Турнір знаўцаў роднай мовы “Таямніцы роднай мовы” з элементамі вуснага часопіса “Я люблю цябе, слова роднае”. Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства для вучняў 3–4-х класаў

- 15:49Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Распрацоўка дае магчымасць зацікавіць малодшых школьнікаў беларускай мовай як адметнай лінгвістычнай з’явай і нацыянальным прадметам, паказаць яе ролю ў жыцці грамадства, далучаць дзяцей да духоўных скарбаў свайго народа. Можа быць выкарыстана на пазакласных мерапрыемствах, занятках па інтарэсах, у рабоце гурткоў.

Таццяна КАВАЛЬЧУК,
настаўнік пачатковых класаў
ГУА “Вялікабераставіцкая сярэдняя школа імя С.В.Прытыцкага”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: папулярызацыя і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці вучняў.

Задачы:

– стварыць умовы для фарміравання маўленчай культуры, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў;
– садзейнічаць выхаванню ў вучняў нацыянальнай свядомасці, пачуцця патрыятызму;
– стварыць умовы для фарміравання ўменняў  працаваць у камандзе.

Абсталяванне: карткі з заданнямі, алоўкі, ТСН, відэазапісы беларускіх песень, прэзентацыя, нацыянальныя касцюмы, эмблемы каманд, граматы.

 

Ход мерапрыемства

(Слайд 1)

Вядучы: (Слайд 2)

Адчыніце дзверы, людцы,
Адусюль хай далятае:
Словы родныя куюцца…
Кросны родныя снуюцца…
Песні родныя пяюцца…
Мова,
Мова
Нас вітае.
                     Вольга Куртаніч

Вядучы: (Слайд 3)

Я вітаю вас на нашым сумесным мерапрыемстве вучняў 4-х класаў, турніры знаўцаў роднай мовы “Таямніцы роднай мовы”, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. Сёння мы прапануем вам пагартаць старонкі вуснага часопіса “Я люблю цябе, слова роднае” і выявіць лепшых знаўцаў роднай мовы.

Вядучы: (Слайд 4) Першая старонка нашага часопіса літаратурная і мае назву “Роднае слова”.

Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

Слайд 5

Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты: у кожным слове
Душа яднаецца з душой.

 

Слайд 6

І сэрца сэрцу адкрывае
Свае духоўныя сады –
Там салаўіны хор спявае,
Там смак крынічнае вады.

Слайд 7

Там рэха продкаў прамаўляе
Малітвы светлыя здалёк,
Нібыта нас благаслаўляе
На добры шлях, на лёгкі крок.

Слайд 8

У словах тых – надзеі нашы
І нашы мары пра жыццё.
Калі мы з мовай –
Нас не страшыць
Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.

Слайд 9

Пагавары са мной на мове,
Забудзь на час пра “языкі”.
Няхай гучаць у кожным слове
І продкі нашы, і вякі!

 

Вядучы: Аўтар гэтых задушэўных слоў – паэт Ігар Пракаповіч. У іх выказана бязмерная любоў да роднай мовы. Наша задача – берагчы мову, вывучаць, пашыраць сферу яе бытавання. Я спадзяюся, што вы любіце нашу мову. А каб праверыць, наколькі вы ведаеце яе таямніцы, я прапаную вам прыняць удзел у турніры знаўцаў.

Вядучы: Гуляюць тры каманды: “Васількі”, “Рамонкі” і “Лянок” (Дадатак 1). Ацэньваць іх адказы будзе журы (Дадатак 2).

Напамінаю правілы работы ў камандзе:

1. Не спрачацца .
2. Сумесна абмяркоўваць заданні.
3. Выслухоўваць меркаванні кожнага.

Першы конкурс “Размінка” (Слайд 10)

1. Назавіце словы, у якіх 100 зычных. (Стол, стог, стоп, стос.)
2. Чым канчаецца тыдзень? (Мяккім знакам.)
3. Ёсць у азёрах і рэках, а ў акіянах няма; ёсць у дрэвах і травах, а ў кветках няма? (Літары Р.)
4. Якую частку слова заўсёды знойдзеш у зямлі? (Корань.)
5. Якому славутаму друкару паставілі помнік у Нясвіжы? (Сымону Буднаму, побач з былой друкарняй.)
6. Назавіце пятае лішняе: Нёман, Вілія, Прыпяць, Свіцязь, Сож. (Свіцязь – возера.)
8. У назвах якіх беларускіх гарадоў адна галосная літара? (Клецк, Брэст, Шклоў, Слуцк, Пінск і іншыя.) (Слайд 11)

9. Які беларускі горад называецца так, як і летні месяц? (Чэрвень.) (Слайд 12)

Падвядзенне вынікаў

Вядучы: Пакуль журы падводзіць вынікі першага конкурсу, прапаную вам яшчэ раз зазірнуць на літаратурную старонку вуснага часопіса” Роднае слова”. Слайд 13

Вучні чытаюць вершы пра мову (Слайд 14).

Слайд 15

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.

Слайд 16

Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.

Слайд 17

Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.

Слайд 18

Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
                                  Уладзімір Дубоўка

Вядучы: Слова журы (Слайд 19).

Другі конкурс “Перакладчыкі”

Вядучы: Неабходна падабраць беларускія адпаведнікі да рускіх слоў і запісаць іх у табліцу. На гэта вам 5 хвілін. (Дадатак 3)

Пуговица, юбка, платье, рубашка, носки, шляпа, воротник, брюки, варежки, карман.

Адказы: гузік, спадніца, сукенка, кашуля, шкарпэткі, капялюш, штаны, рукавіцы, кішэня.

Вядучы: Пакуль каманды працуюць, гледачам прапаную пазнаёміцца з наступнай старонкай часопіса − “Даскажы славечка”. Заданне: падбярыце словы-рыфмы ў творы пра маму беларускага пісьменніка Івана Муравейкі:

Склалі песеньку мы самі,
Наша песенька пра … .
Мама гляне нам у вочы –
Адгадае, што мы … .   
А калі яна смяецца, –
Свеціць сонейка, … .
Мама песню заспявае –
Сум адразу … .
А рука ў яе такая:
Як пагладзіць − боль … .
Мама можа ўсё на свеце,
З мамай добра яе … . (Слайд 20)

Трэці конкурс “Фразеалагізмы” (Слайд 21)

Вядучы: Прапаную для членаў каманд новае заданне. Неабходна даць лексічнае значэнне фразеалагізмам – устойлівым спалучэнням слоў, якія вобразна характарызуюць з’яву, чалавечы характар:

абое рабое – аднолькавыя па сваіх якасцях;
без задніх ног – быць вельмі стомленым;
вадзіць за нос – падманваць;
вылятаць у трубу – разарыцца, застацца без грошай;
глядзець у рот – вельмі ўважліва слухаць;
заварыць кашу – пачынаць цяжкую, клапатлівую справу;
зарубіць на носе – назаўсёды запомніць;
кідаць словы на вецер – неабдумана абяцаць;
ламаць галаву – доўга думаць, разважаць над цяжкім пытаннем;
на адной назе – вельмі хутка;
хоць вока выкалі – вельмі цёмна;
навастрыць вушы – прыслухацца.

Вядучы: Пакуль каманды выконваюць заданне, прапаную гледачам адгадаць “Загадкі з вясёлай хаткі” (Слайд 22)

1. Касматы, вусаты, есці пачынае – песенькі спявае. (Кот.)
2. Ходзіць па двары, на нагах – кіпцюры, белае каменне нясе. (Курыца.)

3. Вось вам быль-небыліца: у пяці чалавек – адна паясніца. (Рука і пальцы.)
4. Пер’я наелася, у кашулю адзелася, спіць у ахвоту начная істота, ляжыць, дзе і ты, чатыры рукі і два жываты. (Падушка.)
5. На той свет бяжыць – звініць, а адтуль вяртаецца – плача. (Вядро з калодзежа.)
6. Што бяжыць, але ніхто не гоніць? (Вада.)

7. Што нас корміць, а есці не просіць? (Зямля.)
8. Каляровае карамысла цераз рэчку павісла. (Вясёлка.)
9. Не агонь, а пячэцца. (Крапіва.)
10. У кутка барада на кійку. (Венік.)
11. Хто ні ідзе, усяк яму паклоніцца. (Грыб.)
12. Прыйшла белая кабыліца, увесь свет пабудзіла. (Раніца.)
13. Па небу каціцца катушка, ні звер, ні птушка, ні пясок, ні вада, а адгадаць – бяда. (Сонца.)
14. Ішла Рася – расцяглася. Каб устала, дык і да неба дастала. (Дарога.)
15. Гаршчочак разумны, хоць і сем дзірак мае. (Галава.)
16. У печы парыцца ў вопратцы, да стала ідзе распранутаю. (Бульба.)
17. У жываце – лазня, у носе – рэшата, на галаве – пупок, адна рука, і тая на спіне. (Чайнік.)
18. Паміж гуркамі, буракамі – каза з зялёнымі рагамі. (Цыбуля.)
19. Крутаста, вяртаста, на ёй адзежы за сто, хто распранае, той пражыве лет за сто. (Капуста.)
20. Круглае, гарбатае, вакол махнатае, як прыйдзе бяда, пацячэ і вада. (Вока.)

 

Вядучы: (Слайд 23) А зараз журы праверыць правільнасць выканання задання конкурсу “Фразеалагізмы”, а нас чакае наступная старонка вуснага часопіса − музычная паўза. Запрашаем на танцы.

Флэшмоб “Родны мой горад” (Відэаролік)

Чацвёрты конкурс “Расшыфруйце прыказку”

Вядучы: Праверым, наколькі добра вы ведаеце беларускі алфавіт. Каб разгадаць зашыфраванае выказванне, трэба суаднесці лічбу і літару алфавіта. Гледачы таксама могуць паспаборнічаць у гэтым конкурсе разам з камандамі.

(Слайд 24)

21, 19, 33, 14, 21 17, 1, 25, 1, 20, 1, 12 – 18, 16, 5, 15, 1, 33 14, 16, 3, 1.

Адказ: Усяму пачатак – родная мова.

Вядучы: Журы падводзіць вынікі апошніх двух конкурсаў, а ў нас − тэатральная паўза (Дадатак 4).

Урывак з беларускай казкі С.А.Маскевіча “Разумны Заяц” (паказваюць вучні)

Вядучы: А зараз апошні конкурс турніра, які і выявіць пераможцаў нашага мерапрыемства.

Пяты конкурс “Музей народнага побыту” (Слайд 25)

Вядучы: Перад пачаткам нашага мерапрыемства вы наведалі выставу музейных экспанатаў народнага побыту. Прапаную камандам успомніць іх назвы і ўзгадаць іх па лексічным значэнні альбо па прызначэнні іх у гаспадарцы.

Прадметы: кросны, куфар, прас, збан, серп, ручнік.
Кросны – хатні ткацкі станок.
Куфар – скрыня з векам на завесах і замком, якая служыць для захоўвання
адзежы і інш.
Прас – прылада для адгладжвання бялізны і адзення.
Збан – высокая гліняная пасудзіна, выцягнутая і звужаная зверху, з ручкай.
Серп – ручная прылада ў выглядзе паўкруглага дробна назубленага нажа для жніва.
Ручнік – вузкая доўгая паласа кужэльнай альбо льняной тканіны, прызначаная для выцірання цела, посуду.

 

Вядучы: Вось і завяршаецца наша мерапрыемства. Журы засталося падвесці вынікі і вызначыць каманду пераможцаў. А мы разам заспяваем беларускую народную песню “Купалінка”. (Відэаролік)

Вядучы: Слова журы. (Слайд 26)

Вядучы: Прыйшоў час развітвацца. Закончыць хацелася знаёмымі вам словамі з апавядання А.Вольскага “Роднае слова”: “Кожны народ сваю мову мае. Кожнаму народу яна родная. I не шанаваць, не любіць яе – тое самае, што выракацца маці і бацькі, той зямлі, дзе мы нарадзіліся, якую родным краем завём. Адно магу вам параіць: шануйце мову родную і суседскую паважайце…”

Вялікі дзякуй! Вельмі прыемна было сёння з вамі сустрэцца. Жадаю ўсім вялікіх поспехаў у пазнанні таямніц роднай мовы.

 

 

Дадатак 1

Эмблемы каманд

 

 

Дадатак 2

 

Турнір знаўцаў роднай мовы “Таямніцы роднай мовы”

Назва конкурсу

Каманда “Васількі”

Каманда “Рамонкі”

Каманда
“Лянок”

1 “Размінка”
1 бал за кожны правільны адказ

 

 

 

2 “Перакладчыкі”
1 бал за кожны правільны адказ

 

 

 

Вынік

 

 

 

3 “Фразеалагізмы”
1 бал за кожны правільны адказ

 

 

 

Вынік

 

 

 

4 “Расшыфруй прыказку”
4 балы

 

 

 

Вынік

 

 

 

5 “Музей народнага побыту”
1 бал за кожны правільны адказ

 

 

 

Вынік

 

 

 

 

Дадатак 3

“Перакладчыкі”

Пуговица

 

Юбка

 

Платье

 

Рубашка

 

Носки

 

Шляпа

 

Воротник

 

Брюки

 

Варежки

 

Карман

 

 

Дадатак 4

Казка “Разумны Заяц”

Казачніца.

Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Выйшаў Зайчык пагуляць
Грызануў галінку – смачна
I Ваўка нідзе не бачна.

Воўк.

Пра мяне, кума, гавораць,
Што драпежнік я і звер.
Нагаворы і паклёпы –
Ты, Лісіца, мне павер.

Ліса.

I мяне заўсёды лаюць,
Кажуць: “З’ела ўсіх курэй”, –
Без прычыны папракаюць,
Пашкадуй мяне хутчэй.

Казачніца.

I Таптыгін касалапы
Падышоў, загаварыў.

Мядзведзь.

Ой, баляць ад лета лапы –
Пакусалі пчолы іх.
Я ж ніколі ім не шкодзіў
I ні разу не чапаў,
Толькі мёд адзін разочак
Я ў пчолак адабраў.
I за што такое гора?
I нашто было кусаць?
Запрасілі ж Мішку ў госці –
Чаю з мёдам паспытаць.

Казачніца.

Так вялі яны гаворку,
Так уцерліся ў давер,
Як раптоўна на пагорку
Паказаўся цуда-звер.

Заяц.

Белы, як папера,
Прыгажун – ні даць, ні ўзяць.
Прыгажэй на свеце звера
Немагчыма адшукаць.

Воўк.

Смачны будзе ў нас сняданак.

Казачніца.

Прашаптаў сяброўцы Воўк.

Воўк.

Еў зайцоў бы кожны ранак,
Ведаю ў зайцах толк.

Заяц.

Пачакайце, не спяшайцеся,
Чорны думкі кіньце.
Лепш паслухайце мяне,
Мазгамі раскіньце.
Пакажыце-ка свой розум
I мяне пацешце.
Лепш загадкі адгадайце,
А тады ўжо ешце.

Ліса.

Бач, які вучоны Заяц!
Як тут не згадзіцца?
Хай пацешыць усіх нас
I сам павесяліцца.
Ну, давай свае стварэнне.
Дзе б тут нам прысесці?
Бо ўжо поўдзень на двары,
I хачу я есці.

Заяц.

Самая прыгожая,
Самая разумная,
Заўсёды вясёлая,
Не бывае сумная.

Ліса.

Бачу твой вялікі розум
I тваю вучонасць,
Праз цябе я атрымаю
Добрую вядомасць.

Воўк.

А што скажаш пра мяне,
Пра ляснога брата?
Толькі добрае, бо дрэннага
Сказана багата.

Заяц.

У цябе высокі рост,
Шэры і пушысты хвост,
Сябраваць з усімі рад.
Добры воўк – наш шэры брат.

Воўк.

Ад такіх цудоўных слоў
Захацелася сесці.
Я такіх зайцоў разумных
Не жадаю есці!

Мядзведзь.

Ну, і мне скажы што-небудзь.
Дзе гуляць і што мне снедаць.
Хоць у школу не хаджу,
А хачу шмат ведаць.

Заяц.

Міша, ты вялікі, дужы,
Толькі пчолак не чапай.
Ты ў іх, мой слаўны дружа,
Мёд з калод не адбірай.
Пакаштуй лепш чай з малінай,
Бо жывуць там вітаміны.

Мядзведзь.

Добра, крыўдзіць пчол не буду
I параду не забуду.
Буду чай з варэннем піць
I цябе, Заяц, хваліць.

Па чарзе.

Не трэба баяцца,
Не трэба хавацца,
Сядзець пад кустом і дрыжаць.
У лесе адзіным, у лесе цудоўным…

Разам.

Мы будзем заўжды сябраваць!
                                    С.А.Маскевіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий