Друкаванае слова ў Любчы. Сцэнарый мерапрыемства для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 12:33ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый мерапрыемства для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў).

 

Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад” Навагрудскага раёну,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні дзяцей пра гісторыю і славутасці роднага пасёлка, пашыраць уяўленні дзяцей пра гістарычнае мінулае малой радзімы (cтаражытная друкарня);
– развіваць уменне выразна выконваць музычныя і паэтычныя творы; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, пачуццё гонару за сваю мову, павагу да прафесіі друкара.

Матэрыял і абсталяванне: камп’ютар, праектар, беларускія нацыянальныя касцюмы, выстава беларускамоўных кніг, макет кнігі, набор “Маленькі друкар” (штампы, чарніла, папера, фартухі, нарукаўнікі), фотаздымкі пасёлка Любчы.

Дзеючыя асобы: Вядучы, Пётр Кміта, Друкар – дарослыя.

 

Ход мерапрыемства

У музычнай зале па цэнтры размешчаны макет кнігі, па левы бок арганізавана выстава беларускамоўных кніг, па правы бок – на стале знаходзяцца: набор “Маленькі друкар” і фотаздымкі для афармлення “Любчанскай кніжыцы”. Гучыць музыка сярэднявечча (трубадур). Вядучы ў беларускім нацыянальным касцюме сустракае гасцей (дзяцей). Дзеці ўваходзяць у залу.

Вядучы. Прывітанне, дзеці! Сёння мы з вамі адправімся ў незвычайнае падарожжа. Адгадайце, калі ласка, загадку: белае поле, чорнае насенне, хто яго сее, той разумее (кніга). Так, правільна, і наша сустрэча будзе прысвечана кнізе.

Я ведаю, што ўсе вы любіце слухаць казкі, разглядаць цікавыя малюнкі ў кнігах. Вось яны – нашы сучасныя, прыгожыя кнігі. Можна выбраць на любы густ. А ці так было заўсёды? Спачатку кніга была рукапісная. Вось так выглядалі яе лісточкі (паказвае лісточак). А друкаваная кніга з’явілася значна пазней.

А гэта партрэт чалавека (паказвае партрэт Ф.Скарыны), які даў нашаму народу першую друкаваную кнігу. Па яго прыкладзе друкарні адкрываліся ў гарадах і мястэчках Беларусі. Была такая друкарня і ў Любчы. (На сцэне з’яўляецца Пётр Кміта.)

П.Кміта. Спачатку было слова. І слова было запісана. І ўвасобілася слова ў кнізе. Я, Пётр Бластус Кміта. Па запрашэнні вялікага князя Крыштафа Радзівіла прыехаў у мястэчка Любча справу друкарскую развіваць.

Нібы з Іерасуліма, з любай Вільні
У мястэчка Любча я вязу друкарню.
Па дарозе гразкай, па дарозе пыльнай
Я вязу і знаю, што вязу не марна.

Вядучы (адказвае Кміце).

Бо патрэбны кнігі, як святло ў святліцы,
Кожнаму, хто ў Княстве хоча жыць, як трэба.
Дома жыць, дзе Богу верыць і маліцца,
Каб быў хлеб заўсёды і было да хлеба.
І, нібы анёлак, што табе спрыяе,
Белы бусел следам над табою кружыць.
Там, дзе ты праедзеш, салавей спявае,
І цвітуць рамонкі, і не вянуць ружы.

П.Кміта.

І мая друкарня ў Любчы доўга будзе,
Нібы зніч, што праз гады й стагоддзі свеціць,
Асвятляць Айчыну ўсім тутэйшым людзям.

Вось так я, друкар з Вільні Пётр Бластус Кміта, прыехаў у Любчу і заснаваў тут друкарню.

Дзеці спяваюць гімн Любчы, напісаны іх землякамі.

