Дыдактычны дапаможнік для вывучэння літар “Азбука-раскладушка”

- 12:32КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Авторские пособия, Методичка

Прадстаўлены вопыт можа быць выкарыстаны для работы як з дашкольнікамі (падрыхтоўка да навучання грамаце, развіццё ўсіх псіхічных працэсаў), так і з малодшымі школьнікамі, якія маюць парушэнні пісьмовай мовы, цяжкасці з чытаннем, для дзяцей рознага ўзросту (ад 5 да 9 гадоў) і рознага інтэлектуальнага ўзроўню развіцця – ад нормы да затрымкі псіхічнага развіцця і да алігафрэніі, бо ўсё будуецца на метадзе дыдактычнай гульні.

 

Алена ГРЫНКЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Шарашоўская сярэдняя школа” Пружанскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

Авалоданне граматай – адна са значных умоў сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзіця, якое нармальна развіваецца, у большасці выпадкаў падрыхтавана да пачатку школьнага навучання, а малодшыя школьнікі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця засвойваюць грамату са значнай цяжкасцю. Гэта тлумачыцца, з аднаго боку, спецыфікай роднай мовы, яе гукавой і складовай структурай, а з другога – асаблівасцямі самой катэгорыі дзяцей, што звязана з парушэннем тых кампанентаў пазнавальнай дзейнасці, якія ўдзельнічаюць у працэсе навучання грамаце.

У сваёй практыцы як настаўнік-дэфектолаг я працавала з рознымі катэгорыямі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і, сутыкаючыся з праблемамі ў авалоданні граматай, даводзілася шукаць дапаможныя сродкі для актывізацыі дзейнасці навучэнцаў з улікам іх індывідуальных магчымасцей. Упэўніўшыся, што ў гульні і з дапамогай нагляднасці новая інфармацыя засвойваецца больш хутка і эфектыўна, я вырашыла распрацаваць наглядны дапаможнік па навучанні грамаце, які б адпавядаў асноўным патрабаванням работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і вырашаў мноства карэкцыйных задач і праблем дзіцяці:

– развіццё зрокавага ўспрымання;
– фанематычнага слыху;
– гука-літарнага аналізу і сінтэзу;
– развіццё ўвагі і звязнай мовы;
– развіццё навыкаў чытання і пісьма.

Азнаёміўшыся з навінкамі псіхолага-педагагічнай літаратуры і перадавога педагагічнага вопыту па пытанні навучання грамаце дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама прымяніўшы свае творчыя здольнасці, я змагла рэалізаваць гэтую ідэю. Вынікам творчай дзейнасці стаў распрацаваны наглядны дыдактычны дапаможнік “Азбука-раскладушка”. Ён складаецца з 32 частак, якія адпавядаюць літарам алфавіта (цвёрды і мяккі знакі аб’яднаны ў адну частку). Наяўнасць асобных частак стварае пэўныя выгоды ў рабоце для вучня і настаўніка. У сваю чаргу ўсе заданні па кожнай літары раздзелены на 9 асноўных блокаў і пранумараваны.

 

Блок 1 “Знаёмства з літарай” (выкарыстоўваецца для фарміравання графічнага вобраза літары)

Дзеці называюць літару, разглядаюць картку з яе правільным і паслядоўным напісаннем, абводзяць пальцам спачатку літару, зробленую з гладкай, а потым з шурпатай паперы, выкладваюць літару з розных дробных матэрыялаў (гузікі, пацеры, фасоль і г.д.) па зададзеным контуры. Далей вядзецца работа па малюнку: адгадванне загадкі, знаходжанне ў слове-адгадцы вывучаемай літары.

 

Блок 2 “Артыкуляцыя гука” (знаёміць з артыкуляцыйным укладам гука)

На старонцы размешчаны малюнак на суаднясенне вывучаемага гука з якім-небудзь немаўленчым гукам. Для знаёмства з артыкуляцыйным укладам гука тут можна выкарыстоўваць казачных герояў Гукавічкоў (дзяўчынка Аза і хлопчык Бук), якія зроблены ў выглядзе тварыка з ротам, што адкрываецца. Дзіця адкрывае Гукавічку рот, а там напісаны верш пра пэўны гук. Педагог чытае прапанаваны верш і паказвае прыклад правільнага вымаўлення гука. Вучань назірае за артыкуляцыяй гука ў мове настаўніка, з дапамогай люстэрка прымае пэўную артыкуляцыйную позу і самастойна паўтарае гук, па пытаннях педагога спрабуе расказаць, дзе знаходзяцца органы артыкуляцыйнага апарата пры вымаўленні гука.

 

Блок 3 “На што падобна літара” (дапамагае суаднесці зрокавы вобраз літары з навакольным прадметам, развівае зрокавы літарны гнозіс)

Для лепшага запамінання літары на старонцы выкарыстоўваецца азбука з малюнкаў. Малюнкі падабраны такім чынам, каб канфігурацыя літары была падобная на абрыс прадмета, назва якога пачынаецца з вывучаемай літары. У гэтым выпадку дзецям бывае лягчэй запомніць літару, чым тады, калі прадмет не суадносіцца з яе зрокавым вобразам. Да малюнка прыкладаецца вершаваны тэкст, які чытаецца педагогам. Задача вучня – знайсці на малюнках літару, абвесці пальцам і сказаць, на што яна падобна.

Блок 4 “Знайдзі правільную літару” (накіраваны на прафілактыку аптычнай дысграфіі)

На гэтай старонцы знаходзяцца малюнкі, якія пачынаюцца з гука, адпаведнага вывучаемай літары. На фоне кожнага малюнка прадстаўлены які-небудзь графічны вобраз, сярод іх школьнік павінен адшукаць правільна адлюстраваную літару.

 

Блок 5 “Хто сябруе з літарай” (развівае фанематычны слых)

Работа па старонцы праводзіцца ў форме гульні “Злаві гук”, дзе вучню неабходна назваць усе малюнкі і паставіць картку з літарай у патрэбную кішэню побач з тымі выявамі, у назвах якіх сустракаецца адпаведны гук.

 

Блок 6 “Дзе гук у слове?” (фарміруе навыкі гука-літарнага аналізу і сінтэзу)

На старонцы прапанавана дыдактычная гульня “Гукавы святлафор”, накіраваная на вызначэнне месца гука ў слове (у пачатку, у сярэдзіне, у канцы слова). У гульні праводзіцца характарыстыка гука з дапамогай сімвалаў гукаў (кругі на святлафоры чырвонага, сіняга і зялёнага колераў). Вучань называе малюнкі, паказвае на “Гукавым святлафоры” месца гука ў кожным слове і ажыццяўляе аналіз гука (галосны ці зычны, цвёрды ці мяккі).

 

Блок 7 “Гавару і чытаю” (садзейнічае выкліканню гукаў мовы ў дзяцей, якія не гавораць, развіццю навыкаў чытання і гаварэння, развіццю глабальнага чытання)

Для работы па старонцы педагог паказвае калаж, чытае слова пад кожным малюнкам, просіць дзіця правесці пальцам па напісаным слове, паказаць малюнак, паўтарыць (па магчымасці) слова ці гук, накласці картку са словам на такое ж слова на калажы. Потым дастае разрэзаныя словы, просіць выкласці слова пад малюнкам, яшчэ раз чытае слова, пабуджае дзіця паўтарыць яго. Формы работы могуць змяняцца ў залежнасці ад канкрэтных мэт на асобна ўзятым занятку: ад простага накладання картак са словамі да самастойнага прачытання слоў на картках.

 

Блок 8 “Вясёлыя вершы” (накіраваны на ўзбагачэнне слоўнікавага запасу і развіццё звязнай мовы)

Дзіцяці прапануецца паслухаць верш, разглядзець малюнак, высветліць яго змест, скласці сказ. Для больш падрыхтаваных вучняў верш чытаецца яшчэ раз, затым дзеці паўтараюць за педагогам па радках і, нарэшце, узнаўляюць яго самастойна.

 

Блок 9 “Пішу літару сам” (выкарыстоўваецца для фарміравання графічных навыкаў (пісьмо літар))

Да старонкі прымацаваны канверт з заданнем. Вучань адкрывае яго, дастае картку з заданнем і самастойна ці з дапамогай педагога выконвае.

Варыянты заданняў на картцы залежаць ад магчымасцей дзіцяці і могуць быць наступныя:

– размаляваць літару ці малюнак;
– заштрыхаваць літару;
– напісаць друкаваную ці пісьмовую літару.

Так, працуючы па кожнай асобнай частцы, якая адпавядае пэўнай літары, вучні, пераходзячы ад аднаго задання да другога, атрымліваюць неабходны запас ведаў для далейшага навучання ў школе.

Матэрыял для дапаможніка падабраны з улікам інтэлектуальных магчымасцей дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Маляўнічыя займальныя заданні дапамагаюць хутчэй зразумець складаны абстрактны свет гукаў і літар, робяць працэс навучання грамаце цікавым.

Дыдактычны дапаможнік “Азбука-раскладушка” – гэта гатовы наглядны і практычны матэрыял з вопыту работы, поўнасцю адаптаваны да выкарыстання і разлічаны на індывідуальнае навучанне ці навучанне ў невялікіх групах дзяцей, які можна прымяняць як поўнасцю, так і па часткам, выбіраючы асобныя дыдактычныя гульні, неабходныя для вырашэння канкрэтных задач. Матэрыял просты і эфектыўны ў прымяненні і, самае галоўнае, вельмі падабаецца вучням. Бацькі адзначаюць павышэнне цікавасці дзяцей да вывучэння літар, а таксама станоўчую дынаміку моўнага развіцця.

Прадстаўлены вопыт можа быць выкарыстана для работы як з дашкольнікамі (падрыхтоўка да навучання грамаце, развіццё ўсіх псіхічных працэсаў), так і з малодшымі школьнікамі, якія маюць парушэнні пісьмовай мовы, цяжкасці з чытаннем, для дзяцей рознага ўзросту (ад 5 да 9 гадоў) і рознага інтэлектуальнага ўзроўню развіцця – ад нормы да затрымкі псіхічнага развіцця і да алігафрэніі, бо ўсё будуецца на метадзе дыдактычнай гульні.

Дадатак: Дадаткі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий