Пясняр Бесядзі. Аркадзь Куляшоў: 110 гадоў з дня нараджэння

- 12:45Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

 

 

 

Кожны чалавек знітаваны з той зямлёй, дзе з’явіўся на свет. Мы – дзеці нашай маці-Беларусі. Гэта самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ў нас ёсць. Патрэбна толькі сэрцам адчуць еднасць з самабытным краем, які ганарыцца гістарычным мінулым, дзівоснай паэзіяй, адметнай духоўнай культурай народа.

Вядомы паэт Пімен Панчанка ў адным з вершаў назваў нашу Айчыну зямлёй талентаў: “Тут, нібы грыбы, здаўна растуць паэты. У якім кірунку ні паедзеш, куды ні заглянеш, не – ды і натрапіш на людзей, якія з гонарам скажуць: “А ведаеце, тут у нас (ці непадалёку ад нас) нарадзіўся…” Пасля гэтага абавязкова прагучыць прозвішча пісьменніка, чые творы, як кажуць, на слыху ў кожнага. Яскравы прыклад – жыхары Магілёўшчыны згадаюць імя слыннага земляка, выдатнага народнага паэта Аркадзя Куляшова, аўтара знакавых вершаў “Мая Бесядзь”, “Я хаце абавязаны прапіскаю”, “Бывай”, іншых паэтычных здабыткаў, шэрагу паэм. Яго творчая спадчына адносіцца да лепшых культурных дасягненняў.

Аркадзь Куляшоў – прызнаны класік мастацкага слова, першая велічыня ў ім, гонар свайго народа, таму што быў надзелены неардынарным дарам, верны і адданы галоўнай справе жыцця – паэзіі, якая ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ стагоддзя:

Не ты мяне абрала – вязень твой
Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы.

6 лютага славутаму сыну споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння (1914–1978) Шматгранная жыццёвая і творчая дзейнасць пакінулі значны след на старонках гісторыі: натхнёны паэт, добры сцэнарыст, выдатны перакладчык. Невычарпальны талент неабсяжны нават тымі дзвюма стыхіямі, якія знайшлі сваё ўвасабленне ў яго паэзіі – ракой Бесяддзю і бязмежным акіянам…

Ужо мінула шмат часу, калі Аркадзь Куляшоў пайшоў з жыцця, але працягваецца яго паэтычны дыялог з намі, чытачамі. Мы адчуваем само дыханне слова, яго пульс у высокай лірыцы, падмацаванай празорлівасцю аўтарскага погляду, яго скіраванасцю ў будучае. Наш пачэсны абавязак – ведаць спадчыну песняра, прапагандаваць яе як узор незвычайнага майстэрства паэта-юбіляра, які жыў літаратурай, укладваў у яе сваё трапяткое сэрца.

Што ж захавалася ў памяці людской з гадоў маленства, юнацтва, сталага ўзросту? Прасочым жыццёвы і творчы шлях паэта ад вытокаў да акіянскіх прастораў, перагорнем старонкі яго літаратурнай дзейнасці, паспрабуем глыбей зразумець душу мастака слова, яго пісьменніцкі і грамадзянскі подзвіг.

Жыццёвая сцежка будучага народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова пачалася 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы на Магілёўшчыне ў сям’і настаўнікаў. Узгадаваны на сялянскай глебе. Не кожны ведае, што маці паэта Кацярына Фамінічна, пражыла ледзь не сто гадоў.

Рэчкі маленства – Бесядзь і Чарнавутка калыхалі найлепшыя мары і спадзяванні хлопчыка, спрыялі таму, што ён браўся за пяро.

Для душы ж была паэзія. Бліскучы дар абудзіўся ў дзіцяці вельмі рана, з сямі гадоў. Самабытны голас Аркадзя загучаў ужо ў 12 гадоў. Менавіта тады, калі талент пачынаў самавыяўляцца, а сам творца рабіў першыя самастойныя мастакоўскія крокі, вышукваючы свае дарожкі, якія б вывелі на бальшакі літаратуры.

У 14 гадоў маладзенькі, летуценны падлетак напісаў цудоўны і па-крыштальнаму светлы верш “Бывай”. Ён прысвечаны Алесі Карыткінай, першаму юнацкаму каханню паэта, пяшчотнаму і рамантычнаму. Уся бяда ў тым, што, толькі нарадзіўшыся ў душы юнака і запаланіўшы ўсю яго істоту, яно мусіць згасаць. Алеся Карыткіна тады была на два гады старэйшая за Аркадзя. Яму споўнілася толькі чатырнаццаць, ёй – шаснаццаць. Знаёмства з дзяўчынай пакінула значны след у жыцці Куляшова. Гэта быў стан бязмежнага шчасця, якое палоніла душу і вярэдзіла думкі. Ён любіў яе глыбока, тайна, безнадзейна.

Аляксандру называлі Князёўнай за прыгажосць, а юнак Аркадзь – Алесяй. Так і засталася ў памяці Алесяй, і не толькі ў вершы, які стаў сапраўдным шэдэўрам, але і ў цудоўнай песні “Алеся” ў выкананні ансамбля “Песняры” (музыку напісаў Ігар Лучанок):

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Празрыстае, крохкае каханне. Падзьмуў вецер трывогі – і яно рассыпалася… За ўсім жа гэтым тая праўда жыцця, якая і жывіць сапраўдную паэзію, ператвараючы яе ў мастацтва, але адначасова не абрываючы зямных карэнняў, повязі з усім жывым і вечным.

Закончыў сямігодку, далей Мсціслаўскі педтэхнікум, літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута.

У 16 гадоў выходзіць яго першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі”. У хуткім часе з’явіліся і яшчэ некалькі кніжак – “Па песню, па сонца!”, “Медзі дождж”, паэмы “Крыўда”, “Аманал”, “Гарбун”. У іх адчуваюцца рытмы свайго часу: перабудова вёскі, меліярацыя, выяўляецца радасць у светлае заўтра. Творы засведчылі пра адоранасць маладога паэта, дзе валадараць аптымізм і мажор.

Самай прыкметнай з’явай у творчасці Куляшова стаў цыкл вершаў “Юнацкі свет”, які кранае шчырасцю і праўдзівасцю. Юнацкі непаўторны свет поўніцца пачуццём кахання да дзяўчыны. Акрамя гэтага, герой паэта ўлюбёны ў свае родныя мясціны на поўныя грудзі, па-маладому шчаслівы жыць на зямлі і сузіраць хараство.

Найлепшы эпічны даваенны твор – паэма “Хлопцы апошняй вайны”. Ключавая тэма – лёс жыцця і чалавека на зямлі, над якімі павісла пагроза ваеннага ліха. Гэтыя хваляванні прымусілі задумацца пра будучыню ўсяго чалавецтва і ўласную будучыню, пра вечныя каштоўнасці на зямлі – мір, працу, чалавечае шчасце.

З вялікай цікавасцю вучні знаёмяцца з праграмным вершам-прытчай “Мая Бесядзь”. Тут ён паказаў свой яркі талент паэта-лірыка, які заўсёды застаецца на вышыні свайго грамадзянскага прызначэння. Бесядзь – духоўная прыстань творцы, таму што яна – сама глыбіннасць паэзіі, яе вечнасць, пастаяннае ачышчэнне.

Пясняр Бесядзі дзясяткі вершаў напісаў пра цудоўную раку і ні ў адным не паўтарыўся. Ніхто, як Аркадзь Куляшоў, так хораша не выказаў любоў да яе, калі пісаў пра зямлю, дзе нарадзіўся, прыгадваў сваё першае каханне і, канечне ж, яе, раку дзяцінства. Заўсёды мог вымавіць радкі, якія станавіліся шчырым прызнаннем, простым, без гучных слоў. Ды хіба патрэбны яны там, дзе сама душа гаворыць, чуваць яе самыя пранікнёныя, лірычныя струны! Паэт не мог не апяваць найбольш блізкае і дарагое. Бачыў у гэтым да ўсяго і сыноўскі абавязак:

Плыву па ёй! Як хлопчыку малому,
Паслаў мне лёс блакітную раку –
Праз цёмны акіян яна дадому
Мяне вядзе, як маці, за руку.

Агеньчыкам, з якога разгараецца полымя паэтычнай думкі, з’яўляецца народная легенда пра каню. Аўтару патрэбны зыходны пункт, наглядны прыклад, які дапамог бы зразумець стан яго душы, яго крэда грамадзяніна і мастака. Ён ставіць сябе на месца птушак – нястомных, упартых, сціплых і самаадданых. І не заспакоіцца, пакуль не закончыць пачатай справы – будзе крышыць каменне, разграбаць пяскі, капаць рэчышча ўласнай ракі….

Верш “Мая Бесядзь” вучыць падлеткаў быць неабыякавым да творчасці, акцэнтуе ўвагу на тым, што любую справу, за якую б ні браўся чалавек, неабходна выконваць адказна, з сур’ёзным стаўленнем. Трэба верыць у поспех, удачу і імкнуцца да рэалізацыі сваёй мары, пастаўленай мэты і задачы.

Вайна – гэта бязлітасная навала, якая руйнуе мары людзей, нішчыць, забівае, прыносіць боль і слёзы на зямлю. Жахлівы час! Жахлівыя парадкі!

Вялікая Айчынная вайна стала незвычайным выпрабаваннем для беларусаў, нашых дзядоў і прадзедаў, якія перадалі сваім нашчадкам асабістае разуменне такіх паняццяў, як любоў і нянавісць, вінаватасць і віна, сумленне і абавязак. Жорсткая смерць і самаахвярны гераізм, пачуцці патрыятызму і воінскага абавязку, гарманічнае паяднанне нацыянальнага і інтэрнацыянальнага – вось той лейтматыў, які пранізвае ўсю ваенную лірыку, сагравае кожнае беларускае сэрца.

Летапісец у армейскім шынялі прайшоў па ваенных дарогах. У паэмах “Прыгоды цымбал”, “Сцяг брыгады”, вершах “Балада аб чатырох заложніках”, “Ліст з палону”, “Над брацкай магілай”, “Над спаленай вёскай”, “Маці” – у іх адлюстроўваюцца бязмежная любоў да радзімы, душэўны боль за тых, хто трапіў у фашысцкую няволю, пачуцці захаплення і найглыбейшай павагі да людзей велічнага духу, мужнай стойкасці і бессмяротнага подзвігу.

Аўтар нагадвае юнакам і дзяўчатам, што немагчыма забыць ваеннае ліхалецце, бо яно прынесла бяду і гора ў кожны дом, у кожную сям’ю, памяць пра мінулае застанецца яшчэ на доўгія гады.

Вялікім сумам напоўнены верш “Ліст з палону”, дзе магутна прагучаў адчайны плач беларускай дзяўчыны, якую напаткала страшная доля:

Я рабыня, рабыня.
Я чорная, чорная, чорная,
Любы мой, не з табой,
А з праклятай бядой
Заручоная…

Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца, гаворыць пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства. Кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.

Цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на наш народ у гады фашысцкай навалы, паэт паказаў у вершы “Над брацкай магілай”. Ён нагадвае народнае галашэнне-пахаванне беларускіх салдатаў, палеглых за радзіму. Вайна забрала тых, хто мог бы яшчэ не адзін год радавацца жыццю, сваім дзецям, туліць іх да грудзей. Нязмерны смутак, душэўны боль, урачыстая суровасць вызначаюць яго трагічны тон. Тут паўстаюць у сваёй непрымірымасці прыгажосць жыцця і смерць. Вучні ўважліва назіраюць за тым пакутным станам душы паэта, калі чалавек, надоўга адарваны ад роднай зямлі, шукае ў цяжкія хвіліны духоўнага мацунку і надзейнага апірышча. Стрымана, сцісла падаецца факт трагічнай смерці воінаў-беларусаў:

Там магіла ёсць брацкая ў лузе
      за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
      чэсна галовы злажылі…

Верш заканчваецца словамі свяшчэннай клятвы ад імя сяброў загінулых – адпомсціць за кроў герояў, якія высока неслі свой воінскі абавязак і гераічна сустрэлі смерць:

Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі…

Аб самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад небяспекі, ідзе гутарка ў баладзе “Маці”. У гэтым творы паэт стварае для падрастаючага пакалення ўмовы для выхавання павагі і пачуцця любові да маці, засяроджвае ўвагу на антываеннай накіраванасці балады.

Моцная непахіснасць, гарачы патрыятызм і духоўнае багацце людзей – вось ключавыя дамінанты гэтых выдатных паэтычных твораў, якія заўсёды будуць хваляваць чулыя дзіцячыя сэрцы.

У выніку выразнага чытання, ідэйна-мастацкага аналізу, дзевяцікласнікі выяўляюць адметнасці творчай асобы паэта, асэнсоўваюць грамадзянскую і маральна-этычную скіраванасць лірыкі ваеннага часу. Яны добра ўсведамляюць, што гераізм тых, хто загінуў на вайне, хто здабыў перамогу – павінен жыць у памяці нашчадкаў.

Асабліва плённа працаваў Аркадзь Куляшоў у пасляваенны час. Ён паказаў сваю здольнасць пісаць аб самым галоўным, пісаць так, каб відаць была душа чалавека, каб агульнанародныя клопаты краналі самыя глыбінныя пачуцці.

Юнакі і дзяўчаты з асалодай знаёмяцца з вершам “Спакойнага шчасця не зычу нікому…” Ён складаецца ўсяго толькі з 12 радкоў, а якая сіла і моц! Гэта – споведзь-запавет, дзе так арганічна зліты выпакутаваныя паэтам вера, перакананні, маральны кодэкс і гарачае жаданне перадаць іх людзям, захапіць імі чалавечыя сэрцы. Гэта напісана Паэтам, адчута Паэтам, Мастаком, у якога заўсёды ёсць свая тэма, свая прывязанасць да роднай старонкі:

Спакойнага шчасця
не зычу нікому:
Навошта грымотам
маланка без грому…

Выразнай адметнасцю вылучаецца верш “Я хаце абавязаны прапіскаю”. Аркадзь Куляшоў стварае свет простага, звычайнага сялянскага жыцця. Хата, калыска, маці, драўляная лыжка, гліняная міска – самае інтымнае, самае асабіста-чалавечае. Вось вам калыска чалавека ў шырокім сэнсе – корань ад зямлі, радзімы. Лірычны герой – сын працы і жыцця – ён жа і грамадзянін, выразнік сумлення сваёй зямлі. Радкі кранаюць вучняў не толькі лірычнай непасрэднасцю, непаўторнасцю вобразаў, глыбінёй і арыгінальнасцю іх асэнсавання, але і яркасцю самога аўтарскага слова, яго выяўленчай сілай:

Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,
Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі…

Нараджаліся пад пяром паэта і радкі на вечныя тэмы – “Колас”, “Вяселле”, “Ты і я”, “Маё сэрца ў бары”, “Сасна і бяроза”, “Далёка да акіяна”. Паўсюль гучыць прачулая музыка кахання, гармонія чалавека і прыроды, філасофская тэма жыцця і смерці.

Апошні зборнік “Хуткасць” – як бы падагульненне жыццёвых і творчых шляхоў. Паэт азіраўся назад, прыгадваў сяброў, мясціны, якія яму найбольш запомніліся. Хадзіць нядоўга засталося па роднай зямлі. Так і сталася: памёр Аркадзь Куляшоў 4 лютага 1978 года, знаходзячыся на адпачынку ў Нясвіжы.

Час ляціць імкліва і няўмольна. Спяшаецца Бесядзь, коціць свае малыя і вялікія хвалі, калыша мары новых пакаленняў. Працягваецца жыццё, так хораша апетае ў паэтычных вершах, паэмах, баладах знакамітай постаці ў айчыннай культуры, народнага паэта Аркадзя Куляшова.

Наступіла стагоддзе, у якое празорлівымі вачыма ўзіраўся і ён, Аркадзь Куляшоў – дбайны працаўнік на небасхіле літаратурнай нівы. Хацеў, каб памяць аб ім засталася і ў ХХІ стагоддзі. І не толькі выдатнымі творамі… І як запавет, напамінак, што добрая справа ніколі не забываецца, гучаць Куляшоўскія ідэалы, якія мы можам узяць за ўзор, жыццёвы арыенцір:

Маёй рукой пасаджанай бярозе
Гадоў якіх праз сорак, сорак пяць
Не пры глухой дарозе красаваць,
А ў будучага веку на парозе.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий