Як замовы дапамагаюць у жыцці людзей. Даследчая работа па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”

- 15:08II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Праекты, Методичка

 

Кацярына ГУЛЬБА, навучэнка 9-га класа,
Таццяна ГАЛАВАЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

УВОДЗІНЫ

Вусная народная творчасць – важнейшая частка духоўнай культуры народа, якая надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным бытаванні, адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці, у развіцці літаратуры і мастацтва; яна плённа ўплывае і сёння на працэсы нацыянальнага адраджэння. Беларускі народ склаў вялікую колькасць прыказак, легенд, загадак, песень. Да шматлікіх і разнастайных жанраў народнай творчасці адносяцца і замовы, даследаванню якіх прысвячаецца гэта работа.

Аб’ект даследавання: замовы.

Прадмет даследавання: тэксты замоў як самы старажытны жанр вуснай народнай творчасці, які захаваўся ў вёсках азёркаўскага краю.

Мэта даследавання: пазнаёміцца з асаблівасцямі і тэматычнай класіфікацыяй замоў навакольных вёсак азёркаўскага краю.

Задачы даследавання:

– пазнаёміцца з матэрыяламі, якія ўтрымліваць інфармацыю пра асаблівасці беларускіх замоў;
– выявіць спецыфіку кампазіцыйнай структуры замоў і іх элементаў;
– правесці сацыялагічнае апытванне з мэтай высвятлення асноўнай тэматыкі замоў вёсак азёркаўскага краю, а таксама даведацца, якая частка насельніцтва ў сучасны час звяртаецца да замоў;
– распрацаваць тэматычную класіфікацыю замоў вёсак азёркаўскага краю.

Гіпотэза даследавання: сучасныя замовы ўяўляюць сабой сістэматызаваныя міні-тэксты, якія можна ўмоўна раздзяліць на канкрэтныя структурна-семантычныя тыпы і даследаваць іх лексіка-стылістычныя асаблівасці на сучасным этапе функцыянавання.

Як вядома, замоўныя тэксты з’яўляюцца адным з самых архаічных жанраў абрадавага фальклору. Аднак і па сённяшні дзень многіх даследчыкаў цікавяць пытанні, звязаныя з асноўнымі тэрміналагічнымі паняццямі, якія тычацца замоўных тэкстаў, з гістарыяграфіяй замоўнага жанру, а таксама праблемы вызначэння аб’ёму паняццяў “замова” або “замоўны матыў”, пытанні вызначэння функцыі замоўных матываў, іх структуры і семантыкі структурных кампанентаў, сістэма вобразнасці. Такое значнае кола да канца не вырашаных пытанняў, якія тычацца тэкстаў-замоў, і абумоўлівае актуальнасць работы.

У даследаванні для вырашэння пастаўленых задач былі выкарыстаны тэарэтычныя і эмпірычныя метады.

Матэрыялам для работы сталі:

– сацыялагічнае апытванне, праведзенае сярод жыхароў вёсак азёркаўскага краю па тэме работы;
– тэксты замоў як самы старажытны жанр вуснай народнай творчасці, што ўвабраў у сябе на працягу некалькіх стагоддзяў адметнае светасузіранне і светаўспрыманне;
– навукова-папулярныя літаратурныя крыніцы пра асаблівасці беларускіх замоў.

 

ГЛАВА I. СТАНАЎЛЕННЕ І ПРЫМЕТЫ ЗАМОЎНАГА ЖАНРУ

1.1 Паняцце і асаблівасці замоў як фальклорнага жанру. Гісторыя замоўнага жанру

З даўніх часоў слова ў жыцці чалавека іграла немалаважную ролю. Слова шанавалі і слова баяліся. Стагоддзямі людзі імкнуліся знайсці ідэальныя словы, пры дапамозе якіх можна было б уплываць на чалавека і на прыроду. І такія тэксты ствараліся. Менавіта замовы – найбольш архаічны і найменш зменлівы жанр вуснай народнай творчасці, заснаваны на веры ў магічную сілу слова. Разгледзець, у чым магічнасць слова, гэта значыць зразумець, як менавіта і чаму словам мы можам уздзейнічаць на свет.

Звернемся да аднаго з самых старажытных жанраў фальклору – замовы. Што такое замова? “Замова – гэта своеасаблівая славесная формула, якая, паводле прымхлівых уяўленняў мае магічную сілу, здольная абавязкова ўздзейнічаць у пажаданым кірунку на знешні свет”. У народзе замовы яшчэ называюць загаворамі, нагаворамі, шэптамі.

У мінулым замовы былі шырока распаўсюджаны ў побыце і мелі чыста ўтылітарнае значэнне: з дапамогай слова, магічнага дзеяння ператварыць жаданае ў рэальнасць, падобным выклікаць падобнае.

Першабытныя людзі думалі, што з усёю прыродаю можна размаўляць, як і з іншым жывым стварэннем. I ці то з просьбамі, ці то з пагрозамі ды загадамі звяртаўся чалавек да розных прыродных сіл і з’яў. Як да жывых, падобных сабе істот, звяртаўся ён да сонца, месяца і зорак, да зямелькі, вады і агню, да вятроў і хмар, каб яны рабілі тое, што было яму патрэбна. Замовы пераходзілі з вуснаў у вусны, з роду ў род.

Замовы як абрадавы від вуснай народнай творчасці – самабытная з’ява нацыянальнай мастацка-эстэтычнай і духоўнай культуры. Яны з’яўляюцца адным з самых архаічных жанраў і таму захавалі, як адзначае расійская даследчыца Т.Тапарова, “… відавочныя прыкметы язычніцкага светапогляду, якія выражаюцца перш за ўсё ў звароце чалавека да сіл прыроды, каб дабіцца…” жадаемага выніку [14, с. 102].

Сістэматычнае вывучэнне замоў пачынаецца з канца ХІХ стагоддзя. У гісторыі збірання, публікацыі і тэарэтычнага асэнсавання твораў замоўнага жанру можна вылучыць некалькі перыядаў.

Спробу манаграфічнага вывучэння твораў замоўнага жанру здзейсніў Я.Карскі ў працы “Белорусы” (т. 3, 1916) [8]. Аўтар адзначыў, што “перавага павінна быць аддадзена тым творам, у якіх адзнак старажытнага светасузірання большасць”, а паколькі на пачатковым этапе развіцця чалавек “меў непасрэдныя адносіны да розных сіл і з’яў прыроды і імкнуўся так ці інакш накіроўваць іх да сваёй карысці”, то “такое светасузіранне выражаецца ў замовах” [8, с. 172–173].

На пачатку ХХ стагоддзя М.Вінаградаў спрабаваў выявіць праблемы, з якімі сутыкаюцца збіральнікі замоў і сярод аб’ектыўных прычын, па якіх “запісаць замову зараз цяжка” [5, с. 3], вылучаў наступныя: “Перш за ўсё саміх замоў стала менш. У вельмі многіх мясцовасцях … з развіццём адукаванасці і павелічэннем колькасці школ, зусім знікла вера ў цудадзейную сілу замовы. Патроху перамерлі прадстаўнікі старога пакалення – усе гэтыя “калдуны”, “ведуны”, “варажцы”… Разам з калдунамі зніклі і іх замовы, нагаворы і прыгаворы”.

Такім чынам, для першага перыяду ў гісторыі збірання і вывучэння замоў (1890–1916 гг.) характэрна інтэнсіўнасць працэсу назапашвання і публікацыі твораў замоўнага жанру. Была зроблена спроба класіфікацыі і характарыстыкі замоў і як фальклорнага жанру, і як сродку народнай медыцыны.

Другі перыяд у вывучэнні замоў прадстаўлены працамі (з’явіліся ў 60–70-я гады ХХ стагоддзя) П.Ахрыменкі, К.Кабашнікава, М.Грынблата, М.Янкоўскага, якія характарызуюцца навукова-метадычным падыходам у асэнсаванні замоўнага жанру, што дазволіла аўтарам прааналізаваць замовы найперш з пункту гледжання іх жанравай спецыфікі.

Канец ХХ – пачатак ХХІ стагоддзя – перыяд, які характарызуецца адраджэннем цікавасці да жанру замоў. Спробу аналізу замоўнай творчасці робіць Л.Салавей у артыкуле “Замовы ў працах беларускіх народазнаўцаў”, даследаванню паэтыкі беларускіх замоў, іх гукавой арганізацыі і вобразнага свету прысвечана дысертацыйная праца М.Кудрашовай “Паэтыка беларускіх замоў. Вобразны свет. Гукавая арганізацыя тэксту”.

Такім чынам, трэці этап у гісторыі збірання і вывучэння твораў замоўнага жанру вызначаецца адраджэннем цікавасці да замоў і паглыбленасцю тэарэтычнага асэнсавання ў розных аспектах.

1.2 Тэматычна-функцыянальная класіфікацыя замоў

Спецыяльных даследаванняў, якія былі б прысвечаны класіфікацыі і характарыстыцы асобных замоўных матываў, у айчыннай фалькларыстыцы не праводзілася. Да разгляду замоўных матываў звярталіся расійскія даследчыкі. Т.Агапкіна, напрыклад, вылучае спецыяльныя, міжфункцыянальныя матывы, што “дазваляе ў дэталях убачыць сюжэтны склад кожнай функцыянальнай групы палескіх замоў” [11, с. 19], прапануе аб’яднаць некалькі матываў. Вылучаецца некалькі вялікіх груп, у якія ўключаюцца творы, блізкія па сваёй агульнай накіраванасці, але размеркаваныя па асобных падраздзелах у залежнасці ад канкрэтнай прызначанасці.

Першая група – засцерагальныя замовы. Другая вялікая група ўключае ў сябе ўсе творы лекавага характару: ад розных хвароб, на забеспячэнне здароўя. I апошняя група – гэта замовы, звязаныя з сямейным і грамадскім бытам. Сярод замоў, звязаных з грамадскімі і сямейнымі адносінамі, апрача любоўных, бытавала нямала твораў на ўмацаванне сямейнага шчасця, захаванне кахання мужа і жонкі, дзяўчыны і хлопца, абарону ад благіх людзей, поспех у салдацкай службе, у судзе і інш.

Для замоў характэрны такі пачатак, у якім аднаўляецца своеасаблівая структура свету. Да прыкладу, замова ад дзяцінца (ад пярэпалаху, спуду дзіцяці) пачынаецца так: «Першым разам, лепшым часам, у чыстым полі стаіць явар зялёны, пад тым яварам – камень муровы. На тым камені стаіць царкоўка…» або «На моры на акіяне, на востраве Буяне ляжыць камень, на тым камені сядзела Прасвята Багародзіца…». Ахоўныя замовы, як і многія іншыя, нярэдка залежалі ад непасрэднага загаду чараўніка пэўным варожым сілам не шкодзіць чалавеку.

Замову ад дзіцячых хвароб прамаўляла маці дзіцяці, або баба-павітуха, ці спецыяльна запрошаная суседка, або знахарка. Вымаўленне лекавых замоў суправаджалася масажам, элементамі гіпнозу. Хвораму давалі піць “нагавораную” ваду, зелле, раілі выконваць тыя ці іншыя правілы ці прытрымлівацца забароны. Нескладанымі замовамі ад бародавак, ад удару і крывацёку, пры сустрэчы з ваўком або змяёю і да т. п. валодаў кожны чалавек.

Прамаўленне тэкстаў старажытных малітваў выглядала як рытуал. Вельмі важна было, хто і якім чынам агучваў замову, а таксама абставіны, пры якіх усё дзеялася. Прысутнічала ў замовах і магічная сімволіка лічбаў. Тэкст паўтараўся тры разы, дзевяць, дванаццаць…

Мэты выкарыстання замоў шырокія. Яны адыгрывалі значную ролю ў народнай медыцыне, у любоўных, бытавых і грамадскіх адносінах. Нярэдка іх роля зводзілася да ірацыянальных метадаў уздзеяння на навакольны сусвет.

Такім чынам, у сакральных тэкстах замоў адлюстроўваецца гарманічны і напоўнены годнасцю светапогляд нашага народа-творцы, пачцівыя адносіны да прыродных стыхій і магічнае ўз’яднанне з імі, глыбіня шматвяковых духоўных пошукаў. Чытаючы замовы, мы мімаволі адчуваем магутную і выдатную душу нашых продкаў, якая размаўляе з намі з далёкіх тысячагоддзяў.

Пры даследаванні тэматычнай разнастайнасці замоў было ўстаноўлена, што сярод іх вылучаюцца: “белыя” (прамаўляюцца “бабкамі”, “шаптухамі”, у іх структуры ўтрымоўваецца малітвенны ўступ і зварот да святых) і “чорныя” (прамаўляюцца чараўнікамі, у іх структуры адсутнічае малітвенны ўступ і чароўны пачатак). Значна пераважае першая група, што сведчыць аб актыўным функцыянаванні гэтага жанру, накіраванага на дасягненне станоўчых вынікаў.

 

ГЛАВА II. АСАБЛІВАСЦІ СУЧАСНЫХ ЗАМОЎНЫХ ТЭКСТАЎ

2.1 Лексіка-стылістычныя асаблівасці сучасных замоў

Агульнавядома, што ў фальклоры нічога няма выпадковага. Гэта тым больш адносіцца да замовы, дзе прадумана не толькі пабудова, але і кожны жэст, кожнае слова, кожны прадмет, якія суправаджаюць гэтае акцыянальна-вярбальна-рэальнае дзейства.

Перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу той факт, што персанажы замовы зводзяцца да некалькіх тыпаў, па сутнасці тут толькі злёгку вар’іруюцца адны і тыя ж вобразы. Сярод вобразаў-памочнікаў часцей сустракаюцца Божая Маці, Бог, анёлы, святыя; сярод ворагаў – антрапаморфныя выявы хвароб, злыя людзі, д’ябальскія сілы і г.д.

Касмаганічныя вобразы (зоркі, зара-зараніца, Сонца, Месяц – “маладзік маладой”) часта прысутнічаюць у замовах Зоркі, Зара, Сонца, Месяц – гэта боствы, што жылі на Небе. Адначасова з сакралізацыяй неба, зямлі, зорак з’явіўся і культ вады. Нездарма ў замове “Ад усіх балезней” побач з небам, зямлёй, зоркамі згадваецца і вобраз вады.

Незвычайнымі ўласцівасцямі народная фантазія надзяляла і прадметы жывой і нежывой прыроды. Незвычайнымі якасцямі, на думку далёкіх продкаў, валодалі многія дрэвы, расліны (дуб, бяроза, явар, каліна, крапіва і г.д.). Важнае значэнне ў лекавай практыцы набываў і спосаб нарыхтоўкі зёлак: некаторыя трэба было збіраць на Купалле, у некаторых выпадках асобна агаворваўся нават час сутак, фаза Месяца і іншыя акалічнасці. У нашым выпадку крапіву трэба было рваць падчас навальніцы. Вялікая роля надавалася часу і месцу прамаўлення замовы. Аўторак і чацвер лічыліся мужчынскімі днямі. Аўторак – дзень Стрыбога [9]. У адрозненне ад гэтага, пятніца і нядзеля ўяўляліся ў жаночым выглядзе.

Месца прамаўлення замоў таксама не было выпадковым. Звычайна выбіраліся сакральныя мясціны: на покуце, перад печчу, на парозе і інш. Адным з магічных элементаў, які павялічвае сілу ўздзеяння на замаўляючы аб’ект, з’яўляецца лік. Лічбы не толькі дапаўняюць тэкст, але і арганізуюць яго ў якасці эфектыўнага рытуалу. У культурнай традыцыі славян магічнымі лічбамі лічыліся 3, 7, 9, 12 і г.д. Найбольш моцным сярод іх з’яўляецца тройка, якая сімвалізавала сабой гармонію, што дае неба, зямля, вада – тры жыццяродныя стыхіі. “Тройка валодае значнасцю акумуліраванага дзеяння, бо адзін або два разы могуць быць супадзеннем, але тры разы даюць упэўненасць у сілу…” [3].

2.2 Традыцыйныя і новыя носьбіты магічнай практыкі

Большасць вясковых жанчын ведаюць замовы і практыкуюць пры адносна лёгкім недамаганні, дзіцячых хваробах, пры гаспадарчых патрэбах. У складаных выпадках звяртаюцца да народных лекараў. Побач з жаночай традыцыяй замаўлення існавала і мужчынская, але сёння замовамі карыстаюцца пераважна жанчыны старэйшага пакалення. Практычна ў кожнай вёсцы раней была ці яшчэ ёсць свая лекарка, што дапамагае пры розных захворваннях, якія, на думку яе пацыентаў, не вылечваюцца афіцыйнай медыцынай.

Было ўстаноўлена, што чалавека, надзеленага здольнасцю дапамагаць людзям, на Мастоўшчыне называюць “бабка”, “шаптуха”, больш вядомае па ўсёй Беларусі азначэнне “знахар”, “знахарка” (чалавек з пэўнай здольнасцю лячыць людзей, жывёлу, здольны ахоўваць ад варажбы i сурокаў, прадказваць будучыню, валодае звышнатуральнымi, магiчнымi ведамi, выконвае магiчныя рытуальныя дзеяннi).

Лічыцца, што знахар стаяў у адным радзе з чарадзеямi, ведзьмакамi, але знахар не кантактаваў з нячыстай сiлай. У сваёй рабоце ён выкарыстоўваў сiлу замовы i малiтвы, лекавыя травы, каранi, сiлу i энергетыку вады, i iншыя магiчныя рэчы, надзеленыя ў культуры сакральнасцю.

Знахар заўсёды насiў крыж на целе i хрысцiўся перад тым, як пачаць сваю справу.

Знахар павiнен быў дапамагчы чалавеку адолець розныя захворваннi фiзiчнага кшталту, дапамагаць жанчынам пры родах, але асноўнай яго задачай было супрацьстаянне такiм энергетычным праявам цёмных сiл, як сурокi. Знахары паспяхова лячылi псiхiчныя захворваннi: перапалохi, эпiлепсiю і г.д.

Да знахараў заўсёды былi дваiстыя адносiны. З аднаго боку, да iх заўсёды прыходзiлi з надзеяй на выратаванне, звярталiся па дапамогу ў час засухi цi, наадварот, працяглых дажджоў, у iх прасiлi дапамогi ў каханнi i сямейным шчасцi. З другога боку, у народзе лiчылi, што таксама, як i ведзьмакі, знахары не абыходзяцца без падтрымкi нячыстай сiлы. Гэтаму iснаваў i свой доказ: знахар заўсёды цяжка i ў пакутах памiраў, калi не мог перадаць “веды”, якiмi валодаў.

Лiчылася, што веды такога кшталту перадаюцца нашчадкам: ад дзеда бацьку, ад бацькi сыну, унуку i г.д. У той жа час у народзе лiчылася, што знахарствам пры жаданнi можна авалодаць, як i любой iншай справай.

Лепшымi знахаркамi лiчылi “чыстых” жанчын, сталых жанчын, удоў, а таксама тых, хто нарадзiўся ў панядзелак цi пасля смерцi бацькi.

Знахары, пасля выканання пэўных магiчных дзеянняў, маглi дакладна паказаць на рабаўнiка цi злодзея.

Пры дапамозе знахароў змагалiся з заломамi на жытнёвым полi, ахоўвалi хатнюю жывёлу ад эпiдэмii i мору.

Каб выканаць тыя цi iншыя рытуальныя дзеяннi, знахары выбiралi спрыяльны час: напрыклад, суботу – “як субота заканчвае тыдзень, так i хвароба закончыцца”; стан месяца на небе: усход цi захад сонца. У той жа час строга прытрымлiвалiся правiла не займацца “такой” справай у пост i вялiкiя царкоўныя i народныя святы.

Акрамя гэтага, выбiралi месца правядзення абраду. Часцей за ўсё гэта было месца каля вады, ручая, калодзежа, на скрыжаваннi шляхоў, там, дзе не будуць хадзiць людзi i свойская жывёла.

Адметна і тое, што тэрміны “замова”, “загавор” у многіх вёсках адносяцца да чараўніцтва, лекавыя ж тэксты называюць “малітвамі”, з чым не згодна царква і адносіць знахарства да грахоўнага занятку.

Чым жа адрозніваюцца замовы ад малітвы? Калі ў замовах таксама звяртаюцца да Бога, Божай Маці, святых, то ці можна гэта лічыць малітвай? Ці можна карыстацца замовамі з добрай мэтай?

Замова – слоўная формула, якая мае, па забабонных паданнях, цудадзейную ўласцівасць уплываць на натуральны ход падзей. Замова – звычайная прыналежнасць магіі, адрозніваецца ад малітвы тым, што сіла яе складаецца не ў Богу, а ў словах, якія вымаўляюцца ведзьмаком. Замова звычайна не мае твару, да якога звяртаецца, часта з’яўляецца бяссэнсавым наборам слоў. Часам замова маскіруецца пад царкоўныя малітвы, але ў замове чалавек звяртаецца не да літасці Божай, не да Багародзіцы і святых лісліўцаў, а спадзяецца толькі на сілу ўласных слоў.

У наш час цікавасць да замоў не знікае. Кожны чалавек вольны выбіраць для сябе сам: добра гэта для яго або дрэнна ў аспекце іншых наяўных сёння метадаў лячэння з дапамогай народных лекараў, ведзьмакоў, экстрасэнсаў.

2.3 Тэматыка і структура замоў, сабраных у вёсках азёркаўскага краю

Хто з нас не чуў ад бацькоў або бабуль такі выраз, як “Соль табе ў вочы, галавешка ў зубы”? Вельмі ёмістае і запамінальнае выслоўе, вымаўленае ў хвіліны абурэння, непаразумення, крыўды. А вось што гэтыя словы з’яўляюцца пэўнай формулай, якой нашыя далёкія продкі надавалі магічны сэнс, многія нават і не здагадваюцца. Тым не менш, прыведзены вышэй прыклад – скарочаная форма замовы ад сурокаў. У некаторых мясцінах Беларусі яна гучала так: “Соль у вочы ад суроцы, дзяркач у зубы, гаршчок – паміж шчок, клубок нітак – паміж лытак”. Такое словазлучэнне не з рэпертуару асобных знаўцаў, яго павінна была ведаць і практыкавала кожная гаспадыня. Яшчэ больш, такую замову неабавязкова было нават вымаўляць. Каб засцерагчыся ад непрыязнага ці занадта надакучлівага пагляду, дастаткова прамовіць яе ў думках.

Дык што ж за з’ява такая – замова, у чым яе сакрэт і магія?

Разабрацца ў няпростым для нашай культуры пытанні часткова дапамагла нам праведзеная экспедыцыя, якая была наладжана членамі школьнага аб’яднання па інтарэсах “Этнаграфічны гурток “Спадчына” па навакольных вёсках былога Азёркаўскага сельскага савета. Падчас экспедыцыі нам пашчасціла сустрэцца з жыхарамі як старэйшага ўзросту, так і сярэдняга, і маладога.

Для таго каб вызначыць тэматыку замоў, былі сабраны замовы сярод жыхароў вёсак, людзей, якія выкарыстоўвалі замовы раней у паўсядзённым жыцці і па меры неабходнасці карыстаюцца і цяпер. Было запісана 17 замоў. Асаблівасцю матэрыялу з’яўляецца тое, што ён сабраны не ад вядомых шаптуноў з іх багатым матэрыялам, а ад самых звычайных бабуль, якія ведаюць заўсёды некалькі магічных прыёмаў на “ўсякі жыццёвы выпадак”, што засвойваліся паступова ў жыццёвай практыцы.

Вылучаецца некалькі вялікіх груп, у якія ўключаюцца творы, блізкія па сваёй агульнай накіраванасці, але размеркаваныя па асобных падраздзелах у залежнасці ад канкрэтнай прызначанасці.

Першая група – засцерагальныя замовы. Сярод гэтых замоў сустракаюцца цікавыя ўзоры, скіраваныя супраць розных пагрозлівых для чалавека персаніфікацый – злых духаў, нячыстай сілы, ведзьмароў, чараўнікоў і інш. Другая вялікая група ўключае ў сябе ўсе творы лекавага характару: ад розных хвароб, на забеспячэнне здароўя. I апошняя група – гэта замовы, звязаныя з сямейным і грамадскім бытам. Сярод замоў, звязаных з грамадскімі і сямейнымі адносінамі, апрача любоўных, бытавала нямала твораў на ўмацаванне сямейнага шчасця, захаванне кахання мужа і жонкі, дзяўчыны і хлопца, абарону ад благіх людзей, поспех у салдацкай службе, у судзе і інш.

Па колькасці лекавыя замовы пераважаюць сярод іншых, яны складаюць 53%. На нашу думку, тлумачыцца гэта перш за ўсё недастатковай медыцынскай дапамогай і неэфектыўным лячэннем некаторых хвароб. У адчаі людзі звярталіся да лекараў, якія карысталіся і замовамі, і сродкамі народнай медыцыны (травамі, націраннямі, псіхічным унушэннем і інш.).

Прыведзеныя намі нешматлікія прыклады, зразумела, не дазваляюць нават у агульных рысах раскрыць тэматычную разнастайнасць, адлюстраванне ў іх светапогляду народа, міфалагічных уяўленняў, якія захаваліся ў іх змесце, уплыў хрысціянскай рэлігіі, прычыны жывучасці. Яшчэ ў XIX ст. этнолагі і фалькларысты прадказвалі непазбежнае хуткае знікненне замоў, а яны жывуць у народзе і зараз і, як гэта не парадаксальна, часам дапамагаюць дзякуючы веры ў магічную сілу слова, у яго гіпнатычнае і псіхалагічнае ўздзеянне. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла вобразная каларытная мова замоў, мастацкая дасканаласць пераважнай большасці іх, эмацыянальнасць выканання.

Тэматычная разнастайнасць замоў вёсак азёркаўскага краю прыведзена ў табліцы (Дадатак 3).

Замовы вёсак азёркаўскага краю ўяўляюць сабой даволі неаднародны склад, ад невялікіх заклінальных формульных тэкстаў да разгорнутых эпічных структур. На прыкладзе сабраных і запісаных намі замоў разгледзім будову гэтых магічных тэкстаў.

Нягледзячы на разнастайнасць магічных тэкстаў, замовы маюць некаторыя агульныя формулы. Так, у большасці з іх (прымяняльна да класічнай лекавай замовы) можна вылучыць малітоўны ўступ, наратыўную частку і канцавую формулу, ці закрэпку. Самым частотным выступае малітоўны зварот да вышэйшых хрысціянскіх персанажаў з просьбаю дапамагчы ў выздараўленні. Напрыклад: “Госпадзі, прыступі, і памагі” або “Прэсвятая Божая Маці, памажы…”

Як бачна з прыкладаў замоў, абсалютнае колькаснае першынство займае вобраз Божай Маці. У шэраг хрысціянскіх святых у ролі сакральных памочнікаў уваходзяць святыя Мікалай, Юрый, Пётр, Ілля, нярэдкі абагульнены вобраз анёлаў, святых продкаў. Да спецыфікі замоў вёсак азёркаўскага краю адносіцца з’яўленне міфічнага стральца, які выбівае хваробу. Функцыі магічнага стральца могуць прыпісвацца і хрысціянскімі персанажамі. Напрыклад, у вёсцы Вялікія Азёркі, Тумашы – гэта вобраз анёла.

Канцавыя формулы, так званыя закрэпкі, у большасці выпадкаў уяўляюць сабою звароты на дапамогу да хрысціянскіх персанажаў, імкненне яшчэ раз заручыцца падтрымкай. Замовы маюць малітвенную канцоўку “Амінь”.

Усе замовы дзеляцца на групы: замова з дзеяннямі і абрадамі і замова без абрадаў. Дзеянні і абрады былі вельмі разнастайныя. Намаўлялі на розныя прадметы: соль, мыла, бялізну, ваду, ежу, зброю, віно і інш.

Амаль на ўсе выпадкі былі спецыяльна вызначаныя замовы і дзеянні, якія іх суправаджалі. Найбольшаю папулярнасцю і павагай карысталіся і карыстаюцца змовы, якія маюць медычную мэту і часта змешчаны ў лячэбніках і траўніках. Прамаўляліся замовы спачатку зычным голасам, а потым, асабліва лячэбныя замовы – «шэптам”.

Якая ж частка насельніцтва на сучасным этапе звяртаецца да гэтага старажытнага жанру? Было праведзена сацыялагічнае апытанне сярод насельніцтва вёсак азёркаўскага краю (удзельнічала 70 чалавек, сярод іх 25 навучэнцаў установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”, 45 чалавек – жыхары вёсак азёркаўскага краю, сярэдняга і больш старэйшага ўзросту) з мэтай высвятлення, наколькі гэты від вуснай народнай творчасці яшчэ дзейнічае на сучасным этапе сярод моладзі і больш старэйшай часткі насельніцтва. Як паказала апытанне, замовамі карыстаецца больш старэйшае пакаленне (з 45 апытаных чалавек высветлілася, што 12 чалавек звяртаюцца ў асноўным да лячэбных замоў, 33 чалавекі не звярталіся да замоў, прычым 12 чалавек лічаць гэта грахом, а астатнія 21 чалавек проста не вераць у моц магічных слоў). Сярод моладзі гэты від вуснай народнай творчасці амаль што невядомы (толькі 4 чалавекі звярталіся да замоў і ў асноўным, звязаных з каханнем, так званых прысушак, 21 чалавек ніколі не звярталіся да замоў і адносяцца да гэтага з нейкай іроніяй). Матэрыялы апытання былі апрацаваны і прадстаўляюцца ў рабоце ў выглядзе табліцы і дыяграм. У апрацаваным матэрыяле высветлілася, што 23% людзей звяртаецца да замоў і 77% не карыстаецца магічным словам (Дадаткі 1, 2).

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Традыцыйная магічная спадчына беларусаў, як і адпаведна спадчына іншых народаў, з’яўляецца важным раздзелам духоўнай культуры, звязаная з рознымі крытычнымі момантамі ў жыцці асобнага чалавека, сям’і, гаспадаркі. Багатая і разнастайная, яна паказвае змаганне нашых продкаў са шматлікімі негатыўнымі з’явамі, што ўскладнялі іх жыццё. Магічная дзейнасць у хрысціянскім грамадстве была забаронена, ніколі не ўхвалялася, а часам і праследавалася. Але ўсё ж яна працягвала традыцыі язычніцкіх часоў. Вербальныя тэксты – замовы паказваюць, што ў свядомасці народа язычніцкая і хрысціянская сакральнасць не супярэчылі адна адной, а толькі дапаўнялі і ўзмацнялі дзейснасць магічнай чыннасці.

Запатрабаваная ўсімі слаямі грамадства, а найперш сацыяльнымі нізамі, старажытная магія захавалася ў жыцці насуперак каласальным зменам, што адбываліся ў свеце на працягу мінулага тысячагоддзя.

Такім чынам, традыцыйная магія, уключаючы дзеянні, сродкі, атрыбуты, вербальныя тэксты, выступае як звычайны фальклорны жанр, якім у рознай ступені дасканаласці і паўнаты валодае кожны, што характэрна таксама і для іншых фальклорных жанраў – казак, песень, паданняў. Гэта азначае, што ўся магічная спадчына ўяўляе для нас вялікую каштоўнасць, прыадчыняючы дзверы ў свет уяўленняў, спадзяванняў, клопатаў нашых далёкіх продкаў, набліжаючы іх да нас, робячы іх больш зразумелымі, больш лагічнымі ў нашых вачах, вартымі большай павагі.

Багацце беларускай міфалагічнай спадчыны сведчыць аб тым, што нашы продкі не былі пасіўнымі людзьмі, не скарыліся любым лёсу. Яны змагаліся, супрацьпастаўляючы негатыўным праявам сваю волю, верылі ў моц сакральнага слова, дзеяння, якімі можна ўсё паправіць, аздаравіць, прывесці да нормы.

З дадзенай работы можна меркаваць аб захаванасці гэтага старажытнага жанру народнай творчасці, яго пашыранасці і дзейнасці ў нашы дні. Відаць, што далёка не ўсё з традыцыйнай спадчыны закінута і забыта. Шмат архаічнага, змястоўнага, цэласнага яшчэ захоўваецца ў памяці беларусаў, а таксама маіх землякоў, людзей сярэдняга і старэйшага пакалення.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Барташэвіч, Г.А. Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляд. і маст. асновы замоў / Г.А.Барташэвіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 128 с.
2 Богданович, А.Е. Пережитки древняго миросозерцания у белоруссовъ: этнографический очерк / А.Е.Богданович. – Гродна : Губернская Типография, 1895. – 186 с.
3 Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С.Санько, Т.Валодзіна, У.Васілевіч [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.
4 Валодзіна т. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў / Т.Валодзіна. – Мінск : Тэхналогія.
5 Виноградов, Н.Н. Заговоры, обереги, спасительные молитвы и проч. / Н.Н.Виноградов // Живая старина, 1907. – № 1. – с. 3–24.
6 Довнар-Запольский, М. Чародейство в Северо-Западном крае в XVII–XVIII вв.: Историко-этнографический этюд / М.Довнар-Запольский // Этнографическое обозрение. – 1890. – № 2. – с. 49–72.
7 Замовы /уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. і камент. Г.А. Барташэвіч; рэдкал.: А.С.Фядосік (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – 597 с.
8 Карскі, Я. Беларусы / Я.Карскі // уклад. і камент. С.Гараніна і Л.Ляўшун; навук. рэд. А.Мальдзіс; прадм. Я.Янушкевіча і К.Цвіркі. – Мн. : Беларускі кнігазбор, 2001. – 640 с. [8] с.: іл.
9 Коваль У.І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: Даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі. – Гомель : Беларускае Агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. – 180 с.
10 Левкиевская Е.Е. Из словаря “Славянские древности”. Железо // Славяноведение. – 1997. – № 6.
11 Полесские заговоры (в записях 1970–1990 гг.) / сост., подготовка текстов и коммент. Т.А.Агапкиной [и др.]. – М. : Индрик, 2003. – 752 с.
12 Романов, Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Заговоры, апокрифы и духовные стихи. – Витебск, 1891.
13 Славянская мифология. Энциклопедический словарь. – М. : Эллис Лак, 1995. – 416 с.
14 Топорова, Т.В. Др.-англ. Erce, eorpan modor – русск. Мать сыра земля / Т.В.Топорова // Заговорный текст. Генезис и структура. – М. : Индрик, 2005. – с. 102–111.

16 Шапарова Н.С. Краткая энциклопедия славянской мифологии: Ок. 1000 статей / Н.С.Шапарова. – М., 2003. – 624 с.
17 Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края: в 3-х т. / П.В.Шейн. – Санкт-Петербург : Типография императорской академии наук, 1887. – т. 1. – 585 с.; 1893. – т. 2. – 715 с.

 

Дадатак 1

Сацыялагічнае апытанне

Апытанне сярод насельніцтва

Удзельнічала

Звяртаюцца
да замоў

Не звяртаюцца
да замоў

Усяго

70

   

Моладзь

25

4

21

Пакаленне сярэдняга і старэйшага ўзросту

45

12

33

 

Дадатак 2

Апытанне сярод моладзі

 

Апытанне сярод людзей старэйшага пакалення

 

Дадатак 3

Тэматычная класіфікацыя замоў

Тэматычна-функцыянальная класіфікацыя

Змест замоў

1. Засцерагальныя замовы

1. Ад грому
Святы Ілля прарок

Нанёс аблок.
Стукучы, грымучы,
Ідзе дожджык капучы.
Не стучы і не грымі,
Маю сямейку абнясі.
(М.Махамет, вёска Тумашы).
2. Ад буры
Святы Спас, спасі нас, Езус Хрыстос, памілуй нас.

Ішла Матка Боска не з цветамі, а з Божымі свечамі хмару супыняці.
(А.Шуцінская, вёска. Вялікія Азёркі).
3. Загавор у дарогу
Ангела сустрэну.

Хрыстос на шляху.
Мікалай Чудатворац,
Дарогу асвяці.
А маці Боска
Ідзі ўперадзе.
Тваю рабыню (імя)
Храні і спасі.
Амінь. (В.Крэўчык, вёска Малыя Азёркі).

2. Лячэбныя замовы

Ад дзіцячых хвароб:
1. Цераз калінавы мост ішлі сонцавы дочкі.

Ідуць, судочаюцца з Божае Маці.
— Куды вы, сонцавы дочкі?
— Ідземо да галубочка.
— Не йдзі да галубочка,
А йдзіце да сыночка (імя) сон запрашаць. Амінь.
(А.Шкуда, вёска. Букштава).
Ад рожы
2.Першым разам, добрым часам, вячэрняй зоркай, добрай парой. Госпаду Богу памалюся, прычыстай Маці пакланюся са словам, а Бог з дапамогай.

Рожа-рожыца, красная дзявіца, адкуль ты ўзялася?
Ці з уроку ці з прыстрэлу, ці дзявочая, ці жаночая? Пасылаю цябе на жоўтыя пяскі, на сухія лясы, на сінія моры. У мяккіх падушках там табе гуляць, піць, скакаць, а ў рабы Божай (імя) не бываць.
(В.Крэўчык, вёска Малыя Азёркі).
Ад розных хвароб:
3. Аврам пахаў поле, сам Гасподзь Бог засяваў,

Святы Ілля паліваў.
А Божа Матка ўсякае зелечка-кветачкі збірала,
Ад рабы Божай (імя) усякія хваробы адганяла. Амінь
(А.Васілеўская, вёска Вялікія Азёркі).
4. Даць хвораму патрымаць у роце кавалачак цукру, а затым выкінуць яго сказаўшы: “Як выкідваю гэты цукар, так няхай і хвароба адкідаецца”.
(А.Васілеўская, вёска Вялікія Азёркі).
5. Дзе сонца на ўсходзе,
Там балезнь праходзе.
Дзе зара ападае,
Там балезнь прападае.
(М.Махамет, вёска Тумашы).
6. Госпада Бога прашу, каб Гасподзь мне памог, святая прычыстая Ілля, святая прычыстая Пятро. Святая Прычыстая ішла, воду нясла, вадой пакрапіла. Удар, увіх, увярод, каб Гасподзь мне ўсяму цельцу памог.
(А.Шкуда, вёска Букштава).
На добрыя роды
7. Госпаду Богу памялюся, Прачыстай матцы пакланюся. Ішоў Гасподзь Бог Ісус Хрыстос з нябес, за ім Прачыстая матка ішла, у правай руцэ залатыя ключы нясла. Сустракае Гасподзь Бог Iсус Хрыстос з нябёс:

– Куды ты, маць Прачыстая, ідзеш?
– Іду я парадніцу адведаці і младзенца з жывата выпускаці. Ці ты ж, младзенец ці младзенка – пара табе з жывата выхадзіці, парадніцы кроў разліці. Прашу я цябе, Прачыстая маць, к сабе на помач з сваёй правай рукою.
(А.Васілеўская, вёска Вялікія Азёркі).
8. Чараз поле чыстае, чараз мора быстрае шла маць Прачыстая. Там яна траўку рвала, вадзіцу брала, рабу божую Ганну ўсё цела падмывала і ў мора спускала. Як па мору вадзіца разыходзіцца, так штоб у рабы божай Ганны косці разыходзіліся. Я не знаю, сам Гасподзь Бог знае і нам памагае. Я з словам – Гасподзь з помаччу і Святым Духам.
(Г.Горная, вёска Малыя Азёркі).

3. Замовы, звязаныя з сямейным
і грамадскім бытам

Каб гаспадарка была паспяховая
1. Святы Юрый, святы Мікола,

Як на небе месяц красны,
Каб у мяне ў хазяйстве было красна.
Як на небе месяц поўны,
Каб у мяне ў хазяйстве было так поўна.
(В.Крэўчык, вёска Малыя Азёркі).
На грошы
2. Пайсці ў лес, знайсці там мурашнік, кінуць туды грошы і сказаць: “Як у гэтай кучы мурашак вядзецца, хай так і грошы ў мяне вядуцца”.

(А.Васілеўская, вёска Вялікія Азёркі).
Каб што задумана атрымалася
3. Як гэты вузел завязаны, так бы і ў цябе, рабы Божай (імя), справа, якую ты задумала, хутка атрымалася. 

(Л.Сліж, вёска Сліжы Падграбельныя).
Каб з’явіўся жаніх
4. Святая Пакрованька,

Пакрый мне галованьку
Веленам ці вянцом,
Хлопчыкам ці ўдаўцом.
(А.Васілеўская, вёска Вялікія Азёркі).
Ад разлучніцы
5. Ранкам устае сонца краснае, а як ноч месяц ясны. Сонца краснае і месяц ясны ніколі не сустракаюцца, абодва разам ніколі не з’яўляюцца. Так і суджаны мой няхай з (імя разлучніцы) не сустракаецца, Ніколі з ёй не злюбіцца. Як сказала так і збудзецца.

(Л.Сліж, вёска Сліжы Падграбельныя).

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий