Я.Брыль “Урокі пані Мар’і”. Настаўнікі Даніка Мальца. Урок беларускай літаратуры ў 7-м класе

- 13:37БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Канспект урока па беларускай літаратуры ў 7-м класе з прымяненнем эфектыўных даследчых прыёмаў.

Галіна ЛЯВОН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Я.Брыль “Урокі пані Мар’і”. Настаўнікі Даніка Мальца.

Колькасць гадзін у тэме: 4.

Месца ўрока ў вывучаемай тэме: трэці ўрок.

Тып урока: урок замацавання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў.

Мэта: фарміраваць даследчыя ўменні вучняў шляхам аналізу ўрыўка “Урокі пані Мар’і” праз павобразны аналіз настаўнікаў Даніка, вызначэнне ролі кожнага дарослага чалавека ў яго выхаванні і адукацыі; праз выказванне ўласных адносін да сваіх настаўнікаў і выкарыстанне атрыманых ведаў у практычнай дзейнасці.

Задачы

Навучальная: мяркуецца, што вучань будзе

– умець аналізаваць вобраз настаўніка на аснове прапанаваных ілюстрацый;
– даваць параўнальную характарыстыку настаўнікам Даніка;
– вызначаць ролю кожнага настаўніка ў жыцці героя твора;
– складаць інфармацыйную табліцу.

Развіццёвая: на аснове вывучанага матэрыялу і выканання навучальных задач фарміраваць уменні аналізаваць і супастаўляць, рабіць высновы, фармуляваць думкі, развіваць культуру маўлення.

Выхаваўчая: выхоўваць пачуццё адказнасці за свой выбар, за вынікі сваёй працы, ствараць сітуацыі для выхавання культуры індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці, павагі і любові да настаўнікаў, выхоўваць патрыятызм і нацыянальную самасвядомасць.

Абсталяванне: падручнік беларускай літаратуры для 7-га класа, мультымедыйная ўстаноўка, дыдактычны матэрыял, ацэначныя лісты (Дадатак), аснова для інфармацыйнай табліцы.

Тэхналогія: элементы даследчай дзейнасці, праблемнага навучання, ІКТ, крытычнага мыслення.

 

Ход урока

1 Арыенціровачна-матывацыйны этап

1.1 Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою

– Добры дзень! Я вельмі рада ўбачыць прыветлівыя вочы і ўсмешкі ўсіх, хто знаходзіцца ў гэтым класе.

Звярніце ўвагу на вашы парты. Што вы там бачыце? (Кляновыя лісты і яблыкі.) Чаму яны тут? З чым гэта звязана? (Адказы вучняў). Зрабіце вывад.

– Мы працягваем з вамі вывучаць урывак з аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб” “Урокі пані Мар’і”. Напішыце, калі ласка, на лістах, чаго вы чакаеце ад урока, вашы пажаданні. У канцы ўрока мы звернемся да іх, вызначым, ці спраўдзіліся вашы надзеі, і “апранем” наша дрэва пажаданняў, якое пакуль што не мае лісточкаў. Ну а яблыкі атрымае той, хто будзе добра працаваць на ўроку.

– У вас на партах ляжаць ацэначныя лісты, дзе кожны з вас будзе адзначаць, на якім этапе вы адказвалі, і аснова для інфармацыйнай табліцы, якую мы будзем запаўняць на працягу ўрока.

1.2 Вызначэнне тэмы ўрока

Для таго каб вызначыць тэму, мы разгадаем крыжаванку https://learningapps.org/watch?v=pbibxgfzj23

1. Назавіце імя галоўнага героя аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб”.
2. Як Палуянавы хлопцы называлі маці Даніка?
3. Назавіце імя маці Даніка.
4. Што падпісалі жыхары вёскі Галынка, каб дзеці вучыліся на роднай мове?
5. Што купіў Данік за залатоўку?
6. Якую мянушку далі вучні пану Дулембу?
7. Які падарунак атрымаў Данік ад пані Мар’і?
8. Назавіце імя дзеда, з якім Данік пасвіў статак?
9. Як звалі старэйшага сябра Даніка?

– Якое ключавое слова ў нас атрымалася? (Настаўнік)

– Ці правільна напісана слова “настаўнік”?

– Чаму ў гэтым слове неабходна пісаць літару “Ў”?

– Тэма ўрока “Настаўнікі Даніка Мальца”. (Дзеці запісваюць тэму ўрока ў сшыткі па беларускай літаратуры).

1.3 Эпіграф

Стаяць ля маладых гадоў,
Ля чалавечага дзяцінства –
Вялікі гонар, светлы доўг
Настаўніцтва і мацярынства.
                                 В. Таўлай

– Як вы разумееце гэтыя радкі? (Вялікі гонар быць настаўнікам.)

1.4 Гіпотэза: кожны настаўнік, які працуе ў школе, з’яўляецца сапраўдным настаўнікам.

Мы павінны пацвердзіць або абвергнуць гэту гіпотэзу.

1.5 Мэтавызначэнне

Ведаю

Хачу даведацца

Даведаўся

Хто такі Данік
Яго знешні выгляд
Мянушкі Даніка
Як звалі настаўнікаў Даніка ў школе

Ахарактарызую настаўнікаў
Вызначу іх тры галоўныя рысы характару
Пацверджу гіпотэзу

 

1.6 Пастаноўка праблемнага пытання

Растлумачце, чаму так…

Меркаванні вучняў

 

2 Аперацыйна-пазнавальны этап

2.1 Работа з ілюстрацыямі (змешчаны на дошцы)

– Не знойдзеш чалавека, у лёсе якога не адыграў бы пэўнай ролі настаўнік. За вучнёўскай партай пачынаецца свядомае жыццё кожнага. Таму на шляху Даніка сустрэлася шмат настаўнікаў. І кожны паўплываў на яго далейшы лёс. Наша юная мастачка праводзіла міні-даследаванне: праз малюнак патрэбна было адлюстраваць характар настаўнікаў Даніка.

          

Вучні дзеляцца першасным успрыманнем вобразаў настаўнікаў, уражаннем ад убачанага, звяртаюцца да праблемнага пытання.

2.2 Пабудзем даследчыкамі (праца ў групах)

Заданне: Ахарактарызаваць настаўнікаў згодна прапанаванай табліцы. Вызначыць ролю кожнага ў фарміраванні светапогляду Даніка.

– Заданне 1-й групе: Хто такі Мікола Кужалевіч? Як яны пасябравалі з Данікам? Вызначце яго грамадзянскую пазіцыю? Вызначце асноўныя рысы характару Міколы. Што пасеяў у душы Даніка Мікола Кужалевіч?

– Заданне 2-й групе: Апішыце знешні выгляд настаўніцы. Хто яна па нацыянальнасці? Якімі былі ўрокі настаўніцы? Як яна адносілася да дзяцей? Чаму на падарунку зрабіла надпіс на польскай мове? Вызначце асноўныя рысы характару пані Мар’і.

– Заданне 3-й групе: Што аб’ядноўвае пана Цабу і пана Дулембу, панну Рузю? Хто яны па паходжанні. Як адносяцца да дзяцей? Назавіце іх рысы характару. Апішыце іх знешні выгляд.

 

Фізкультхвілінка

А зараз, дзеці, хутка ўсталі,
Рукі ўверх паднялі.
Пацягнуліся, сонцу ўсміхнуліся.
Промні засвяцілі – рукі апусцілі,
Павярнуліся ўлева, павярнуліся ўправа,
Ціха селі зноў за справу.

 

Агучванне работы груп, астатнія запаўняюць табліцу з пропускамі. (Тут пададзена ўжо поўнасцю запоўненая табліца)

Герой

Знешні выгляд

Нацыяналь-насць

Сацыяльнае паходжанне

Грамадзянская пазіцыя

Рысы характару

Мікола Кужалевіч

Малады хлопец

беларус

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і

Змагаецца за вызваленне беларускага народа ад палякаў, не хоча польскай школы і патрабуе адкрыць беларускую

Смелы,
мужны,
змагар за правы,
сапраўдны беларус,
разумны

Пані Мар’я

Мілы прыгожы твар, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, пад польку астрыжаных валасоў

палячка

З беднай польскай сям’і, вучылася ў рускай гімназіі. Самастойна вучыла беларускую мову. Мае двух дзяцей: Ванду і Адася

Верыць, што беларускія дзеці не менш здольныя, чым польскія, імкнецца пераканаць, што і палякі бываюць розныя

Добрая,
вясёлая,
прыгожая,
любіць вучняў,
спачувае вучням,
другая мама,
любімая настаўніца

Пан Цаба

Не дае знешняй характарыстыкі

беларус

З багатай заходнебеларускай сям’і. У Нясвіжы вучыўся па-руску. Працуе ў польскай школе

У панскую скуру палез…
панскі падліза…
запрадаўся з душой і Міколу прадаў

гаворыць няпраўду,
не паляк,
забыўся на беларускасць

Панна Рузя

Худая, крыклівая, вучыць нецікава і нудна

палячка

Магчыма паходзіць з заможнай польскай сям’і

Не любіць дзяцей, пагардліва ставіцца да дзяцей бедных беларусаў. Мянушка “дзеўка ў розуме”. Адзнакі запісвае ў тоўсты блакнот, які хавае ў чорную сумачку, любімая адзнака – “тры з мінусам”

Лаецца,
абражае дзяцей

Пан Дулемба

Нагадвае павука

паляк

Няма звестак пра паходжанне

Абзывае дзяцей, здзекуецца з іх, размяжоўвае іх на паляк – не паляк, багатая сям’я –бедная сям’я

толькі крычыць,
павук

 

3 Рэфлексійна-ацэначны этап

3.1 Зварот да праблемнага пытання. Адказы дзяцей

3.2 Лінгвістычны калейдаскоп

– Вы, дзеці, ужо вучні 7-га класа, вы кожны дзень ходзіце ў школу, кожныя 45 мінут сустракаецеся з новым настаўнікам. А хто ж такі настаўнік? (Дзеці карыстаюцца карткамі і зачытваюць значэнні слова “настаўнік”.)

– Настаўнік – слова мнагазначнае. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы дае наступныя яго значэнні.
1. Той, хто выкладае ў школе, а таксама наогул асоба, якая вучыць чаму-небудзь. 2. Той, хто наогул з’яўляецца натхняльнікам, хто кіруе, вучыць чаму-небудзь. 3. Той, хто дапамагае каму-небудзь асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі.

– У якім значэнні слова настаўнік выкарыстана Я.Брылём у аповесці? (другі варыянт: той, хто наогул з’яўляецца натхняльнікам, хто кіруе, вучыць чаму-небудзь).

– Чаму? (Мікола – сябар Даніка).

– А хто яшчэ можа быць настаўнікам?

3.3 Выступленні вучняў з міні-даследаваннямі

– А зараз мы з вамі паслухаем вынікі апераджальных міні-даследаванняў па тэме.

1. Мой першы настаўнік – мая маці.
2. Настаўнік – Ісус Хрыстос.
3. Вобраз настаўніка ў вершах паэта.

– А чаму настаўнікі вучаць вас, сучасных вучняў? Якім, на вашу думку, павінен быць сапраўдны настаўнік?

– Складзіце сінквейн да слова настаўнік.

Назоўнік                Настаўнік
2 прыметнікі         Высокаадукаваны, таленавіты, адказны
3 дзеясловы           Вучыць, выхоўваць, слухаць
Сказ                       Аднолькава адносіцца да ўсіх вучняў
Сінонім                  Педагог (выкладчык)

3.4 Падвядзенне вынікаў. Каменціраванне і выстаўленне адзнак

– Ці справіліся з пастаўленымі мэтамі?
– Што даведаліся?
– Ці пацвердзілася наша гіпотэза?

3.5 Дамашняе заданне

Стварыць вуснае выказванне “Урокі, якія я атрымаў ад настаўнікаў Даніка”.

3.6 Рэфлексія

– Звярніцеся да кляновых лісткоў, агучце свае пажаданні. Ці спраўдзіліся яны?

– Упрыгожце дрэва на дошцы.

– А яблыкамі пачастуйцеся ўсе, бо ўсе добра працавалі на ўроку. Дзякуй вам за працу на ўроку. У вашым жыцці таксама будуць сустракацца розныя настаўнікі: сапраўдныя і наадварот. Жадаю вам, каб побач з вамі былі толькі такія настаўнікі, як пані Мар’я.

 

 

Дадатак

Ацэначны ліст

Заданне

Адзнака аб выкананні

1

Крыжаванка

 

2

Эпіграф

 

3

Гіпотэза

 

4

Мэтавызначэнне

 

5

Праблемнае пытанне

 

6

Работа з ілюстрацыямі

 

7

Работа ў групах

 

8

Лексічная работа

 

9

Апераджальнае заданне

 

10

Сінквейн

 

11

Падвядзенне вынікаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий