Занятак прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Наталля КАЗЛОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Дзіцячы № 161 г. Гомеля”
Задачы:
– выхоўваць дзяцей на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры;
– вучыць бачыць адметныя якасці беларусаў, нашых продкаў;
– выхоўваць павагу да роднай мовы, да беларускага народа, яго гістарычнага мінулага, культурнай спадчыны.
Матэрыял і абсталяванне: музычны цэнтр, выстава кніг Г.Атрошчанка, выстава партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, музычныя інструменты для дзяцей, ілюстрацыі беларускіх казак, карткі з урыўкамі вершаў, медалі для ўзнагарод.
Музычны матэрыял: гімн Рэспублікі Беларусь, “Беларусь сінявокая”, “Матуліны рукі”, “Беларусь – мой дом”, “Беларуская мова”, “Вясенняя песенька”.
Папярэдняя работа: завучванне вершаў, песень, танца з дзецьмі, чытанне вершаў дзецям, маляванне па вершах Г.Атрошчанка, разгляданне партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, ігра на музычных інструментах.
Ход мерапрыемства
Гучыць песня “Беларусь сінявокая” (муз. Н.Сацура, сл. С.Панізнік). Дзеці ў нацыянальных беларускіх касцюмах з беларускімі сцяжкамі ўваходзяць у зал. Усе ўдзельнікі мерапрыемства слухаюць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Выхавальнік чытае ўрывак з верша Максіма Танка “Родная мова”.
Вядучы:
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’я і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,-
Ты выткана дзіўная родная мова.
Вядучы: Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. На нашым свяце прысутнічаюць: паэтэса Ганна Атрошчанка, арганізатар канцэртаў Любоў Барбанава, загадчык дзіцячага сада Таццяна Мікалаеўна Букоціна.
Вядучы: Наша родная мова – ласкавая, напеўная. На ёй пісалі, яе ўслаўлялі нашы беларускія паэты і пісьменнікі, такія як Янка Купала, Якуб Колас, Ніл Гілевіч, Ніна Рагавая, Рыгор Барадулін і інш. Яны любілі свой край і ўслаўлялі яго ў вершах, казках і песнях.
Вядучы:
Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Галасісты шумны бор!
Ты нас ласкай атуліла,
І я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
Дзеці:
То ялінкі, то сасонкі
Падпіраюць небакрай…
Прыгажэйшае старонкі
Не знайсці, як не шукай.
Скачуць сонейка асколкі
Пасля дожджыку ў вадзе.
Весялейшае вясёлкі
Не пабачыш анідзе.
Дзеці:
Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачкай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.
Дзеці:
Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля.
Я – беларус, і хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
І прад бядой не задрыжу!
Дзеці:
Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык – беларус.
Вядучы: А зараз прагучыць песня “Беларусь – мой дом”.
Песня “Беларусь – мой дом” (сл. і муз. І.Бейня)
Вядучы: Кожны народ шануе і паважае сваю мову. Калі мы хочам, каб нас паважалі народы іншых краін, мы павінны ведаць сваю мову і ўмець на ёй размаўляць. А якая яна мілагучная ў песнях, як прыгожа гучаць на ёй вершы, якая яна простая і дасціпная ў казках. Зараз вы ўсе ў гэтым пераканаецеся.
Гульня “Адгадайце казку”
Вядучы чытае ўрывак з казкі, а дзеці адгадваюць казку і паказваюць малюнак (па выбары выхавальніка).
Песня “Матуліны рукі” (сл. В.Вярба)
Вядучы: А цяпер трохі пагуляем з дарослымі. Зараз мы раздадзім урыўкі з вершаў, а вы павінны адгадаць аўтара (вершы па выбары выхавальніка).
Дзеці:
Не шанавалі роднай мовы –
Чужая месца заняла.
Ды адрадзіць душу і слова
Нам шанц гісторыя дала.
Усіх адчайна заклікаем
На мове роднай размаўляць.
Любіце мову! – заклінаем.
Яе нам вечна шанаваць.
Дзеці:
Ты адкуль бруішся, мова?..
З сініх неманскіх крыніц…
Па зямлі збіраю словы,
Нібы россыпы суніц.
Мілая, адзіная,
Нам нашчадкам, дадзена
Любаю радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
Хай вядзьмараць навальніцы,
Снегападаў касякі,
А табе вякі бруіцца,
А затым – яшчэ вякі!..
Вядучы: А зараз вашай увазе прапануецца танец.
Танец“ Беларуская мова”
Дзеці:
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.
З такою моваю не сорам
І да суседзяў – хоць на Марс.
З любым народам мы гаворым,
І людзі разумеюць нас.
Дзеці:
Крынічкай спявае,
Не замярзае
Родная мова.
У сэрцы не гасне,
Поўніць нас шчасцем
Родная мова.
Над светам лунае
Вечна жывая
Родная мова.
І нас, беларусаў,
Збірае, яднае
Роднае слова.
Вядучы: А зараз прапануем паслухаць “Вясеннюю песеньку” у выкананні дзіцячага аркестра.
Аркестр “Вясенняя песенька”
Вядучы: Сёння мы запрасілі да нас у госці Ганну Мікалаеўну Атрошчанку. Ганна Атрошчанка – член Саюза пісьменнікаў Беларусі c 2006 г., міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, Беларускага cаюза журналістаў, ветэран працы. Калі ласка, Ганна Мікалаеўна, раскажыце нашым дзецям пра сваю творчасць.
Выступленне Г.Атрошчанкі
Вядучы: Дзякуй вам за вельмі цікавы расказ. Прыміце, калі ласка, у знак падзякі музычны падарунак ад (Імя дзіцяці).
Гучыць беларуская мелодыя.
Вядучы: А зараз мы пачынаем конкурс чытачоў вершаў па старонках кніг Ганны Мікалаеўны. Прапануем вам, Ганна Мікалаеўна, і нашай загадчыцы Але Мікалаеўне заняць месцы ў журы і паслухаць, як дзеці чытаюць вершы.
Дзеці:
Дзе сцяжынка, луг шырокі,
Дзе наш клён стары?
Тут пухнатыя аблокі
Танчаць да зары.
Дзе пялёсткі з вішань белых,
Белы дым садоў?
Дождж пастукае нясмелы
Звонам капяжоў.
І адразу, на світанні,
Заспявае птах.
Будуць новыя спатканні,
Слёзы на вачах…
Дзеці:
А шлях дзяцінства не забыты.
Сустрэлі шмат пяшчоты.
Расою ранак быў узмыты,
І новыя турботы.
Дзівіў заўсёды хор птушыны,
Спяваў сад каля хаты.
І кожны дзень для нас адзіны,
Падзеямі багаты.
Дзеці:
Тут адны толькі крыжы,
Не патрэбны словы.
Хтось, дайшоўшы да мяжы
Не сустрэў дзень новы…
Знікне радасць назусім,
Зазірне самота.
Сцежкай бег прамень адзін,
А за ім – спякота.
Цішыня зноў за сялом,
Пажаўцела ніва.
Узмахне жнівень сярпом,
Час ляціць імкліва…
Дзеці:
Яшчэ не кукуюць зязюлі,
І не гудуць даўно чмялі.
Маўчыць у садзе вулей,
І кветкі хутка адцвілі.
А сад стаіць самотны ў скрусе,
Туман віецца палатном.
З акенца ціхенька дзіўлюся,
Як мокнуць дрэвы пад дажджом…
Дзеці:
Сінічка стукне ў акенца,
І радасці амаль вядзерца!
За лютым прыйдзе зноў вясна,
Надзею прынясе яна.
Каб не было болей вайны,
Шчасліва людзі ўсе жылі!..
Дзеці:
Дзень сягоння, як фальшывы!
Цемра льецца з-пад нябёс.
Пачарнеюць: ліпы, слівы,
Лістапад нам дождж прынёс.
Сад адразу шэрым будзе,
Незнаёмы ен зусім…
Сумна вечарам мне, людзі,
Свет зрабіўся зноў чужым.
Вядучы: Слова прадстаўляецца Ганне Мікалаеўне.
Уручэнне медалёў.
Вядучы: А яшчэ нашы дзеці падрыхтавалі малюнкі па вершах Ганны Мікалаеўны, якія размешчаны на выставе. Пасля заканчэння мерапрыемства прапануем усім пазнаёміцца з імі.
Вядучы:
Прамяніся ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова.
Нізавошта не скажаш ніколі,
Лепш не выкажаш радасці, болю
У адзіным, адным толькі слове,
Як на мове сваёй, роднай мове.
Тут і плёскат блакітных азёраў,
Тут і гоман адвечнага бору,
Спеў салоўкі, куванне зязюлі,
Голас сэрца любімай матулі.
А ці будзеш так сам сумаваць,
Ці вясёлую песню спяваць,
А ці рэха будзіць у дуброве,
Як на мове сваёй, роднай мове?
Прамяніся ж ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова.
Вядучы: А зараз запрашаем паслухаць песню “Будзь здаровы, гаспадар” у выкананні выхавальніка нашага сада (Імя выхавальніка).
Песня “Будзь здаровы, гаспадар” (А.Балотнік)
Вядучы: На гэтым наша сустрэча падышла да канца. Прапануем усім удзельнікам сённяшняга свята зрабіць фота на памяць.