Гімн Любчы

(муз.М.І.Фефелава, сл. М.М.Карповіча)

Гісторыя Любчы багата і слаўна.
Мары і справы далёка гучаць.
Пра Любчу і Нёман, Налібоцкую пушчу
Цудоўныя песні складае народ…
 
Як цябе не любіць, дарагая мая,  
І прыгожая ўся, і квяцістая,
Мая белая, белая, белая Русь,
І Любча мая залацістая…
 
Любімы пасёлак нядрэнна назвалі
Трапным словам сваім нашы продкі даўно.
Пра Любчу і Нёман, Налібоцкую пушчу
Цудоўныя песні і справы гучаць.
 
Як цябе не любіць, дарагая мая,  
І прыгожая ўся, і квяцістая,
Мая белая, белая, белая Русь,
І Любча мая залацістая…
 
А дзяўчаты вясной над ракой заспяваюць,
Лёгка стане на сэрцы ад песень такіх.
Пра Любчу і Нёман, Налібоцкую пушчу
Цудоўныя песні складае народ…
 
Як цябе не любіць, дарагая мая,  
І прыгожая ўся, і квяцістая,
Мая белая, белая, белая Русь,
І Любча мая залацістая…

Вядучы. А вы, дзеці, хацелі б пабываць у сапраўднай друкарні?

Дзеці. Так, хацелі б.

Вядучы. Тады запрашаю вас у “Любчанскую друкарню”

 

Практычная дзейнасць “Малыя друкары”

Друкар разам з дзецьмі “друкуюць” слова “Любча” пры дапамозе самаробных штампаў.

Вядучы. Ці спадабалася вам друкаваць літары? Можа, калі-небудзь і хтосьці з вас стане таксама друкаром.

Дзякуй табе, Пётр Кміта, за цікавую навуку. Нашы дзеці любяць слухаць казкі, і, я ўпэўнена, у хуткім часе самі навучацца чытаць. А пакуль што яны падрыхтавалі вершы пра мову і кнігу.

1-е дзіця.

Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу – мову.
Бо яна – жыцця зачын
І пачатак песні новай.

2-е дзіця.

Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы,
І я – падданы беларускіх слоў,  
Тых, да якіх Радзіма прычасціла.

3-е дзіця.

Яна мяне люляла і лячыла,
Збірала зёлкі, травы і кару,
Яна мяне з маленства навучыла
Так гаварыць, як сёння гавару…

4-е дзіця.

Кніга – з крыламі… Бы птушка,
Што ў вышыні кліча нас;
Кніга – нібы папялушка,
Што вядзе нас на Парнас…

5-е дзіця.

Вучыць – нібыта выкладчык,
Настаўляе – як настаўніца,
Кніга – лепшы наш дарадчык,
З кім не грэх парадзіцца.

6-е дзіця.

Кніга – консул і разведчык,  
Воін, змагар і баец…
Кніга – пакліча і адгукнецца:
Попелам стане – рэхам пральецца,
Але з табой, чалавек, застанецца,
Бо яна спраў тваіх годных вянец!..

Вядучы. Давайце мы з вамі таксама зробім сваю кніжыцу пра наш пасёлак Любча і дапоўнім яе знакамітымі мясцінамі нашага мястэчка (замак Радзівілаў, царква Святога Ільі, каталіцкі касцёл, сінагога, рака Нёман, Налібоцкая пушча).

Калектыўная работа “Любчанская падарожная кніжыца

Вядучы. Менавіта пры дапамозе гэтай кніжыцы кожны падарожны зможа даведацца пра гістарычнае мінулае, хараство нашых мясцін і данесці гэта да іншых. Вось так і жыве друкарская справа і сёння на Беларусі. Жыве і памяць пра “Любчанскую друкарню” і яе друкароў. А вы даведаліся больш пра гістарычнае мінулае сваёй малой радзімы і паспрабавалі свае сілы ў стварэнні кніжкі пра родны пасёлак.

Любіце і вывучайце свой родны край, бо ім можна ганарыцца.          

Гучыць беларуская музыка (цымбалы). Дзеці пакідаюць музычную залу.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий