Квест-гульня “Падарожжа ў краіну казак”

- 17:17ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Спартыўная гульня-падарожжа, якая пабудавана на праходжанні займальнага маршруту па станцыях, самастойным пошуку адказаў на заданні.

 

Вера ДЗЯДОЛКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

  

 

 

Задачы:

– спрыяць фізічнаму развіццю;
– актывізаваць веды дзяцей пра беларускія народныя казкі;
– замацаваць уменне пазнаваць казку па ўрыўку, па ілюстрацыі, уменне разгадваць загадкі, творчасць пры драматызацыі знаёмых беларускіх казак, развіваць цікавасць і любоў да казак;
– развіваць слыхавую памяць, лагічнае мысленне, мову, уменне абагульняць, аналізаваць;
– удасканальваць навыкі супрацоўніцтва пры працы ў камандзе, развіваць камандных дух уменне дзейнічаць узгоднена;
– стварыць у дзяцей радасны, эмацыянальны настрой, выхоўваць любоў да беларускай літаратуры.

Узрост дашкольнікаў: 4–6 гадоў.

Матэрыял: маршрутны ліст для кожнай каманды, песня “Прыходзь, казка” для размінкі, эмблемы для ўдзельнікаў, каласок з зярняткамі на кожнай станцыі, разразныя карцінкі з адгадкамі (мыш, конь, верабей, хлеб, Баба-Яга, мядзведзь, ліса, кот), карцінкі да казак “Дзяцел, Лісіца і Варона”, “Залатая яблынька”, “Залаты птах”, наборы ілюстрацый да казак “Кот Максім”, “Заяц і Вожык”, “Сабака і Воўк”, “масток” – дошка (даўжыня 2–3 м), шапка-маска “жураўля”, касцюмы для драматызацыі казак “Лёгкі хлеб” і “Як кот звяроў напалохаў”, арыенціры, мячыкі маленькія, 2 смеццевыя пакеты, дзве вялікія кветкі, дэталі канструктара жоўтага колеру (мёд).

Папярэдняя праца: чытанне беларускіх народных казак, разгляданне карцін, ілюстрацый па тэме “Беларускія народныя казкі”, падрыхтоўка да драматызацыі казак (развучванне роляў, падрыхтоўка неабходных касцюмаў).

Месца правядзення: тэрыторыя дзіцячага сада, гульнявыя пляцоўкі (веранды), спартыўная пляцоўка.

Умовы квест-гульні: удзельнікам будзе выдадзены маршрутны ліст і дзеці разам з выхавальнікам адправяцца ў падарожжа па станцыях. За выкананае заданне кожная каманда атрымае на станцыі зярняткі з пшанічнага каласка. Чым больш каманда збярэ зярнятак, тым бліжэй да перамогі.

 

Ход гульні

Кіраўнік фізічнага выхавання. Дарагія сябры, вось і наступіла для нас доўгачаканае свята сонца, самае доўгае свята – свята сонечнага лета! Кожны дзень гэтага радаснага свята будзе расхінацца, як новая старонка цікавай, яркай, маляўнічай кнігі. Гэта кніга, у якой будуць і песні, і карціны, і гульні, і казкі, і загадкі, і паходы, і прыгоды! Кожны дзень летняга календара чырвоны, таму што кожны дзень лета – гэта радасць, адпачынак, свята! 

Дзеці чытаюць вершы

Дзіця 1.

Мы сустракаем свята лета,
Свята сонца і святла.
Сонца, сонца, ярчэй грэй
Будзе свята весялей.

Дзіця 2.

Прыляцяць на свята птушкі
Дзятлы, ластаўкі, сініцы.
Будуць скакаць і свістаць
Разам з намі песні спяваць.

Дзіця 3.

Зазвіняць вакол стракозы,
Усміхнуцца макі, ружы.
І апранецца цюльпан
У самы яркі сарафан.

Дзіця 4.

Першы дзень каляровага лета
Разам нас сабраў, сябры.
Свята сонца і святла,
Свята шчасця і дабра!

Кіраўнік фізічнага выхавання.

Шмат гульняў ёсць на свеце,
Але пра ўсе не расказаць.
Любяць дарослыя і дзеці
У гульні розныя гуляць.

Дзеці, сёння мы з вамі пабываем у гасцях у казак. Слухаючы казку, мы трапляем у чароўны свет, дзе адбываюцца цуды, дзе дабро заўсёды перамагае зло. Мы будзем падарожнічаць па казках, а дапаможа нам маршрутны ліст, які падкажа напрамак да станцыі. Тая каманда, якая лепш справіцца з усімі заданнямі, збярэ больш зярнятак, стане пераможцай. А ацэньваць гэтыя заданні будзе кіраўнік станцыі.

Але, каб адправіцца на патрэбную станцыю і набрацца сіл, нам патрэбна зрабіць размінку.

Размінка пад музыку

Гучыць песня “Прыходзь, казка”.

Дзеці разбіваюцца на дзве каманды.

Кіраўнік фізічнага выхавання. Такім чынам, каманды ў зборы! І ў першую чаргу нам трэба назваць нашы каманды! Вам даецца адна хвіліна, каб вы прыдумалі назву камандзе, звязанай з казкай.

І я прашу вас гучна хорам прадставіць вашыя каманды!

Прадстаўленне каманд. Каманда “Легкі хлеб” і каманда “Жаронцы

Кіраўнік фізічнага выхавання выдае выхавальнікам маршрутныя лісты і каманды адпраўляюцца па сваім маршруце для праходжання станцый.

 

Этап № 1 “Загадкі”

1. Маленькi шарык пад лаўкай шарыць (Мыш)
2. Шапачка маленькая,
Камiзэлька нятканая,
Кафтанiк рабенькi,
Ды ходзiць босенькi. (Верабей)
3. Вялікі, махнаты, любіць мёд і маліну (Мядзведзь)
4. У рыжай разбойнiцы
Хвост, як мятла.
Курэй украла –
сляды замяла (Лiса)
5. Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты (Кот)
6. У лесе жыве бабулька.
Ёсць у яе хатка.
Яна лётае на мятле.
Дзяцей крадзе на зарэ.
Касцяная ў яе нага,
А завуць яе … (Баба-Яга)
7. Хутчэй за вецер я скачу.
Куды захочаш даiмчу.
Калмата i гуллiва
Мая ўецца грыва (Конь)
8. Мнуць i катаюць,
У печцы закаляюць,
А потым за сталом
Рэжуць нажом (Хлеб)

Каманда атрымлівае столькі зярнятак з пшанічнага каласка, колькі правільных адказаў.

 

Этап № 2 “Складзі казку па карцінках

Кожная каманда на станцыі атрымлівае канверт, у якім разразныя карцінкі да беларускіх народных казак. Трэба сабраць казку па карцінках.

Каманда, якая правільна выканала заданне, атрымлівае зярнятка з пшанічнага каласка.

 

Этап № 3 “Назаві казку па ўрыўку

1 Касiў на лузе касец. Змарыўся i сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў i пачаў есцi. Выходзiць з лесу галодны Воўк. Бачыць – касец пад кустом сядзiць i нешта есць. (“Лёгкi хлеб”).
2 Тым часам узяла Лiсiца пад руку свайго Гаспадара, i пайшлi яны ў госцi. Прыходзяць на палянку. Чуе Кот – мясам запахла. Бачыць – цэлы баран ляжыць. Тут ён поўсць наставiў, вусы натапырыў ды адразу на барана накiнуўся. Есць ды ўсё бурчыць: «Мяў-у, мяў-у» (Як кот звяроў напалохаў”).
3 Паляцеў Верабей на мора, паклiкаў марскога Сокала. Прыляцеў Сокал i ўсё мышынае войска паглытаў. Адна толькi тая Мыш, што Вераб’я падманула, засталася: у нару схавалася (Верабей i Мыш).
4 Аднаго разу досвiткам пайшла жонка Гаспадара па ваду. Бачыць яна – коцiцца па дарозе гарошак. Падняла яна яго, падняла i з’ела. (Гарошак).

Каманда атрымлівае столькі зярнятак з пшанічнага каласка, колькі правільных адказаў.

 

Этап № 4 Збяры казку

Каманды збіраюць ілюстрацыі па змесце казкі (наборы ілюстрацый да казак “Кот Максім”, “Заяц і Вожык”, “Сабака і Воўк”).

Каманда атрымлівае столькі зярнятак з пшанічнага каласка , колькі правільных адказаў.

 

Этап № 5 ГульняЖуравель

Задачы: практыкаваць ва ўменні трымаць раўнавагу; развіваць спрыт, увагу; выхоўваць хуткасць рэакцыі.

Абсталяванне: “масток” (даўжыня 2–3 м), шапка-маска жураўля.

Апісанне гульні: Сярод удзельнікаў гульні выбіраецца “журавель” (хлопчык) ці “жураўка” (дзяўчынка). Дзеці па парах (пажадана, каб у пары былі хлопчык і дзяўчынка) становяцца паўмесяцам. Узяўшыся за рукі, яны падымаюць то правую, то левую нагу (імітуюць рухі жураўля). “Журавель” на некаторай адлегласці (3–4 м) важна ходзіць па «балоце».

Дзеці гавораць спакойна:

Як павадзіўся журавель
Да нашых канапель.
Такі-такі чубаты,
Такі-такі насаты!

Потым усе моцна вымаўляюць: “Хапай, журавель!”, і першая пара хутка бяжыць па масточку цераз “балота”. “Журавель” павінен дакрануцца рукой да дзяўчынкі, а калі жураўка – то да хлопчыка. Калі жураўлю пашанцуе, на яго месцы застаецца той, хто застаўся без пары. Гульня працягваецца.

Перад гульнёй пазначаецца “балота” і “масток”.

Каманды атрымліваюць столькі зярнятак з пшанічнага каласка, колькі балаў паставіць кіраўнік станцыі.

 

Этап № 6. Інсцэніроўка беларускіх народных казак “Лёгкі хлеб”, “Як Кот звяроў напалохаў”

Каманды на выбар паказваюць тэатралізаваную казку.

Каманды атрымліваюць столькі зярнятак з пшанічнага каласка, колькі балаў паставіць кіраўнік станцыі.

 

Этап № 7. Спартыўныя эстафеты

1-я эстафета: “Пчолкі”
Насупраць кожнай каманды размешчаны “кветкавыя паляны”. Дзеці – “пчолкі”. Першыя ў калонах бягуць па сігнале з вядзерцамі “збіраць мёд з кветак”, аббягаюць кветкі, вяртаюцца назад проста бегам, перадаюць вядзерца наступнаму.

2-я эстафета: “Конікі”
Па сігнале першыя ў камандзе скачкамі на дзвюх нагах перамяшчаюцца да арыенціру, аббягаюць яго і звычайным бегам вяртаюцца да сваіх каманд, перадаючы эстафету наступнаму.

3-я эстафета: “Вусень”
Дзеці ў калонах абхапляюць адзін аднаго за пояс і па сігнале бягуць камандамі, імкнучыся не адпускаць адзін аднаго, аббягаюць арыенцір і вяртаюцца назад.

4-я эстафета: “Солім кавуны”
Нам спатрэбіцца вялікі смеццевы пакет, у ніжніх рагах якога мы робім адтуліны для ног. Ад кожнай каманды выбіраецца па адным удзельніку – ён будзе “бочкай”. Гэты ўдзельнік апранае пакет на сябе, як штаны, прасоўваючы ногі ў прарэзаныя адтуліны. Рукамі трымае край пакета. Астатнія ўдзельнікі павінны збіраць шарыкі (“кавуны”) і складаць у “бочку”. Выйграе тая каманда, якая засоліць большую колькасць “кавуноў”.

Каманды атрымліваюць столькі зярнятак з пшанічнага каласка, колькі разоў правільна і першымі выканаюць эстафету.

 

Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, вось і падышло да канца наша падарожжа. Вам спадабалася падарожнічаць? А выпрабаванні вы ўсё прайшлі? Зярняткі атрымалі? (Дзеці адказваюць).

Кіраўнік фізічнага выхавання збірае зярняткі, падводзіць вынік. Гучыць “чароўная” музыка, дзеці атрымліваюць салодкія падарункі і мыльныя бурбалкі.

А зараз падарункі прымайце, дзетвара!
Скажам святу і лету наша гучнае “Ура!”

Выхавальнікі дапамагаюць раздаць пачастункі і мыльныя бурбалкі. Гучыць музыка, дзеці надзімаюць бурбалкі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий