Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне”. 8-ы клас

- 9:30БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Гэта апошні ўрок у сістэме ўрокаў па раздзеле “Сказы з аднароднымі членамі: будова, значэнне, ужыванне”.

Ала КАЗЕКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 10 г. Слоніма”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэты ўрока:

– падагульніць і сістэматызаваць веды вучняў па вывучаным раздзеле;
– удасканальваць навыкі знаходзіць канструкцыі з аднароднымі членамі ў выказванні, пунктуацыйна правільна іх афармляць на пісьме;
– садзейнічаць развіццю маўлення вучняў, іх камунікацыйных здольнасцяў;
– спрыяць выхаванню павагі да свайго народа праз адносіны да роднага слова, фарміраваць нацыянальную свядомасць вучняў, культуру маўлення.

Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў.

Абсталяванне: падручнік “Беларуская мова. Дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання”, карткі з заданнямі.

 

Ход урока

І Арганізацыйна-матывацыйны этап

– Вітаю вас, мае юныя сябры! Пачаць свой урок хачу вершам Настассі Нарэйкі “Добры дзень”.

Добры вам дзень!
Добры вам дзень!
Добрыя словы.
Шчырыя словы.
Родныя словы
Для родных людзей.
Словы маёй
Беларускай мовы.

Старажытныя грэкі казалі: “Добры настрой – гэта палова перамогі”. Спадзяюся, што вы прыйшлі на ўрок з добрым настоем. Жадаю вам атрымаць перамогу ў барацьбе за веды.

 

ІІ Этап абвяшчэння тэмы ўрока і мэтавызначэння

– Тэма сённяшняга ўрока гучыць так: “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Сказы з аднароднымі членамі”. Давайце паспрабуем акрэсліць мэты ўрока і асноўныя веды, уменні і навыкі, якія спатрэбяцца нам на ўроку.

Вучні самастойна фармулююць мэты ўрока, і што яны павінны ведаць і ўмець для іх дасягнення.

 

ІІІ Этап актуалізацыі і сістэматызацыі набытых ведаў

1. Прыём “Тэарэтычная размінка”

– А зараз мы высветлім, наколькі вы валодаеце гэтымі ведамі і ўменнямі.

Два вучні атрымліваюць індывідуальныя заданні, якія выконваюць на дошцы.

Заданне для першага вучня. Складзі схему-апору “Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі (пастаноўка коскі)”.

Заданне для другога вучня. Складзі схему-апору “Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа”.

 

2. Прыём “Перакрыжаванае апытванне”

Астатнія вучні рыхтуюцца да перакрыжаванага апытвання паміж групамі па тэме “Аднародныя члены сказа”. Кожная група загадзя рыхтавала па 5 пытанняў. Прадстаўнікі груп па чарзе задаюць іх.

Пасля перакрыжаванага апытвання вынікі сваёй працы прадстаўляюць вучні, што працавалі каля дошкі.

 

ІV Этап прымянення ведаў на практыцы

– Я рада, што вы добра валодаеце ведамі тэарэтычнага матэрыялу. Наступны этап нашага ўрока – прымяненне набытых ведаў на практыцы. Мы працягваем працаваць у групах.  

1. Праца з тэкстам

Наш родны край

Наша Бацькаўшчына, наш родны беларускі край! Ён прыгожы і па-свойму адметны на поўначы і на поўдні, на ўсходзе і на захадзе. Ён вылучаецца сваімі рэкамі і азёрамі, лясамі і лугамі. Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь, Налібокі і Нарач – усё гэта наш родны край.

Спадчына неацэнная і за ўсё даражэйшая. Колькі на душу кожнага з нас прыпадае кветак, дрэў, крынічак? Усяго гэтага мы, занятыя вечнымі клопатамі і паўсядзённаю працаю, часцей за ўсё не заўважаем. Яно для нас такое ж звыклае, як і паветра, якім мы дыхаем.

Усё ж мы зямляне, бо зямля ў нас адна, яна агульная для ўсіх. І мы маем радасць суіснаваць на ёй, жыць ў дружбе і ва ўзаемнай павазе. Кожны павінен любіць і паважаць свой край. (Паводле Я. Сіпакова)

– Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і асноўную думку. Які загаловак тэксту далі б вы? Якім відам сувязі звязаны сказы ў тэксце? (Адказы вучняў)

 

2. Праца ў мабільных групах

Заданне для групы № 1

1) Выпішыце з тэксту сказ, якія адпавядае схеме

2) Падкрэсліце аднародныя члены як члены сказа.

3) Ахарактарызуйце злучнікі, якімі звязаны аднародныя члены сказа.

Заданне для групы № 2

1) Выпішыце з тэксту сказ, якія адпавядае схеме

.

2) Падкрэсліце аднародныя члены як члены сказа.

3) Ахарактарызуйце злучнікі, якімі звязаны аднародныя члены сказа.

Заданне для групы № 3

1) Выпішыце з тэксту сказ, якія адпавядае схеме

2) Падкрэсліце аднародныя члены як члены сказа.

3) Што служыць сродкам сувязі аднародных членаў у сказе?

Прадстаўленне вынікаў працы.

 

Фізкультпаўза

 

3. Заданне з белымі плямамі

– Мы ведаем, што аднародныя члены сказа звязваюцца пры дапамозе інтанацыі пералічэння або злучальнымі злучнікамі. У наступным заданні вам неабходна злучыць сказ з белымі плямамі са злучнікам (злучнікамі), якія падыходзяць па сэнсе. Адказ запішыце ў выглядзе літара – лічба.

А. Старыя буслы ___ апускаліся да самага гнязда, ___ падымаліся ў нябесны блакіт.

1. ды

Б. ___ дождж, ___ мокры вецер не маглі спыніць хлопцаў.

2. то-то

В. Двое сутак завіруха шалела ___ грукатала аканіцамі.

3. і-і

Г. ___ стаміліся мы за цэлы дзень у батанічным садзе, ___ дадому ішлі задаволеныя.

4. ні-ні

Д. Люблю я майскі ранак, ___ спеў салаўя, ___ водар бэзу.

5. хоць і – але

Праверка выканання задання.

 

4. Хвілінка кемлівасці. Лінгвістычная задача

– Сябры, Школа юнага алімпіёніка даслала нам ліст, у якім просіць рашыць лінгвістычную задачу. Устанавіце, якія словы з’яўляюцца назвамі ежы (1-ы варыянт), а якія – назвамі пітва (2-і варыянт). Запішыце іх. Складзіце з гэтымі словамі сказ, у якім былі б аднародныя члены і абагульняльнае слова пры іх.

Вяршкі, верашчака, груца, жур, здор, кляновік, пляцка, праснак, таркаванец, ялавічына, бярозавік.

Адказы:
1-ы варыянт. Верашчака, груца, здор, пляцка, праснак, таркаванец, ялавічына;
2-і варыянт. Вяршкі, жур, кляновец, бярозавік.

Праверка выканання задання.

 

5. Рубрыка “Для цікаўных”

Паведамленне вучня “Верашчака: паходжанне і сакрэты прыгатавання стравы”.

Верашчака – традыцыйная беларуская страва з каўбасы і мяса, гатунак падлівы для бліноў. Назва паходзіць або ад прозвішча кухмістра караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ Саксонскага Верашчакі, што пакуль не пацвярджаецца крыніцамі, або ад народнай назвы вячэры “верашчакі”, якая звычайна ладзілася пасля таго, як заколюць парсюка. У апошнім выпадку этымалогія слова звязана з перадсмяротным віскам – “верашчаннем” свінні. У пісьмовых крыніцах верашчака фіксуецца з сярэдзіны ХVIII ст., калі яна трапляе на сталы манарха і шляхты ВКЛ. Галоўнымі кампанентамі верашчакі  з’яўляюцца парэзаная на кавалкі каўбаса-пальцоўка, свіное сала, мяса ці рабрынкі, а таксама духмяныя прыправы. Верашчака заўсёды падкалочваецца мукой або цёртым хлебам. У беларускіх сялян лічылася святочнай стравай. У наш час верашчака пашырана не толькі на Гарадзеншчыне, але па ўсёй Беларусі пад не зусім дакладнай назвай “мачанка”.

 

Рэцэпт прыгатавання верашчакі з віленскага выдання 1881 г. “Літоўскай кухаркі” 

Свіныя рабрынкі парубіць на кавалкі, пасаліць і падрумяніць на патэльні на свежым сале. Уліць столькі бураковага расолу, каб было кіславата, пакласці ангельскі перац і добра закіпяціць. Нарэшце, усыпаць цёртага сітнага хлеба, сочачы за тым, каб соус не быў вельмі густы, перамяшаць і падсмажыць. Можна таксама верашчаку гатаваць з ялавічыны.

– Дзякуй за змястоўнае паведамленне. Наступнае заданне дазволіць выявіць вашу арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць.

 

6. Самастойная праца па варыянтах

Картка № 1

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і схематычна абгрунтуйце іх пастаноўку. Выканайце сінтаксічны разбор двух сказаў (на выбар).

1. Дзе(нідзе) на дарозе ляжала ўпоперак в..рхавіна сасны або елкі. 2. Рака то супакойвалася (на)момант то зноў уздрыгвала маршчынілася. 3. І гэты малады хвойнік і гэты лес і гэтыя хвоі зліваліся ў адну с..яну лесу. 4. Трава і дрэва рыба і звер усё рас..е і во..іцца ў гэтым мілым куточку. 5. У чалавека павінна ўсё быць прыгожым і твар і а..енне і душа.

Картка № 2

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і схематычна абгрунтуйце іх пастаноўку. Выканайце сінтаксічны разбор двух сказаў (на выбар).

1. Дарога н.. то маладзіць мяне н.. то абнаўляе н.. то поўніць н..чым новым. 2. (Ні) месяца (ні)зорак зусім (не)было відаць. 3. Рыбацкая снас..ь сетка нераты вуды была адмысловая ў дзядз..кі Марціна. 4. Слова б..рэ паэт са св..тла бяроз звону лён.. ды расы каля хаты. 5. Усё паблісквала свежай афарбо..кай і с..ены і падлога і новы.. столікі.

Картка № 3

Спішыце сказы, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і схематычна абгрунтуйце іх пастаноўку. Выканайце сінтаксічны разбор двух сказаў (на выбар).

1. І двор і кветнік і б..розы белы.. усё зіха..ела ў пераспелых росах. 2. То разбяжыцца то пухам зас..елецца то засп..вае м..целіца. 3. Дзень павекі адамкне ды агледзіць навакол..е. 4. Восе..ю дождж пахне бульбо..нікам і яблыкамі і пераспелымі слівамі. 5. Мы любім родную краіну істу..кі рэк і сінь азёр і звонкі гоман баравіны і ..зян..е мес..ца і зор.

Выбарачная праверка выканання задання.

 

V Этап падагульнення і карэкцыі ведаў вучняў

Тэставае заданне “Аднародныя члены сказа”

1. Адзначце сказы, у якіх ёсць аднародныя члены.

1) Лятуць і лятуць кволыя сняжынкі.
2) Коні стаялі ні жывыя ні мёртвыя.
3) Байцы высока цанілі, бераглі шчырае слова пісьменнікаў-франтавікоў.
4) Бярыце з роднага парога і хлеб, і песню ў шлях з сабой.
5) Гумны, платы, дрэвы чарніла макраватая цемра.

2. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба ставіць коску.

1) І стэпы _ і ўзгоркі _ і нівы ад гулу вады ажывалі.
2) Сонца ўжо звярнула з поўдня _ але свяціла горача.
3) Гняды імкнецца дастаць канюшыны _ або сена з чужога воза, нібы не еў тры дні.
4) Дарослыя _ і дзеці бяруць садовыя _ і лясныя дрэўцы.
5) То знікне _ то выблісне сонца ўгары.

3. Адзначце сказы, у якіх азначэнні з’яўляюцца аднароднымі і на пісьме раздзяляюцца коскай.

1) Над Прыпяццю зіхаціць ясная … летняя раніца.
2) Нарачанскае … сіняе лета пахам сосен плыве над вадой.
3) Мільгаюць ярка-чырвоныя … блакітныя … зялёныя шапачкі і шалікі.
4) У поцемку лесу нізкія елачкі трымалі празрыстыя … заледзянелыя пацеркі расы.
5) У голасе Васіліны дрыжыць трапяткое … пяшчотнай пачуццё.

4. Адзначце сказы, у якіх дапушчана пунктуацыйная памылка.

1) Думаў Дзям’ян пра розныя рэчы: пра зямлю, якую песціў, і любіў, пра свой дом, пабудаваны перад самай вайной.
2) То тут, то там чулася гаворка, смех.
3) Шумелі бярозы на гром, ці на вецер.
4) Добра папрацуеш, затое будзеш задаволены.
5) Як дзень так і ноч ідуць паязды ды ідуць.

5. Адзначце сказы, у якіх некалькі радоў аднародных членаў.

1) Густы і мокры вецер гоніць сырыя і цяжкія хмары.
2) З зямлі памалу знікаюць не толькі асобныя віды раслін, але і лясы, і азёры.
3) На выганах і пожнях збіраліся ў чароды, гарланілі, мітусіліся нізка над полем гракі.
4) Дні плылі над зямлёй светлыя, сонечныя, поўныя незлічоных пахаў травы і кветак.

Узаемаправерка тэставага задання па эталоне, змешчаным на слайдзе. Адказы. 1. 3, 4, 5.  2. 1, 2, 5.  3. 3, 4, 5. 4. 1, 3, 5. 5. 1, 3, 4.

 

VІ Дамашняе заданне

Скласці апавяданне-мініяцюру “За што я люблю свой родны край”, выкарыстоўваючы сказы з аднароднымі членамі (5–6 сказаў).

 

V Ацэначна-рэфлексійны этап

– Як вы лічыце, ці справіліся мы з мэтамі, пастаўленымі ў пачатку ўрока? (Адказы вучняў)

Дапоўніце сказы:

– Сёння на ўроку я …
– Самым лёгкім для мяне было …
– Цяжкасці выклікала …
– Найбольш цікавае заданне было …

Выстаўленне адзнак.

– Вось і падыходзіць да заканчэння ўрок. Дзякую за актыўнасць на ўроку. Мне было прыемна працаваць разам з вамі. Думаю, што наша сумесная работа была плённай. Да сустрэчы!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий