Бацькоўскі сход: формула поспеху

- 10:38Классный час

Работа з бацькамі заўсёды лічылася адной з самых складаных у педагагічнай дзейнасці. Сёння перад кожным класным кіраўніком стаіць праблема, як арганізаваць узаемадзеянне сям’і і школы, каб няпростая справа выхавання стала агульнай справай настаўнікаў і бацькоў? Як прыцягнуць увагу такіх занятых і такіх далёкіх ад педагагічнай тэорыі бацькоў?

Аксана КАРПОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 10-га класа
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тут хочацца ўспомніць вядомую прытчу. Адзін шукальнік ісціны ўбачыў на дарозе вялікі камень, на якім было напісана: “Перавярні і чытай”. Ён прыклаў вялікія намаганні, каб выканаць заданне. Калі ж перавярнуў камень, то на другім баку прачытаў: “Навошта ты шукаеш новае, калі не звяртаеш увагі на тое, што ўжо ведаеш?”

Я лічу, што бацькоўскі сход на сённяшні дзень застаецца адной з самых важных форм работы з бацькамі. Толькі ёсць адно але… Давайце на хвілінку станем на месца бацькоў. Ці хацелася б нам прысутнічаць на бацькоўскім сходзе, дзе класны кіраўнік у фарбах распісвае ўсе вядомыя яму негатыўныя крокі і ўчынкі няшчаснага дзіцяці або чытае сумныя натацыі аб тым, як трэба нам выхоўваць нашых дзяцей? Безумоўна, не хацелася б. Як жа павысіць матывацыю бацькоў да наведвання бацькоўскіх сходаў?

У першую чаргу, мне здаецца, неабходна выкарыстоўваць розныя формы правядзення бацькоўскіх сходаў. Класны кіраўнік сёння павінен валодаць метадамі і прыёмамі, якія актывізуюць увагу бацькоў, спрыяюць лёгкаму запамінанню сутнасці гутарак, ствараюць асаблівы настрой, уцягваюць бацькоў у адкрытую і дзелавую размову. Бацькоўскі сход стане паспяховым, калі класны кіраўнік будзе прытрымлівацца трох асноўных правілаў: Паважай! Тлумач! Дзякуй!

 

Першае правіла – Паважай!

Неабходна цаніць свой час і час бацькоў. Таму класны кіраўнік павінен загадзя паведаміць бацькам дату, час і месца правядзення сходу. Гэта дазволіць ім скарэктаваць свае планы і знайсці час для яго наведвання. Запрашэнні могуць быць аформлены па-рознаму: надрукаваныя, выкананыя рукамі дзяцей, высланыя па электроннай пошце ці ў мэсэнджарах…

 

Другое правіла – Тлумач!

Паспяховасць (альбо непаспяховасць) педагагічнага ўзаемадзеяння класнага кіраўніка і сям’і шмат у чым вызначаецца абранай пазіцыяй педагога, стылем і тонам яго адносін. Для сябе я адкрыла тэхніку зносін па Н.В.Самаўкінай. Яна раіць класнаму кіраўніку авалодаць наступнымі практыкаваннямі (прыёмамі): “Нейтралізацыя” (у зносінах з бацькамі выкарыстоўваць нейтральныя фразы: “супакойцеся”, “я Вас слухаю”, “я Вас разумею”…); “Роўнасць” (не адстойваць уласную пазіцыю, а чуць пазіцыю бацькоў); “Узаемадзеянне” (абмяркоўваць і вырашаць існуючыя праблемы разам).

Часцей за ўсё бацькі на бацькоўскім сходзе не ўступаюць у дыялог, яны з большай гатоўнасцю слухаюць педагога, чым выказваюцца самі. Як арганізаваць абмеркаванне праблемы, як ненадакучліва растлумачыць? Можна выкарыстоўваць наступныя прыёмы.

 

“Разумовыя акуляры” (Тэма бацькоўскага сходу: “Кніга ў жыцці чалавека”)

– Паважаныя бацькі, сёння на бацькоўскі сход я прынесла акуляры. Яны рознага колеру: ружовыя акуляры – акуляры аптыміста, які “глядзіць на свет праз ружовыя акуляры”; чорныя акуляры – акуляры песіміста, ён звычайна згушчае фарбы; белыя акуляры – акуляры рэаліста. (Бацькі выбіраюць сабе тыя акуляры, якія ім падабаюцца. Такім чынам усе прысутныя дзеляцца на тры групы). Паспрабуйце прымераць акуляры і адчуць сябе ў ролі аптыміста, песіміста або рэаліста. Вы ўжо ўжыліся ў ролю? Значыць, можам пачынаць абмеркаванне. Мяне вельмі зацікавіла фраза Даніэля Пенакка, што “чытанне – гэта час, скрадзены з жыцця”. Ці згодны вы з гэтым? Што скажуць песімісты … Хацелася б пачуць меркаванне аптымістаў … Што разгледзелі праз свае акуляры рэалісты … (ідзе абмеркаванне праблемы).

 

“Метафара”

У аснове гэтага прыёму ляжыць абмеркаванне малюнка (прытчы, прадмета і г.д.), не звязанага, на першы погляд, з тэмай бацькоўскага сходу. Аднак у ходзе разваг да бацькоў, якія адказваюць на пытанні класнага кіраўніка, паступова прыходзіць разуменне, што прадмет (ці з’ява) на малюнку, як нішто іншае, увасабляе тэму, праблему, якая абмяркоўваецца на бацькоўскім сходзе. Напрыклад, малюнак-метафара “Губка” (Тэма – “Роля сям’і ў выхаванні дзіцяці”).

Пытанні класнага кіраўніка і прыкладныя адказы бацькоў:

– Што намалявана на малюнку?
– Губка (бацькі).
– Давайце паспрабуем пералічыць якасныя характарыстыкі гэтага прадмета.
– Яна добра ўбірае вадкасць (бацькі).
– Давайце ўявім сабе, што адбудзецца з губкай, калі яна ўбярэ вадкасць сіняга колеру? Як гэта паўплывае на яе?
– Губка стане сіняга колеру (бацькі).
– А калі мы нальём у губку чырвоную вадкасць?
– Губка стане чырвонай (бацькі).
– А калі мы адначасова дабавім у губку вадкасці розных колераў?
– Губка стане незразумелага, нявызначанага колеру (бацькі).
– У пачатку абмеркавання мы з вамі вызначылі, што асаблівасцю губкі з’яўляецца здольнасць да ўбірання.
– Як гэты прадмет, на вашу думку, звязаны з тэмай нашага бацькоўскага сходу?
– Дзіця, як губка, убірае ў сябе ўсё тое, што “ўліваюць” у яго бацькі (бацькі).
– Ці можаце вы зараз назваць адзін з галоўных прынцыпаў выхавання дзяцей? (бацькі выказваюцца).
– Вядома ж, гэты прынцып – выхаванне ўласным прыкладам.

 

Гульня “Акварыум” (Прыём з кейс-тэхналогіі: стварэнне праблемнай сітуацыі і пошук выхаду з яе)

Усім вядома, што такое акварыум – шкляная пасудзіна для ўтрымання і гадоўлі рыбы, водных жывёл і раслін. Для правядзення гульні патрэбны трое добраахвотнікаў. Яны, як рыбкі, якія знаходзяцца ў акварыуме, будуць выконваць заданне. Усе астатнія будуць назіраць за тым, што будзе адбывацца ў акварыуме.

Сітуацыя (для рыбак) такая: на ўроку хлопчык гуляў у гульню на мабільным тэлефоне. Настаўнік заўважыў гэта, адабраў тэлефон і сказаў, што аддасць толькі бацькам. Мама хлопчыка датэлефанавацца да сына не можа, адпрошваецца з работы, бяжыць дадому. Можаце сабе ўявіць яе эмацыйны стан. Хлопчык сцвярджае, што ён усяго толькі паглядзеў колькі гадзін. Такім чынам, раніца наступнага дня. Школа, мама, дзіця, настаўнік. Абстаноўка напружаная. Паспрабуйце дамовіцца (бацькі разыгрываюць сітуацыю).

(Пытанне прысутным) Ацаніце сітуацыю. Знаёмая? Якія парады можна даць нашым героям (рыбкам)?

Гэты прыём дае магчымасць настаўніку ўбачыць сябе збоку, убачыць, як паводзяць сябе бацькі ў адносінах да дзіцяці, а бацькам паглядзець на свае не заўсёды карэктныя і правільныя паводзіны.

 

“Рэфрэймінг”

Цікавы і эфектыўны спосаб вырашэння праблем – заключэнне сітуацыі ў новую рамку. На адну і тую ж сітуацыю можна паглядзець рознымі вачыма: свайго сябра, мамы ці сваімі, але праз пэўную колькасць гадоў. Гэта дазваляе не так драматызаваць сітуацыю і не так горача яе перажываць. Напрыклад, дзяўчынкі пабіліся на вуліцы пасля ўрокаў. Як на гэта глядзяць: сяброўка адной з дзяўчынак, мама адной з дзяўчынак, сама дзяўчынка, але праз 10 гадоў.

 

“Ролевая маска” (Тэма: “Вучымся разумець сваіх дзяцей”)

Бацькам (тры чалавекі) прапаноўваецца прымераць маску дзіцяці, мамы, таты. Далей разыгрываецца сцэнка “Дзіця-статуя”.

– Паважаныя бацькі! Ці кажаце вы свайму дзіцяці: “Не хадзі на вуліцу, не гуляй з сябрамі, стой ціха?” (Бацькі адказваюць)
– Што мы робім з дзіцём?
– Абмяжоўваем рух (стужкай звязваем ногі памочніку-“дзіцяці”).
– Ці кажаце вы свайму дзіцяці: “Пакладзі, не чапай, не лезь рукамі?”
– Што мы робім?
– Звязваем рукі (стужкай звязваем рукі).
– Ці кажаце вы свайму дзіцяці: “Не слухай гучна музыку, не сядзі ў інтэрнэце, не слухай парады сяброў?”
– Што мы робім?
– Пазбаўляем дзіця інфармацыі (стужкай завязваем вушы).
– Ці кажаце вы дзіцяці: “Закрый рот, маўчы, не лезь у размову дарослых?”
– Што мы робім?
– Пазбаўляем магчымасці выказацца (завязваем рот).
– Паважаныя бацькі, а ці кажаце вы: “Не глядзі па баках, не азірайся?”
– Што мы робім?
– Пазбаўляем арыентацыі (завязваем вочы).

А цяпер давайце спытаем наша дзіця, як яно сябе адчувае? Ці можа дзіця развівацца ў такім стане? Дзіця ў такім стане ўжо нічога не ўспрымае. Яно хоча аднаго – вызваліцца.

У гэтай сітуацыі мы ўжываем прыём “Ролевая маска” для таго, каб бацькі ўявілі сябе на месцы дзіцяці, якому ўсё забараняюць. Прыём найбольш мэтазгодны пры вырашэнні складаных выхаваўчых задач, ён дазваляе эфектыўна прадухіліць розныя праблемныя сітуацыі ў класе і ў сям’і.

 

Трэцяе правіла – Дзякуй!

Заўсёды на бацькоўскім сходзе бацькам трэба дзякаваць. Мне вельмі блізкія словы Максіма Горкага: “Пахваліць чалавека вельмі карысна, гэта падымае яго павагу да сябе, гэта спрыяе развіццю ў ім даверу”. Самы просты спосаб – гэта аб’явіць падзяку, уручыць ліст падзякі ці грамату класнага кіраўніка.

І самае важнае! Галоўнымі “памочнікамі” класнага кіраўніка на бацькоўскім сходзе заўсёды павінны быць добры настрой і прыветная ўсмешка. І тады бацькам абавязкова захочацца сустрэцца з вамі зноў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий