STEM-мерапрыемства “Мы Калядкі сустракаем”

- 11:00Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Метадычная распрацоўка разлічана на вучняў 2-4-х класаў пры правядзенні пазакласных м ерапрыемстваў, факультатыўных заняткаў, заняткаў па інтарэсах.У ходзе мерапрыемства выкарыстоўваюцца элементы STEM-тэхналогій сродкамі некалькіх вучэбных прадметаў.

Ніна ЛЯШОНАК,
настаўнік інфарматыкі
ДУА ”Карабоўская сярэдняя школа
Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна”,
Віцебская вобласць

 

 

 

 

 

 

Мэта: фарміраванне ўяўлення малодшых школьнікаў пра традыцыі беларускага народа праз выкарыстанне STEM-тэхналогій.

Задачы:

– актуалізаваць і паглыбіць веды вучняў пра традыцыі святкавання Калядаў;
– павысіць матывацыю да вынаходніцтва і канструявання мадэлей з выкарыстаннем розных тэхналогій;
– спрыяць фарміраванню вылічальных, камунікацыйных навыкаў, умення працаваць у камандзе;
– садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей, ініцыятыўнасці, выхаванню паважлівых адносін да культурнай спадчыны беларусаў, настойлівасці ў дасягненні мэты.

Абсталяванне: канструктары Lego Wedo 2.0, ноўтбукі, мультымедыйнае абсталяванне, карткі з заданнямі, лісты паперы, нажніцы, клей, касцюмы герояў, зорачкі, калядная зорка.

 

Ход мерапрыемства

Гаспадыня 1. Прывітанне, паважаныя сябры! Мы запрашаем вас на святкі-калядкі.

Гаспадыня 2. Здаўна ў святкі праходзілі самыя вясёлыя гулянні з калядкамі, песнямі, забавамі і святочнымі прысмакамі.

Гаспадыня 3. Каляда – свята, звязанае з зімовым сонцастаяннем. Зімовае сонцастаянне – гэта перыяд, калі ў паўночным паўшар’і Зямлі назіраецца самы кароткі дзень. І асаблівай традыцыяй святак з’яўляецца калядаванне. Хлопцы і дзяўчаты ходзяць па хатах з каляднай зоркай, спяваюць святочныя песні, а гаспадары ў адказ частуюць іх рознымі прысмакамі. Лічыцца, што, калі гаспадар скупы, то год у гэтай хаце будзе галодны.

Гаспадыня 1. Дзеці, а вы хацелі б, каб да нас завіталі калядоўшчыкі? Давайце паклічам Каляду.

Усе разам. Каляда, Каляда! Прыйдзі да нас хутчэй!

 

Стук ў дзверы.

 

Гаспадыня 1. Калі ласка, запрашаем!

 

Уваходзяць калядоўшчыкі, гучыць святочная музыка.

 

Каза. Мір вашаму дому!

Гаспадыня 1. З мірам сустракаем!

Конь. 

Добры дзень добрым людзям!
Хай вясёлым свята будзе!

Певень. 

Вас віншуем з Калядой,
Каб не знацца вам з бядой!

Каза. 

Хай мінаюць вас напасці,
Хай у доме будзе шчасце!

Гаспадыня 1. Дзякуй вялікі. Але, каб пачастункі вам прыняць, трэба дзетак пазабаўляць.

Каза. Абавязкова. Галоўнае, каб яны справіліся з нашымі заданнямі.

 

Калядоўшчыкі загадваюць дзецям загадкі (Дадатак 1). За кожную адгадку дзеці атрымліваюць зорачку.

 

Гаспадыня 1. Цудоўна. Я падрыхтавала для вас пачастункі. (Гаспадыня адорвае калядоўшчыкаў рознымі гасцінцамі).

Калядоўшчыкі. Дзякуй, гаспадынька.

Хай гора абходзіць старонкаю хату,
Хай з песняй жывецца вам лёгка, багата!

Гаспадыня 1. Дзякуй! А зараз я завяду вас, паважаныя калядоўшчыкі, яшчэ ў адну хату.

 

Калядоўшчыкаў сустракае другая гаспадыня.

 

Гаспадыня 2. 

Жывём дружна, пачываем,
Калядоўшчыкаў сустракаем!

Каза. 

Дзе каза рогам, там жыта стогам,
Дзе каза бачком, там жыта мяшком!

Гаспадыня 2. Ой, дзякуй, козачка, дзякуй. Будзем чакаць добрага ўраджаю.

Каза. Пачакай дзякуй гаварыць, трэба яшчэ задачкі рашыць.

Гаспадыня 2. А ці спраўлюся я з вашымі задачкамі? Дзеткі, вы мне дапаможаце?

Дзеці. Чым можам, дапаможам. Давай, Каза, свае задачкі.

 

Гаспадыня дзеліць дзяцей на дзве каманды, а Каза раздае ім карткі з заданнямі (Дадатак 2). За кожны правільны адказ дзеці атрымліваюць зорачку.

 

Гаспадыня 2. Ой, малайцы, калядоўшчыкі, цікавыя прыдумалі задачкі! За гэта я падрыхтавала вам розныя прысмакі: цукеркі ды булкі з макам.

Калядоўшчыкі. 

Дзякуй, гаспадынька.
Каб здаровы вы былі,
Шмат гадоў жылі,
Урадзіла каб пшаніца,
На стале заўсёды быў пірог!
Лёгкіх вам дарог!
Усе задачы парашалі,
Шмат чаго накалядавалі.
Трэба нам дамоў спяшацца.

Гаспадыня 2. Але пачакайце, не дужа спяшайцеся. Яшчэ трэцюю гаспадыню вітайце.

Каза. Нам вельмі прыемна, што нас так прыветліва сустракаюць.

Гаспадыня 3. 

Рада гасцей я вітаць,
Буду гасцей частаваць.
Але трэба трошкі пачакаць.
Дзетачкі нашы прадэманструюць,
Як яны ўмеюць канструяваць.

Каза. Вось як! Нам вельмі цікава!

Гаспадыня 3. Запрашаем вас у цудоўную майстэрню канструявання і робататэхнікі. Нашы дзеткі падрыхтавалі для вас свае мадэлі. Гэтыя мадэлі незвычайныя! Паважаныя калядоўшчыкі, каго яны вам нагадваюць?

Каза. Глядзіце! Дык гэта ж мы!

Гаспадыня 3. Так, гэта мадэлі казы, каня і пеўня. І ўсе яны прыехалі на вялікіх сучасных санях. Вось якія цуды адбываюцца ў нашай майстэрні!

 

Гаспадыня дзеліць дзяцей на дзве каманды. Адна каманда стварае з паперы калядную зорку, другая каманда з дапамогай дэталей канструктара Lego Wedo 2.0 стварае мадэлі калядоўшчыкаў і сані. Калядоўшчыкі назіраюць за працай дзяцей. (Мадэлі каня, казы, пеўня, зайца і саней сканструяваны.)

 Калядная зорка з паперы замацоўваецца ў сані. Калядоўшчыкі спяваюць святочную песню “Каляда”.

 

Калядоўшчыкі. Сапраўды, цуд! Вы, дзеці, малайцы! Аж нам захацелася заняцца канструяваннем. (Кожны ўдзельнік атрымлівае зорачку).

Жадаем шчаслівага Новага года,
Добрай прыгоды.
Хай збудзецца ўсё,
Што ў вас на прымеце,
Хай паважаюць бацькоў іх дзеці.

Гаспадыня. Дзякуй! А зараз, паважаныя калядоўшчыкі, прыміце ад нас пачастункі. А вы, дзеткі, вазьміце ў рукі зорачкі і загадайце свае жаданні. Яны ў вас абавязкова спраўдзяцца. Да новых сустрэч!

 

Дадатак 1

Загадкі

Не агонь, а пячэ. (Мароз)

Без рук, без ног, а маляваць умее. (Мароз)

Зімой грэе, вясной тлее, летам памірае, увосень ажывае. (Снег)

Ляцелі шэрыя гусі, накідалі белага пуху. (Хмары, снег)

Гуляе ў полі, але не конь, лётае ў полі, але не птушка. (Завіруха)

Не каштоўны камень, а свеціцца. (Лёд)

Вось ляціць яна, кружыць, лятае, сядзе на нос і адразу знікае. (Сняжынка)

Патрэсла свае пярынкі – у небе кружацца сняжынкі … (Зіма)

Улетку адпачывалі: снежную пару чакалі, а дачакаліся зімы – пакацілі з гары. (Санкі)

У новай сцяне, у круглым вакне ўдзень шыба разбіта, за ноч пастаўлена. (Палонка)

 

Дадатак 2

Матэматычныя задачы

У каляндарным годзе 365 дзён. Восеньскія канікулы доўжацца 9 дзён, зімовыя – 15 дзён, вясновыя – 8 дзён, летнія – 92 дні. Колькі каляндарных дзён школьнікі вучацца? (Адказ: 241 дзень)

Колькі поўных дзён пройдзе, калі стрэлка, якая абазначае гадзіны, зробіць 37 поўных абаротаў? (Адказ: 18 дзён)

Калядоўшчыкі накалядавалі 24 кг пшаніцы, 35 кг жыта, а ячменю столькі кілаграм, колькі пшаніцы і жыта разам. Колькі ўсяго кілаграм зерня накалядавалі калядоўшчыкі? (Адказ: 118 кілаграм)

Для прыгатавання аднаго святочнага пірага неабходна 6 яек. Колькі яек патрэбна для прыгатавання 9 такіх пірагоў? (Адказ: 54 яйкі)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий