Экскурс “Пазнай Радзіму” для вучняў 9–11-х класаў

- 16:10Воспитательная работа, Сценарии

Патрыятычнае выхаванне немагчымае без вывучэння гісторыі краіны і сваёй малой радзімы. На мерапрыемстве працягваецца работа па выхаванні любові да Радзімы, фарміраванні патрэбнасці ў новых ведах пра Радзіму, гісторыю. Праца на платформе Joyteka (квест-гульня, тэст) абагульняе і ўдакладняе веды вучняў пра гісторыю краіны, а пошукавая работа навучэнцаў дае магчымасць глыбей пазнаць малую радзіму.

Вольга ЛУКАШЭВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
ДУА “Нацкая сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: паказаць значэнне Радзімы ў жыцці кожнага чалавека.

Задачы:

– фарміраваць пачуццё патрыятызму, любові да роднай зямлі;
– садзейнічаць развіццю пазнавальных інтарэсаў да гісторыі роднага краю, усёй краіны;
– развіваць творчыя здольнасці, уменне звязна выкладаць матэрыял;
– прывіваць навыкі пошукавай даследчай працы.

Абсталяванне: фотаздымкі, тэлефоны, на дошцы ліст з эпіграфам, выразкі для стварэння калажу.

Эпіграф:

Мой край
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся.
У час трывогі і бяды
З табою мы адзіныя,
З любоўю шчыраю заўжды
Заву цябе Радзімаю.
                Валерыя Бароўская

 

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Колькі сэнсу ў адным слове – Радзіма… Колькі пачуццяў выклікана ўсяго адной краінай – Беларусь. Мы ўспамінаем усю яе непаўторную прыгажосць, думаем пра сваю вялікую, цудоўную краіну і ганарымся. У кожнага з нас краіна, дзе мы нарадзіліся, выклікае самыя цёплыя і светлыя пачуцці.

Гэтымі словамі хочацца пачаць наша падарожжа па маленькай частачцы вялікага Сусвету. Гэта падарожжа так і называецца – “Пазнай Беларусь”.

Вы скажаце: “А чаго мы тут не ведаем?” Так. З аднаго боку я з вамі згодна. Напэўна, кожны з вас быў і ў Мінску, у абласных цэнтрах, і, магчыма, не адзін раз. Усе ўсё бачылі сваімі вачыма. “Што яшчэ не бачылі, то ўспеем пабачыць, усё яшчэ наперадзе,” – будзеце сцвярджаць вы. Так, з гэтым я таксама згодна. Але ж ці ведаем мы гісторыю сваёй краіны?

Вы запытаецеся: “А навошта нам ведаць гісторыю? Хіба хто ад гэтага зменіцца ў нашай сучаснасці?” А я адкажу: “Сучаснасць – гэта вынік мінулага. Вы ж усе ведаеце пра сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, прабабуль, прадзядуль і г.д. А калі не ведаеце, то абавязкова стараецеся даведацца, пазнаць свой радавод. Так і з гісторыяй: абавязкова патрэбна ведаць мінулае сваёй краіны.”

Што для вас Радзіма? Працягніце, калі ласка, выраз: “Для мяне Радзіма – гэта…” (Выказванні навучэнцаў)

Каб пазнаць Радзіму, неабходна дасканала ведаць яе гісторыю. Дык давайце разам успомнім гісторыю.

Некалі тут здаралася гісторыя нашай краіны! Гэта беларускія замкі. Іх было больш за сотню, а засталося толькі два дзясяткі, прычым значная частка – у выглядзе развалін.

 

Квест-гульня “Замкі Беларусі”   

https://joyteka.com/100343858 (Дадатак 1)

Настаўнік. Як вы лічыце, чаму ўспамін гісторыі мы пачалі з замкаў?

Замкі Беларусі – абарончыя збудаванні, узведзеныя на тэрыторыі Беларусі ў XIII–XVII стагоддзях. Яны былі сведкамі шматлікіх войнаў, якія вяліся на нашай тэрыторыі. Пад іх сценамі гінулі людзі, але не здаваліся. Большасць замкаў да нашых дзён не захавалася. Гэта мы ўспомнілі толькі крупінку нашай гісторыі.

Успаміны аб вайне вучаць кожнага чалавека быць мужным, моцным, цаніць тое, што у нас ёсць. Памяць аб пражытай вайне – гэта памяць аб гісторыі краіны, памяць аб нашых продках.

Грымяць гарматы ўдзень і ўночы,
Зямля палошчацца ў агні,
Крывавы жах па свеце крочыць,
Паўстаўшы з чорнай глыбіні.

                                      Якуб Колас

Так Якуб Колас маляваў вайну. Вычарпальныя радкі. Дабавіць больш няма чаго. Вайна пакінула свой жахлівы след у сэрцах людзей, нават тых, хто нарадзіўся праз шмат гадоў пасля яе. А што вы ведаеце пра Вялікую Айчынную вайну?

 

Тэст “Вялікая Айчынная вайна”

https://joyteka.com/100343892 (Дадатак 2)

 

Настаўнік. Вось і завяршылася наша падарожжа ў мінулае. Прааналізаваўшы свае адказы вы можаце зрабіць вынік, наколькі добра ведаеце гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. Можа камусьці мы можам пазайздросціць у ведах, а камусьці нялішне было б часцей браць у рукі падручнік.

Ці цікава было дабываць веды? Ёсць яшчэ над чым працаваць?

Зараз вернемся ў сучаснасць і працягнем наша падарожжа.

Даём слова нашым экскурсаводам (называюцца імёны навучэнцаў, на экране дэманструюцца фотаздымкі).

1-ы экскурсавод. Мы ганарымся нашай Радзімай: яе гісторыяй, яе прыродай, яе мужнымі, працавітымі і таленавітымі людзьмі. Але ў кожнага з нас ёсць свая малая радзіма – той куток зямлі, дзе мы нарадзіліся, дзе прайшло наша дзяцінства, дзе жывуць нашы бацькі і сябры, дзе знаходзіцца наш родны дом. Для кагосьці малая радзіма – гарадская вуліца і ўтульны зялёны дворык з арэлямі, пясочніцай і горкай, для іншых – невялікі пасёлак або вёсачка. Словам, малая радзіма ў кожнага свая!

2-і экскурсавод.

Для Беларусі наша вёска – часціца,
А для нас яна – бацькоўскі дом.
І мы рады, што можам ганарыцца
Малой радзімай, дзе мы жывем.

Як вы ўжо здагадаліся, мы хочам расказаць пра сваю малую радзіму.

Нацкая зямля… Яна мае сваю гісторыю, сваю славу, сваю сучаснасць і будучыню. Мы жывём тут, але ж ці добра ведаем мы яе?! Мы хочам вас акунуць у наша жыццё праз невялікую завочную экскурсію.

1-ы экскурсавод. Наша вёска знаходзіцца ля самай мяжы з Літоўскай Рэспублікай. Вёска невялікая (усяго 167 двароў, тут пражываюць 453 чалавекі), але яна багатая на гістарычнае мінулае, важныя падзеі, вядомых людзей і помнікі. Гуляючы па яе вуліцах, як бы вяртаешся ў мінулае.

 

Гонарам і візітоўкай вёскі з’яўляецца цагляны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў пабудаваны сіламі жыхароў усіх бліжэйшых вёсак. Цікава, што пры яго будаўніцтве ў цэглу дабаўлялі яйкі, каб ён мацней трымаўся. А падчас будаўніцтва гэтага касцёла стварылася не адна сям’я.

2-і экскурсавод. А колькімі слаўнымі імёнамі ганарыцца зямля нацкая! Тэадор Нарбут (яго магіла знаходзіцца ў Начы за касцёлам), радавыя пахаванні Шукевічаў (вядомы археолаг).

 

У капліцы-пахавальні В.А.Шукевіча знаходзіцца 11 трун, сярод якіх і сам Вандалін Шукевіч. З Начай звязаны імёны жывапісца Міхаіла Андрыёлі, класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, музыканта і мастака Напалеона Орды. Яны пакінулі нам нязгаснае святло розуму і таленту.

1-ы экскурсавод. Таксама ў нас у Начы можна ўбачыць званіцу 1832 года, помнік паўстанцам1863–1864 гадоў, пахаванне воінаў Арміі Краёвай, была і карчма, але, на жаль, некалькі гадоў таму яна згарэла.

А ў цэнтры Начы заўсёды пануе весялосць і гоман, таму што тут знаходзіцца наша любімая школа. У будынку школы размяшчаецца гісторыка-краязнаўчы музей імя Тэадора Нарбута, які быў адкрыты 17 лютага 2006 года дзякуючы працы краязнаўцы і былога настаўніка гісторыі Уладзіміра Руля.

 

У музеі мы можам пазнаёміцца з гісторыяй школы, нашымі вядомымі землякамі, убачыць беларускія нацыянальныя строі, старажытныя прадметы побыту, якімі карысталіся нашы продкі і шмат іншага.

2-і экскурсавод. У любую пару года нацкая зямля зачароўвае нас сваёй непаўторнай прыгажосцю. Увесну, нібы нявеста, упрыгожваецца кветкамі. Куды ні паглядзіш, усюды белая кіпень садоў. І сіняя стужка рэк у гэты час ёй асабліва да твару. Улетку – апранаецца ў зелень, кліча, вабіць пад цяністыя кроны дубоў, на маляўнічыя берагі рэк. Увосень – шуміць барвянай завеяй, звініць чаканым золатам лістоты. А зімой – раптам пабялее ад марозу, заіскрыцца інеем.

1-ы экскурсавод. Пра Радзіму можна казаць шмат цудоўных слоў, але я хачу завяршыць гэтую экскурсію такімі словамі:

О родине – негромко говорю:
Ведь о большой любви кричать не надо.
Она – моя отрада и награда,
Скажу о ней – молитву сотворю.

2-і экскурсавод. Вось такая шчырая малітва ў нас атрымалася. Мы спадзяваемся, што гэтую малітву вы пранясеце праз усё жыццё. Мы будзем заўсёды памятаць нашу ласкавую малую радзіму!

 

Рэфлексія. Стварэнне калажу “Мой родны край”

Настаўнік. Паглядзіце на калажы, якія вы стварылі. Чаму, паглядзеўшы на калаж, у родны край вы хацелі б наведацца і чаму? (Свеціць сонейка, растуць кветкі, звініць ручаек, цішыня, пакой і г.д.)

На гэтым наша вандроўка завяршаецца. Да новых сустрэч у мінулым!

 

 

Дадатак 1

Квест-гульня “Замкі Беларусі”

Пазнайце замкі па падзеях, якія ў іх адбываліся.

1. Будаўніцтва замка, якому наканавана было стаць адной з галоўных славутасцей заўчаснай Беларусі, пачаў Юрый Ільініч у 20-х гадах XVIстагоддзя. Будынак служыў рэзідэнцыяй магутнай сям’і. Аднак род загас і недабудаваны замак перайшоў да Радзівілаў.

Падчас другой сусветнай вайны тут спачатку знаходзілася вытворчая арцель, потым лагер для ваеннапалонных і яўрэйскае гета. Ужо ў эпоху сучаснай Беларусі замак быў занесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, перажыў маштабную рэканструкцыю і абзавёўся адпаведнай турыстычнай інфраструктурай. Гэты замак намаляваны на банкноце ў 50 рублёў. Ён называецца…

          Белавежскі                             Нясвіжскі
          Мірскі                                     Гэта зусім не беларускі замак


2. Апошні сейм Рэчы Паспалітай, вядомы таксама, як «маўклівы сейм» прайшоў менавіта ў гэтым замку. Пасля яго адбыўся 2-і раздзел Рэчы Паспалітай. Назавіце замак.

          Пішчалаўскі замак                 Стары замак у Гродне      
          Новы замак у Гродне             Нясвіжскі замак


3. Самы вядомы банкет у гісторыі Беларусі адбыўся менавіта ў гэтым замку. Ён працягваўся два месяцы! Так адзначалі вяселле караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. У якім замку гулялі?

          У Лідскім                                 У Навагрудскім
          У Мірскім                                У Полацкім


4. Першую унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай падпісалі ў 1385 годзе. Сярод умоў быў пераход кіраўніка ВКЛ Ягайлы ў каталіцызм і яго жаніцьба на польскай каралеве Ядзвізе, а таксама абяцанне далучыць да Польшчы падуладныя яму землі. У якім замку гэта адбылося?

          Брэсцкім                                   Люблінскім        
          Нясвіжскім                               Крэўскім


5. “Беларускім Версалем” называюць касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар і гэты вядомы замак, пабудаваны па даручэнні Льва Сапегі. Назавіце гэты замак.

          Ружанскі                                   Гродзенскі Новы
          Нясвіжскі                                   Гальшанскі

 

 

Дадатак 2

Тэст “Вялікая Айчынная вайна”

1. Колькі ў Беларусі гарадоў герояў?
          1                няма наогул               2            3

2. Як называўся план немцаў па вокамгненным захопе СССР?
          «Барбароса»          «Баграціён»           «Ост»             «Захоп»

3. Хто пры штурме Берліна выратаваў нямецкую дзяўчынку, але сам быў смяротна паранены?
          Ю.Смірноў            П.Купрыянаў       М.Масалаў         А.Бурдзейны

4. Пасля ампутацыі абедзьвюх ног асвоіў пратэзы і вярнуўся ў строй. Удзельнічаў у баях на Курскай дузе. Яго подзвігу прысвечана кніга Б.Палявога «Аповесць аб сапраўдным чалавеку».
          С.Куцепаў        А.Марэсьеў          У.Казлоў            П.Калінін

5. У ліпені 1941 года савецкі лётчык накіраваў свой падбіты самалёт на групу нямецкіх танкаў і аўтамашын. Назавіце яго імя .
          М.Казей           А.Матросаў              А.Марэсьеў        М.Гастэла

6. У трагічныя дні лета з’явіўся загад наркама абароны № 227, які сярод салдат атрымаў назву…
          «За Радзіму!»      «Не адыходзіць!»      
          «Толькі наперад!»   «Ні кроку назад!»

7. З іспанскай мовы гэтае слова перакладаецца як «чэрап». Гэтая рэч выратавала жыццё шматлікіх салдат у ваенныя гады. Што гэта за рэч?
          процівагаз         шапка-вушанка        каска            рэчмяшок

8. Героямі на вайне станавіліся не толькі людзі, але і гарады, і нават адзін абарончы аб’ект. Як называўся гэты аб’ект?
          Гродзенская крэпасць              Брэсцкая крэпасць
          Бабруйская крэпасць                Лінія Сталіна

9. Калі быў вызвалены Мінск?
          03.06.1944        03.07.1944        08.05.1944         08.05.1945

10. Які колер у Перамогі?
          белы      чырвоны       зялёны      чорны

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий