Ды ў добры час!
Пакружыся, грушка,
Ты для нас!
А мы нашу грушку
Усе шчыпаць будзем
І ад нашай грушкі
Уцякаць будзем.
Выхавальнік: Падыходзьце яшчэ да аднаго гандлёвага раду. Што тут прадаюць? (Тут прадаюць свойскую жывёлу).
Гульня “Свойская жывёла”
Дзеці выбіраюць свойскую жывёлу, называюць яе на беларускай мове, апісваюць.
Сюрпрызны момант (цацка пеўніка ў кошыку, які кукарэкае, аўдыёзапіс).
Выхавальнік: Пеўня можна сустрэць у розных вершах, казках. А зараз мы з вамі паспрабуем вывучыць забаўлянку пра пеўніка.
Чытанне забаўлянкі “Кукарэку, певунок”
Выхавальнік:
Кукарэку, певунок,
Залаценькі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць.
– Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Штодзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.
Гутарка па змесце
– Пра каго расказваецца ў забаўлянцы?
– Як называюць пеўніка?
– Чаму яго называюць певунком?
– Куды пайшоў певунок?
– Каго там знайшоў?
– Што запытаўся певунок у курачкі?
– Што курачка адказвала?
Праца па тэксце (тлумачэнне незнаёмых слоў).
Чытанне твора выхавальнікам па схеме (з устаноўкай на запамінанне).
Калектыўнае чытанне па схеме
Індывідуальнае чытанне па схеме
Выхавальнік: Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае, на кірмаш. А зараз нам пара вяртацца ў дзіцячы садок. І вернемся мы з вамі на цягніку, правільна вымаўляючы гукі.
Чок-чок-чок, чок-чок-чок.
Едзе-едзе цягнічок.
Чу-чу-чу, чу-чу-чу,
далёка-далёка пракачу.
Выхавальнік:
А зараз адкажыце, калі ласка:
Дзе мы з вамі сёння пабывалі?
Што мы з вамі бачылі?
Пра што новае вы даведаліся?
Што найбольш вас уразіла?
Рэфлексія “Цягнічок нашых ведаў”