Літаратурна-музычная праграма “Магутнае слова, роднае слова!” да Міжнароднага Дня роднай мовы

- 9:04Воспитательная работа, Методичка

Музычна-гульнявая праграма праводзіцца ў межах тэматычнай класнай гадзіны, ці да Міжнароднага дня роднай мовы для вучняў VІІ–VІІІ класаў.

 

Марына ВЫСОЦКАЯ
настаўнік музыкі
ДУА
Старадварэцкая базавая школаБераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць,

 

 

Мэта: папулярызацыя беларускага слова.

Задачы:

– раскрыць прыгажосць беларускага слова;
– узбагаціць слоўнікавы запас вучняў;
– развіваць творчыя здольнасці ў паэтычным чытанні і музычным выкананні, уменне працаваць у камандзе;
– выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы і культуры.

Умовы правядзення: музычна-гульнявая праграма праводзіцца ў межах тэматычнай класнай гадзіны, ці да Міжнароднага дня роднай мовы для вучняў VІІ–VІІІ класаў.

Падрыхтоўчы этап: вучні загадзя атрымоўваюць хатняе заданне – выбраць для інсцэніроўкі беларускія народныя песні (калі патрэбна, – касцюмы, маскі, прылады і г.д.).

Вучні, якія выразна чытаюць, атрымоўваюць вершы для завучвання. Вучні, якія добра спяваюць, атрымоўваюць песні для выканання. Два вучні выступаюць у ролі вядучых.

Абсталяванне: музычнае суправаджэнне, кніжная выстава, партрэты пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, прэзентацыя, выказванні.

Эпіграф

Магутнае слова,
Ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне:
Душу мне затрэсла
пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне…
Янка Купала

 

Ход мерапрыемства

І Арганізацыйны пачатак

Настаўнік. Якая прыгожая, мілагучная песня прагучала на роднай мове і запрасіла нас да ўдзелу ў літаратурна-музычнай праграме “Магутнае слова, роднае слова!”, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.

Ужо з першых нотак песня ўзбагаціла наш унутраны свет, стварыла атмасферу дабрыні, супрацоўніцтва і сяброўства.

Кажуць, што далікатнасць, талерантнасць і дабрыня – характэрныя рысы беларуса. Паверым у гэта і праявім гэтыя рысы сёння на мерапрыемстве.

ІІ Асноўная частка

Звярніце ўвагу на словы Янкі Купалы, якія я ўзяла за эпіграф да нашай праграмы і растлумачце іх значэнне для вас. (Работа з эпіграфам.)

1-ы вядучы. “Родныя словы, магутныя словы, простыя словы”… Для кожнага чалавека, самыя блізкія – словы роднай мовы. Родная мова – душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ.

Вучань чытае верш П.Броўкі “Родныя словы”.

2-і вядучы. Дзе б ні быў беларускі чалавек, дзе б ён ні хадзіў, дзе б ні ездзіў – заўсёды ў яго сэрцы жыве родная мова і родная мелодыя, як успамін аб той зямлі, што ўзгадавала яго і дала ў далёкую дарогу найцудоўнейшы скарб – задушэўныя беларускія песні. Вясёлыя і сумныя, жартоўныя і працяжныя, яны нашы вечныя спадарожнікі ад бязвоблачных дзён маленства да глыбокай сталасці.

Янку Купалу называюць беларускім песняром. Яго вершы шчырыя, пявучыя. Яны сталі асновай песень многіх кампазітараў.

Гучыць песня “Спадчына”. Сл. Я.Купалы. Муз.І.Лучанка

Настаўнік. Якія пачуцці выклікала ў вас песня? (Адказы вучняў)

Шчырым пачуццём любові да сваёй краіны прасякнута песня “Спадчына”.

2-і вядучы. Мова – душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця народа, наш галоўны нацыянальны скарб.

А вы ведалі, што беларуская мова прызнаная ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай? Наша мова вельмі лёгка кладзецца на музыку і атрымліваюцца вельмі прыгожыя песні.

Калыханка – адна з самых распаўсюджаных у свеце песень. Яе спяваюць немаўлятам матулі ва ўсіх кутках планеты, каб супакоіць, “прыспаць” дзіця. На Беларусі матулі самі складалі калыханкі. Аднак часцей за ўсё яны вар’іравалі знаёмыя напевы, выкарыстоўвалі гукаперайманне і імправізацыю.

Давайце паслухае і паглядзім інсцэніроўку беларускай народнай песні “Спі, сыночак міленькі”.

1-ы вядучы. Родная мова ўваходзіць у нашае жыццё з вуснаў маці.

На працягу стагоддзяў прыгожае гучанне роднага слова маленькі беларус пачынае ўспрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легенд, паданняў. Пра Беларусь кажуць: “Тут зямля спявае”.

Вучань чытае верш Лідзіі Полазавай “Родная мова”

2-і вядучы. Зараз я хачу падзяліцца цікавымі фактамі пра беларускую мову

Літаратурная беларуская мова надзвычай багатая: па розных ацэнках, яна налічвае ад 250 000 да 500 000 слоў.
Беларускі філолаг Фёдар Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і рускай мовамі 27 фанетычных адрозненняў, 43 марфалагічныя і болей за 20 сінтаксічных.
Скульптурным увасабленнем адметнасці нашай мовы з’яўляецца помнік літары «Ў» у Полацку (2003 год).
Сусветна вядомы польскі паэт Адам Міцкевіч, які нарадзіўся на Навагрудчыне, шанаваў беларускую мову і лічыў яе найбольш захаванай і гарманічнай з усіх славянскіх моў.
Беларуская мова мае тры алфавіты: кірылічны, самы распаўсюджаны сёння, пачаў ужывацца ў XIV ст.; лацінка з’явілася ў XVI ст.; па-беларуску арабскай вяззю пісалі татары, якія аселі ў Беларусі пасля ардынскіх набегаў.
Згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва носьбітамі беларускай мовы ў краіне з’яўляюцца каля 6 340 000 яе жыхароў. Па гэтым крытэрыі наша мова займае 69 месца ў сусветным рэйтынгу.
Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013 годзе навуковую працу “Лічбавая смерць моў”. Ён вывучаў тыя сусветныя мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання ў інтэрнэце і ў электронных дадатках. Беларускую мову вучоны аднёс да ліку бясспрэчна жывых.

Вучань чытае верш Уладзіміра Дубоўкі. “Родная мова, цудоўная мова!”

1-ы вядучы. Беларускі народ стварыў шмат казак, паданняў, легендаў пра чароўную беларускую мову. Традыцыі іх працягваюць сучасныя беларускія пісьменнікі.

Уладзімір Ліпскі напісаў казку, якая распавядае аб прыгодах хлопчыка Андрэйкі і літар беларускага алфавіта. На аснове гэтай казкі беларускі кампазітар Віктар Войцік стварыў мюзікл “Прыгоды ў замку Алфавіт”. Галоўныя героі мюзікла – літары беларускага алфавіта.

Вучні выконваюць “Песеньку сяброў”. Сл. С.Клімковіча. Муз. В.Войціка (з мюзікла “Прыгоды ў замку Алфавіт”)

2-і вядучы. Прыгожае беларускае слова знайшло яскравае адлюстраванне ў творчасці многіх беларускіх паэтаў, адным з якіх з’яўляецца Сяргей Грахоўскі. Ён у сваіх вершах праслаўляў родную мову і думаў пра яе будучыню.

Вучань чытае верш С.Грахоўскага “Словы”.

ІІІ Заключная частка

Настаўнік. Калі мы сёння будзем размаўляць і спяваць па-беларуску, то заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце і спявайце на роднай мове заўсёды з усмешкай, з пяшчотай на вуснах, каб слухаючы нас, захацелі на нашай мове гаварыць і спяваць іншыя.

Гучыць песня “Беларуская мова”. Муз. В.Карпанава (група “Дразды”)

Літаратурна-музычную праграму “Магутнае слова, роднае слова!” я хачу закончыць словамі Яніны Янішчыц:

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын
Гавары са мной па-беларуску.

 

Дадатак

 

Верш П.Броўкі “Родныя словы”.

Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія –
Мінск. Пінск. Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу –
Шклоў. Клецк. Мір.
А вораг находзіў, – бязлітасна білі,
Трываць не хацелі абразы і слёз,
І разам з Бярозаю катаў тапілі –
Пціч. Друць. Сож.
Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.
У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, –
Блонь. Струнь. Звонь!

 

Песня “Спадчына”. Сл. Я.Купалы. Муз.І.Лучанка

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў яна нам ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны, вясеннія праталіны
I лесу шэлест верасны, i ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін на ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын, што лёг ля вёсак покатам.
Аб ёй мне баюць казкі-сны, вясеннія праталіны
I шэлест лесу верасны, i ў полі дуб апалены.
I тое нуднае ягнят бляянне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад на могілкавым кладбішчы.
Жыве з ёй дум маіх сям’я
I сніць з ёй сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю.
Жыве з ёй дум маіх сям’я
I сніць з ёй сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю.

 

Беларуская народная песня “Спі, сыночак міленькі”

А…а…, люлі, а…а…, люлі.
Спі, сыночак міленькі,
Галубочак сізенькі.
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.
Нашто, вецер, ты гудзеш,
Спаць Міхаську не даеш?
Спі, сыночак міленькі,
Ой, да люлі-люленькі…
Успомніш матку ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе ў ноч не раз
Песню я спявала.

 

Верш Лідзіі Полазавай “Родная мова”

Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.
То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
Так у госці ласкава запросіць,
Так бяседу гасцінна вядзе!
Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,
Спелым коласам нівы шуміць!
У карагодзе кружыць вясельным.
Веру, мова мая – будзе жыць!
Мілагучная і ласкавая!
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына –
Мова родная, мова бацькоў!

 

Уладзімір Дубоўка. “Родная мова, цудоўная мова!”

Родная мова, цудоўная мова!
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.

 

“Песенька сяброў”. Сл. С.Клімковіча. Муз. В.Войціка (з мюзікла “Прыгоды ў замку Алфавіт”)

У добрай казачнай краіне
Назаўжды не стала змея.
Толькі так і быць павінна,
Гэта кожны разумее.
Прыпеў
    Радасны свет дзяцінства,
    Добры і справядлівы,
    Усе нягоды і прыгоды
    Тут канчаюцца шчасліва.
Сябар сябру дапаможа,
Сябар сябра не пакіне!
А інакш і быць не можа,
Гэта кожны разумее.
Прыпеў

С.Грахоўскі “Словы”

Над намі словы ўладараць.
Мы чуем і гаворым іх.
Яны то здружаць, то пасвараць
Сяброў і ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць.
Адны – агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы.
Дык не шкадуйце шчырых слоў.

 

Песня “Беларуская мова” муз. В.Карпанава

Як ручаёк лясны
У ранiшняй цішы,
Звiнiць i ўдаль плыве,
Як пошум спелай нiвы,
Як зорны перазвон –
Мелодыя душы,
Маёй Айчыны спеў
Высокi i праўдзiвы.
Ты бабуліна казка,
Ты матуліна ласка,
Ты гаючая краска,
Ты ад болю замова,
Хлеб на чыстым абрусе,
Храм, дзе Богу малюся,
Ты душа Беларусі –
Беларуская мова!
Успомнiм, хто мы ёсць,
Што мы – гаспадары!
У еднасцi людской,
А не ў зацятай змове
Давайце гаварыць,
Давайце гаварыць
На роднай, на сваёй,
На беларускай мове.
Ты бабуліна казка,
Ты матуліна ласка,
Ты гаючая краска,
Ты ад болю замова,
Хлеб на чыстым абрусе,
Храм, дзе Богу малюся,
Ты душа Беларусі –
Беларуская мова!
Любоўю Беларусь
Мы здолеем сагрэць.
Радзімая зямля,
Майго жыцця аснова,
Не дай памерці нам,
Не дай нам анямець!
Мы будзем жыць датуль,
Пакуль жывая мова.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий