Патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас паэзіі Пімена Панчанкі. Урок беларускай літаратуры ў 10-м класе

- 9:46II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Урок беларускай літаратуры па творчасці Пімена Панчанкі з выкарыстаннем метаду дарожнай карты. Гэты метад дазваляе планаваць разнастайную дзейнасць вучня на занятку і можа быць выкарыстаны для арганізацыі як калектыўнай, так і індывідуальнай дзейнасці вучняў.

Вольга БЕЛЯНЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 імя К.Каліноўскага г. Свіслачы”,
Гродзенская вобласць

 

 

Дарожная карта – гэта своеасаблівая мадэль урока, праграма дзеянняў, якая дазваляе планаваць разнастайную дзейнасць вучня на ўроку. Яна можа быць выкарыстана для арганізацыі калектыўнай і індывідуальнай дзейнасці вучняў. Мае неабмежаваныя магчымасці ў выкарыстанні схем, табліц, кластараў і інш. Дазваляе структураваць і сістэматызаваць матэрыял, праводзіць аналіз і сінтэз, вылучаць галоўнае і другараднае. Вучню дарожная карта дапамагае “ўбачыць” шлях урока да дасягнення мэты, аб’ём неабходных для засваення ведаў, з’яўляецца апорай для замацавання і паўтарэння. Запоўненая карта дае магчымасць настаўніку ацаніць узровень засваення тэмы, аб’ём выкананай работы, прабелы ў ведах, неабходнасць арганізацыі паўтарэння.

 

Тэма: Патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас паэзіі П.Панчанкі

Мэта ўрока: раскрыць патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас твораў П.Панчанкі, адметнасць выяўлення патрыятычных пачуццяў праз вобразна-выяўленчыя сродкі; развіваць вуснае маўленне, уменне аналізаваць лірычны твор паводле плана, выкарыстоўваючы цытаты і выказваючы свае думкі.

Задачы:

– пазнаёміць з асноўнымі звесткамі біяграфіі П.Панчанкі, ахарактарызаваць час, у які жыў і пісаў аўтар;
– удасканальваць навыкі аналізу лірычнага твора;
– спрыяць фарміраванню патрыятычных пачуццяў і сістэмы каштоўнасных арыентацый.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Слова настаўніка. Праверка дамашняга задання

– Сярод мноства паэтаў і пісьменнікаў, з якімі мы пазнаёміліся на мінулым уроку і чыя творчасць прыпадае на першыя ваенныя дзесяцігоддзі, многа слаўных, знакамітых імён. Кожны пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускай літаратуры. На мінулым уроку на аснове інфармацыі падручніка было створана воблака слоў. Арыентуючыся на яго, дайце агульную характарыстыку развіцця беларускай літаратуры 1945-1965 гадоў. (На экране – воблака слоў. Адказы вучняў).

 

2 Паведамленне тэмы і мэт урока

– Героем нашага сённяшняга ўрока з’яўляецца Пімен Панчанка. Слова “герой” я выбрала невыпадкова, і ў ходзе ўрока вы зразумееце яго сапраўднае значэнне. Мы пазнаёмімся з біяграфіяй і асаблівасцямі творчасці Пімена Панчанкі.

Вершы П.Панчанкі даўно разабраны на цытаты. Мудрыя думкі аўтара і сёння навучаюць нас. У пачатку ўрока я хацела б, каб мы з вамі адгадалі тую чалавечую якасць, якую Пімен Панчанка лічыў найгалоўнейшай. Адгадаць яе мы зможам, успомніўшы радкі з верша, з якім пазнаёміліся ў шостым класе.

Перад вамі – дарожная картка ўрока (Дадатак). Мы з вамі будзем запаўняць яе на працягу ўсяго занятку, і ў выніку атрымаем план-канспект урока.

 

На экране дэманструюцца слайды з выявамі кветак, якія ўпамінаюцца ў вершы П.Панчанкі “Сармацкае кадзіла”: чарамша, сон-трава, венерын чаравічак, сармацкае кадзіла, а таксама любімыя кветкі П.Панчанкі – касачы. Гульня нагадвае медыяазбуку, вучні запаўняюць пустаграфку ў дарожнай карце. Атрымліваецца слова “чалавечнасць”.

 

– Як вы разумееце слова чалавечнасць?

 

3 Інфармацыйны этап

– Жыццё і творчасць Пімена Панчанкі ахоплівае амаль усё дваццатае стагоддзе. У наступным пункце дарожнай карты прапаную ўстанавіць узаемасувязь паміж паняццямі “эпоха”, “біяграфія”, “творчасць”. А дапаможа нам у гэтым цытата акадэміка Д.Ліхачова (на слайдзе).

«Ва ўсякай біяграфіі прысутнічае эпоха… Стварэнне твора ёсць факт біяграфіі аўтара, біяграфія аўтара ёсць факт гісторыі, гісторыі літаратуры ў прыватнасці. Таму па сваёй сутнасці біяграфія пісьменніка – гэта перажыванне асабістага жыцця ў гісторыі».

– Патлумачце, калі ласка, гэтыя словы акадэміка.

 

Вучні прыходзяць да вываду, што час аказвае ўплыў і на біяграфію, і на творчасць.

 

– Перад тым як пазнаёміцца з асобай і творчасцю П.Панчанкі, давайце ўспомнім гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў дваццатым стагоддзі.

 

Паведамленне вучня пра гістарычныя падзеі дваццатага стагоддзя (у выглядзе стужкі часу).

 

– Як бы вы ахарактарызавалі гэтую эпоху? (Адбылося шмат трагічных падзей, у якіх людзі прайшлі праз розныя выпрабаванні.)

Паведамленне вучня пра асноўныя звесткі з біяграфіі П.Панчанкі ў выглядзе асабістага календара.

 

– Ці наклала эпоха адбітак на біяграфію П.Панчанкі?

– Што здзівіла ў біяграфіі? (Можна прыгадаць незвычайнае імя).

– Кажуць, што паэзія – гэта споведзь веку, прапушчаная праз уласнае сэрца. Прапаную вашай увазе вынікі работы над праектам “Аб чым сведчаць назвы зборнікаў і вершаў П.Панчанкі”. (Вучань прааналізаваў назвы зборнікаў і вершаў, зрабіў вывады пра тэматычную разнастайнасць і асаблівасці найменняў).

– Такім чынам, эпоха, біяграфія і творчасць паэта цесна ўзаемазвязаны паміж сабой.

 

Музычная паўза. Гучыць песня І.Лучанка на словы П.Панчанкі “Жытнёвы звон”.

 

4 Знаёмства з творчасцю П.Панчанкі. Аналіз вершаў

– Пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў быў вельмі ўражаны радкамі з аднаго з вершаў П.Панчанкі. Ён адзначаў: “Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў больш нічога, дык толькі гэтых радкоў хапіла б, каб выказаць усю сутнасць вайны”. Зразумела, што размова ідзе пра верш “Герой”.

 

Гучыць выразнае чытанне верша на памяць “Герой” (апераджальнае заданне).

 

– Прааналізуйце, калі ласка, верш, карыстаючыся алгарытмам (http://profil.adu.by/mod/book/tool/print/index.php?id=3462).

– Чаму герой твора не мае імені?

– Успомніце, што такое пафас. Вызначце пафас верша “Герой”. Ці можна сцвярджаць, што пафас у гэтым вершы і патрыятычны, і жыццесцвярджальны? (На аснове адказаў вучні запаўняюць табліцу ў дарожнай карце).

– А ці ёсць героі сярод нашых сучаснікаў? Што такое надзвычайнае трэба зрабіць, каб стаць героем сёння? (Разважанні вучняў).

– У 1964 годзе П.Панчанка напісаў верш “Родная мова”. Давайце паслухаем верш у выкананні самога П.Панчанкі (аўдыязапіс).

– Прааналізуйце верш, карыстаючыся алгарытмам.

– Вызначце пафас верша.

– З дапамогай сродкаў візуалізацыі (малюнкі на слайдзе) вызначце вобразныя сродкі, ужытыя ў вершы. Запоўніце адпаведную табліцу ў дарожнай карце.

– Зрабіце вывад: якую ролю выконваюць вобразна-выяўленчыя сродкі ў вершы.

– Як было адзначана ў пачатку ўрока, многія радкі П.Панчанкі ўспрымаюцца як афарызмы. Прапаную паслухаць эсэ “Запавет П.Панчанкі нашчадкам”, напісанае вучнем загадзя на аснове верша “Той дзень прапаў…”. У дарожных лістах адзначце тры правілы, якія вы хацелі ўзяць для сябе і кіравацца імі ў жыцці.

– Ці згодны вы, што радкі П.Панчанкі не страцілі сваёй актуальнасці?

– На якія агульнавядомыя правілы яны падобны? (Запаведзі Бібліі.)

– Які настрой, пафас прасочваецца ў вершы “Той дзень прапаў…”?

 

5 Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія

– Мы пазнаёміліся толькі з некаторымі вершамі П.Панчанкі. На наступным уроку мы працягнем наша знаёмства. Спадзяюся, першаснае ўражанне аб паэце ў вас склалася. Прашу вас прыняць удзел у стварэнні воблака слоў, у цэнтры якога – асоба П.Панчанкі. Выберыце самае галоўнае слова, якое непасрэдна адносіцца да паэта, і патлумачце свой выбар.

 

6 Дамашняе заданне

Вывучыць верш “Герой” на памяць.

 

 

Дадатак

Дарожная карта ўрока беларускай літаратуры
па тэме “Патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас паэзіі П.Панчанкі”

1. Жыццёвае крэда П.Панчанкі

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ь

 

2. Устанавіце ўзаемасувязь паняццяў: эпоха, біяграфія, творчасць.

Пазначце найбольш значныя даты.

 

3. Тэматычная разнастайнасць творчасці:

– _________________________________________
– _________________________________________
– _________________________________________
– _________________________________________

 

4. Верш “Герой”

Тэма Ідэя Пафас

 

 

   

Пафас – эмацыянальны змест мастацкага твора, пачуцці і эмоцыі, якія аўтар укладвае ў змест, чакаючы суперажывання. У залежнасці  ад пачуццяў бывае рамантычны, патрыятычны, сатырычны, жыццесцвярджальны.

 

5. Герой у сучасным жыцці _________________________________________

 

6. Верш “Родная мова”

Эпітэты Метафары Параўнанні Пафас

 

 

     

Роля мастацкіх сродкаў: _________________________________________________________________________________
____________________________________________________________________________________________________________

 

7. Запавет:

– _________________________________________
– _________________________________________

 

8. Маё слова для “воблака слоў” __________________________

 

9. Д/з. Верш “Герой” – на памяць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий