Педагог прапануе аўтарскія гульні і творчыя заданні для развіцця іншамоўнага маўлення з элементамі ТРВЗ.
Алена ПІЛЕЦКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
ДУА “Тухавіцкая сярэдняя школа”
Ляхавіцкага раёна,
Брэсцкая вобласць
З тэорыяй рашэння вынаходніцкіх задач (ТРВЗ) я ўпершыню пазнаёмілася яшчэ студэнткай педкаледжа амаль 20 гадоў таму, калі працавала над курсавым праектам “Нестандартныя методыкі навучання дзяцей дашкольнага ўзросту”. Першапачаткова ТРВЗ, распрацаваная ў 1946 годзе, не была педагагічнай методыкай, а прызначалася для навукоўцаў-вынаходнікаў і з’яўлялася наборам алгарытмаў для ўдасканалення творчага працэсу.
Галоўная ідэя тэорыі – тэхнічныя рашэнні ўзнікаюць і развіваюцца не стыхійна, а па пэўных законах, якія можна пазнаць і выкарыстоўваць для свядомага рашэння вынаходніцкіх задач без мноства пустых спроб. Шматгадовы вопыт паказаў, што ТРВЗ можна паспяхова прымяняць таксама для развіцця дзіцячай творчасці і маўлення дашкольнікаў. Нездарма дэвіз педагогаў, якія працуюць па ТРВЗ, гучыць: “Можна гаварыць усё!”
Абапіраючыся на метадычныя напрацоўкі, я вырашыла падабраць і апрабаваць метады і прыёмы ТРВЗ, найбольш эфектыўныя пры навучанні англамоўнаму гаварэнню. Сярод іх – метад мазгавога штурму (праблема вырашаецца за кошт актывізацыі творчага патэнцыялу групы дзяцей, якія, з’яўляючыся ўдзельнікамі дыскусіі, прапануюць і прагаворваюць максімальную колькасць варыянтаў яе рашэння), сінектыка (параўнанне і знаходжанне падабенства ў прадметах і з’явах), марфалагічны аналіз (выяўленне ўсіх магчымых спосабаў рашэння пастаўленай задачы), метад факальных аб’ектаў (усталяванне асацыятыўных сувязей з рознымі аб’ектамі) і метад Поліганны.
Метад мазгавога штурму лепш падыходзіць для вучняў, у якіх ужо сфарміраваны добры лексічны запас і якія ўжо авалодалі граматычнымі навыкамі гаварэння. Так, у 7-м класе пры вывучэнні тэмы “Знешнасць” можна правесці мазгавы штурм на тэму “Што такое прыгажосць?”, пры вывучэнні тэмы “Спорт” – “Што рабіць, каб быць здаровым?”, а ў 9-м класе пры вывучэнні тэмы “Надвор’е і клімат” – “Ці варта верыць прагнозам надвор’я?”.
Да сінектыкі можна звяртацца ў любым узросце пры вывучэнні лексікі, параўноўваючы прадметы па форме, колеры, якасці і прымяненні (тэма “Ступені параўнання прыметнікаў”). Акрамя маўлення, у дзяцей падчас такіх практыкаванняў развіваецца і творчае ўяўленне.
Адштурхоўваючыся ад сінектыкі, прыйшла да высновы, што пры вывучэнні замежнай мовы можна выкарыстоўваць псіхатэхнічныя гульні, якія дапамагаюць правільна афармляць маўленчыя выказванні. Перавага такіх гульняў – у стварэнні ўнутранай нагляднасці, неабходнай для ўяўлення пэўнай сітуацыі, а таксама ў інтэнсіўнай трэніроўцы па ўжыванні лексіка-граматычнага матэрыялу. Даволі эфектыўныя гульні “Лес”, “Жывёлы”, “Рэжысёры і акцёры”, “Кругавая кінастужка” і інш.
Метад марфалагічнага аналізу грунтуецца на падборы магчымых рашэнняў для пэўнай праблемы. Напрыклад, ствараецца праблемная сітуацыя гаварэння для вучняў: “Сёння ідзе дождж. Чым можна заняцца?” Прымаюцца ўсе варыянты адказаў (рэальныя і прыдуманыя), а затым з іх выбіраюцца тыя, што лепш падыходзяць да тэмы ўрока ці пэўнай сітуацыі.
Гэты метад падыходзіць як для пачатковых, так і для старшых класаў. Ён добры тым, што ў ім няма загадзя правільных ці няправільных адказаў (прымаюцца ўсе), таму дзеці займаюцца з задавальненнем, без страху памыліцца ці выказаць памылковую думку. Пошук варыянтаў рашэння задачы абуджае азарт, а гонар за самастойна знойдзены адказ – лепшая матывацыя. Паколькі няма адзіна правільнага адказу, то гэта выключае неабходнасць ацэнкі. Такі метад зручна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках, дзе не выстаўляюцца адзнакі.
Метад факальных аб’ектаў дазваляе паглядзець на звыклую сітуацыю праз прызму характарыстык іншых прадметаў. Гэта выдатная магчымасць пашырыць рамкі свядомасці, навучыцца мысліць крэатыўна, вырашаць праблемы нестандартнымі, але эфектыўнымі спосабамі. Так, называю любы прадмет, напрыклад, веласіпед, і прапаную яго ўдасканаліць. Для гэтага трэба назваць яшчэ тры выпадковыя прадметы ці аб’екты (лета, кавун, акуляры). Затым вылучаем уласцівасці кожнага з іх (лета – сонечнае, спякотнае, для адпачынку; кавун – круглы, сакавіты, салодкі; акуляры – модныя, абараняюць ад сонечнага святла, паляпшаюць зрок) і разважаем, што з гэтага сумяшчальнае з веласіпедам ці як яны могуць удасканаліць веласіпед: “Мы можам катацца на веласіпедзе толькі ў сонечнае надвор’е, а ў дажджлівае – не”, “Катацца на веласіпедзе можна спякотным летам і нельга халоднай зімой” і г.д.
Метад Поліганны атрымаў назву ад імя дзяўчынкі, гераіні кнігі амерыканскай пісьменніцы Элінор Портэр. Дзяўчынка вучыла іншых людзей гульні “ў радасць” – знаходзіць нагоду для аптымізму ў кожнай падзеі. Так і метад вучыць знаходзіць ва ўсім плюсы і мінусы. Напрыклад: “Зранку ідзе дождж. Доўгачаканая прагулка адкладваецца. Гэта сумна, але ёсць і плюсы: можна застацца дома, паклікаць сяброў і зладзіць настольныя гульні!”
У гэтым метадзе, як і ў метадзе марфалагічнага аналізу, няма правільных ці няправільных адказаў, каштоўны кожны адказ, можна гаварыць усё, што заўгодна і наколькі дазваляе маўленчы запас. Акрамя таго, штодзённая гульня ў “добра – дрэнна” можа стаць выдатнай трэніроўкай у развіцці стрэсаўстойлівасці і пазітыўнага погляду на свет.
Прапаную азнаёміцца з аўтарскімі гульнямі і творчымі заданнямі для развіцця іншамоўнага маўлення з элементамі ТРВЗ.
Гульня “Ланцужок”
Мэта: фарміраваць уменне вылучаць і называць прыметы аб’ектаў.
Вядучы паказвае вучню карцінку з выявай аб’екта, а той называе яго. Затым карцінка перадаецца іншаму дзіцяці, якое павінна назваць адну з прымет аб’екта і перадаць карцінку наступнаму. Трэба назваць як мага больш прымет і не паўтарыцца.
Гульня падыходзіць для малодшых школьнікаў. Для старшакласнікаў заданне можна ўскладніць: замест аб’екта ўзяць пэўную сітуацыю і знайсці ў ёй пазітыўныя моманты.
Гульня “Пра каго? Пра што?”
Мэта: вучыць аналізу зместу ўбачанага/пачутага і фарміраваць уменне ўсталёўваць прычынна-выніковыя сувязі.
Гульня можа праводзіцца двума спосабамі.
Першы: вучням прэзентуецца аб’ект у выглядзе малюнка, тэксту для чытання ці аўдыятэксту. Ім трэба адказаць на чатыры пытанні: “Пра які аб’ект ідзе размова?”, “Якой прыметай надзелены аб’ект?”, “Якія дзеянні ён здзяйсняў?”, “Як можна ўдасканаліць гэты аб’ект?”
Другі спосаб: вучням прапануюцца гатовыя адказы на пытанні, трэба здагадацца, што за аб’ект, ці прапанаваць як мага больш варыянтаў.
Гульня “Прыдумай далей”
Мэта: фарміраваць уменне падбіраць апісанне да зададзенага слова.
Настаўнік дае адзін радок тэксту, а дзеці прыдумваюць далей. Заданне можна ўскладніць, раздаўшы вучням прадметныя карцінкі, па якіх трэба скласці апісанне аб’екта.
Гульня з падзорнай трубой
Мэта: фарміраваць уменне вылучаць аб’екты на карціне і называць іх на замежнай мове на аснове адэкватнага лексіка-граматычнага афармлення маўленчага выказвання.
Дзецям прапануюцца карціна для разгляду і аркуш для імітацыі падзорнай трубы. Задача – пералічыць як мага больш аб’ектаў на карціне.
Гульня “Жывая карцінка”
Мэта: фарміраваць уменне арыентавацца ў прасторы, адказваць разгорнутымі сказамі на пытанні пра месцазнаходжанне аб’екта.
Педагог прапануе дзецям пераўвасобіцца ў канкрэтныя аб’екты на карціне і скласці звязны аповед пра сваё месцазнаходжанне.
Гульня “Што было? Што ёсць? Што будзе?”
Мэта: актывізаваць здольнасці дзяцей уяўляць мінулае, сённяшняе і будучае аб’екта, складаць звязны аповед пра гэта.
Вядучы выбірае аб’ект і прапануе гульцам “пракаціцца на машыне часу”, пасля чаго расказаць пра тое, што было з імі ў мінулым, што адбываецца зараз і што, верагодна, будзе ў будучыні.
Гульня-рэлаксацыя “Лес”
Мэта: фарміраваць лексічны навык на матэрыяле тэматычнай групы слоў.
Вучні заплюшчваюць вочы і, слухаючы тэкст, каменціруюць па-англійску ўсё, што з імі адбываецца.
Напрыклад: Imagine that you are trees in a forest… What are you? If you are a tree, then your hands are branches. Hold them up. What are they? Your feet are roots. What are your roots? Imagine that you are grass. What kind of grass are you? You reach for the sun. What kind of sun warms you? The wind stirs you. What kind of wind is that?
Калі вучням цяжка адказваць на пытанні, можна спрасціць заданне: спачатку правесці псіхатэхніку без каментарыяў, а затым прапанаваць расказаць з дапамогай апорных слоў, што дзеці бачылі ў сваім уяўленні.