“Майце сілу і адвагу трымацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. І, гледзячы на вас, асмеляцца іншыя…”
Юлія АНДРУКОНІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
На сцэну выходзіць Вядучы ў нацыянальным беларускім адзенні.
Вядучы. Кожны народ – гэта свая непаўторная культура, гісторыя, традыцыі, лад жыцця. І, канечне ж, мова! Берагчы яе – адна з галоўных задач нацыі.
На сцэне з’яўляюцца замежныя героі: француз і кітаец. Яны наперабой расказваюць пра прыгажосць сваёй краіны і роднай мовы.
Француз. Бонжур, сябры! Я завітаў да вас з турыстычнай і рамантычнай Францыі. Упэўнены, што кожны з вас заўважаў напеўнасць і мілагучнасць французскай мовы. Дарэчы сказаць, што французская мова з’яўляецца самай вывучаемай у свеце пасля англійскай мовы.
Кітаец. Ніхао, шаноўныя! Кітайскія традыцыі і культура ўнікальныя. А кітайская мова – адна з самых старажытных і складаных моў у свеце.
Француз. Пачуць усю прыгажосць французскай мовы можна не толькі ў Францыі: на ёй размаўляюць больш за 270 мільёнаў чалавек па ўсім свеце.
Кітаец. А на кітайскай мове гавораць больш за 1,3 мільярда чалавек. Мова маёй краіны выйшла на ўзровень сусветнага значэння
Беларус. Прывітанне, паважаныя госці! Не спрачайцеся, мова кожнай краіны ўнікальная. Сёння вы завіталі ў самую гасцінную краіну – Беларусь. Наша рэспубліка славіцца сваёй некранутай прыродай, багатай культурай і гістарычнай спадчынай. На нашай мове не размаўляюць мільярды чалавек, але для кожнага сапраўднага беларуса родная мова з’яўляецца самай гарманічнай. І хутка вы ў гэтым пераканаецеся.
І нездарма, мы, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, носьбіты розных моў сабраліся сёння тут. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Вучань 1. Сумная гісторыя ў гэтай даты. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова ўрду замест роднай мовы бангла. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў былі застрэлены паліцыяй. Адбылося гэта ў 1959 годзе. Тыя пяць хлопцаў, што загінулі за сваю мову, сталі нацыянальнымі героямі. Цяпер мове бангла знікненне не пагражае. А ў 2000 годзе ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы.
Вучань 2. Па ацэнках лінгвістаў, сёння ў свеце налічваецца 6809 “жывых” моў, але на 90 % з іх размаўляюць менш за 100 тыс. чалавек. Існуе 357 моў, на кожнай з якіх размаўляе менш за 50 чалавек. Вядомыя 46 гаворак, якія маюць усяго па адным носьбіце.
Вучань 3. 2 тысячы гадоў назад на зямлі было каля 12 тысяч моў, у канцы першага тысячагоддзя – ужо 10 тысяч, да пачатку XV стагоддзя – 9 тысяч, а ў канцы ХХ стагоддзя засталося каля 7 тысяч. Па прагнозах спецыялістаў, ужо да канца ХХІ стагоддзя моў у свеце застанецца не больш за 600.
Вучань 4. У канцы 90-х гадоў у Парыжы быў выдадзены Атлас моў свету, а таксама складзена Чырвоная кніга моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і ў хуткім часе могуць стаць мёртвымі. Па меркаванні спецыялістаў, кожная мова можа трапіць у Чырвоную кнігу, калі ў той ці іншай супольнасці яе перастаюць вывучаць больш за 30 % дзяцей.
Беларус (звяртаецца да гасцей). А ці ведаеце вы, у чым унікальнасць і незвычайнасць беларускай мовы? Наша мова – адна з найдаўнейшых дзяржаўных моў у Еўропе. На ёй ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў ВКЛ да самага дасканалага ў Еўропе Статута (1588 г.), які, дарэчы, лёг у аснову Канстытуцыі ЗША.
Вучань 1. Беларусы – адзін з першых народаў, якія надрукавалі Святое Пісанне на сваёй мове. За 8 гадоў да першага друкаванага выдання па-англійску. Чацвёртай у свеце стала Біблія Скарыны ў перакладзе на нацыянальныя мовы.
Вучань 2. Беларуская літаратурная мова налічвае каля 500 тысяч слоў, дыялектная – каля 2 мільёнаў. “Слоўнік мовы Пушкіна” складае 21 тысячу слоў, а “Слоўнік Янкі Купалы” – 26 тысяч слоў. Наша мова другая па мілагучнасці ў свеце, а літаратура наша налічвае амаль тысячу год.
Вучань 3. Наша мова мае тры алфавіты (кірылічны, лацінка, арабская вязь), і нідзе больш такога няма.
Вучань 4. Брэндам беларускай мовы, яе своеасаблівым сімвалам з’яўляецца літара “Ў”. Вы не знойдзеце аналагічнай літары ў іншых кірылічных алфавітах славянскіх моў. Нездарма ў гонар “Ў” у беларускім горадзе Полацку створаны ўнікальны помнік.
Беларус. Стагоддзямі складвалася, шліфавалася і ўзбагачалася беларуская мова. Тысячы людзей слова да слова, гук да гуку збераглі гэты неацэнны скарб. У лексіцы беларускай мовы можна вылучыць шэраг слоў, якія не маюць аднаслоўных рускамоўных адпаведнікаў: буслянка, асвер, баравіна, верашчака, дзядзькаванне і шмат іншых.
Беларуская мова мілагучная, як спеў салаўя, сакавітая, нібы звон вясенняга дажджу, гучная, нібы гук сярпа ў полі, цёплая, як матуліна ўсмешка. Давайце разам адчуем водар і смак жывога беларускага слова!
Чытанне верша Сяргея Чыгрына. “Кажыце сваяцтва, а не радство”
Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня –
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы –
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша – лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем квасу суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю – гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова –
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст – не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць – не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы – ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець – не дзешавець…
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова –
Таму беражыце яе кожнае слова!
Беларус. Напрыканцы нашай сустрэчы хачу расказаць вам адну невялікую прытчу.
Аднаму каралю патрэбны быў новы пасол. Многія адукаваныя юнакі хацелі атрымаць гэтую пасаду. У выніку былі адабраны два кандыдаты. Кароль даў ім заданне – аднесці пасланне яго брату, каралю суседняй краіны. Пасланне трэба было аднесці пешшу і без аховы. Заданне было складаным, бо на шляху юнакоў сустрэлася шмат перашкод: пустыня, дзікія звяры, зграі бандытаў.
Першы юнак вярнуўся ледзь жывы і знясілены. Ад яго адзення засталіся толькі лахманы.
– Гэта было немагчыма, – абурана сказаў ён, – я ўзяў з сабой усё неабходнае. Без цяжкасцей дайшоў да паселішча, якое знаходзіцца каля пустыні, але ніхто не пусціў мяне пераначаваць. Уначы я распаліў вогнішча, каб выратавацца ад звяроў, але агонь убачылі разбойнікі. Яны забралі ўсё, нават маё адзенне. Я здабыў лахманы і прыйшоў да вашага брата, але мяне не пусцілі ў палац.Пасля гэтага ў дарогу адправіўся другі юнак. Неўзабаве ён вярнуўся і перадаў каралю ліст ад брата. Затым юнак расказаў:– Я ўзяў з сабой толькі ежу. У паселішчы на ўскрайку пустыні я пастукаўся ў адну з хат, павітаўся з гаспадарамі на іх мове і пажадаў іх дому міру і багацця.Яны пусцілі мяне і накармілі. Я пераначаваў у бяспецы, а раніцай пайшоў праз пустыню. Дзікія звяры ўдзень схаваліся, але разбойнікі ўсё ж спынілі мяне. Я павітаўся з імі на іх мове і пажадаў ім поспехаў. Яны прапусцілі мяне і паказалі дарогу. Прыйшоўшы ў палац, я прадставіўся па ўсіх правілах палацавай цырымоніі, і ваш брат прыняў мяне.– Добра скажаш, добра і адкажуць, – вымавіў кароль і ўзяў другога юнака на службу.
Вядучы. Кожную мову можна разглядаць як старажытны горад з вялікай колькасцю вулачак і двароў, раёнаў ды плошчаў. Захоўваючы духоўную спадчыну народа, мова яднае нашчадкаў і продкаў, звязвае сучаснае з мінулым і будучыняй. Павага ўсіх моў і нацый з’яўляецца гарантам захавання міру ва ўсім свеце.
Беларус. “Майце сілу і адвагу трымацца роднага слова. Майце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. І, гледзячы на вас, асмеляцца іншыя…”