Матэрыялы ў дапамогу настаўніку гісторыі да ўрока абагульнення ў 7-м класе па тэме “Беларускія землі ў першай палове XVI стагоддзя” з выкарыстаннем квест-тэхналогіі.
Вольга ГУРСКАЯ,
настаўнік гісторыі
ДУА “Малабераставіцкая сярэдняя школа”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Сёння квесты вельмі папулярныя ў маладзёжным асяроддзі. Адукацыя новага пакалення патрабуе выкарыстання ў адукацыйным працэсе дзейнасных тэхналогій. Перавага адукацыйнага квесту ў тым, што пры рабоце над заданнямі ўдзельніку неабходны навыкі пошуку, аналізу інфармацыі, уменні захоўваць, перадаваць, параўноўваць і на падставе параўнання сінтэзаваць новую інфармацыю.
Змест вучэбных прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Сусветная гісторыя” – невычарпальная крыніца для стварэння квестаў, накіраваных на фарміраванне прадметных і метапрадметных кампетэнцый, развіцця цікавасці да прадмета, творчых здольнасцей вучняў, навыкаў даследчай дзейнасці, эрудыцыі, матывацыі. Выхаваўчы аспект гістарычных квестаў вызначаецца выхаваннем асабістай адказнасці за выкананне заданняў, павагі да культуры, народных традыцый, гістарычнага мінулага краіны.
Квесты на ўроках гісторыі могуць ахопліваць асобную праблему, тэму, могуць быць і міжпрадметнымі. У залежнасці ад сюжэта квесты могуць быць лінейнымі (калі гульня пабудавана па ланцужку: выканаўшы адно заданне, удзельнікі атрымліваюць другое, і так да тых пор, пакуль не пройдуць увесь маршрут), штурмавымі (усе ўдзельнікі атрымліваюць асноўнае заданне і пералік пунктаў з падказкамі, пры гэтым самастойна выбіраюць шляхі рашэння задач).
Структура адукацыйнага квесту можа быць наступнай:
– уводзіны (прагаворваецца сюжэт, ролі);
– заданні (этапы, пытанні, ролевыя заданні);
– парадак выканання (бонусы, штрафныя балы);
– падвядзенне вынікаў, ацэнка.
Гістарычны квест “Беларускія землі ў першай палове XVI стагоддзя”
Дыдактычная мэта: плануецца, што да канца квесту вучні змогуць суадносіць гістарычныя паняцці, даты гісторыі Беларусі першай паловы XVI ст., вынікі дзейнасці гістарычных дзеячаў; выяўляць прычынна-следчыя сувязі паміж гістарычнымі падзеямі.
Задачы асабістага развіцця: садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей вучняў.
Выхаваўчыя задачы: выхоўваць павагу да гісторыі свайго народа, яго культуры, гонар за дасягненні культуры Беларусі, яе гістарычных дзеячаў.
Ход квесту
Правілы квесту
1. Вучні дзеляцца на каманды па 3–4 чалавекі.
2. Выбіраюць капітана, прыдумваюць назву каманды.
3. Кожная каманда атрымлівае маршрутны ліст (Дадатак).
4. Ідучы па маршруце, вучні выконваюць заданні. За правільна выкананыя заданні каманды атрымліваюць балы, якія заносяць у маршрутны ліст.
5. Для таго каб атрымаць заданне, неабходна адказаць на пытанні, адгадаць загадку або рэбус.
Вядучы: Першае заданне схавалася ў вырабе рамесніка. (Збанок. Ганчарства).
Заданне 1. Гістарычная крыжаванка
Па гарызанталі:
1. Саслоўе служыцеляў царквы.
3. Роспіс вадзянымі фарбамі па вільготнай тынкоўцы.
8. Саслоўе земляробаў.
10. Феадальная панская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і арыентаваная на вытворчасць збожжа на продаж.
11. Прывіліяванае саслоўе.
13. Асноўны закон у ВКЛ.
16. Прафесійныя аб’яднанні рамеснікаў.
17. Яўрэйская абшчына.
Па вертыкалі:
2. Адпрацовачная павіннасць сялян.
4. Хрысціянская канфесія, да якой належала большасць насельніцтва ВКЛ.
5. Эпоха ў развіцці Еўропы і ВКЛ у першай палове ХVІ стагоддзя.
6. Аб’яднанне, саюз.
7. Тытул правіцеля ў ВКЛ.
9. Буйны і ўплывовы землеўласнік.
12. Невялікае паселішча, якое спалучала ў сабе рысы горада і вёскі.
14. Тытул правіцеля ў Польшчы.
15. Дадатковыя заняткі сялян.
Вядучы: Каб атрымаць наступнае заданне, неабходна разгадаць рэбус. (Карта).
Заданне 2. Знатакі архітэктуры
Напішыце назвы помнікаў і адзначце на карце населеныя пункты, дзе знаходзяцца адлюстраваныя помнікі. Укажыце асаблівасці помнікаў.
|
|
|
|
|
Вядучы: Дзякуючы тэхнічнаму вынаходніцтву эпохі Адраджэння яна стала вельмі папулярнай сярод насельніцтва. (Кніга).
Заданне 3. Гістарычныя памылкі
Знайдзіце і выправіце гістарычныя памылкі.
1) Тэрыторыя ВКЛ у пачатку ХVІ стагоддзя распасціралася ад Балтыйскага да стэпаў Азоўскага мора.
2) У першай палове ХVІ стагоддзя на беларускай тэрыторыі асновай гаспадаркі з’яўляўся гандаль.
3) Для абслугоўвання мясцовых рынкаў на беларускіх землях з ХV стагоддзя пачалі ўзнікаць цэхі.
4) Усе саслоўі не мелі ўнутранага падзелу на групы.
5) У ВКЛ жылі толькі праваслаўныя хрысціяне.
6) У першай палове ХVІ стагоддзя кніга заставалася прадметам раскошы і не была даступнай для многіх людзей.
Вядучы: Наступнае пытанне задае ўсходнеславянскі першадрукар, гуманіст, асветнік. (Францыск Скарына. Партрэт у кабінеце).
Заданне 4. Партрэтная галерэя
Неабходна разгледзець партрэты гістарычных асоб. Вызначыць імя гістарычнай асобы і яе ролю ў гісторыі Беларусі першай паловы ХVІ стагоддзя.
|
|
|
|
|
|
|
Падвядзенне вынікаў.
Дадатак
Маршрутны ліст
Этап |
Агульная колькасць балаў |
Колькасць балаў, атрыманых камандай |
Заданне 1. Гістарычная крыжаванка |
17 |
|
Заданне 2. Знатакі архітэктуры |
6 |
|
Заданне 3. Гістарычныя памылкі |
6 |
|
Заданне 4. Партрэтная галерэя |
8 |
|