Фальклорнае свята “Забалацкія калядкі”

- 1:25Воспитательная работа, Сценарии

Матэрыял сцэнарыя фальклорнага свята можна выкарыстоўваць на пазакласных мерапрыемствах у 5–8-х класах напярэдадні Калядаў і Новага года.

               
Яніна МІХАЙЛАВА,     Галіна ЦЫБУЛЬКА,
настаўнік хіміі                     настаўнік матэматыкі і інфарматыкі
ДУА “Забалацкая сярэдняя школа імя Я.Н.Карпянкова”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: далучэнне дзяцей да культурных традыцый і старадаўніх звычаяў беларускага народа.

Задачы:

– пазнаёміць дзяцей з традыцыямі беларусаў, іх культурнай спадчынай, з багаццем беларускага фальклору;
– пазнаёміць са святам Каляды ў старадаўнія часы і асаблівасцямі яго святкавання ў нашай мясцовасці;
– развіваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, іх творчы патэнцыял, веру ў сябе і свае магчымасці;
– выхоўваць цікавасць і павагу да спадчыны свайго народа: традыцый, абрадаў і звычаяў.

Абсталяванне: сцэна прыбрана ў традыцыйным вясковым стылі. Пры правядзенні мерапрыемства выкарыстоўваюцца беларускія народныя мелодыі.

Узрост: 5–8-ы класы

Месца правядзення: актавая зала школы.

 

Ход мерапрыемства

Гучыць песня “Калядачкі” ў выкананні ансамбля “Песняры”.

1-ы вядучы.

Сёння ў нашай хаце свята!
I гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем –
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей.

2-і вядучы.

І як кажуць вашы людзі:
Хай вам даспадобы будуць
Жарты, песні, смех!
Бо без песні, хоць ты трэсні,
Без гармоніка і дуды
Ходзяць ногі не туды.

Вядучыя (разам).

Шанаванне добрым людзям,
Хай вам радасці прыбудзе!
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты!
Запрашаем вас на свята!

Гучыць беларуская народная мелодыя. На сцэне Гаспадар Лявон і Гаспадыня Марыля, іх дачка Алёнка і сын Петрык. На лавачцы ля печы сядзіць сын Петрык, а Гаспадар Лявон, лежачы на лаўцы, спявае. Алёнка падмятае падлогу і спявае беларускую народную песню “Чаму ж мне не пець…”

Гаспадар. Жонка!

Гаспадыня. Ой!

Гаспадар. Жонка, а жонка! Нешта ў нашай хаце сёння дужа горача.

Гаспадыня. Дык, Лявоначка, я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, смажыла, хачу, каб калядоўшчыкі зайшлі, нашай хаты не міналі. Дакуль ты, Лявон, ляжаць будзеш? Вось кошык так-сяк сплёў, а пра сена забыў.

Гаспадар. Ды годзе, Марыля, прынясу табе сенца.

Гаспадыня. Дык чаго ты ляжыш? Уставай ды нясі.

Гаспадар. Ой, нешта мне ў спіну страляе.

Гаспадыня. Ай, людзі добрыя, што за гаспадар такі?! (Гаспадыня ідзе да печы, прыбірае на ёй, раптам падаюць лыжкі.) Ой, нешта лыжкі пападалі!

Алёнка. Мусіць, госцейкі да нас прыйдуць.

Петрык. I не дзіва, зараз жа Каляды.

Гаспадар (ускоквае). Пайду, сустрэну. А то снегу намяло, яшчэ дарогі не знойдуць. (Апранаецца і выходзіць.)

Гаспадыня. Во каб працаваць так хацелася, як скакаць. Ой, стамілася я з усім гэтым. Жывём мы з мужам небагата: ёсць у нас пяць авечак, кароўка і бычок, чатыры свінкі, парсючок, куры, гусі, качаняты і адзін певень чубаты. Трэба ж трохі і самой прыбрацца. (Надзявае хустку і пацеркі.) Алёнка, хопіць ужо табе перад люстэркам круціцца! Хутка калядоўшчыкі прыйдуць, а ў нас яшчэ стол не накрыты. (Уваходзіць Гаспадар з сенам.)

Гаспадар. Вось я сена на стол прынёс, гатуй, Алёнка, абрус. (Кладзе сена на стол. Алёнка засцілае стол абрусам.)

Гаспадыня (ставіць розныя стравы). А я блінкоў напякла, кашы наварыла, вушкі з грыбамі, кісялёк.

Гаспадар. Досыць табе ўжо бегаць, на стале ж усяго багата, няма ўжо дзе тыя міскі ставіць, а ты яшчэ і чыгунок нясеш.

Гаспадыня (сапраўды шукаючы месца гарачаму чыгунку, укручанаму ў ільняны ручнік). На Каляды, калі хочаце ведаць, абавязковай стравай з’яўляецца ўласна куцця – ячменная каша. А пра яе я ледзьве не забылася (нарэшце ставіць пасярэдзіне стала чыгунок, любуецца сталом). Ну, цяпер добра і калядоўшчыкаў сустракаць. Не сорамна будзе. Як вы думаеце?

Петрык. Вядома ж, тут могуць не адны калядоўшчыкі прыйсці, і ўсім мы будзем рады.

Гаспадар. Бо павер’е гаворыць: калі ў тваю хату не зазірнула калядаванне, значыць, не паважаюць цябе ў вёсцы.

Гаспадыня. Сядайце за стол! (Усе ўладкоўваюцца за сталом.)

Гаспадыня (нясе першую лыжку да акна).

Мароз, мароз, хадзі куццю есці!
Улетку не бывай,
Па межах не хадзі,
Яры не губі.

Гаспадар (стукае лыжкай па сцяне). Ты, Мароз – Чырвоны нос, пшаніцу і грэчку не памарозь. Гарбузам, гуркам, расадзе будзе лета вельмі рада.

Гаспадыня. Ну, вось і пад’елі. А зараз паварожым, ці высокі лён будзе ўлетку.

Гаспадар (выцягвае з-пад абруса саломіну). О, які добры ўраджай будзе ў нас сёлета! Марыля, паглядзі, якую я доўгую саломіну выцягнуў. А ну, дзеткі, выцягвайце з-пад абруса па сцяблінцы сена (дзеці выконваюць просьбу бацькі). Во, добры будзе лён, добры. Ідзі, Марыля, паглядзі на неба, якое надвор’е. (Марыля ідзе, праз некаторы час вяртаецца).

Гаспадыня. Вой, усё неба ў яркіх зорках. Будзе добры ўраджай збожжа і грыбоў у гэтым годзе. I снег пакуль не ідзе, чорныя сцежкі – будзем гэты год з чарніцамі, ды і грэчка ўродзіць.

Гаспадар. Дай Бог, дай Бог, каб усе нашы прыметы спраўдзіліся. (Гаспадар і Гаспадыня спяваюць беларускую народную песню “Каляды, калядкі”.)

Каляды, калядкі,
Везлі бліны і аладкі!
У маляваным вазочку,
На вараненькім канёчку!

Петрык. А, бачыш, напэўна, да нас завіталі? (Прыслухоўваюцца, з-за куліс даносяцца калядныя песні.)

Калядоўшчыкі.

Калядую, калядую,
Пад акном бядую,
Калядую, калядую,
Каўбасачку чую,
Калядую, калядую
I куццю смакую.
А ці добры гаспадар,
А ці гаспадыня,
Вы пусціце нас у двор,
Бо куцця астыне.

Гаспадар. Трэба ісці адчыняць дзверы. Петрык, ты шустрэйшы, хутчэй пускай гасцей, каб не пайшлі да другога двара.

Петрык. Я зараз.

Заходзіць першая група гасцей – у хату з прытанцоўкамі і той жа песняй, што спявалася пад акном, уваходзяць калядоўшчыкі.

1-ы калядоўшчык.

На каляды мы прыйшлі,
Мех вялізны прыняслі,

2-і калядоўшчык.

Каб вам нас пачаставаць,
Шмат чаго падараваць (стукаюць у дзверы).

Гаспадыня. Калі ласка, заходзьце, госці дарагія!

3-і калядоўшчык.

Добры вечар, шчодры вечар!
Ходзім, ходзім грамадой,
Усіх віншуем з Калядой!
Сеем, веем, рассяваем,
3 Калядою ўсіх вітаем. (Абсыпаюць прысутных зернем.)

4-ы калядоўшчык. Ці дома пан гаспадар?

Гаспадар. Як бачыце, дома. Дома, дома, каўбасу з печы дастае.

5-ы калядоўшчык. А пані гаспадыня?

Гаспадыня. Дома, дома, сталы прыбірае. А як жа, у такі вечар трэба дома сядзець, гасцей чакаць або самой ісці ды калядаваць.

1-ы калядоўшчык.

Сёння ў вашай хаце
Будзем весела скакаці.

2-і калядоўшчык.

Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму.

3-і калядоўшчык.

Нам не хочацца чакаць –
Загадай калядаваць.

Гаспадар і Гаспадыня. Калядуйце, любыя, калядуйце, даражэнькія.

Калядоўшчыкі спяваюць песню “Добры вечар, шчодры вечар”.

1-ы калядоўшчык. Мы віншуем вас са святам, шчасця вам, усяго багата.

2-і калядоўшчык. Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца.

3-і калядоўшчык. Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы.

4-ы калядоўшчык. Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі.

5-ы калядоўшчык. Каб козы мэкалі, а бараны бэкалі.

1-ы калядоўшчык. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва.

2-і калядоўшчык. Шчодрага вам лета, багатага хлеба.

3-і калядоўшчык. Сто год жывіце, дзетак расціце.

Гаспадыня. Дзякуй вам за добрыя словы!

4-ы калядоўшчык. Дзякуй у кішэню не пакладзеш!

5-ы калядоўшчык.

Дык ты ж, гаспадыня, не скупіся,
Хутчэй крышку шавяліся,

1-ы калядоўшчык.

Пакажы нам сваю ласку,
Пашукай для нас каўбаску!

2-і калядоўшчык.

Пахадзі ты каля печкі,
Пашукай нам перапечкі.

3-і калядоўшчык. А да гэтага ўсяго – гарачэйшага чаго.

Гаспадыня.

Ласы на чужыя прыпасы –
I на каўбасы трэба закрасы.
Калі каляду праспяваеце,
Тады пачастункі атрымаеце.

Усе калядоўшчыкі разам.

Мы прыйшлі спяваці, шчасця вам каваці.
Добры вечар, шчодры вечар.

Калядоўшчыкі спяваюць песню “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”.

Гаспадар і Гаспадыня. Дзякуем, дзякуем! Дзякуй вам за песню! Малайцы! (Гаспадыня кладзе калядоўшчыкам розныя прысмакі ў торбу.)

1-ы калядоўшчык. Каб доўгія гады жылі, каб здаровы былі і пра нас не забывалі.

2-і калядоўшчык. Каб вяліся свінні і авечкі, і вы жылі, як чалавечкі.

3-і калядоўшчык. Каб ніколі ў вас рукавок не быў за ручнічок.

4-ы калядоўшчык. Каб да лета дачакаліся, а зімою з Калядою сустракаліся.

Усе разам. Моцна кахайце, на гэтым бывайце.

Алёнка. Вось глядзіце, глядзіце! Яшчэ госці ідуць і казу вядуць.

Заходзіць другая група гасцей.

6-ы калядоўшчык. На тваім двары ўсе агні гараць!

7-ы калядоўшчык. Усе агні гараць, ды сталы стаяць!

8-ы калядоўшчык. Усе сталы стаяць пазасціланы.

9-ы калядоўшчык. Усе хлябы ляжаць павыпяканы.

Калядоўшчыкі (разам). Добры вечар вам! Ці рады вы нам?

Гаспадар. Мы рады, ды вы хто такія?

Калядоўшчыкі (разам). Мы людзі простыя, з далёкага краю.

Гаспадыня. Адкуль ідзяце?

10-ы калядоўшчык.

Ідзём мы ад пана Года,
Што носіць бараду
Шыроку, як лапата,
Сіву ды калмату.

6-ы калядоўшчык.

Ідзём круга света
Аж ад лета.
Мы ад лета ідзём,
Казу вядзём,
Шчасце нясём.

7-ы калядоўшчык. Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?

Гаспадыня. Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая, але за што вас частаваць? 3 чым вы прыйшлі, калядоўнічкі?

8-ы калядоўшчык.

Гаспадынечка-перапёлачка,
У цябе сырнікаў поўная полачка.
А ты нас частаваць будзеш?

Гаспадыня. Буду!

9-ы калядоўшчык. А мы цябе віншаваць будзем і са святам, і з Калядою, і з добрым здароўечкам.

10-ы калядоўшчык.

Добры вечар, шчодры вечар,
Твайму дому на ўвесь вечар.

6-ы калядоўшчык.

Павітай жа і нас –
Прынясі нам каўбас.
Пахадзі каля печкі,
Пашукай там перапечкі.

7-ы калядоўшчык.

Гаспадынька, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся.
Каб нажала сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта.

Усе госці.

Добры вечар, шчодры вечар,
Твайму дому на ўвесь вечар.

Гаспадыня.

Нешта доўга вы па сяле блукалі,
Пакуль да нас завіталі.

8-ы калядоўшчык. Мы прыйшлі да вас з казою шэраю, вясёлаю. Гэй-га, каза. Гэй-га, шэра!

9-ы калядоўшчык.

Ну-ка, козачка, павярніся,
Усім нам пакажыся. (Каза важна ходзіць па сцэне.)

Каза (кажа і адначасова паказвае).

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць.
Дзе прабягае, там вылягае.
Дзе каза рогам, там жыта стогам.

Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Дзе каза нагой, там жыта капой.
Дзе каза бывае, там шчасце вітае,
А дзе не бывае, шчасце мінае.

10-ы калядоўшчык.

Павярніся, каза, на капыцікі,
На крэпкія, на срэбныя.
Як пайшла каза па ўсім сяле,
Да знайшла каза гаспадынечку,
Гаспадыню добрую.

Калядоўшчыкі ўтвараюць кола. У цэнтры знаходзіцца каза. Калядоўшчыкі ходзяць і спяваюць песню “Го-го-го, каза”.

 

6-ы калядоўшчык.

Гаспадынечка-маліначка!
Нашай казе не шмат трэба:
Сем печ перапеч
I кусок сала,
Каб каза не ўпала.

7-ы калядоўшчык.

Го-го-го, каза, го-го-го, шэра!
Дзе ты хадзіла? Дзе ты блудзіла?

Каза.

А я хадзіла, а я блудзіла,
Па цёмных лясах, шырокіх лугах.
А ў ляску, ляску на жоўтым пяску
Я стамілася, павалілася. (Каза падае на бок і робіць выгляд, што памірае.)

Гаспадыня. Ай, ай, памерла каза. Божа ж мой.

Гаспадар. Каб не было бяды, цягні казу сюды.

8-ы калядоўшчык. У нас каза вучоная, любіць пачастункі, хоча падарункі.

Гаспадыня. Зараз, зараз. Так добра яна спявала, зарабіла пачастункі.

9-ы калядоўшчык. Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала!

10-ы калядоўшчык. А на кожны ражок павесіць піражок.

6-ы калядоўшчык. Паўмеркі жыта, каб каза была сыта.

7-ы калядоўшчык. Паўмеркі аўса, каб каза расла.

Гаспадыня.

Вось табе, каза, на правы рог вялікі пірог!
На другі рог – два кальцы каўбасы.
А на хвасточак – сала кусочак.

Каза падымаецца, матае галавой, дзякуе.

Каза. Ой, як я замарылася! Трэба адпачыць (ідзе ў куток).

Гаспадыня. А хіба ж ты забылася, Каза, чаго ад цябе ўсе чакаюць? Ты павінна зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным!

Каза. Добра, калі так, дам трошкі жыта для дабрабыту. (Ходзіць па зале, прыгаворвае і рассыпае жыта.)

Святкуем Калядкі – лавіце зярняткі,
Каб моцна грэла сонца – кіну ў аконца.
I вы, госцейкі, майце ўсяго даволі
А бяды – ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце!

Гаспадыня. Якая разумніца! Ідзі, я цябе пачастую. (Дае качан капусты, Каза кладзе ў мех, махае галавой і дзякуе:«Мэ-мэ-мэ!»)

8-ы калядоўшчык.

Ну, каза, закладай рогі
Ды падбірай ногі,
3 хаты выхадзі,
Бяду вывадзі.

9-ы калядоўшчык.

Хай уцячэ хутчэй
Ад людскіх вачэй
I ў гэтым дому
Не шкодзіць нікому.

Каза.

Трэба нам ужо ў дарогу
Ды да іншага парогу,
Добрых людзей віншаваць
Ды са святам прывітаць!..

Каза робіць выгляд, што выносіць з хаты ліха.

10-ы калядоўшчык.

Мы хадзілі, гулялі, калядавалі,
Прыйшлі, прыгулялі к гаспадарчаму сталу,
Гаспадар наш, бацюшка,
Пачастуй гасцей.

6-ы калядоўшчык.

3 клеці рэшатам, з печы – пірагом.
Падай каўбасу – у зубах панясу.

Гаспадар.

Але за што вас частаваць?
Трэба песню заспяваць.

Калядоўшчыкі спяваюць песню “Ой, калядачкі”.

 

Гаспадыня. Вось дык песняры, вось дык малайцы. Пасядзіце ў нас, пачастуйцеся. Усё ў нас ёсць – і квас, і каўбаска.

Калядоўшчыкі садзяцца за стол, частуюцца.

7-ы калядоўшчык. А ці будуць нам якія прысмакі?

Гаспадыня (выносіць мех). Вось вам мех адзін на ўсіх, ешце, спажывайце ды дабра нажывайце!

8-ы калядоўшчык. Каб нажалі сто капоў жыта, каб сям’я была сыта!

9-ы калядоўшчык. Каб скаціна вадзілася, каб пшаніца радзілася!

10-ы калядоўшчык. Жадаем вам здароўя, шчасця, каб не было нянасця!

6-ы калядоўшчык. Каб ваша хата была заўсёды багата!

Заходзіць трэцяя група гасцей. (Чуецца стук у дзверы. Петрык ідзе адчыняць. У хату ўваходзяць 6 дзяўчат і гарманіст).

1-я дзяўчына. Калядкі – добрыя святкі, але мароз пракляты.

2-я дзяўчына. Калядкі – добрыя святкі, бліны ды аладкі.

3-я дзяўчына. На Каляды іней – ураджай на хлеб, неба ў зорках – ураджай на гарох будзе.

4-я дзяўчына. На Каляды – каўбасы, на Вялікдзень – сыр, а ўсё чалавек сыт.

5-я дзяўчына. Шчодры Петрык, дай варэнік.

6-я дзяўчына. Кусок каўбаскі, дай другую, яшчэ пашчадрую.

Усе разам. Добры вечар, з Калядамі вас!

Гаспадыня. Добры вечар! Праходзьце, дзяўчаткі, далучайцеся.

Дзяўчаты (распранаюцца). Дзякуем. Дзякуем.

Гаспадыня. Давайце, госцейкі, заспяваем.

Госці і гаспадары выконваюць песню “Пайшла Каляда калядуючы”.

Гаспадыня. На Каляды ўсе варожаць. Давайце і мы паварожым.

1-я дзяўчына. Ці не будуць цётка з дзядзькам супраць, калі мы сёння паварожым, за каго замуж пойдзем?

Гаспадар. Вой, замуж яны сабраліся, вы ж яшчэ малыя, у рэшаце спіце!

2-я дзяўчына. Якія мы малыя, дзядзечка!

Гаспадар. Вой, белы свет, варажыце, варажыце, я ж жартам. Цешцеся, пакуль маладыя.

Дзяўчаты пачынаюць варажыць. Чуецца, як брэша сабака (загадваюць, хто ў які бок замуж пойдзе). Туфлямі перамяраюць хату. Дзве дзяўчыны (з іх адна гаспадыніна дачка) выходзяць па дровы, каб паваражыць. Тым часам астатнія змаўляюцца паставіць пад ложак місачку з вадой, трэсачкай, каб прысніўся суджаны. Пасля вяртаюцца дзяўчаты з дрывамі і таксама варожаць.

3-я дзяўчына. Сёння нанач, як вучыла мая мама, трэба ўмыцца, выцерціся новым ручніком і пакласці яго пад падушку. I прысніцца будучы муж, які будзе несці ў руках ручнік.

Дзяўчаты (дружна). Паварожым! Паварожым!

Гаспадыня. А мы нешта зусім на прыпеўкі забыліся.

Музыка, гучы хутчэй,
Праспяваем весялей.

Дзяўчыны па чарзе спяваюць прыпеўкі.

1-я дзяўчына.

На Калядках заспяваем,
Дарагія дзевачкі!
Гарманіст у нас прыгожы,
Грае нам прыпевачкі.

Алёнка.

Ці я ў мамкі не дачка,
Ці я не дачушка,
Хоць малая я расточкам,
Але ж весялушка.

2-я дзяўчына.

На гары стаіць бяроза,
Дробны ліст угору ўе.
Што за жонка ў Лявона,
Разгуляцца не дае.

3-я дзяўчына.

Ой, бяда, бяда, бяда,
Хлопцаў з’ела машкара,
Толькі тыя засталіся,
Што парфумай паліліся.

5-я дзяўчына.

Не судзіце, мужыкі,
Не судзіце, цёткі,
Беражыце языкі
Дочкам на падмёткі.

6-я дзяўчына.

Пагарэлі хамуты,
Хай гараць і лямцы,
Як такі з цябе танцор,
Лепш сядзець на лаўцы.

Петрык.

Не глядзіце на дзяўчат,
Што ў дзяўчат за брошкі.
А вазьміце паглядзіце,
Ці памыты ножкі.

Усе дзяўчыны.

Мы прыпеўкі вам спявалі,
А вы нас паслухалі.
Ну, а зараз вас папросім,
Каб вы нам пахлопалі.

Гаспадар.

Сёння тут на нашым свяце
Трэба добра паскакаці!
Свята, свята Каляда,
Весялей цябе няма.

Дзяўчаты па чарзе цягнуць гаспадыню за падол.

1-я дзяўчына. Я ў цябе, цётухна, каўбасу чую!

2-я дзяўчына. Дай, цётухна, каўбасу, бо я хату растрасу.

3-я дзяўчына. Дай, цётка, пірог, я пайду за парог.

4-я дзяўчына. Вазьмі нажа вострага…

5-я дзяўчына. Адрэж сала тоўстага.

Гаспадыня. Не, не дам. Мала спявалі, мала скакалі.

6-я дзяўчына. Можна і паскакаць.

Гаспадыня.

Божа ж мой, здаецца штосьці,
Што паснулі нашы госці?!
Не паснулі, госцейкі? (Не.)
Ну, тады…

Грайце полечку, музыкі,
Хай паскачуць чаравікі.

Усе танцуюць беларускі народны танец “Полька”.

1-я дзяўчына. Засядзеліся мы ў вас, дарагія гаспадары.

2-я дзяўчына. А цяпер трэба разыходзіцца, ужо нават і першыя пеўні пачнуць хутка спяваць.

3-я дзяўчына. Збожжа поўны клеці, павагу на свеце.

4-я дзяўчына. I ўсяго даволі, і бяды ніколі.

5-я дзяўчына. А прыйшлі мы ў заможную хату, што на бліны і каўбасы багата.

6-я дзяўчына. Гаспадар зусім не лянівы, гаспадыня – з ім проста шчасліва.

1-я дзяўчына. I сынок – вясёлы і жвавы, ён у працы – таксама рухавы.

2-я дзяўчына. Гаспадар наш і шчыры, і шчодры, гаспадыню мы ведаем добрай.

3-я дзяўчына. А сынок – сумленны, праўдзівы, і яго дачакаецца ніва.

4-я дзяўчына. I палі, і лугі, сенажаці, хай памножыцца шчасце ў хаце!

5-я дзяўчына. А вы здаровы бывайце ды праз год нас чакайце.

6-я дзяўчына. Шчасця ды долі, а гора ніколі!

Калядны гурт завяршае свята. Выходзяць усе калядоўшчыкі і вядучыя.

 

1-ы вядучы.

Паехала Каляда з канца ў канец!
На Каляды калядуйце!
Піць і есці не шкадуйце!

2-і вядучы.

Шчадруйце, шаноўныя!
Жывіце год да ста так!
Хай едзе ў вашы двары прыбытак і дастатак!

1-ы калядоўшчык.

3 песняй шчыраю калядуем мы
У святую ноч пад шатром зімы.

2-і калядоўшчык.

Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.

3-і калядоўшчык.

Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана – прыдбаецца.

4-ы калядоўшчык.

Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плён,
Многа радасці, светлых дзён.

Каза.

Дзякуем вам за добры прыём,
Цераз лета і восень зноў к вам прыдзём.

5-ы калядоўшчык.

Давайце ж свой край павітаем
I дружна яму пажадаем
Светлае долі, спеўнае мовы,

6-ы калядоўшчык.

Каб жылося і вялося
Ды ўсё добрае збылося.

7-ы калядоўшчык.

Добры вечар, шчодры вечар!
Добрым людзям на здароўе!

8-ы калядоўшчык.

У калядны шчодры вечар
Усім вам шчасця і здароўя.

Гаспадар і гаспадыня (да калядоўшчыкаў). Вялікі вам дзякуй, калядоўшчыкі! Мы вам жадаем…

Алёнка і Петрык (хорам):

Каб шчасліва жылі,
Заўжды вясёлыя былі,
Кожны год калядавалі,
Людзей добрых віншавалі!

Разам. Усяго вам добрага. Да сустрэчы!

 

Калядныя песні і прыпеўкі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий