Нейрагімнастыка на вучэбных занятках. Практыкаванні для фізкультхвілінкі

- 13:05Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

Нейрагімнастыка паляпшае памяць і ўвагау, рэакцыя аднаўлення інфармацыі становіцца хутчэйшай, павялічваецца працаздольнасць і прадуктыўнасць мозгу.

Наталля АНІШЧАНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя
школа № 2 г. Нароўлі імя І.М.Шаўрэя”,
Гомельская вобласць

 

 

Неяк, “гуляючы на прасторах інтэрнэту”, сутыкнулася з паняццем “нейрагімнастыка”. Мяне ўразілі вынікі такой гімнастыкі: навукоўцы сцвярджалі, што паляпшаецца памяць, увага, рэакцыя аднаўлення інфармацыі становіцца хутчэйшай, працаздольнасць і прадуктыўнасць мозгу павялічваецца.

Што ж гэта такое “нейрагімнастыка”? Гэта рухальныя практыкаванні, накіраваныя на актывацыю тонусу кары галаўнога мозгу, на нармалізацыю работы сувязей кары з яе падкоркавымі структурамі. Іншымі словамі – гэта гімнастыка для мозгу.

Працуючы ў 5-м класе, разумею, што структура ўрока павінна быць максімальна прыбліжана да структуры ўрока 4-га класа. І фізкультхвілінкі ніхто не адмяняў. Але, як паказвае практыка, дзеці ўжо не з такім задавальненнем іх робяць.

Існуюць розныя групы практыкаванняў, якія можна выкарыстоўваць падчас заняткаў: практыкаванні для дыхання, для рук, вачэй, для паслаблення і напружання, простыя практыкаванні на каардынацыю.

Паразважаўшы і прагледзеўшы шэраг відэа па тэме нейрагімнастыкі, я вырашыла прымяніць гэта на вучэбных занятках беларускай мовы і літаратуры ў 5-м класе менавіта як практыкаванні для рук.

Галоўны аспект нейрагімнастыкі заключаецца ў адначасовай сінхроннай рабоце абедзвюх рук, калі кожная выконвае сваё заданне. Менавіта такія практыкаванні і трэніруюць мозг, узгадняючы работу абодвух паўшар’яў.

Вось якія практыкаванні мы разам з дзецьмі выконваем у якасці фізкультхвілінкі:

– Сагні правую руку ў локці, зацісні кулак. Левую руку пастаў перпендыкулярна. На лік “раз” – “два” памяняй рукі месцамі. Раю выконваць практыкаванне не менш за 10 разоў.

– Левая далонь кверху, выцягваем указальны і сярэдні палец. На іх кладзём указальны палец другой рукі. Потым мяняем рукі месцамі. Выконваем да 10 разоў.

– Практыкаванне “Нос – вуха”: па чарзе хапаемся адной рукой за вуха, другой – за нос, потым мяняем рукі. Калі гэта практыкаванне атрымліваецца лёгка, то можна ўскладніць плясканнем далоней.

– “Далонь – рабро – кулак”. Дзве рукі на слова “далонь” кладзём на стол далонню ўніз, на слова “рабро” ставім далонь на стол так, каб яна стаяла, на слова “кулак” сціскаем далонь у кулак. Гэта практыкаванне трэба рабіць з паскарэннем.

 

Як паказала практыка, дзецям вельмі спадабалася нейрагімнастыка. І нават на наступных ўроках некаторыя вучні прыдумалі ўжо свае практыкаванні, а ўвесь клас з задавальненнем выконваў ужо і іншыя заданні.

Выкарыстоўваючы гэтыя простыя практыкаванні дзеці пятага класа лягчэй і хутчэй прайшлі працэс адаптацыі; мы своечасова знімаем нервовае напружанне, фарміруем навык самакантролю, развіваем каардынацыю і пільнасць.

А вось тут вы зможаце паглядзець, як мы выконваем нашы незвычайныя практыкаванні: https://youtu.be/d_XvtaDVUEY.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий